Читать книгу Эльф - Леанід Яўгенавіч Воўчак - Страница 2
2
Оглавление– Ведаеш, Кезон, а гэта нядрэнная ідэя, – сенатар Гай Децым задуменна катаў паміж далоняў пусты срэбны кубак. Віно яму спадабалася. Мабыць, скупаваты Кезон адкаркаваў дзеля такога выпадку бочачку з лепшым віном: – А цяпер, будзь добры, пра ўсё падрабязьней.
– Ты, сенатар, нават не сумнявайся, бо ідэя сапраўды выдатная. Яна прынясе вялікі прыбытак і мне, і табе, – Кезон чакаў, калі Гай Децым паставіць кубак на стол, каб падаць знак слузе. Слуга, які стаяў у старонцы і без таго быў гатовы па любым сігнале напоўніць посуд госьця віном: – Усе гаспадары глядыятарскіх школаў ужо ведаюць пра тое, што ў глядыятарскіх баях у гонар перамогі Цэзара будуць удзельнічаць толькі палонныя салдаты. Многія з ланістаў нават ня стануць падаваць сьпісы байцоў, каб Сенат мог выбраць лепшых і аплаціць іх. Нам неабходна распусьціць чутку, што адначасова з гульнямі ў Рыме, пройдуць баі яшчэ ў некалькіх правінцыях. Пад гэтыя ўяўныя баі я скуплю у іншых ланістаў глядыятараў па досыць нізкай цане. Твая задача складаецца ў тым, каб пераканаць Сенат купіць глядыятараў для маючых адбыцца гульняў у мяне. Цана на гэтых байцоў будзе, як ты ведаеш, прыкладна ўдвая больш, чым тая, за якую я іх набуду. Прыбытак я прапаную падзяліць напалову.
– Засталося прыдумаць, куды падзець палонных барбараў, прызначаных для гульняў глядыятараў, – Гай Децым нарэшце паставіў кубак на маленькі столік, што стаяў побач з фатэлем, на якім ён сядзеў, і двойчы лёгенька стукнуў па ім пазногцем. Слуга імгненна падскочыў да століка і наліў віна. Гай Децым з задавальненьнем зрабіў вялікі глыток і прыкрыў вочы. Віно было ў меру гарачым і ўтрымлівала ідэяльны баланс дададзеных спецый.
Не падымаючы апушчаных павек, сенатар працягнуў:
– Уся загваздка ў тым, дарагі Кезон, як нам пазбавіцца ад палонных галаў.
На некалькі хвілінаў у пакоі наступіла цішыня, якая парушалася толькі дыханьнем людзей, што знаходзіліся ў памяшканьні. Кезон са свайго месца з надзеяй ўзіраўся ў твар сенатара, але той, здавалася, заснуў. «Быць можа, варта яго неяк абудзіць?» – падумаў Кезон і нават зрабіў спробу прыўзьняцца з фатэлі, але ў гэты момант Гай Децым расплюшчыў вочы і ўважліва паглядзеў на яго.
– Я зразумеў, куды мы падзенем галаў, – з выглядам трыўмфатара сенатар дапіў кубак і зноў стаў катаць яго між далоняў.
– Слухаю цябе зь нецярпеньнем, – Кезон, прагны да грошай, увесь падаўся наперад. Вочы яго прагна заблішчалі, а лоб пакрыўся потам ад прадчуваньня прыбытку.
