Читать книгу Чароўная скарбніца - Геннадий Авласенко, Людмила Рублевская - Страница 6
Кацярына Хадасевіч-Лісавая
Вухуцік і яго таямніца
`Казачная аповесць
Прыгоды вухуцян на Зямлі
ОглавлениеВухуцік і Улада ўвайшлі ў касмічны карабель. Праз ілюмінатар яны бачылі, як махаюць ім бацькі і дзядуля з бабуляй. Дзеці селі, рамяні бяспекі прышпілілі іх, шторкі ілюмінатараў з ціхім шоргатам апусціліся, і ледзь улоўны рух падказаў, што лятальны апарат падняўся ў паветра. Праз некаторы час шторкі зноў падняліся, і перад позіркамі падарожнікаў раскінуліся бясконцыя касмічныя прасторы. Улада любавалася зоркамі і туманнасцямі, ля якіх яны праляталі.
– Як называецца вось тое яркае сузор’е? – запыталася дзяўчынка.
Сябар не адказаў, тады Улада адарвала позірк ад касмічнай прыгажосці і азірнулася. Вухуцік спаў. Дзяўчынка ціхенька дастала з сумкі нататнік і аловак – захацела намаляваць сузор’е, якое так уразіла яе прыгажосцю. Зрабіла накід, а расфарбаваць вырашыла дома – акварэллю. Перагарнула старонку, і зноў аловак забегаў па чыстым аркушы паперы. Юная мастачка намалявала Мінолу і Рудаша. Потым падумала і дадала Сіньку і Зялёнку, чамусьці вырашыла пакінуць сабе на памяць выявы не вельмі гасцінных вухуцкіх паненак.
Палёт быў спакойным і прыемным, зорнае падарожжа вельмі падабалася зямной вандроўніцы. Праз колькі часу шторкі ілюмінатараў зноў апусціліся, ад іх лёгкага шоргату Вухуцік прачнуўся:
– Ужо падлятаем?
– Пэўна, так, – адказала сяброўка.
Сапраўды, калі шторкі падняліся, за ілюмінатарамі быў бачны пакой Улады. Дзеці адшпілілі рамяні бяспекі, адчынілі дзверы касмічнага карабля і выйшлі з яго.
– Вось мы і дома! – радавалася дзяўчынка. – Не перастаю дзівіцца магчымасцям тэлепартацыі! Нядаўна былі на Вухуціі, а зараз апынуліся на Зямлі. І касмічны карабель, на якім мы прыляцелі, стаў проста малюнкам у маім нататніку.
Улада разглядала выяву лятальнага апарата – і раптам…
– Аёй! Ты толькі паглядзі сюды! – дзяўчынка паказала на аркуш паперы.
У ілюмінатары былі Рудаш і Мінола! Яны махалі і нешта гаварылі, але іх не было чуваць. Улада дзюбкай алоўка націснула на намаляваную ручку, і дзверы расчыніліся. Прама з паперы ў пакой дзяўчынкі выйшлі нечаканыя госці.
– Рада вітаць вас на Зямлі! – сказала гаспадыня. – Цудоўна, што вырашылі ў нас пагасцяваць!
– Ну, мы не зусім планавалі, яно неяк само адбылося! – здзіўлена аглядаўся Рудаш.
– Мы з Рудашам каталіся на хадзіку, які раптам пачаў ператварацца ў касмічны карабель, а потым праз ілюмінатар мы ўбачылі вас… Нечаканая вандроўка атрымалася! – дзівілася Мінола.
– Усё таму, што тэлепартацыя бывае загадкавай і непрадказальнай! – пачуўся яшчэ адзін знаёмы голас і… з намаляванага карабля выйшлі Сінька і Зялёнка.
– А вы тут як апынуліся? – запытаўся ў іх Рудаш.
– Таксама, як і вы! Нас намалявалі і тэлепартавалі! – дзелавіта сказала Сінька.
– Паглядзім, як яны тут жывуць! – важна дадала Зялёнка, і няпрошаныя госці саскочылі з аркуша паперы і пайшлі гуляць па пакоі.
