Читать книгу Эльф - Леанід Яўгенавіч Воўчак - Страница 1

1

Оглавление

– Тата, раскажы нам казку.

– Пра што?

– Ня ведаю.

Арсень прыўзняўся на локці, а Яўген расьцягнуў рот ва ўсьмешцы, не адрываючы галавы ад падушкі. Абодва выдатна ведалі, што маё пытаньне было ўскоснай згодай і казкі ім не пазьбегнуць. Чаму яны любілі мае казкі, якія атрымліваліся ў мяне занадта мудрагелістымі і нават трошкі нуднымі, я так да гэтага часу і не зразумеў. Ну, ды добра. Казку дык казку.

– Дык пра што? – спытаў я, хаця для сябе ўжо даўно вырашыў, пра што будзе аповяд. – Вырашайце, пакуль я добры.

– Раскажы аб падарожжах, – Арсень ужо сядзеў на ложку, захутаўшыся ў коўдру, – пра прыгоды.

– Навогул, любая казка апавядае пра прыгоды.

– Аб падарожжах ды прыгодах ў часе, – Арсень быў відавочна задаволены сваёй выдумкай, а негаваркі Жэнька заўсьміхаўся яшчэ шырэй у знак згоды са старэйшым братам.

– Вы самі кожны дзень падарожнічаеце ў часе, – я вырашыў крыху паразумнічаць і заадно набіць сабе цану. – Вы засьнеце сёньня, а праз імгненьне прачнецеся заўтра раніцай. Калі прысніцца сон, то падарожжа ў часе пройдзе з прыгодамі.

– Ну, тат! – Арся відавочна гарэў нецярпеньнем.

– Добра, добра, так і быць …

Гальская армія, колькасьцю ў пяцьдзесят тысяч чалавек, разьмясьцілася ў Алезыі. Усяго некалькі месяцаў таму Верцынгетарыкс нанёс паразу войскам Цэзара ў бітве пры Герговіі і адчуваў сябе гаспадаром становішча да таго часу, пакуль Цэзар і Ціт Лябіен не замкнулі ягонае войска ў крэпасьці падвойным кальцом ўмацаваньняў. Для Юлія Цэзара параза пры Герговіі стала ня толькі самай буйной няўдачай ў ягоным жыцьці, але і неацэнным вопытам. Рымляне зрабілі ўсё, каб не дапусьціць зноўку такога промаху. Яны збудавалі вакол асаджаных у Алезыі дзьве лініі абароны. Неабходнасьць стварэньня падвойнай абароны дыктавалася тым, што войскі Цэзара вялі баі глыбока на тэрыторыі праціўніка. Адна лінія абараняла рымскія войскі ад вылазак галаў з асаджанай крэпасьці, а другая была збудаваная на выпадак, калі да тых, хто знаходзіўся ў аблозе, прыбудзе дапамога. Рымскія войскі ў гэтым выпадку самі трапяць у акружэньне.

Менавіта на выпадак акружэньня, кожная з абарончых ліній рымлян была абнесена частаколам ў чатыры метры вышынёй і акружана глыбокімі ірвамі. Такія абарончыя ўмацаваньні апынуліся галам не па зубах. У выніку, уласны горад стаў для Верцынгетарыкса і ягоных паплечнікаў пасткай. Калі ў Алезыі пачаўся голад, а адчай галаў дайшоў да апошняй мяжы, здарыўся цуд: на дапамогу войскам Верцынгетарыкса прыйшла абьяднаная армія гальскіх плямёнаў начале з Коміем. Гэтая армія налічвала ніяк ня менш за дзьвесьце тысяч чалавек. Рымскае войска, як і прадчуваў Цэзар, аказалася заціснутым у падвойнае кальцо, нібы ў ціскі, але ад гэтага ня стала менш грозным. Галы, у сваю чаргу, былі выкананы рашучасьці зьнішчыць рымлян. Кожны з гальскіх воінаў, як у горадзе, так і з вонкавага боку рымскіх ўмацаваньняў, разумеў, што калі не прарваць абарону ворага, яны прайграюць вайну і паўстаньне супраць Рымскай рэспублікі будзе задушана. Але на два наступных дня, ня гледзячы на нястрымныя атакі галаў, абарона, якую Гай Юлій Цэзар пабудаваў разам са сваім сябрам і паплечнікам Цітам Лябіенам, засталася непахіснай.

