Читать книгу Трынаццаць гісторый пра мёртвага ката (зборнік) - Наталка Харытанюк - Страница 5

Мой апошні аргумент: зачын
Мёртвы кот

Оглавление

Ліна выскачыла з тралейбуса за імгненне да таго, як прыемны жаночы голас прамовіў: “Дзверы зачыняюцца”. Ззаду засталіся: тры ўлёткі, незаўважна кінутыя на скураныя сядзенні, налепка на дзвярах і першы жоўты ліст на падлозе, які яна прынесла з сабой на кончыку парасона.

За прыпынкам яе чакала машына.

– Колькі ў нас часу? – спытала Ліна, сядаючы.

Ёй адказалі, што часу цяпер роўна столькі – колькі ёй трэба, каб набыць тканіну, прывезці яе на кватэру, зрабіць надпіс і даць яму высахнуць.

– І выпіць кавы, – дадала яна, разглядаючы вераснёвыя прысады, якія імкліва мільгацелі за вакном.

– Можна і кавы, – бадзёра сказаў адзін з хлопцаў у чорных акулярах, паказваючы на скрыжаванне вуліц Савецкай і Маякоўскага, дзе яна мусіла раней ці пазней вывесіць расцяжку, – але маёр Вайтовіч цябе ўжо чакае з самай раніцы.

– Не дачакаецца, – хітра ўсміхнулася Ліна і адкінула рыжыя кудзёркі з вачэй.

* * *

Маёр Вайтовіч, змерзлы і галодны, сапраўды не дачакаўся Ліны. Прастаяўшы дзве гадзіны пад мокрымі дрэвамі на скрыжаванні, ён перадаў дзяжурства малодшаму лейтэнанту Карпуку і спусціўся ў кавярню Ронда выпіць кавы.

У кавярні, куды час ад часу спускаўся маёр Вайтовіч, стаяла глухая цішыня, і зялёныя лямпы адкідалі цені наведвальнікаў на ўсе чатыры сцяны адразу. Маёр Вайтовіч замружыў вочы.

Стол, за які ён любіў сядаць, стаяў пад адзіным ва ўсёй кавярні акном. Ускрай неба, бачны з гэтага акна, прыемна супакойваў. Маёру здалося нават, што нарэшце ён ад усіх схаваўся. Што ён знік. Счэз. Стаў незаўважным.

Маёр задаволена адкінуўся на спінку фатэля, упэўнены, што ўжо тут – сам-насам са сваімі ценямі – ён у поўнай бяспецы, і заснуў. Гэта значыла, што ён сапраўды забыўся.

А дарма.

* * *

Маёру сніўся – каторы ўжо раз – стары і пакутлівы сон: светлая зімовая раніца, Ліна, што перакідвае расцяжку праз дрот, здзіўленыя ўздыхі мінакоў. І ўсё гэта нечакана – са сну ў сон – перабівае пранізлівы, да болю знаёмы скрыгат колаў за паваротам.

За імгненне да з’яўлення патруля маёр у сне паспявае вырваць Ліну з гэтага кадра: ён хапае яе за руку і цягне за сабой завулкамі. Яны бягуць, як гэта магчыма толькі ў сне, павольна, у мёртвай цішыні: маёр наперадзе, Ліна – за ім. Яны бягуць не задыхаючыся. Яе рука – мяккая і прахалодная – у яго гарачай і моцнай далоні. Маёр не хоча прачынацца – яму сніцца, як Ліна цёпла дыхае зусім побач. Ён адчувае фантастычны водар яе духоў – дзёрзкі і рашучы. І раптам – яе мяккая рука выслізгвае з яго моцнай далоні. Што гэта? Маёр паварочваецца, глядзіць разгублена на Ліну – а гэта не яна.

* * *

– Я б на тваім мейсцы не паварочваўся, – кажа маёру хлопчык гадоў пятнаццаці, схіліўшыся, разам з усімі сваімі ценямі, над маёрам і нешта выглядаючы ў яго вачах.

– А чаму ты падслухоўваеш мой сон? – раздражнёна пытае маёр, сілячыся прыгадаць водар духоў Ліны ў сне.

– А чаму ты азіраешся? – з дакорам пытае хлопец і моцна трэ сабе вочы. Маёру здаецца аднекуль знаёмым гэты гэст, але спрасоння ён не можа прыгадаць – адкуль.