Улада назірала за кампаніяй вухуцян, якія з’явіліся ў яе дома. Што рабіць з гасцямі і дзе іх размясціць, яна пакуль не магла прыдумаць, але ласкава сказала ўсім:
– Гасцінна запрашаю! Пачувайцеся як дома!
Дзеці-іншапланетнікі з цікавасцю разглядалі мэблю, шафу з кнігамі, пазіралі ў акно, але асабліва спадабаўся ім кораб з цацкамі. Гаспадыня зняла з яго накрыўку і дазволіла браць усё, што захочацца. Сінька і Зялёнка схапілі адну ляльку і пачалі тузаць кожная ў свой бок:
– Я першая ўзяла!
– Адчапіся! Гэта маё!
– Паненкі, толькі без сварак! – папрасіла Улада.
– Вы як заўсёды! Звадніцы і гарлапанкі… – уздыхнула Мінола.
– Чаго вы сюды прыляцелі? Уладу ж вы на сваёй планеце негасцінна сустрэлі! – нагадаў Рудаш.
– Адпраў іх дадому, няма чаго ім тут рабіць! – даў Вухуцік параду сяброўцы.
Але гаспадыня адмоўна пакруціла галавой:
– На ўласным досведзе адчула, што непрыемна, калі табе не рады. Я не буду адказваць тым жа. Няхай дзяўчынкі застаюцца, толькі прашу вас паводзіць сябе добра.
– Мы і так добрыя! – хмыкнула Сінька.
– Аж занадта! – прыцмокнула Зялёнка і рэзкім рухам вырвала ляльку з рук сяброўкі.
– Дарагія мае госці, нечакана нас сабралася цэлая кампанія! – Улада вырашыла даць вухуцянам карысныя парады. – Давайце дамовімся, што вы не будзеце паказвацца на вочы іншым зямлянам. Гэта можа мець непрадказальныя наступствы!
– Нам што, пад ложак схавацца і сядзець? – паставіла рукі ў бокі Зялёнка.
– Мы табе на Вухуціі не забаранялі хадзіць дзе захочацца! – наступала Сінька.
– Я вам усё пакажу, мы будзем разам гуляць і адпачываць, але ніхто іншы не павінен вас бачыць, – сказала Улада.
– А як жа гэта будзе? – пацікавілася Мінола.
Улада і сама не ведала, як можна прымаць гасцей і хаваць іх ад усіх.
Яна хвілінку падумала і прапанавала:
– Давайце галоўнай нашай забавай стане гульня ў лялькі! Гэта значыць, мы можам рабіць што заўгодна, пакуль нас ніхто не бачыць, а калі з’явіцца нехта з зямлян акрамя мяне, вы адразу павінны ператварыцца ў цацкі. Стаць такімі, як тая бедненькая, якую вы так заўзята тузалі і дзялілі.
Зялёнка яшчэ шчыльней прыціснула да сябе ляльку, якую адваявала ў сяброўкі.
– Давайце паспрабуем згуляць! – прапанавала Улада. – Вы зараз можаце рабіць усё, што захочацца, а як толькі я скажу чароўнае слова «цац», замірайце на тым месцы, дзе знаходзіцеся. Не варушыцеся, не міргайце, дыхайце незаўважна. Зямляне падумаюць, што вы проста лялькі, і не будуць звяртаць на вас асаблівай увагі.
– А калі мы так не хочам? – з выклікам запыталася Сінька.
– Тады зямляне даведаюцца, што да нас прыляцелі іншапланетнікі, і вельмі зацікавяцца вамі. Потым вас забяруць адсюль і аддадуць для знаёмства навукоўцам. Трэба ж вывучыць сапраўдных інша-планетнікаў! А пасля адвязуць у музей, каб людзі маглі на свае вочы на вас паглядзець. Шкоды вам ніхто не зробіць, але для навукі падаследуюць. Не часта ж да нас з іншых планет госці прылятаюць, – намалявала перспектывы Улада.
– Я не хачу на доследы і ў музей! – усхвалявалася Мінола.
– Таму давайце проста будзем рабіць выгляд, што вы цацкі! – папрасіла гаспадыня.
Госці пагадзіліся, хоць Сінька і Зялёнка не вельмі хацелі слухацца. Улада пасадзіла ўсіх за стол і прапанавала падсілкавацца. Цяпер надышла чарга іншапланетнікаў здзіўляцца незвычайным зямным пачастункам. Вухуцік з асалодай згадваў смак зямной ежы.