– Мы прынясём іх у ахвяру, – сказаў Гай Децым, гледзячы на успацелы твар свайго суразмоўцы, а затым разьвіў сваю думку: – Ты, Кезон, чалавек, які быў ланістай, як ніхто іншы павінен разумець, што глядыятарскія баі – гэта асаблівая хворма ахвярапрынашэньня, дзе глядыятары, што загінулі на арэне, ўяўляюць сабой ахвяру Вялікаму Рыму і багам, якія за яго заступаюцца. Рытуалы ахвярапрынашэньня ў сваю чаргу могуць быць вельмі разнастайнымі. Можна вывесьці чалавека на плошчу і прынародна перарэзаць яму горла ў знак павагі любімага бога. Можна прывязаць яго да слупа, абкласьці дровамі і спаліць на вогнішчы, пры гэтым нашы жрацы любое вогнішча абвесьцяць сьвятым агнём. Але з гэтымі людзьмі, мой дарагі Кезон, мы паступім зусім інакш. Прынёсшы іх у ахвяру па прыдуманаму мной рытуалу, мы ня толькі аддамо гонар трыумфатару Цэзару, але ў дадатак нядрэнна паправім наш фінансавы стан.
– Мне не трываецца даведацца, якім чынам адбудзецца прыдуманая табой гекатомба, у якой сотню быкоў заменіць сотня галаў, – Кезон зарагатаў над уласнай жартам, пстрыкнуў пальцамі, і слуга напоўніў пасудзіну сенатара зноў. Гай Децым задаволена кіўнуў і адпіў з кубка.
– Мы забрукуем целамі галаў дарогу Цэзару і ягоным легіёнам. Спакуем іх так, каб па іхнім целам Цэзар па Клівус Вікторыі ўвайшоў у Рым. Яны будуць ляжаць пад спецыяльна зробленымі драўлянымі насьціламі праз такія прамежкі, якія дазволяць раздушыць іх. Калі хтосьці зь іх выжыве, то наўрад ці зможа трымаць у руцэ меч, каб удзельнічаць у паядынках.
– Геніяльна, сенатар! – Кезон энергічна пацёр далоні. – Зараз галоўнае – усё пракруціць хутка і без памылак. Мае людзі прама сёньня запусьцяць чуткі аб Гульнях у правінцыях, а калі ў Рым прыбудуць палонныя, ў мяне ўжо будзе патрэбная колькасьць байцоў. Затым справа за вамі. Вы павінны нейкім чынам пераканаць Сенат прынесьці палонных у ахвяру, а потым аплаціць маіх глядыятараў.
– Не турбуйся, дарагі Кезон, – Гай Децым паблажліва ўсьміхнуўся, – у мяне ў Сенаце ёсьць свае рычагі ўплыву, і ўжо сёньня я пачну на іх націскаць. Да моманту прыбыцьця Цэзара ўсё будзе зроблена ў лепшым выглядзе.
– Ніколькі не сумняваюся ў гэтым, сенатар, – вырашыў падлізацца да сенатара Кезон.
– І я ў сваю чаргу ніколькі не сумняваюся, – кажучы гэта, Гай Децым зьлёгку хітраваў, бо для Сената гэтыя палонныя зьяўляліся грамадзянамі Рымскай Рэспублікі, хай нават і паўсталымі.
Для Сената, прымусіць змагацца палонных на арэне, было цалкам прымальным пакараньнем за бунт супраць Рэспублікі, але адправіць іх на сьмерць, як авечак на закол? Гай Децым пагадзіўся на прапанаваную Кезоном афёру ня толькі з-за матэрыяльнай выгады. Яму выпала нагода праверыць сваю значнасьць у Сенаце, праверыць свой уплыў. А грошы? Грошы для яго былі ўсяго толькі прыемным дадаткам.