Іх перапыняюць сігналы па рацыі.

– Не адказвай, – патрабуе хлопчык, адводзячы далоні ад сваіх вачэй, і маёр з жахам разумее, што вачніцы ў хлопчыка – пустыя.

– Хіба я магу? – нерашуча адводзіць маёр вочы, і хлопчык зноў знікае сярод ценяў кавярні.

* * *

У гэты час Ліна ўжо дабралася з тканінай і фарбай у незнаёмую кватэру. Кватэра была пустая і халодная. На сцяне самотна тахкаў гадзіннік, вокны выходзілі на зграбны стары польскі дворык. Ліна шчыльна захінула фіранкі.

Перад тым як брацца за працу, яна згатавала сабе кавы. На шырокім падрапаным падвоканні ляжала некалькі кніг – Ліна выцягнула самую маленькую – Керуака – і села пачытаць.

“Развітанне, – сумна ўсміхалася яна, прачытаўшы некалькі першых старонак пра тое, як герой Керуака выпраўляецца з дому, – тут нельга марудзіць і разважаць”. Ліна схавала кнігу ў расшытую і абвешаную пасачкамі торбу, распакавала фарбу і задуменна правяла рукой па гладкай чорнай тканіне.

* * *

Расцяжка была гатовая за гадзіну. Ліна хітра ўсміхалася, гледзячы на яе, і спрабавала ўявіць іх рэакцыю. Спачатку маёра Вайтовіча. Пасля бацькоў. Пасля, можа быць, хлопцаў у чорных акулярах.

Калі зазваніў тэлефон, Ліна з гатовасцю падхапілася, знайшла яго на дне торбы, вычакала хвіліну, каб голас не трымцеў.

– Прывітанне, – асцярожна пачала яна. Голас у слухаўцы быў нізкі і знерваваны.

– Не, сёння я не магу, – яшчэ ветліва прашаптала Ліна. Голас патрабаваў тлумачэнняў.

– У бібліятэцы, – прыдумала самы кароткі адказ Ліна: на даўжэйшы сказ – яна баялася – ёй бы не хапіла паветра.

Голас пракрычаў нешта злое і кароткае. І яшчэ раз.

– У бібліятэцы, – хутка паўтарыла Ліна.

Са слухаўкі пасыпаліся пагрозы. Пасля настала мёртвая цішыня – і ўжо нешта ціха спытаў надарваны голас.

– Кім я хачу стаць? – няўпэўнена паўтарыла яна.

Ліна паглядзела на расцяжку. Пасля на гадзіннік – часу заставалася мала. І нарэшце: – Мёртвым катом, – прашаптала яна – здзіўленая тым, што нарэшце сказала гэта. І дадала: “Дадому я больш не вярнуся”.

Цяпер ужо спыняцца не было сэнсу. І раздумваць цяпер – таксама сэнсу не было ніякага.

* * *

“Мёртвым катом,” – прашаптаў зачараваны маёр Вайтовіч, адключаючы праслухоўванне. Ён яшчэ пасядзеў над незапоўненым пратаколам, нешта запісаў дрыжачай рукой. І – шчаслівы – заснуў.

Маёру снілася, што на гэты раз ён не вагаючыся націсне на газ – і яны з Лінай уцякуць ад усіх. Ззаду заставаліся: ростань, адкладзеныя спадзевы, чаканні. Наперадзе – бадзянні, бадзянні, бадзянні. Ён націснуў на газ і з жахам зразумеў: машына не скраналася з мейсца.

Яго зноў абудзіў хлопчык-цень, які, здавалася, жыў у гэтай кавярні. Маёр ужо нічому не здзіўляўся і не пытаў хлопца, хто ён такі.

– Што ў цябе з вачыма? – спытаў замест гэтага сонны маёр.

– А што ў цябе? – грозна перапытаў хлопец. Маёр падышоў да люстэрка – вочы ў яго былі чырвоныя і набухлыя. “Ад слёз,” – падумаў маёр, прыгадваючы сон.

– Ад слёз, – перадражніў яго хлопец, дастаючы з-пад фатэля паўпустую бутэльку віскі.

* * *

– Ты хочаш маёй смерці? – у роспачы запытаўся маёр, прысоўваючыся бліжэй да хлопца.