– Цытрына! – ён укінуў у рот кіслую жоўтую дольку і, зморшчыўшыся ад рэзкага смаку, заскакаў вакол стала.
Міноле вельмі спадабалася печыва з ванілінам. Як толькі Сінька і Зялёнка даведаліся ад гаспадыні, што такі прыемны водар дае духмяны парашок, які стаіць на палічцы, то схапілі скрыначку з ванілінам і засунулі ў яе свае насы. Улада не паспела стрымаць цікаўных паненак. Яны напоўніцу ўдыхнулі адтуль і… заўзята пачалі чхаць. Гэта было так пацешна! Насы-дудачкі выдавалі амаль фанфары, небаракі здзіўлена глядзелі адна на адну і некалькі хвілін не маглі суняць свой дуэт музычнага чхання. Калі нарэшце гэта прайшло, паненкі пачалі лямантаваць, што гаспадыня не папярэдзіла, і яны ледзь не атруціліся.
– Вы надалей не спяшайцеся лезці без разбору куды можна і куды нельга! – даў слушную параду Вухуцік.
– У цябе не спыталіся! – адрэагавалі дзяўчынкі.
Улада дастала з лядоўні міску з клубніцамі. Яна хацела сумесным пачастункам прымірыць усіх. Смак ягад прыйшоўся вухуцянам даспадобы, асабліва шчыравалі Сінька з Зялёнкай. Буйныя салодкія клубніцы хутка знікалі, гаспадыня з замілаваннем назірала, як частуюцца яе госці.
– Падсілкаваліся – можна і пагуляць! – сказала Улада. – Пойдзем у наш сад, вам там спадабаецца.
– Нас жа могуць убачыць! Гэта небяспечна? – запытаўся Рудаш.
Улада запэўніла:
– У нас прыватны дом, асобны двор і ўласны сад. Акрамя нашай сям’і, тут нікога няма. Усе дарослыя пайшлі на працу, толькі мой дзед штосьці робіць у двары, але ён заняты і не зверне на нас увагі. І, нагадаю, мы дамовіліся, што гуляем у лялькі. Хто першы заўважыць набліжэнне кагосьці, той папярэджвае сігнальным словам «цац».
Следам за Уладай вухуцяне прайшлі праз двор і накіраваліся ў сад. Дзеці пагушкаліся на арэлях-канапе, паскакалі на батуце, а потым Улада запрасіла іх у басейн. Як ім спадабалася! Пырскі ляцелі ва ўсе бакі, дзіцячы смех напоўніў сад, а калі пачалі даваць нырца «бомбачкамі», адчуванне шчасця стала абсалютным. З басейна іх вымусіла выйсці толькі стомленасць. Хлопчыкі і дзяўчынкі вярнуліся ў цень на арэлі-канапу і палеглі.
– Як у вас хораша! – сказала Мінола. – Я так рада, што мы зараз тут! Дзякую за запрашэнне, Улада!
Усе вухуцяне, нават заўжды незадаволеныя і калючыя паненкі, падтрымалі яе словы. Стомленыя дзеці паснулі, але Сінька з Зялёнкай не здаліся ў прыемны палон сну, яны выкарысталі момант самастойна, без аніякага нагляду, даследаваць наваколле. Ціхенька злезлі з арэляў і праз газон пайшлі да зялёнай сцяны, якую ўтваралі шчыльна пасаджаныя туі. Паненкі прабраліся ў сярэдзіну зарасніку і зазірнулі ў суседскі сад. Там яны ўбачылі дваіх зямлян, якія сядзелі на пакрывале.
– Давай з імі пазнаёмімся! – прапанавала Зялёнка.
– Думаеш, гэта бяспечна? – запыталася Сінька.
– Упэўнена! Гэтая Улада проста хоча намі камандаваць і не жадае дзяліць нас з іншымі мясцовымі жыхарамі. Пойдзем да іх, прадставімся, пагаворым.
І вухуцянкі, праціснуўшыся праз туевую сцяну, рушылі наладжваць кантакт з зямлянамі. Яркія каляровыя паненкі прыцягнулі ўвагу. Людзі чакалі, калі яны наблізяцца.