Палонныя галы прыбылі ў Рым прыкладна праз месяц пасля таго, як правадыр паўстаньня, у якім яны ўдзельнічалі, капітуляваў. Іх пасялілі ў вялікім бараку. Тут, наводшыбе рымскага прыгарада, яны яшчэ месяц чакалі прыбыцьця трыўмфатара і ягоных войскаў. Кармілі палонных цалкам ніштавата і за час вымушанай бязьдзейнасьці некаторыя з галаў нават набралі вагу. Цэлымі днямі палонныя блукалі па двары, абгароджаным высокім плотам. Адны гулялі ў прымітыўныя гульні, іншыя час ад часу біліся паміж сабой на пацеху ахове, трэція проста сядзелі і тупа глядзелі перад сабою ў зямлю, альбо ў неба. Усе ведалі, што іх рыхтуюць для бітвы адзін з адным, і ад гэтай думкі многія зь іх запалі ў роспач. Ніхто з палонных ні секунды не падумваў пра ўцёкі і не шкадаваў, што добраахвотна падахвоціўся суправаджаць Верцыгетарыкса да Цэзару. Лёс правадыра быў ім невядомы, што гэтак жа ўплывала на маральны стан гальскіх воінаў, ўкінуўшы іх у прастрацыю ды бездань дэпрэсіі. Усё ж былі сярод іх і такія, якіх сітуацыя не зламала. З дня ў дзень яны ўпарта катавалі сябе фізычнымі практыкаваньнямі толькі для таго, каб у апошні дзень свайго жыцьця быць у выдатнай форме і са зброяй у руках годна сустрэць непазбежную сьмерць. Арс быў у ліку нямногіх стойкіх духам і воляй салдат. Узброіўшыся двума кароткімі палкамі, ён без канца адпрацоўваў выпады і ўхілы, адрываючыся ад трэніровак толькі на ежу і сон. Але лёс у асобе двух хітрых і прагных рымлян прыгатаваў палонным іншую долю. Аднойчы на сьвітаньні галаў вывелі з бараку, прымусілі распрануцца дагала і аголенымі павялі па безназоўным брудным вулачкам прыгарада Рыма ў бок Клівус Вікторыі.
На пустцы, дзе пачыналася Клівус Вікторыя, ужо на ўсю моц кіпела праца. Цесьляры прыбылі сюды з першымі прамянямі сонца, але так як абоз з дошкамі затрымаўся ў шляху, збудаваньне насьцілаў пачалося незадоўга да зьяўленьня палонных. Галаў пабудавалі па росьце і парамі адводзілі ўбок, дзе ім зьвязвалі ногі і ўкладвалі на зямлю ступнямі адзін да аднаго, тварам уверх. Калі восем чалавек ужо ляжалі на зямлі, іх накрылі дашчаной пляцоўкай. Астатнія палонныя зразумелі, які лёс іх чакае і пачаць абурацца. Варта, з выстаўленымі наперавес дзідамі, тут жа атачыла іх, усім выглядам даючы зразумець, што любы супраціў будзе зламаны імгненна. Нават пасля таго, як яны даведаліся, якое прызначэньне прыгатавалі ім рымляне, ніхто з галаў не спалохаўся. Яны ўсяго толькі палічылі, што такая сьмерць нявартая ваяроў. Камандзір галаў выступіў наперад і рэзкім тонам выказаў абурэньне, якое ахапіла ягоных таварышаў, перакладчыку, які стаяў побач . Хітры перакладчык хутка пераканаў яго, што ўдзел у такім рытуале лічыцца ў Рыме ганаровай справай, і далейшая кладка палонных пад насьцілы прайшла без праблемаў.
Арса, як самага высокага з палонных, у пары з галам, што быў толькі на сантыметр ніжэй яго, паклалі пад насьціл апошнім. Цесьляры, змацаваўшы насьцілы паміж сабой, прыступілі да вырабу спадзістых пандусаў для пад'ёму і спуску на гэты арыгінальны подыум.
Дзень набліжаўся да поўдня. Салдаты першага, пятнаццатага і шаснаццатага легіёнаў, у наваксаваных да бляску дасьпехах і пры зброі, ўжо стаялі ў калёнах, чакаючы прыбыцця свайго палкаводца. З-пад насьцілу, па якіх трэба было прайсьці легіёнам, даносіліся стогны і абурэньня людзей. Іх мучыла смага і зацёклыя без руху члены. За некалькі гадзін зьнямогі ў такім становішчы, насьціл з тоўстых дошак і брусаў ўжо здаваўся ім зробленым з граніту. Час ад часу хто-небудзь з ахоўнікаў падыходзіў да насьцілу, апускаўся на адно калена і біў дрэўцам дзіды па галаве, альбо плячах чалавека, які, на яго погляд, перавысіў узровень дапушчальнага ў такой сітуацыі шуму.
