Читать книгу Уладар рыбаў - Людміла Шчэрба - Страница 11

эпізод 8

Оглавление

Вінусь праз дзясятае знаёмства ледзь дастаў квіткі на спектакль. 3 аднаго боку, такое паломніцтва радавала, з іншага – засмучала: ідзе п’еса гады ў рады, а зараз яшчэ нібыта дэкарацыі рамантаваць будуць. I колькі?

– Няма лішняга квіточка? – бясконца з усіх бакоў торгалі Вінуся. I вось у натоўпе ён заўважыў яе, радасна пабег насустрач.

– Прывітанне, баяўся ўжо, што не прыйдзеш.

– Прывітанне. Крыху прыпазнілася, прабач.

Калі яны ўвайшлі ў залу, месцы былі безнадзейна занятыя. Ім удалося вызваліць толькі адно крэсла на дваіх.

– Даруй, не ведаў, што гэтак будзе, можа, сядзь да мяне? – разгублена і вінавата прапанаваў хлопец.

– Нічога не застаецца, – усміхнулася Бажэна.

Ён адчуваў яе, лёгкую, духмяную, так блізка. Бачыў, як ёй няёмка, як наструнена яна замерла ў яго на руках – яны ж амаль што незнаёмыя. Аднак потым, калі дзеянне паглынула абаіх, напружанне знікла само па сабе. I калі пачало ўрачыста ўзнімацца бел-чырвона-белае палотнішча, дзяўчына годна ўстала. Гледзячы на яе, людзі сталі падымацца са сваіх месцаў адзін за адным – шчыльна, з гонарам.

…Яны ішлі па вуліцы.

– Дзякуй табе. За тое, што запрасіў мяне… Ведаеш, у мяне крыху іншае атачэнне, з іншымі інтарэсамі… А тут – бы глыток паветра. Вось паступіла. Скончу – буду прадстаўляць краіну на міжнародным узроўні. А што я пра яе ведаю? Дранікі-бульбянікі, сінявокая Беларусь з зубрамі. Дык гэта і без мяне ўжо ведаюць. Я думаю, трэба самой спасцігнуць, каб усё асаблівае, адметнае, толькі ёй уласцівае да іншых данесці. А інакш навошта мая праца?

– А ты не спрабавала ў конкурсах мадэляў удзельнічаць? Думаю, ты была б па-за канкурэнцыяй.

– Дзякуй. Не хачу на ўсеагульны агляд выстаўляцца, бы тавар на кірмашы. Ненавіджу гэтыя сальныя мужчынскія позіркі, нібы слізкай ад іх робішся. Не хачу быць манекенкай – я пакуль жывая. Мне і матуля кажа, што трэба працу для розуму і для душы мець. Маладосць пройдзе, а што за душой застанецца?

– Слава, вядомасць, прыгажосцю ўсе любавацца павінны. Яна, як вядома, уратуе свет.

– Мне здаецца, Дастаеўскі іншае меў на ўвазе. Такая прыгажосць толькі разбэсціць здольная.

– А я… ненавіджу сваю маці.

Бажэна з жахам адхіснулася.

– Колькі памятаю – адныя папрокі… Ніколі не забудуся, як у дзяцінстве прынёс дахаты бяздомнае шчаня. Адразу нібыта прыняла, у надзеі, што мне гэта хутка абрыдне і я на ўсё пагаджуся. Малое, вядома ж, рабіла паўсюль лужыны ды кучы, і я не спраўляўся прыбіраць. Аднойчы я нешта майстраваў, захапіўся. Маці мыла падлогу. I трэба было небараку нарабіць на чыстае. Маці выцерла і, ні слова не кажучы, прыйшла ды адлупцавала мяне гэтай жа бруднай анучаю, а сабаку выпхнула за дзверы. Ён няўцямна скуголіў і драпаў кіпцікамі дзверы, просячыся назад. Ад болю і крыўды я не вытрываў, схапіў куртку ды збег на вакзал разам са шчанём. Вярнулі мяне міліцыянты – маці ўвесь горад на вушы паставіла. Шчаня жыло ў агульным калідорчыку, усе яго падкормлівалі і любілі. А неяк я вяртаўся са школы, а мне насустрач бяжыць хлопчык з суседняга двара. «Малога забралі. Сабакаловы. Што мы ні прасілі, ні плакалі – не аддалі», – выгукнуў мне ён. Я ўсё зразумеў. Мы з хлопцамі знайшлі тую станцыю, для сабак. У падпітага дзядзькі я запытаўся: «Гэта тут вы сабак на мыла трымаеце?» – «Выключна на губную памаду, – проста ў твар зарагатаў мне ён. – Ідзіце адсюль, смаркачы. Спачатку выкідаюць, а потым расшукваюць. Шмат вас тут такіх сноўдае, пайшлі прэч». Мы з ровам пабеглі. Я думаў, каб я быў вялікі і дужы, вось так бы даў гэтаму п’янюгу, каб не падняўся, а я ўсё лупцаваў і лупцаваў бы яго. Я доўга хварэў. Не падала тэмпература, я трызніў. Мне ўсюль падаваўся гэты страшны дзядзька, які забівае майго Малога. Я выкінуў у сметніцу ўсё мыла і матчыну памаду. Ні з кім не размаўляў. Затое маці была хоць да скулы прыкладай – усё што пажадаю… I з таго часу неяк замкнуўся, быў сам па сабе. Ніколі не мог з ёй нічым падзяліцца… Пакаціла цяпер у Італію – падчапіла нейкага карча. Тэлефануе мне зрэдку. Прабач, нагрузіў цябе. Даруй…

– Даруй ёй, усе мы памыляемся. Невядома, якімі мы бацькамі будзем. Хаця, напэўна… дараваць можна толькі розумам.