Падышоўшы да самага краю пакрывала, на якім сядзелі мясцовыя незнаёмцы, госці прадставіліся:
– Вітанне! Мы тэлепартаваліся з далёкай планеты Вухуціі!
– Зямлянам нас можна зваць Сінька і Зялёнка!
– А да вас як звяртацца?
Людзі глядзелі на невядомых істот вялікімі зацікаўленымі вачыма. Яны ўсміхаліся, гергеталі нешта незразумелае і працягвалі да вухуцянак рукі. Паненкі прынялі гэта за радаснае вітанне і падышлі бліжэй. Імгненне – і абедзве апынуліся ў чалавечых абдымках. Узрадаваліся такому цёпламу прыёму дзяўчынкі-іншапланетніцы.
– Я ж табе казала, што яны мілыя, а Улада проста нас ні з кім дзяліць не хоча! – лапатала Зялёнка. І тут зямлянін, які трымаў паненку ў абдымках, нечакана ўкусіў яе за вуха-клаксончык.
– А-а-а-а-а! – ускрыкнула Зялёнка.
– І-і-і-і-і! Адпусці! – запішчала Сінька, калі другі мясцовы жыхар учапіўся ў яе прычоску-спружынку і паспрабаваў адарваць.
Няшчасную Зялёнку жудасны зямлянін бесцырымонна кусаў і слініў. Сіньку душылі ў абдымках, адначасова імкнучыся адарваць хоць штосьці. Пераляканыя паненкі безвынікова спрабавалі вырвацца і вішчалі на ўсю моц.
Раптам пачуўся ўсхваляваны незнаёмы голас:
– Што здарылася? Хто так крычыць?
Да іх хуткім крокам набліжалася яшчэ адна зямлянка. Яна была велізарная, у шмат разоў большая за тых, якія ўтрымлівалі ў палоне вухуцянак. Паненкам стала жудасна, яны разумелі, што гэтая асоба можа проста з’есці іх!
– Цац! Цац! – данеслася да слыху ашалелых ад жаху Зялёнкі і Сінькі.
З туевай сцяны выскачыла Улада, яна таксама бегла на крыкі. Вухуцянкам заставалася толькі спадзявацца на выратаванне і слухацца каманды «цац!». Вялікім намаганнем волі яны перасталі вішчаць і знерухомелі. Некалькі доўгіх імгненняў іх яшчэ жмакалі, кусалі і слінілі страшныя зямныя істоты.
– Што тут робіцца? – запыталася ўстрывожаная вялікая зямлянка.
– Нічога страшнага, спадарыня Стэфа, проста вашыя дзеткі гулялі з маімі цацкамі-пішчалкамі! – Улада старалася заставацца спакойнай і ўсміхацца.
– А я чую: віск на ўвесь сад! Толькі адышла на хвілінку дзеткам соку прынесці, а тут такі лямант усчаўся! Я так напалохалася…
– Усё добра, нічога не здарылася! – супакойвала суседку Улада.
– Якія лялькі ў цябе незвычайныя! – заўважыла спадарыня Стэфа. – Я такіх ніколі не бачыла.
– Новая калекцыя, яны яшчэ не набралі папулярнасць.
– Я б сваім дзеткам такія купіла! – зацікавілася суседка і ўзяла ў рукі Сіньку. Пакруціла спружынку яе ружовых валасоў, пагайдала вушы-клаксончыкі. – Яна пішчыць?
– Калі акуратна націснуць на жывот, – уздыхнула Улада, разумеючы, што лялька павінна была выдаваць гукі, раз тут было столькі віску.
Спадарыня Стэфа націснула некалькі разоў, таму Сіньцы давялося паслухмяна дудзець носам.
– Якія мілыя! І маім дзеткам так спадабаліся! Дзе яны прадаюцца?
Вухуцянкі так баяліся, што Улада можа проста пакінуць іх тут, аддаць гэтым жудасным істотам.
– Не ведаю, мне падарылі, – адказала дзяўчынка.
– Калі яны табе надакучаць – мае дзеткі з радасцю іх возьмуць! – падміргнула суседка.