Арс маўчаў. Нягледзячы на цяжар дошак, што давілі на ягоныя грудзі, ён здолеў адцягнуцца і пагрузіцца ў мроі, прадстаўляючы сабе родную вёску і матулю, якая завіхалася каля ачага. Нейкі час ён нават драмаў, але стогн чалавека, што ляжаў побач, вывеў яго з забыцьця. Да яго данёсься гул натоўпу, які сабраўся ушаноўваць Цэзара. Слых аб незвычайным мерапрыемстве з удзелам палонных галаў, хутка разляцеўся па горадзе. На Клівус Вікторыі сабраўся вялізны натоўп. Ён складаўся ня толькі з гараджан, у якіх была магчымасьць сюды зьявіцца. У дадатак да іх тут сабраліся ўсе вольныя ад працы жыхары бліжэйшых вёсак. Натоўп гудзеў, нібы гіганцкі пчаліны вулей, і гэты гул перакрываў практычна ўсе астатнія гукі. Арс ўважліва ўслухоўваўся ў гул тысяч чалавечых галасоў, жадаючы ўявіць, што адбываецца па той бок дошак. Старанна напружваючы слых, ён спрабаваў скрозь людзкія галасы ўлавіць пачатак руху рымскіх кагортаў, але ўсяроўна вібрацыя глебы пад нагамі дзясятка тысяч салдат, крануўшыхся з месца маршам, стала для яго нечаканасьцю. Ён адчуў гэтую вібрацыю ўсёй сьпіной, але ўсё ніяк ня мог зразумець, што адбываецца.
– Трымайся !!! – пачуўся прыглушаны дошкамі крык аднаго з гальскіх камандзіраў. Толькі тады Арс зразумеў, што д'ябальскае выпрабаваньне пачалося …
Раніцай за сьняданкам, калі мы ўсёй сямьёй сядзелі за сталом, Арся задаў мне нязручнае пытаньне:
– Тат, а рымляне былі садыстамі?
– Не, сын, не былі. Проста ў тыя часы ў многіх народаў была мараль, якая дапускала такія ўчынкі. Гэтыя ўчынкі з нашага пункту гледжаньня, могут лічыцца зьверскімі, барбарскімі, ці нават садысцкімі. У кожнай эпохі свае норавы, і, магчыма, нейкія з нашых учынкаў, якія мы сёньня лічым нормай, у будучыні стануць непрымальнымі.
– Ты хоць разумееш, што размаўляеш з трынаццацігадовым дзіцём? – умяшаўся ў размову жонка.
– Між іншым, Старажытны Рым мы ўжо вучылі па гісторыі, і пра глядыятарскія баі там таксама шла размова. Я нават гульню «Глядыятар» прайшоў цалкам. А грамадазнаўства вывучаем з мінулага года, – горда заявіў Арсень.
– Ці не тая гэта гульня, што ляжыць у таты ў кабінеце, а на скрынцы напісана «плюс шаснаццаць»? – жонка грозна павярнулася да Арсена. Жэнька, які да гэтага часу абыякава і сонна калупаў відэльцам амлет, страпянуўся.
– Не, мама, на «Глядыятару» «плюс дванаццаць». Гэта на «Рыме» «плюс шаснаццаць», але там няма нічога страшнага.
– А ты адкуль ведаеш? – жонка пераключылася на малодшага сына, а Арся гнеўна штурхнуў брата локцем у бок.