Арс, юны пляменьнік Вірыдамара з гальскага племяні аўлеркаў, быў гатовы да сьмерці. Ні адзін чалавек ня змог бы абвінаваціць яго ў баязьлівасьці, але да здьзіўленьня многіх, з нападаў на рымлянаў ён выходзіў без адзінай драпіны, нібы ўвесь час адседжваўся за сьпінамі іншых. Калі рог трубіў адступленьне, Арс заўсёды адыходзіў да сваіх пазыцый у ліку тых, хто прыкрываў адыход галоўнага войску. У асноўным, гэта былі загартаваныя ў бітвах мацёрыя байцы. Любы відавочца, убачыўшы Арса сярод іх, вырашыў бы, што той трапіў у іхняе асяродьдзе выпадкова. Любы, але толькі ня тыя, хто змагаўся побач зь ім і асабліва ня тыя, супраць каго змагаўся ён. Адзін з гальскіх ваеначальнікаў, пусьціў па войску слых, што Арс зачараваны, таму многія з бывалых воінаў, вышэй за ўсё шанаваўшых доблесьць і мужнасьць, таемна радаваліся, што зачараваны рубака затуляе ім сьпіны пры адыходзе. Толькі нешматлікія ведалі, што Арс быў вучнем самога Эпарэдарыкса, прычым вучнем, шматкроць пераўзыйшэдшым ў майстэрстве свайго настаўніка. «Мне бы кагорту такіх байцоў, – аднойчы выказаўся правадыр галаў Верцынгетарыкс, – я бы пляваў на легіёны Цэзара і Ціта Лябіена».

Здольнасьць Арса нават у самай гарачай сутычцы не праліць ні кроплі уласнай крыві, здавалася цудам, але не была прыроджанай уласьцівасьцю. Да такога дзіўнага ўменьню прывялі юнака талент настаўніка і асабісты геній маладога гала. Усё ж, ягонае цела, як і целы ягоных паплечнікаў, было сьпярэшчана шнарамі ад мячоў і кінжалаў. Праўда, не ў такой, як у іншых колькасьці, але цалкам дастаткова, каб зразумець тое, што малады гал можа быць ўразьлівым. Усе гэтыя шнары Арс атрымаў у працэсе навучаньня, падчас выматвальных трэніровак, але самыя страшныя шнары ён насіў на сьпіне. Гэтыя шнары яму, яшчэ пяцігадоваму дзіцяці, пакінула рысь.

У гальскіх семьях дзяцей гадавалі мацеркі. Сын, які яшчэ не навучыўся валодаць зброяй, звычайна імкнуўся не паказвацца на вочы бацьку, але да Арсу, які яшчэ не пражыў сваё шостае лета, бацька ставіўся добразычліва. Такая добразычлівасьць тлумачылася тым, што гэты маленькі аўлерк быў на асаблівай апецы друіда Таньціорыса.

Аднойчы, пагодлівым летнім вечарам, Арс ўпотай ад матулі ўцёк сустракаць бацьку з паляваньня. Ён бег па змрочным лесе, радуючыся насталай у канцы гарачага дня прахалодзе. Сьцяжынка то зьяўлялася, то зьнікала, але хлапчука гэта не трывожыла, бо ён ведаў, што яна абавязкова прывядзе яго да бацькі, які заўсёды вяртаўся па ёй з паляваньня.

