Читать книгу Уладар рыбаў - Людміла Шчэрба - Страница 9

эпізод 6

Оглавление

Вінусь стаяў на прыпынку, чакаючы тралейбус. Вясновы вецер расхінаў крысо незашпіленай курткі і прыемна бадзёрыў. Ці то ад цыгарэты нашча, ці ад вясновых пахаў кружылася галава. Раптам нейкая невядомая сіла прымусіла яго азірнуцца. Сонечнае зайчанё імгненна скокнула хлапцу ў вока. I ў нейкім загадкавым і надзіва яркім святле – бы пошуг – ён пабачыў… Яе. Зусім юная з выгляду, стройная дзяўчынка ў модным аранжавым палітончыку і гэткіх жа лакавых боціках з вострымі мысікамі і абцасікамі ды бэзавай маленькай сумачкай, з ільнянымі валасамі, у якіх ігралі бэзавыя таксама пасмачкі, трымала ў руцэ вялізны лядзяш – ад яго на ўсе бакі скакалі сонечныя іскаркі. Яна глядзела проста на Вінуся сваімі вялікімі… рознымі вачыма – блакітным і зялёным – і ўсміхалася ветла ды шырока, не, не яму – усяму свету. Ён ахапіў яе позіркам усю і адразу, да маленькай драбніцы, бы сфатаграфаваў. «Вясна!» – пранеслася ў галаве. Ён ашалела ўтаропіўся на яе свежыя вусны. «Цікава, як гэтая дзяўчына цалуецца?» – прыйшлі больш «зямныя» думкі.

Ён ніколі не баяўся завесці гаворку з упадабанай дзяўчынай – словы знаходзіліся самі сабою, а зараз проста зніякавеў, стаў міжволі церабіць гузік на куртцы і ледзьве не ўсмоктваць цыгарэту – ведаў, што банальным зваротам можа ўсё азвычайніць. Вінусь разумеў, што трэба нешта рабіць, бо зараз прыйдзе транспарт і ён можа больш ніколі не пабачыць гэтую дзіўную незнаёмку, што вось так проста скончыцца нечаканая яркая казка і… «Злазь у кішэню за словамі, мо што знойдзецца», – бы муха на вуха зумкнула. Падуладны нечаму неўсвядомленаму, Вінусь у прадчуванні цуду апусціў руку ў кішэню, аднак намацаў там толькі запальнічку. З роспаччу дастаў яе й пабачыў надпіс: ВOJENА. «Бажэна!» – вырвалася ў яго. Дзяўчына пайшла ўжо да пад’ехаўшага тралейбуса, але азірнулася на нечаканы ўсклік.

– Мы знаёмыя? – запыталася яна.

– Н-не, так… так… Мы дамовіліся сустрэцца тут і разам растапіць апошні зімовы лядзяш, – нечакана для самаго сябе знайшоўся хлопец. Дзяўчына засмяялася:

– I як завуць ратавальніка вясны?

– Вінсэнт.

– І ўсё-ткі адкуль вы ведаеце маё імя?

– Вясна на вуха шапнула, – пасмялеў хлопец. Як фокуснік дастае з рукава рознакаляровыя хусцінкі, так ён пачаў незаўважна і ненавязліва разгортваць сваё абаянне. Бліскучыя жарты і трапныя адказы на дзявочыя рэплікі зрабілі сваю справу – незвычайныя вочы Бажэны глядзелі на яго з дзіцячай цікаўнасцю.

Яны ўжо забыліся, што некуды спяшаліся, і паволі ішлі па парку, размаўляючы. Нейкі дзядок, апрануты ў чорнае рызманнё, з ярка-пунсовай насоўкай, што тырчэла з кішэні старога звалялага пінжака, відно на падпітку, запытаўся:

– Вы часам ці не брат з сястрою? Такія падобныя, вой-вой-вой.

– Ды не, – пасміхнуўся Вінусь, гледзячы на дзяўчыну.

– Дзетачкі, дайце колькі рублёў – на хлеб не хапае.

– А на гарэлку, значыць, дастаткова, – сказаў хлопец, аднак грошай даў.

Бажэна таксама працягнула яму паперкі, аднак адчувалася, што ёй неяк няёмка.

Дзядок раптам спрытна схапіў пяшчотную дзявочую далоньку сваімі парэпанымі, бруднымі пальцамі, з чорнымі абламанымі пазногцямі, зірнуў на яе.

– Чакае цябе нешта, – трывожна прамовіў ён.

Бажэна інстынктыўна адхіснулася ад яго.