– Тата гуляў, а мы глядзелі, – Жэнька, не міргнуўшы вокам, здаў маме і мяне. Наіўная дзіцячая прастата. Цяпер погляд жонкі быў накірованы ў мой бок.
– Гэта звычайная страцежка, – максімальна спакойным тонам запэўніў я жонку, – Адзінае, што трэба з «плюс шаснаццаці», калі гуляеш у яе – гэта толькі мазгі.
– Тат, а чаму ў старажытнасьці была мараль, якая дапускала такія жорсткасьці? – спытаў Арся, палічыўшы, што пытаньне з гульнямі і іхнімі узроставымі абмежаваньнямі ўжо зачынена. Я з палёгкай павярнуўся да яго.
– Чым вышэй узровень культуры ў грамадстве, тым менш жорсткасьцяў дапускае еная мараль. А ўзровень культуры ў сваю чаргу залежыць ад колькасьці ведаў, якімі аперуе таварыства. Калі сёньня закрыць усе дзіцячыя сады, школы і інстытуты, зачыніць доступ людзям да ведаў, то рэзка зьнізіцца ўзровень нашай культуры, а праз некаторы час наша мараль дазволіць нам займацца нават людажэрствам.
– Я таксама людзей буду ёсьці? – зьдзіўлена спытаў Жэнька, нарэшце цалкам прачнуўшыся.
– Не, сын, ня будзеш. Кажучы «мы», я меў на ўвазе наша сёньняшняе грамадства, ўсіх людзей. Людажэрствам, хутчэй за ўсё, будуць займацца твае ўнукі ці праўнукі.
– Не забівай, калі ласка, дзіцяці галаву усялякімі жахамі, – з усьмешкай папрасіла мяне жонка.
– Я не баязьлівец, мне ня страшна, мы з Арсей жабу елі, – нечакана заявіў Жэнька, а затым, зрабіўшы секундную паўзу, дадаў: – смажаную.
Пакуль мы з жонкай, зьбянтэжана глядзелі адзін на аднаго, Жэнька пасьпяшаўся дабіць нас канчаткова:
– Як французы. Мы яе за домам на вогнішчы смажылі.
– А яшчэ мурашак елі, – спакойна дадаў Арся. – Яны кісьленькія і смачненькія. Толькі адзін трапіўся нясмачны. Леташні, напэўна.
Я думаў, што памру ад сьмеху, лопну і разлячуся маленечкімі кавалачкамі па кухні, але не, выжыў. У метры ад мяне выжыла ад сьмеху мая жонка …
Па подыўме, збудаваным ў гонар перамогі Цэзара над Кудлатай Галіей, трэба было прайсьці тром легіёнам, колькасьць якіх складала без малога адзінаццаць тысяч чалавек. Каб подыум ня рухаўся наперад-назад на той мяккай апоры, што прадстаўлялі сабой чалавечыя целы, па канцах пандусаў ў зямлю былі ўбітыя тоўстыя калы, зробленыя з буку. Тым ня менш, калі чатыры коні першымі ўзышлі на подыум, цягнучы за сабой квадрыгу зь Юліем Цэзарам, ён асеў і падаўся наперад, ссунуўшыся зусім нязначна, усяго толькі каля пяці сантыметраў, але менавіта гэтай дробязі хапіла, каб вага калясьніцы імгненна выціснула з лёгкіх першых чатырох чалавек усё паветра. Больш уздыхнуць яны не змаглі, бо на памост, усьлед за квадрыгай маршам ўзышлі салдаты.