Невядома, што падштурхнула рысь зрабіць засаду непадалёк ад чалавечага жыльля, але яна напала на галапузага хлапчука, што бег сярод дрэў па лясной сьцежцы. Рысь напэўна забіла бы яго, але па шчасьлівай выпадковасьці, момант нападу ўбачыў бацька. Ні секунды не вагаючыся, ён кiнуў сваю паляўнічую дзіду ў драпежніка. Кідок атрымаўся трапным. Дзіда прыбіла зьвера да зямлі, пры гэтым пакінуўшы на сьцягне Арса глыбокую рану. Ад ран, нанесеных драпежнікам і дзідай, Арс доўга хварэў. Друід Таньціорыс адпойваў хлапчука адварамі і змазваў раны гаючымі мазямі, але ўсё роўна зраненага Арса ліхаманіла. Гледзячы на спалясаваную магутнымі кіпьцюрамі сьпіну, а так жа на пракушанае наскрозь ля самай шыі плячо хлапчука, друід прыгнечана ківаў галавою. Але Арс выжыў. Выжыў, каб пасьля стаць неперасягненым ваяром.

Калі б Арсу здарылася нарадзіцца задоўга да акупацыі Кудлатай Галіі войскамі Рымскай Рэспублікі, ён бы абавязкова стаў правадыром, здольным абьяднаць гальскія плямёны, заваяваўшы сабе славу і вядомасьць, але лёс распарадзіўся інакш. На момант, калі Верцынгетарыкс падняў паўстаньне супраць Рэспублікі, а затым, у выніку не дастаткова ўмелых дзеяньняў, апынуўся абаронцам у Алезыі, Арсу споўнілася пятнаццаць гадоў. Ростам малады гал быў сто семдзесят пяць сантыметраў, прыкладна семдзесят кілаграмаў вагой і па законе Рымскай імпэрыі ён ужо год зьяўляўся паўналетнім. Па законах галаў ён не лічыўся дарослым байцом, бо паўналецьце ў галаў надыходзіла толькі па дасягненьні семнаццаці гадоў. Зьнешнасьць Арса таксама не адпавядала зьнешнасьці ягоных аднагодкаў. Валодаючы тонкай, амаль празрыстай скурай, якая нібы сьвяцілася знутры, ён быў больш падобны на мілавідную дзяўчыну, чым на ўмелага і ўжо дасьведчанага байца.

Арс не баяўся памерці. У адрозненьне ад сваіх суайчыньнікаў, ён ня проста верыў у жыцьцё пасля сьмерці, а дакладна ведаў, што яно існуе. У сілу сваёй псіхікі, юнак валодаў ўспамінамі аб пражытых момантах, якія не маглі адбыцца зь ім у рэальным жыцьці. Ён быў упэўнены, што жыве двума жыцьцямі адначасова, і нават не здагадваўся, што частку ўспамінаў паслужлівая падсьвядомасьць чэрпала зь ягоных ўласных сноў і фантазіяў, якіх юны гал папросту не памятаў. Жыцьцё Арса нібы складалася з двух частак, адна зь якіх працякала ў рэальнасьці, а іншая – унутры ўласнай галавы. Не зьяўляючыся ні аўтыстам, ні шызафрэнікам, і існы па абодва бакі сваёй чарапной каробкі, Арс, як ні дзіўна, не рабіў адрозненьняў паміж уяўным і сапраўдным бокам свайго існаваньня. Калі спытаць яго аб тым, ці бачыць ён сны, ён катэгарычна адмаўляў бы гэта. Жыцьцё нібы ў двух вымярэньнях зусім не напружвала яго, не выклікала адрыньваньня, альбо асьцярогі. Ён нікому не расказваў пра гэта, лічыў, што ўсё так і трэба, а ў баі ішоў на неапраўданую рызыку не ў сілу варьяцкай адвагі ці неразважлівасьці, а па тому простаму чыньніку, што ведаў: памёршы ў гэтым сьвеце, ён застанецца жыць у іншым. Па гэтаму жа чыньніку, ў баі Арс паводзіў сябе стрымана, ніколі не выяўляў ні гневу, ні злосьці. Ён заўсёды быў спакойны, ня гледзячы на тое, што загінуць у бітве, дзе сьмерць заўсёды знаходзілася на адлегласьці выцягнутай рукі, што сьціскала востры клінок, было даволі проста…

Нешта казка пачынаецца не зусім удала. Мабыць, бурныя і неверагодныя падзеі, якія адбыліся са мной некалькі дзён таму, пакінулі свой адбітак на маім апавяданьні. Спадзяюся, Арсюха з Жэнька мяне даруюць. Я пацёр твар рукамі, спрабуючы засяродзіцца, але, замест гэтага, у думках трапіў на касмадром, поўны пажарных, паліцэйскіх і ваенных машын. Менавіта на касмадроме пачаліся дзіўныя і займальныя падзеі, якія перавярнулі ўсё маё жыцьцё.

