Читать книгу Трынаццаць гісторый пра мёртвага ката (зборнік) - Наталка Харытанюк - Страница 2
Мой апошні аргумент: зачын
Оглавление– Свет лавіў мяне, але не злавіў, – паскардзіўся Скаварада, калі мы ўтрох прагульваліся ля Паўночнай затокі.
– Жыццё імклівае і зменлівае, – пагадзіўся Ван Сіджы, – толькі і паспявай. Не ва ўсіх гэта атрымліваецца.
– Таму я ўсё жыццё марыў стаць мёртвай коткай, – прызнаўся Гары.
Мы вярнуліся дадому, а я ўсё яшчэ думала пра нашую размову ля затокі.
– Ты павінная пра гэта напісаць, – параіў мне Гары.
– Пра што – гэта? – не зразумела я.
– Няясна, – загадкава ўсміхнуўся Гары. І вось мой першы запіс.
* * *
“Героі маёй кнігі спрабуюць навучыцца жыць, калі жыццё праплывае праз іх, як аблокі, і калі няясна – чым перамога адрозніваецца ад паразы…” – напісала я ва ўступе да сваёй кнігі.
– Выдатна, – усміхнуўся Гары. – Цудоўна, – падняўся ён, каб сысці і нічога мне не патлумачыць. Ні як жыць сярод аблокаў, не разбіўшы галоваў. Ні як прыдумляць жаданні, калі перамога і параза больш нічога не значаць.
* * *
У мудрага і, як ён сам любіў падкрэсліваць, “абазнанага ў поўні і восені” Гары ўлюбёным словам было – няясна. Ён прамаўляў яго, соладка заплюшчыўшы вочы, і тым блытаў усе мае карты.
– Хто ты такі? – нарэшце спытала я.
– Твой апошні аргумент, – амаль весела ўсміхнуўся Гары і нібыта сам здзівіўся такому адказу. Ён прыўзняў рукі ў сваім даоскім гэсце – (гэсце свята? гэсце ўзвышэння?) – лёгка і радасна, нібыта наперадзе нас зусім не чакала заблытаная партыя ў шахматы.
* * *
– Няясна, – паўтарыла я і вырашыла, што мая кніга будзе пра той гэст, з якім Гары прамаўляе сваё ўлюбёнае слова.
Пра здзіўленне, якое не вымагае ніякіх пошукаў і тлумачэнняў. Пра радасць, з якой Гары не разумее і нават не спрабуе зразумець. Пра мёртвую котку, якой хацеў стаць студэнтфілосаф – і якой баюся да канца стаць я.
Вось пра гэта мая кніга і будзе.