Некаторыя палонныя спрабавалі аблегчыць сабе дыханьне, прыпадняўшы памост над грудной клеткай рукамі. Яны ляжалі, упёршыся далонямі ў грубыя сырыя дошкі, а локцямі ў каменны брук. Пад вагай квадрыгі прамянёвыя косткі перадплеччаў ня вытрымалі і зламаліся з трэскам, нібы сухое гальлё. Пад пляцоўкай пачуліся крыкі болю, якія патанулі ў крыках натоўпу, што вітаў сваіх пераможцаў. Але і гэтыя крыкі імгненна сьціхлі, бо зрабіўшы выдых на крыку, гэтыя людзі ўжо не змаглі ўвабраць у сябе ні кроплі паветра. З кожнай новай шарэнгай салдат, якія ўзыходзілі на гэты подыум, гукі пад подыўмам станавіліся ўсё цішэй і цішэй, пераходзячы ў няясныя перадсьмяротныя хрыпы, якія былі цалкам заглушаныя гараджанамі, што гарлапанілі ва весь моц. Калі шэсьце выціснула з грудных клетак сотні палонных апошнія рэшткі паветра, пад насьцілам наступіла адносная цішыня, бо трэска зламаных рэбраў і раздушаных чэрапаў ня змог бы пачуць нават самы ўважлівы глядач, які стаяў у лямантуючым натоўпе.
Арс чуў кожны гук, што народжаўся пад насьцілам, але быў спакойны. Ён рыхтаваўся памерці ў гэтым сьвеце і цалкам перайсьці ў наступны. Думкі, што той, іншы сьвет зьяўляецца плёнам сноў і фантазій, ён не дапускаў. Любы псіхіятр будучага, апытаўшы яго, палічыў бы, што ў хлопца пачынаецца эскейпізм і апынуўся бы няправы, бо расстройства псіхікі ў Арса не было. Яго стан быў выкліканы рэдкай, незвычайнай для сьвету, у якім Арс жыў, уласьцівасьцю чалавечай псіхікі. З часам такіх людзей будзе нараджацца ўсё больш, але гэта з часам. А зараз Арс, магчыма, адзіны чалавек з такімі унікальнымі псіхічнымі ўласьцівасьцямі, ляжаў пад насьцілам і слухаў гукі сьмерці, якія набліжаліся да яго. Гукі сьмерці з кожнай секундай станавіліся ўсё выразьней, усё выразьней. Яны былі заглушаныя тупатам маршу рымскіх салдат, кожны ўдар ног якіх па дошках, гулка аддавалася пад насьцілам. Арс ўсё ж здолеў вылучыць у гэтым шуме стогны людзей, што паміралі ў гэты момант, трэск касьцей і чуў толькі іх. Гэта так жа было уласьцівасьцю ягонай псіхікі – умець чуць тое, што большасьці людзей недаступна. Сьмерць, якая крочыла ў страі рымскіх салдат, насоўвалася няўхільна.
Насьціл з мёртвых галаў зьнялі толькі пасьля заходу сонца. Цесьляры пры сьвятле паходняў і ў поўнай цішыні цягалі скрываўленыя дошкі, складаючы іх на вазы. Мудрагелістыя цені, што нараджаліся языкамі факельнага полымя, былі падобныя на гратэскавых пачвар, якія выбраліся з бясконцых глыбінь цемры, каб паляваць за душамі галаў. Толькі зрэдку цішыню парушала лаянку чарговага няўдачніка, які з-за ўласнай хібы пасьлізнуўся ў лужыне згуслай крыві.
Начальнік варты Нумерый Гней, у пошуках самых малых прыкмет жыцьця, з паходняй у руцэ ўважліва аглядаў кожнага раздушанага гала, каб уласным мячом дараваць пакутніку выратавальную сьмерць. Калі зьнялі першы насьціл, па стане трупаў ён зразумеў, што жывых шукаць няма сэнсу, але абавязкі свае Нумерый выконваў добрасумленна, таму падыходзіў да кожнага мерцьвяка. Калі падманлівае сьвятло танцуючага полымя ўводзіла яго ў зман, ён даставаў з торбы люстэрка і, прысеўшы на кукішкі, падносіў адпаліраваную сталь да вуснаў мерцьвяка. Але ў гэтай імправізаванай жахлівай прэсаванке ніхто ня выжыў.