Калі Бажэна адчыняла дзверы ў калідорчыку, з кватэры насупраць выйшла суседка – бабулька з аблезлым пудзелем.

– Вой, глядзі, дзеўка, прынясеш у прыпале, ад гэткіх гадочкаў па цемры сноўдацца.

Бажэна нічога не адказала, а пра сябе ўзлавалася: «Ну чаму ўсім да мяне справа ёсць, нібы я адна на гэты пад’езд, дом ды на ўвесь свет? Ад такіх гадочкаў… Некаторыя ўжо ў шлюбе і дзяцей маюць. I нічога. Усё нармалёва».

– Бажэна, дачушка, ты ўжо каторы дзень так познішся… – сустрэла на парозе маці.

– Што вы ўсе так непакоіцеся за мяне?

– Проста бачу, што гэта не звычайныя шпацыры для цябе. Хто ён?

– Рэдактар і пісьменнік.

– Даволі гучна.

– Мамачка, ён такі цікавы, прыгожы. Калі мы ідзем па вуліцы, усе на нас заглядаюцца.

– Зразумела, ты закахалася. Толькі…

– Ведаю-ведаю, «толькі памятай, што табе яшчэ ўніверсітэт скончыць трэба. Дзяўчына без годнасці і прафесіі – хатняя клуня, цалкам залежная ад мужчыны».

– I нічога смешнага. Першы год вучобы самы напружаны, пакуль асвойтаешся. А мужчынам нашмат старэйшым сама ведаеш, што трэба. Глядзі, каб у яго яшчэ сям’і не аказалася. А то мо з жонкай палаяўся…

– Ну хопіць жа, хопіць! – закрычала Бажэна. – Чаму табе ўсё прызямліць трэба?! Я не маленькая ўжо!

– Я ўжо вопыт сякі-такі маю. А ты ўся ў аблоках… Тым больш пісьменнік. Ніхто яшчэ за імі шчаслівы не быў!

Бажэна пабегла ў свой пакой, зачынілася. Падкурчыўшы ногі, зашылася ў кут канапы і заціснула далонямі вушы.

– Яшчэ нічога няясна, а ўжо ўвесь свет супраць нас. Нібы чужое шчасце яму вочы коле. А я кахаю яго. I ўсё тут. Так і павінна быць – адразу і назаўсёды. Нібы іскра між намі. «Глядзі, каб цябе любілі», – вучыць маці. А як жа я? Мяне ніхто не пытаецца? Мае пачуцці ў разлік не прымаюцца? Я хачу кахаць і аддаваць гэтае каханне любаму.

25-ты кадр

Вінусь паліў і запіваў цыгарэту кавай.

– Такая чыстая. Чыстая ды наіўная. Спасцігнуць неспасцігальнае. Жыцця не хопіць. I ўсё-ткі яна яшчэ дзяўчынка. Гэтая рысачка на шыйцы, пульхныя падушачкі пальчыкаў. Хаця такая прыгожая – жаніхоў, відаць, хоць адбаўляй. I сяброўкі засмяюць: у такім узросце па цяперашнім часе – не цалавана – не мілавана. Не можа быць. Аднак гэты пах. Малачком. Кажуць жа, малако на вуснах не абсохла… Што, калі так? Ці маю права парушыць гэтую чысціню? Аднак знойдзецца ж нехта, хто не задумаецца. Чаму ў такім разе не я?.. I чаму я? За што мне гэткае? У мяне іншы шлях. Праўду казаў Анцік. Пойдуць дзеці. А я ў ванне пісаць буду? Дый што я магу ёй даць? Адныя ейныя ўборы колькі каштуюць! Відаць, бацькі ўжо настройваюць яе супраць. Мы ў адказе за тых, каго прыручылі. А я не хачу нікога прыручаць! Кожны сам за сябе адказвае. На тое ён чалавек. Якая ж яна прыгожая. Трэба хоць фотаздымкаў нарабіць. Але ж на яе так усе хлопцы пазіраюць, быццам мяне побач і няма. Я побач – і я – пустое месца. Я!!! Яна яшчэ не ведае сваёй моцы. А хто-небудзь падкажа. I што тады? Бывай, Віна! Раздушаць цябе танюткім абцасікам. Столькі гадоў будаваць уласную самастойнасць. Ды не гатовы я! Урэшце творчаму чалавеку змена ўражанняў патрэбная, пачуццёвы вопыт, падпітка эмоцыям… Не магу я сябе звязаць! Не мая яна. 3 іншага кола…

– Ён той, каго я чакала. Дык чаму я не магу падараваць яму ўсю сябе? Я адчуваю непазбежнасць гэтага. Быццам нейкая невядомая сіла – добрая ці не, не ведаю, – штурхае мяне да яго. Бы засмоктвае ў гэтую віхуру. А можа, для яго гэта нічога не значыць?..

Уладар рыбаў

Подняться наверх