– Буду мець на ўвазе, а зараз дазвольце я іх забяру і пайду.
Улада атрымала з рук спадарыні Стэфы Сіньку і з намаганнямі выцягнула з дзіцячых абдымкаў Зялёнку. Малыя зарумзалі, ім не спадабалася, што ў іх забралі цацкі.
– Да пабачэння! – сказала дзяўчынка і праз туевую сцяну вярнулася з вухуцянкамі ў свой сад.
– Выратавальніца! Дабрадзеечка! Дзякуем! – усхліпвалі паненкі.
– Мы трапілі да зямных монстраў!
– Нас грызлі, слінілі, цягалі за валасы!
– Катавалі!
– Мы былі ва ўладзе злых пачвар!
Сіньцы і Зялёнцы сапраўды давялося перажыць стрэс.
– Ну што вы, даражэнькія, якія монстры? Якія пачвары? Гэта проста дзеткі маёй суседкі, маленькія блізняты. Яны толькі хадзіць навучыліся, у такім узросце людзі спазнаюць свет, у тым ліку спрабуюць усё на смак. Яны б вас не з’елі, проста ў іх зубкі растуць, таму любяць пакусаць, паслініць. Ну і ўсё, што трапляе ў рукі, спрабуюць разабраць, правяраюць, ці рвецца, ці адкручваецца.
– Хопіць! Мы так нацярпеліся! – закаціла вочы Сінька.
– Усяго гэтага магло б не быць, калі б вы проста паслухаліся, вас жа прасілі не паказвацца людзям! – нагадаў Вухуцік.
– Не чапляйся! – адмахнулася Зялёнка.
Паненкі ляглі на арэлі – адпачыць пасля шокавага кантакту з зямлянамі, нават у басейн адмовіліся пайсці. Улада з Вухуцікам, Рудашам і Мінолай плавалі на матрацы. Вухуцік распавёў сябрам, што ён пэўным чынам толькі часткова вухуцянін, а ўвогуле яго продкі жылі на Зямлі.
– Нішто сабе! – выгукнуў Рудаш.
– Вось я і тэлепартаваўся на гістарычную радзіму, каб высветліць, хто я ёсць, – сказаў Вухуцік.
Дарма што Сінька і Зялёнка засталіся на арэлях, яны інтуітыўна адчулі, што ў басейне гавораць пра нешта важнае і сакрэтнае. Паненкі ціхенька падабраліся і падслухалі таямніцу Вухуціка.
– Вось якія справы! У нас на Вухуціі прышэлец жыве! – прашаптала Зялёнка.
– Можа, у яго нос наклеены і ліхтарык накладны? Маскіруецца, каб да нас быць падобным! – выказала здагадку Сінька.
– Ды хто яго ведае! – паціснула плячыма сяброўка.
Паненкі непрыкметна вярнуліся на арэлі і зноў палеглі. Яны крыху адышлі ад страшнай сустрэчы з зямнымі дзецьмі, супакоіліся. І тут знянацку з-за куста бэзу прама да іх выйшаў вялікі-вялікі зямлянін.
– Цац! – піскнула Сінька.
Яны знерухомелі, бо цяпер выконвалі інструкцыю, якую дала ім Улада: прыкінуліся лялькамі і не варушыліся, не міргалі, дыхалі ледзь прыкметна. Зямлянін падышоў да арэляў, паправіў посцілку і… жах! Узяў у рукі здранцвелых ад страху вухуцянак, потым сеў, паклаў іх побач з сабой і, павольна гайдаючыся, стаў назіраць за тым, што адбывалася ў басейне. З-за борціка мільгала толькі галава Улады, дзеці-вухуцяне былі меншыя, і ўбачыць іх адсюль не атрымлівалася.
– Аматарка паплаваць! – з цеплынёй у голасе ціха сказаў зямлянін-велікан і гучна звярнуўся да дзяўчынкі:
– Улада! Выходзь, трэба адпачыць і пагрэцца!
Яна рэзка павярнулася:
– Дзед! А я і не заўважыла, як ты прыйшоў!
Улада выбралася з вады і вынесла сваіх сяброў, якія таксама выканалі сакрэтную каманду. На арэлях дзяўчынка ўладкавалася побач з дзедам Славам, свае «цацкі» паклала збоку, каб яны не прыцягвалі асаблівай увагі.