Якім было ягонае зьдзіўленьне, калі ў апошняй пары адзін з двух, зьвязаных за шчыкалаткі галаў апынуўся жывы. Гал быў у прытомнасьці і ляжаў, ня выдаўшы ні аднаго гуку, нягледзячы на абедзьве пераламаныя рукі. Ён быў адным з тых, хто вырашыў палегчыць сабе дыханьне, упёршыся далонямі ў насьціл. З правага перадплечча тырчалі абломкі прамянёвых костак, а з разарваных вострымі сколамі вен яшчэ цякла густая кроў. Левая рука таксама была зламаная ў перадплеччы, але адкрытых ран не было. Затое быў раздробнены локаць. На ягонае шчасьце, атрымаўшы гэтыя траўмы, ён тут жа страціў прытомнасьць і ачнуўся толькі пасля таго, як зь ягоных грудзей зьнялі насьціл. Ён глядзеў на начальніка варты безуважна, як смяротна паранены зьвер глядзіць пакорліва на свайго забойцу.
Нумерый Гней ўважліва агледзеў зямлю вакол гала і адразу зразумеў прычыну ягонага цудоўнага выратаваньня. Букавыя калы, убітыя ў зямлю ў канцы пандуса для ўтрыманьня насьцілу на месцы, сыгралі сваю ролю ў той момант, калі пад націскам калясьніцы, якая першай ўехала на подыум, памост падаўся наперад, тым самым павялічыўшы вышыню паміж дошкамі і грудзьмі гэтага чалавека. Калі б ня буковые калы, пандус таксама зрушыўся бы наперад, і пасля спуску калясьніцы з насьцілу, цела няшчаснага, несумненна, выглядала бы гэтак жа жаласна, як і целы першых раздушаных галаў. Сваім выратаваньнем гэта гал быў абавязаны двум тоўстым букавым кольям.
Нумерый павярнуўся да другога палоньніка, што ляжаў у пары з выжылым. Ён апусьціў факел ніжэй і асьвятліў яго. Зьдзіўлена ускінуўшы бровы, начальнік варты даў каманду тром сваім падначаленым, якія стаялі непадалёку і безуважна назіралі за працай цесьляроў, падысьці да яго.
Чатыры рымляніна пры сьвятле сваіх паходняў шырока расчыненымі вачамі глядзелі на Арса. Арс спаў, паклаўшы галаву набок. У той момант, калі перасталі чуцца перадсмяротныя гукі пад дошкамі, а ўслед за гэтым знік ціск рымскіх салдат на насьціл, ён, усвядоміўшы, што застаўся жывы, імгненна заснуў. Заснуў ад бясконцай стомленасьці. Гэты сон быў ахоўнай рэакцыяй падлетка на стрэс. Арс спаў, ня гледзячы на тое, што ягоны твар быў у ранках, а грудзі ў крыві і сіняках, якія пакінулі дошкі, калі трапяталі ў такт крокам салдатаў, што маршыравалі па ім.
– Гэтага падняць і ў турму. Калі да сьвітаньня выжыве, няхай хто-небудзь іншы, а не я, вырашае ягоны лёс, – Нумерый вырашыў зьняць з сябе адказнасьць за жыцьцё чалавека, які цудам выжыў.
– А з гэтым што рабіць? – стражнік паказаў вастрыём дзіды на другога выжылага гала. – Ён наўрад ці абклемаецца з такімі ранамі, а калі абклемаецца, тады застанецца калекай. І куды яго, калеку, потым падзець?
Нумерый Гней падышоў да параненага. Пры сьвятле паходні зірнуў палоннаму ў твар і дастаў меч з похваў. Паранены гал ўсё зразумеў. Ён, зачыніў вочы, зрабіў павольны выдых, і ў гэты момант начальнік варты прафесыйным рухам дасьведчанага байца перасёк яму шыю, аддзяліўшы гаротную галаву ад тленнага цела.