– А не палохайцеся, дзеткі, дурня старога. Дай жа вам і ў ручкі, і ў ножкі, дый туды трошкі, – пайшоў ён, падкульгваючы ды мармычучы. Дзяўчына камячыла ў руцэ снежку і нярвова пакусвала вусны, стараючыся зладзіць з эмоцыямі.

– Не бяры да галавы. Калі яшчэ розных бамжоў слухаць… – імкнуўся заспакоіць яе Вінусь, хоць самому было таксама прыкра ад таго, што нехта парушыў тое няўлоўна-крохкае, што вось-вось пачало ўсталёўвацца паміж маладымі людзьмі, так рэзка ды нахабна.

– А я лекцыі прагуляла, – спахапілася дзяўчына.

– А я рукапіс у выдавецтва не аднёс… Узнікла паўза.

– А можа, ну яго? – з надзеяй паглядзеў Вінусь на Бажэну.

Тая згодна ўсміхнулася.

– Ведаеш, заўсёды няёмка пачуваюся ў такія моманты. Міма галоднага сабакі не магу прайсці – ці свой бутэрброд аддам, ці ў краму забягу якую сасіску куплю. Не магу ім у вочы глядзець. Чалавек заўсёды мае выбар, можа паклапаціцца пра сябе, калі не паралізаваны і не інвалід, канешне…

Ужо вечаровыя ліхтары перакінулі кладачкі святла з аднаго берага ракі на другі. У высокім небе яснелі зоркі. Паркавыя дрэвы стаіліся, перачэкваючы апошнія вясновыя халады. Яны беражліва ахоўвалі ад сцюжы ўжо пульсуючае ў кожнай галінцы новае жыццё – моцна сцялі пупышкавыя далонькі, сцярожка трымаючы ў іх вось-вось гатовы разгарнуцца-выпрастацца пяшчотна-зялёны пахкі камячок. Абнадзееная першым цяплом зямля вытачала ні з чым не параўнальны водар жаночага чакання. Пад нагамі папісквала цененькая ледзяная скарыначка, пахрумстваў яшчэ ацалелы снег.

– А ведаеш, чаму снег хрумсціць? – запыталася Бажэна.

– Чаму? – адгукнуўся Вінусь.

– Таму што ў сняжынак промнікі ломяцца. Мне так мама тлумачыла ў дзяцінстве.

– Прыгожа.

Хлопец гатовы быў бясконца вось так ісці ды ісці па гэтым вялікім парку.

Хацелася, каб у ім было яшчэ болей алеяў, сцяжынак, сцежачак, куточкаў – каб кружляць і кружляць па іх з гэтай незнаёмай прыгажуняй. Нібыта ўжо зусім блізкай і роднай, такой падобнай да яго і адначасова такой загадкавай і прыцягальнай. I, здаецца, ні аб чым незвычайным не гутарылі, а было нова, свежа і ўтульна, неяк цёпла ды натуральна.

Раптам у яе сумачцы зазвінеў мабільнік.

– Ало! Не хвалюйся, хутка буду. Потым пагаворым.

Перахапіўшы занепакоена-запытальны позірк Вінуся, дзяўчына паспяшалася патлумачыць:

– Мама хвалюецца. Час ужо дадому.

Хлопец вяртаўся дахаты акрылены. Наперадзе мігцелі зоркі, а за спінай вялізнымі пухкімі шматкамі паволі і ўрачыста падаў развітальны снег. Вокны дамоў глядзелі на яго па-асабліваму ветла ды адкрыта. Было дзіўнае адчуванне яднання каменнай стыхіі ды абуджанай прыроды, бы гожая Паненка-Вясна, звонка цокаючы абцасікамі, ішла пад руку са шляхетным Спадаром-Горадам і залівіста смяялася.

– Луста неба з разынкамі зорак – луста дома з разынкамі вокнаў, – прыйшлі радкі.

Усю ноч Вінусю снілася Бажэна, ён адчуваў яе рукі, валасы, вусны, яе пах, ап’яняльную прысутнасць. То, як Даная, яна заклікальна адгортвала прасціну. То, як мармуровая Венера, стаяла прыцягальна і непадступна. То, як чараўніца, сцярожка ступала ў купальскіх росах, аголеная і чыстая, ззяючая пад месяцовым святлом. Ён тысячы разоў прачынаўся ад пякучага жадання валодаць ёю. Усхопліваўся, нярвова паліў, зноў спрабаваў заснуць…

Уладар рыбаў

Подняться наверх