Читать книгу Саламея - Оскар Ўайлд - Страница 9
Саламея
П’еса ў адной дзеі
ОглавлениеМайму сябру П’еру Луі
Дзейныя асобы:
ІРАД АНТЫПА, тэтрарх* Іўдзеі
ІЯКАНААН, прарок
Малады сірыец, капітан варты
ТЫГЕЛІН, малады рымлянін Кападакіец*
Нубіец* Першы салдат Другі салдат Паж Ірадыяды
Габрэі, назарацяне* і іншыя Раб
Нааман, кат
ІРАДЫЯДА, жонка тэтрарха
САЛАМЕЯ*, дачка Ірадыяды
Рабыні Саламеі
Сцэна ўяўляе вялікую галерэю ў палацы Ірада, якая выходзіць у бяседную залу. Салдаты абаперліся на край балкона. Справа – вялізная лесвіца.
Злева, у глыбіні сцэны, – стары калодзеж са сценкамі з пазелянелае бронзы. Свеціць поўня.
МАЛАДЫ СІРЫЕЦ. Якая прыгожая сёння царэўна Саламея!
ПАЖ ІРАДЫЯДЫ. Зірніце на поўню. Якая яна дзіўная… Яна нібы твар жанчыны, што ўстала з магілы і шукае мёртвых.
МАЛАДЫ СІРЫЕЦ. Вельмі дзіўная. Яна нібы маленькая царэўна, ахутаная жоўтым флёрам. Яе срэбныя ногі падобныя да белых галубкоў. Яна быццам танчыць.
ПАЖ ІРАДЫЯДЫ. Яна як мёртвая жанчына. Яна рухаецца так павольна…
З бяседнай залы чуецца гоман.
ПЕРШЫ САЛДАТ. Які вэрхал! Што за дзікія звяры там выюць?
ДРУГІ САЛДАТ. Габрэі. Яны заўжды так. Спрачаюцца пра сваю веру.
ПЕРШЫ САЛДАТ. Нашто яны пра яе спрачаюцца?
ДРУГІ САЛДАТ. Не ведаю. Яны заўсёды так робяць… Фарысеі, напрыклад, сцвярджаюць, што анёлы ёсць, а садукеі* кажуць, што анёлаў няма.
ПЕРШЫ САЛДАТ. Мне здаецца, вельмі бязглузда пра такое спрачацца.
МАЛАДЫ СІРЫЕЦ. Якая прыгожая сёння царэўна Саламея!
ПАЖ ІРАДЫЯДЫ. Ты ўвесь час глядзіш на яе. Ты глядзіш на яе занадта часта. Не трэба так глядзець на людзей. Гэта можа дрэнна скончыцца.
МАЛАДЫ СІРЫЕЦ. Яна вельмі прыгожая сёння.
ПЕРШЫ САЛДАТ. У тэтрарха змрочны твар.
ДРУГІ САЛДАТ. Так, змрочны.
ПЕРШЫ САЛДАТ. Ён на штосьці глядзіць.
ДРУГІ САЛДАТ. Ён на кагосьці глядзіць.
ПЕРШЫ САЛДАТ. На каго?
ДРУГІ САЛДАТ. Не ведаю.
МАЛАДЫ СІРЫЕЦ. Якая царэўна бледная! Ніколі не бачыў яе такою бледнай! Яна падобная да адбітку белай ружы ў срэбным люстры.
ПАЖ ІРАДЫЯДЫ. Не трэба глядзець на яе. Ты пазіраеш на яе занадта часта!
ПЕРШЫ САЛДАТ. Ірадыяда налівае пітво тэтрарху.
КАПАДАКІЕЦ. Гэта царыца Ірадыяда вунь там, у чорнай мітры з безліччу перлінаў, з валасамі, што адліваюць сінечаю?
ПЕРШЫ САЛДАТ. Так, гэта Ірадыяда. Жонка тэтрарха.