– Лялькі ў цябе нейкія новыя? – запытаўся дзед.
– Ага, вось прынесла з сабой паплаваць! – адказала ўнучка.
– Ты, пэўна, прагаладалася. Бабуля Галя такі смачны халаднік згатавала і бульбу маладую з духмяным кропам. Ідзі паабедай, – падахвоціў дзед.
– Ад такога адмаўляцца нельга! – усміхнулася Улада.
Яна саскочыла з арэляў і пачала збіраць «цацкі».
– Іх таксама карміць панясеш? – пажартаваў дзед Слава.
– Ну не пакідаць жа іх галоднымі! – падміргнула дзяўчынка.
На кухні яна рассадзіла сваіх гасцей за сталом. Дома нікога не аказалася, можна было спакойна паабедаць. Маленькая гаспадынька ўзялася за справу: на стале з’явіліся місачкі з халадніком і запечаная залацістая бульба, пасыпаная яркай зелянінай.
– Пахне апетытна! – паціраў рукі Рудаш.
– Смачна есці, дарагія госці! – пажадала Улада, і дзеці ўзяліся за лыжкі.
Абед вухуцяне дружна ўхвалілі. Мінола паабяцала, што паспрабуе дома зрабіць падобны халодны суп з мясцовых прадуктаў. Рудаш сказаў, што нагадае ёй, калі сястра раптам забудзецца на сваю задуму. Сінька і Зялёнка папрасілі дабаўкі. Толькі Вухуцік быў крыху задуменны, еў павольна, мала ўдзельнічаў у размове.
– Засумаваў, сябра? – запыталася Улада.
– Ды не, проста задумаўся, – уздыхнуў Вухуцік.
– Дзе родзічаў шукаць? – аблізваючы лыжку, хмыкнула Сінька.
– А вы адкуль ведаеце? – разгубіўся хлопчык.
– Падслухалі! – здагадаўся Рудаш.
– Вельмі трэба было падслухваць! Вы самі гучна балбаталі! – буркнула Зялёнка.
– Якія вы нявыхаваныя! Не ў свае справы насы ўсоўваеце! – абурылася Мінола.
Вухуцік прыміральна сказаў:
– Не сварыцеся, раз ужо ўсе ўсё ведаюць, давайце будзем разам шукаць маіх сваякоў.
Улада хуценька прыбрала са стала, і дзеці зноў вярнуліся на канапу-арэлі ў сад. Дзеда там не было: ён доўга не сядзеў на месцы, увесь час знаходзіў сабе нейкія заняткі.
– З чаго пачаць пошукі? – запытаўся Вухуцік.
– Мы ведаем, што ты трапіў на Вухуцію ў яйку, – згадала Улада.
– У яйку? А як гэта? – распытвалі дзеці.
Улада пераказала гісторыю:
– Некалі даўно зямная мама Вухуціка адклала ў гняздо яйка. У ім і павінен быў пачаць развівацца і расці наш сябра. Але тут, на Зямлі, была пагроза вялікай небяспекі. Таму каманда міжпланетнай ратавальнай экспедыцыі забрала яйка з сабой і змясціла ў пазачасавую капсулу, каб выратаваць маленькае жыццё, якое толькі мусіла з’явіцца на свет. Праз невядома колькі часу яйка перадалі на Вухуцію. Ужо там, у бацькоў-вухуцян, наш сябра пачаў развівацца і расці ўнутры яйка. Ён набыў некаторыя рысы мясцовых жыхароў і сам стаў вухуцянінам. А зараз хоча знайсці сваіх родзічаў тут, на Зямлі.
– Задача няпростая, ведаць бы, з чаго пачаць пошукі! – уздыхнуў Вухуцік.
– Хіба гэта складана? Хто ў вас тут яйкі ў гнёзды адкладвае? – запытаўся Рудаш.
– Птушкі, – адказала Улада.
– Ну вось і знайшліся родзічы! – падсумавала Сінька.
– Завітаем да іх на госці! – дадала Зялёнка.
– Пойдзем, калі ласка! – папрасіў Вухуцік.