– Як цікава яны разбягаюцца, – сказаў хлопчык, разглядаючы зморшчынкі трывог на ілбе маёра.

– Чаму тады ты прыходзіш? – вінавата апусціў вочы маёр. – Я быў малады… – Не апраўдвайся, – перапыніў яго хлопец. Ён сказаў гэта пастаўленым барытонам, якім так ганарыўся маёр. Абодвух расчуліла нечаканае супадзенне.

Расчулены, хлопчык яшчэ пахадзіў вакол маёра, хітаючы галавой ды нешта прыгадваючы, – і зноў знік сярод ценяў.

– Чорт, – пяшчотна паглядзеў яму ў след маёр і, расхваляваны, заспяшаўся следам за хлопчыкам.

* * *

Калі Ліна апынулася за некалькі метраў ад таго скрыжавання, дзе вешалі расцяжкі – яна адчула, як шалёна б’ецца пульс у скронях. Далей яна нічога не бачыла… пакуль не падбегла да дроту. Праз дрот яна мусіла перакінуць дзве дошкі, да якіх была прымацаваная расцяжка. І тады…

Ліна была замахнулася, каб перакінуць першую дошку – як раптам заўважыла, што на дроце ўжо вісіць расцяжка: “Мёртвы кот – хіба яму прызначыш цану?”

Пад расцяжкай – перапэцканы фарбай – стаяў маёр Вайтовіч. Набухлымі і чырвонымі вачыма ён сачыў за Лінай. Спакойны, зняможаны, шчаслівы.

Ліна падышла да яго зусім блізка – так, што маёр змог удыхнуць водар яе духоў – дзёрзкі і рашучы. Яна нічога не разумела. Маёр, не стрымліваючы хвалявання, прашаптаў: – Я таксама буду мёртвым катом.

Ліна працягнула яму сваю мяккую халодную руку: “Будзеш, – прашапталая яна і грамчэй, – бяжым”.

Маёр ведаў: праз трыццаць секунд прагучыць пранізлівы скрыгат колаў за паваротам. Праз трыццаць пяць – адтуль выбяжыць патруль. І ўсё, у прынцыпе. Канец.

Маёр пачаў лічыць удары сэрца. Раз, два, тры… Трыццаць пяць: – Бяжым!!! – крыкнула ў гэты момант Ліна. Але маёр не скрануўся з мейсца.

* * *

Маёру Вайтовічу ўпершыню ў жыцці накідвалі кайданкі. Ён глядзеў на аблокі, якія плылі з поўначы, і камусьці ўсміхаўся, нібы ўпершыню выходзіў на волю. Нібы ўпершыню бачыў неба.

* * *

А Ліна ў гэты момант – яшчэ свабодная, яшчэ нічым не спакушаная – бегла прэч.

Яна бегла ад усяго: ад пагоні і пазыўных на рацыях патруля. Ад раззлаванага голасу бацькі ў слухаўцы. Ад педаляў газу, якія не націскаюцца.

Ліна бегла і, амаль не спыняючыся, ляпіла на кожны слуп Савецкай налепкі.

“Мець уладу – і не карыстацца ёй”, “Тонкае – гэта святое” і яшчэ “Космас непадзельны” – ляпіла яна на самыя тоўстыя, самыя бачныя слупы роднага гораду.

Калі Ліна выбегла на Маякоўскага, яна схапілася за ўлёткі.

Сотні рознакаляровых паперак разляталіся па дворыках і завулках, лягалі на сходы і ліплі да шыбаў, падалі на мінакоў. “Усё працінае ўсё” – было напісана на жоўтых аркушах. “Калі нешта і рухаецца, дык толькі наша свядомасць” – на зялёных. “Тонкае – гэта СВЯТОЕ” – на белых.

Ліна не спынялася: яна бачыла, што за ёй – пагоня. І таму бегла, бегла, бегла. Не задыхаючыся. Шалёная. Дзёрзкая і рашучая. Гатовая цяпер на ўсё. На бяздомныя бадзянні. На самыя тонкія апавяданні. На звар’яцелае каханне.

На перакрыжаванні з Пушкінскай, адарваўшыся ад пагоні, Ліна спынілася, каб аддыхацца.

Трынаццаць гісторый пра мёртвага ката (зборнік)

Подняться наверх