Читать книгу Уладар рыбаў - Людміла Шчэрба - Страница 12
эпізод 9
Оглавление– Запрасіць яе дахаты? Ёй жа няма васямнаццаці. Не звязвайся, Віна. Запрасіць. Чым я яе здзіўлю? Чым частаваць? Яна, відаць, усе вытанчаныя стравы каштавала.
– А сапраўдную беларускую мачанку з блінамі? – аблізваючыся, муркнуў кот. – На булёне, са скабачкамі ды каўбасой пальцам пханай, ды засквараную з цыбулькай, ды падкалочаную – духмяная, пыхкае-булькоча, паважная. А блінцы пухкія, таўстыя, на кіслым малацэ ды яйках – папіскваюць на патэльні. Смаката! – гучна пракаўтнуў слінку кот.
– Ды ну цябе, сірэна знайшлася. Дзяўчынка мадэльнай знешнасці пабаіцца псаваць фігуру… Дый хто гэта ўсё прыгатуе? Маё кулінарнае майстэрства абмяжоўваецца смажаннем катлетаў з крамы, – сумна ўсміхнуўся Вінусь.
– Што ж з табой зробіш? Давядзецца дапамагчы. Кліч сваю пасію палуднаваць. А я складу для цябе спіс прадуктаў.
– ???
– Што глядзіш? Мае магчымасці таксама не бязмежныя!
– Але ж я не ўмею выбіраць мяса. Дый, можа, гэта ўсё, так бы мовіць, недалікатна для дзяўчыны…
– Та-а-ак. Беларускае, значыць, для нас ужо, бачыце, недалікатна? Запанелі! Тады назаві па-кітайску.
– Як гэта?
– Мсяо-о! – зарагатаў кот. – А для мяне купі, калі ласка, кефір-р-ру. Вельмі ўжо смачны быў раней, памятаю.
У кухарскім высокім белым каптуры і халаце кот быў сапраўдным майстрам, на сваім месцы. Рыбіна дапамагала ў якасці кухарчука. Ужо хутка ўсё сквірчэла, пішчэла, папыхквала, ад водараў проста немагчыма было стрымліваць неўтаймоўны апетыт. Кот, з замурзанымі кефірам вусамі ды носам, прыцмокваючы, казаў:
– Што за кефір? Напісана «Любіцельскі». Хутчэй «Дылетанцкі». Не такі ўжо смак, як колісь… А ці не баішся, Вінсэнты, маіх прысмакаў?