Але казку, хочаш ня хочаш, трэба працягваць …

Галы прайгралі вайну. Паўстаньне апынулася падушаным. Два дні спатрэбіліся рымлянам, каб разграміць войска Комія, якое прыйшло на дапамогу абаронцам у Алезыі. Верцынгетарыкс, разумеючы, што вынік паўстаньня прадвызначаны, вырашыў пазьбегнуць непатрэбных ахвяраў і добраахвотна зьняў з сябе дасьпехі. Ён склаў зброю ў знак пакоры пераможцу і сеў ля ног Цэзара ў чаканьні ягонага рашэньня. Самыя адданыя правадыру галы з ліку тых, хто перажыў зь ім аблогу, рушылі ўсьлед ягонаму прыкладу, але да Цэзара іх не дапусьцілі. Гэтых галаў, колькасьцю у сто пяць чалавек, выстраілі ў чаргу непадалёк ад стаўкі Цэзара і загадалі апусьціцца на калені. Арс быў у іхнім ліку. Побач зь ім стаяў на каленях ягоны малодшы брат Ген. Арс супрацівіўся, каб брат, які не ўдзельнічаў ні ў адной бітве, а працаваў у абозе і на кухні, зьявіўся разам з ваярамі на добраахвотную капітуляцыю. Супрацівіўся зусім не таму, што Ген ня быў байцом. Арс ведаў, што адвагі брату не займаць, але вельмі хацеў захаваць яму жыцьцё. Ён адчуваў, што, у адрозненьне, ад яго самога, Ген жыве ў адным сьвеце, а памерці сёньня, зажадай таго Цэзар, можна было ў любы момант.

Увесь дзень сотня галаў стаяла на каленях. Увечары, калі ўжо сьцямнела, міма іх прайшоў Цэзар. Пры сьвятле дымлівых паходняў ён разглядаў твары сваіх добраахвотных палонных. Спыніўся ля братоў. Гэтая парачка не магла не прыцягнуць ягонай ўвагі. Ён доўга задуменна разглядаў іх. Маўчаў і глядзеў. Затым зрабіў крок, узяў Гена за валасы і закінуў ягоную галаву да сьвятла паходняў. Ген, які знаходзіўся на мяжы непрытомнасьці ад стомы, зрабіў спробу дзёрзка паглядзець у вочы Гая, але ў галаве паплыло. Бачны сьвет пачаў звужацца ў кропку і каб ня грымнуцца перад Цэзарам без прытомнасьці, Ген ўсю сваю волю накіраваў на гэтую сьветлую кропку перад вачыма. Ён учапіўся ў яе сьвядомасьцю і ўтрымаўся. Сьвет паступова вярнуўся ў першапачатковы стан. Праўда Цэзар так і ня ўбачыў ягонага дзёрзкага погляду. Погляд атрымаўся разгубленым і спалоханым. Але Цэзар зразумеў стан хлапчука, разгледзеў ягоную барацьбу з непрытомнасьцю. Ён адказаў хлапчуку сумнай паўусмешкай і кінуў некалькі слоў праз плячо.

Легіянер, які знаходзіўся пры Цэзару, адкрыў біклагу і працягнуў яе Гену. Ген узяў пляшку і асьцярожна пакаштаваў. У высахлае горла пацякло даўкае кіслае віно. Зрабіўшы некалькі глыткоў, Ген з цяжкасьцю адарваўся ад жыватворнага напою і працягнуў пляшку брату. Легіянер з гнеўным вокрыкам паспрабаваў забраць віно, але Цэзар ўскінуў руку ў забараняльным жэсьце і засьмяяўся. Арс сербануў віна і перадаў біклагу далей. Прашаптаўшы нешта на вуха Ціту Лябіену, Цэзар пайшоў уздоўж палонных, як быццам хацеў прасачыць шлях пляшкі і ўбачыць чалавека, на якім скончыцца ейнае зьмесьціва. Зрэшты, гэта было ўсяго толькі супадзеньне.


