Читать книгу Саламея - Оскар Ўайлд - Страница 6
Вершы прозай
Настаўнік
ОглавлениеКалі цемра агарнула зямлю, Іосіф Арымафейскі спусціўся ў даліну, несучы запаленую сасновую паходню, бо меў што зрабіць у доме сваім.
І ўкленчыўшы на цвёрдых камянях Даліны Скрухі, убачыў ён юнака, што быў аголены і плакаў. Яго валасы былі колеру мёду, яго цела было як лілея, але ён зраніў цела сваё шыпамі, і ляжаў попел на валасах яго замест вянку.
І той, хто меў шмат, сказаў юнаку, што быў аголены і плакаў: «Мяне не дзівіць твая бязмежная туга, бо Ён напраўду быў беззаганны».
І адказаў юнак: «Я плачу не па ім, але па сабе. Я таксама ператвараў ваду ў віно, ацаляў пракажоных і вяртаў зрок сляпым. Я хадзіў па вадзе і выганяў д’яблаў з тых, каго зракліся. Я карміў галодных у пустэльні, дзе не было ежы, я падымаў памерлых з іх цесных жытлаў, і па слове маім перад незлічоным натоўпам высахла бясплодная смакоўніца. Усё, што рабіў гэты чалавек, рабіў і я. І тым не менш яны мяне не ўкрыжавалі».