Читать книгу Саламея - Оскар Ўайлд - Страница 5
Вершы прозай
Вучань
ОглавлениеІ жанчына павярнулася, і пазнала Яго, і засмяялася, і мовіла: «Але ты дараваў мне мае грахі, і даспадобы мне гэтая дарога».
І пакінуў Ён горад.
І калі пакідаў Ён горад, то ўбачыў юнака, што сядзеў пры дарозе і плакаў.
І падышоў Ён да юнака, і дакрануўся да яго доўгіх пасмаў, і спытаў яго: «Чаму ты плачаш?»
І юнак падняў вочы, і пазнаў Яго, і мовіў у адказ: «Калісьці я быў мёртвы, і ты ўваскрасіў мяне. Што яшчэ мне рабіць, як не плакаць?»
Калі памёр Нарцыс, ставок, што радаваў яго, з келіха чыстае вады зрабіўся келіхам салёных слёз, і арэады, плачучы, выйшлі з лясоў, каб спяваць яму і несці супакой.
І калі яны ўбачылі, што ставок з келіха чыстае вады зрабіўся келіхам салёных слёз, яны распусцілі свае зялёныя косы, і плакалі, і казалі да яго:
– Мы не дзівімся гэтай журбе па Нарцысу, ён быў такі прыгожы.
– А Нарцыс быў прыгожы? – спытаў ставок.
– Хто ведае гэта лепш за цябе? – адказалі арэады. – Ён не зважаў на нас, імкнучыся да цябе, і ляжаў на тваіх берагах, і глядзеўся ў цябе, і ў люстры твае вады адбівалася яго прыгажосць.
І ставок адказаў:
– Але я любіў Нарцыса, бо, калі ён ляжаў на маіх берагах і глядзеўся ў мяне, у люстры яго вачэй я бачыў адбітак сваёй прыгажосці.