Ціт Лябіен аддаў распараджэньне і тут жа да Гену падышлі два рымскіх салдата, паднялі яго на ногі і кудысьці павялі. Астатнім дазволілі зладзіць начлег, разьвесьці вогнішчы і прыгатаваць ежу, але Арсу было не да яды, бо здарылася тое, чаго ён баяўся больш за ўсё: яго разлучылі з братам …

Ноччу мяне пабудзіў Арсайла.

– Тат, за акном нашай спальні хтосьці плача, – прашаптаў ён мне ў самае вуха, як толькі я адкрыў вочы ў адказ на ягоны дотык да майго пляча.

– Зараз даведаемся, – ледзь чутна адказаў я, затым паволі, імкнучыся не абудзіць жонку, выбраўся з-пад коўдры. – Ты са мной?

– Так, – Арсэнь тут жа учапіўся за маю руку.

Наш дом размяшчаўся ў лесе, прыкладна за шэсьць кіламетраў ад бліжэйшага пасёлка. Лес абступаў дом з усіх бакоў, а з тылу, як раз з таго боку, на якую выходзілі вокны дзіцячай спальні, дрэвы падступалі ўшчыльную да дома. Наша з жонкай спальня размяшчалася праз калідор насупраць дзіцячай. Мы з Арсэнам, не ўключаючы асьвятленьня, спусьціліся на першы паверх. У змроку пярэдняга пакою я надзеў чаравікі на босыя ногі і ўзяў з паліцы ліхтарык.

– Не баішся? – спытаў я сына.

– Не, – адказаў той, паблясківаючы ў цемры вачыма.

– Жэнька сьпіць?

– Не-е. Гэта ён першы пачуў плач і мяне разбудзіў.

– Кліч яго. Толькі хутка і ціха, каб мама не прачнулася.

Арсэнь на дыбачках ўцёк, а я, прыадчыніўшы дзьверы ў кухню, ціхенька цмокнуў вуснамі. Маляўка тут жа прашмыганула з кухні мне насустрач і ўстала на заднія лапы, упёршыся пярэднімі ў маё сьцягно. Маляўкай клікалі ручную лісу, якая, будучы маленькім лісянём, прыбілася да нашага дому. На сьпіне ў яе было некалькі колата-ірваных ранаў, з-за чаго я прыйшоў да высновы, што яна цудам выратавалася ад таго, чые дзеці сёньня плакалі ў ночы.

– Маляўка ідзе з намі? – дзеці ўжо былі побач са мной і ціскалі задаволеную лісу.

Куды мы бяз яе? я адчыніў ўваходныя дзьверы, і мы гуртам выйшлі з дому.

Ноч была незвычайна ціхая, цёплая і зорная. Ні аблачыны, ні ветрыку. Амаль поўны месяц у дастатковай меры асьвятляў наш шлях, таму ліхтарык я пакуль не ўключаў. З-пад навеса, пацягваючыся, выйшаў Байран. Байран – дварняк з прымешкай каўказскай аўчаркі быў велізарны і грозны. Мы ўзялі яго шчанюком з прытулку ў той жа дзень, калі на нашым падворку зьявілася Маляўка. Ягонай задачай было ня столькі ахова дома, колькі абарона Маляўкі ад суседзкіх і бадзяжных сабак, якія зрэдку забрыдалі на нашую тэрыторыю. Лісянё і куцяня расьлі разам, умацоўваючы сваё сяброўства гульнямі і сумеснай трапезай. Калі ім выносілі ежу, а Байран ў гэты момант адсутнічаў, зьдзяйсьняючы абыход уладаньняў, Маляўка ніколі не прыступала да ежы адна. Яна сядзела каля міскі Байрана, ахоўваючы яе да прыходу сябра. Як толькі ў полі ейнага зроку зьяўляўся Байран, яна тут жа адыходзіла да сваёй талерцы і пачынала есьці. Вось толькі месца для сну ў кожнага зь іх было сваё. Маляўка аблюбавала сабе кухню, а Байран аддаваў перавагу сну у двары пад падстрэшкам.