ДРУГІ САЛДАТ. Тэтрарх надта любіць віно. Ён апантаны вінамі трох гатункаў. Першы – з Самафракійскай выспы, гэтае віно пурпуровае, як мантыя кесара.
КАПАДАКІЕЦ. Ніколі не бачыў кесара.
ДРУГІ САЛДАТ. Другі гатунак – з аднаго кіпрскага горада, гэтае віно жоўтае, нібы з золата.
КАПАДАКІЕЦ. Вельмі люблю золата.
ДРУГІ САЛДАТ. А трэці гатунак – віно сіцылійскае. Яно чырвонае, нібы кроў.
НУБІЕЦ. Багі маёй краіны вельмі любяць кроў. Двойчы на год мы прыносім ім у ахвяру юнакоў і цнатлівых дзяўчат, пяцьдзясят юнакоў і пяцьдзясят дзяўчат. Але гэтага, здаецца, мала, бо багі вельмі жорсткія да нас.
КАПАДАКІЕЦ. У маёй краіне цяпер няма багоў, рымляне выгналі іх. Некаторыя кажуць, што яны схаваліся ў гарах, але я не веру. Я сам прабавіў тры ночы ў гарах, шукаючы іх паўсюль. Урэшце я пачаў клікаць іх па імёнах, а яны не з’явіліся. Думаю, яны памерлі.
ПЕРШЫ САЛДАТ. Габрэі шануюць бога, якога немагчыма пабачыць.
КАПАДАКІЕЦ. Гэтага я зразумець не магу.
ПЕРШЫ САЛДАТ. Зрэшты, яны вераць толькі ў тое, што немагчыма пабачыць.
КАПАДАКІЕЦ. Гэта ўжо зусім бязглузда, як на мяне.
ГОЛАС ІЯКАНААНА. Ідзе за мною мацнейшы за мяне, і я не варты нават развязаць пасак абутку ягонага*. Калі ён прыйдзе, узрадуецца пустая зямля. Яна зацвіце лілеяй*. Вочы сляпых убачаць святло дня, вушы глухіх адкрыюцца…* Немаўля адшукае цмокавы логвішчы, і возьме ільвоў за грывы, і павядзе за сабою*.
ДРУГІ САЛДАТ. Скажы, каб ён змоўк. Ён заўсёды гаворыць нейкія глупствы.
ПЕРШЫ САЛДАТ. О не, гэта святы чалавек, да таго ж ён вельмі рахманы. Кожны дзень я прыношу яму ежу, і ён заўжды дзякуе мне.
КАПАДАКІЕЦ. Хто гэта?
ПЕРШЫ САЛДАТ. Прарок.
КАПАДАКІЕЦ. Як яго зваць?
ПЕРШЫ САЛДАТ. Іяканаан.
КАПАДАКІЕЦ. Адкуль ён прыйшоў?
ПЕРШЫ САЛДАТ. З пустэльні, дзе карміўся акрыдамі* й дзікім мёдам. Ён меў вопратку з вярблюджага воласу і скураны пас на паясніцы. Ягонае аблічча было вельмі суровае. Вялікі натоўп ішоў за ім. У яго нават былі вучні.
КАПАДАКІЕЦ. Пра што ён гаворыць?
ПЕРШЫ САЛДАТ. Мы ніколі не ведаем. Часам ён гаворыць жудасці, але зразумець яго немагчыма.
КАПАДАКІЕЦ. Можна яго пабачыць?
ПЕРШЫ САЛДАТ. Не. Тэтрарх не дазваляе.
МАЛАДЫ СІРЫЕЦ. Царэўна схавала твар за веерам. Яе маленькія белыя рукі трапечуцца, як галубы, што ляцяць да свайго дамка. Яны падобныя да белых матылькоў. Яны зусім як белыя матылькі.
ПАЖ ІРАДЫЯДЫ. Ды што ж ты робіш? Навошта глядзіш на яе? Не трэба на яе глядзець… Гэта можа дрэнна скончыцца.