Байран без залішняй мітусьні прыбудаваўся да нашай працэсіі, і вось ужо ўсёй грамадой мы завярнулі за дом. Я, ведаючы, куды ісьці, накіраваўся па сьцежцы ў патрэбны бок у глыб лесу і праз пару дзесяткаў метраў спыніўся каля адной з хвояў. Маляўка з Байранам селі пад дрэвам, задраўшы галовы ўверх. Уверсе, сярод галін, была апраметная цемра.

Слухайце, прашаптаў я.

Каго? адначасова і таксама шэптам спыталі дзеці.

Лес, адказаў я.

Цішыня ў лесе ніколі не бывае абсалютнай, але ў гэты момант яна была менавіта такой. Здавалася, што нават Байран з Маляўкай затаілі дыханьне, адчуваючы значнасьць моманту. Раптам, у цемры галін над намі пачуўся шоргат. Праз некалькі секунд ён паўтарыўся. І зноў. Гэта ўжо было падобным на чыюсьці марудлівую валтузьню. Я ўключыў ліхтарык, накіроўваючы яркі прамень у бок шоргатаў. Уверсе, на тоўстай хвойнай галінцы, сядзелі два савяты. Яшчэ у пуху. Гэтакія абаяльныя вырадкі. Яны глядзелі на нас, круцілі галовамі і пляскалі вялікімі вачыма.

Вось хто вас разбудзіў. Савяты.

А чаму яны плакалі? спытаў Жэнька.

– Яны ня плакалі, – я даўно ведаў пра савінае сямейства, якое жыло па суседстве, але не распавядаў пра яго дзецям, каб яны не турбавалі птушак дарэмна, – гэта яны сьпяваць вучыліся.

– А дзе іхнія бацькі? – па інтанацыі, зь якой Арся задаў пытаньне, я зразумеў, што зараз прагучыць просьба аб «усынаўленьні» птушанят.

– Шукаюць ім ежу. Магчыма, што нехта зь іх ужо злавіў мышаня і сядзіць цяпер непадалёк, назіраючы за намі, – я даў сынам дастаткова інфармацыі, каб спыніць іхнія просьбы аб прыёме савятаў ў нашую сямью.

Дзеці тут жа, нібы тыя савяты, закруцілі галовамі, спадзеючыся ўбачыць дарослых соў, але гэтую начную птушку і днём не заўсёды заўважыш, а ўначы ўбачыць іх – дарэмная трата часу. Я прабег ліхтарыкам па галінках вакол нас у надзеі, што прамень сьвятла адабьецца ў вачах дарослай савы. Але не, бацькоў побач не было.

Ну што, задаволілі сваю цікаўнасьць?

Ага, хорам адгукнуліся хлапчукі.

Дадому? прапанаваў я.

Байран, пайшлі. Пайшлі, Маляўка, скамандаваў сваім улюбёнцам Жэнька, пасля чаго наша чарада адправілася ў зваротны шлях.

Байран, перш чым сысьці, бухнуў уверх для праформы, як бы папярэджваючы савят, каб тыя не замануліся залазіць на ягоную тэрыторыю. Савяты пакінулі Байрана без адказу.

У доме я паклаў дзяцей у ложкі. Ужо прыадчыніў дзьверы, каб выйсьці, але тут у цемры пачуўся Арсенькін голас:

Тат, а што было ў казцы далей?

О-хо-хо-х, уздыхнуў я і павярнуўся да дзяцей. Яны, падобна савятам, задаволеныя зашамацелі коўдрамі, уладкоўваючыся так, каб зручней было слухаць мяне …

Эльф

Подняться наверх