КАПАДАКІЕЦ (паказваючы на калодзеж). Якая дзіўная вязніца!
ДРУГІ САЛДАТ. Гэта стары калодзеж.
КАПАДАКІЕЦ. Стары калодзеж? Гэта ж вельмі шкодзіць здароўю.
ДРУГІ САЛДАТ. О не. Да прыкладу, брат тэтрарха, ягоны старэйшы брат, першы муж царыцы Ірадыяды, праседзеў там дванаццаць гадоў і не памёр. Урэшце давялося яго задушыць.
КАПАДАКІЕЦ. Задушыць? І хто ж насмеліўся зрабіць гэта?
ДРУГІ САЛДАТ (паказваючы на ката, вялікага мурына). Ён, Нааман.
КАПАДАКІЕЦ. І ён не збаяўся?
ДРУГІ САЛДАТ. О не. Тэтрарх паслаў яму пярсцёнак.
КАПАДАКІЕЦ. Які пярсцёнак?
ДРУГІ САЛДАТ. Пярсцёнак смерці. Таму і не збаяўся.
КАПАДАКІЕЦ. Аднак гэта жахліва – задушыць цара.
ДРУГІ САЛДАТ. Чаму? У цара такая ж шыя, як у астатніх.
КАПАДАКІЕЦ. Мне здаецца, гэта жахліва.
МАЛАДЫ СІРЫЕЦ. Царэўна ўстае! Яна падымаецца з-за стала! Які ў яе маркотны твар! О, яна ідзе сюды! Так, яна ідзе да нас. Якая яна бледная… Ніколі не бачыў яе такою бледнаю…
ПАЖ ІРАДЫЯДЫ. Не глядзі на яе. Малю цябе, не глядзі на яе.
МАЛАДЫ СІРЫЕЦ. Яна нібы голуб, што заблукаў у небе… быццам нарцыс, што дрыжыць на ветры… Яна падобная да срэбнае кветкі.
Уваходзіць Саламея.
САЛАМЕЯ. Я там не застануся. Я не магу застацца. Чаму тэтрарх увесь час пазірае на мяне сваімі кратовымі вачыма з-пад дрыготкіх павекаў?.. Дзіўна, што муж мае маці так на мяне глядзіць. Не ведаю, што гэта значыць. Зрэшты… не, ведаю…
МАЛАДЫ СІРЫЕЦ. Вы пакінулі баль, царэўна?
САЛАМЕЯ. Якое свежае тут паветра! Урэшце можна ўздыхнуць! Там, унутры, габрэі з Ерусаліма, што сварацца праз свае бязглуздыя абрады, і варвары, што ўсё п’юць, заліваючы горла віном, і грэкі са Смірны* з нафарбаванымі вачыма, нарумяненымі шчокамі й завітымі валасамі, і егіпцяне, маўклівыя, хітрыя, з пазногцямі бы з нефрыту, у рудых строях, і рымляне, грубыя, нязграбныя непрыстойнікі. О! Як я ненавіджу рымлянаў! Плебеі, што прыкідваюцца высакароднымі.
МАЛАДЫ СІРЫЕЦ. Вы не хочаце сесці, царэўна?
ПАЖ ІРАДЫЯДЫ. Навошта з ёй гаварыць? Навошта глядзець на яе?.. О, гэта дрэнна скончыцца…
САЛАМЕЯ. Як прыемна глядзець на поўню! Яна падобная да грошыка. Яна нібыта маленькая срэбная кветка. Яна халодная і беззаганная, гэтая поўня… Я ўпэўненая, што яна цнатлівая. Гэта прыгажосць цноты… Так, яна цнатлівая. Яна ніколі не ведала ганьбы. Яна не аддавалася мужчынам, у адрозненне ад іншых багіняў.
ГОЛАС ІЯКАНААНА. Ён прыйшоў, Уладар! Ён прыйшоў, Сын Чалавечы! Кентаўры схаваліся ў рэках, а сірэны пакінулі плыні і спяць пад лісцём у лясах.