Читать книгу Леаніды не вернуцца да Зямлі - Уладзімір Караткевіч - Страница 8
Раздзел V
ОглавлениеБронзавы Пушкін пасівеў.
Мокры снег ляжаў на яго кучаравай галаве, на вянку жывых кветак ля п’едэстала, на галінах ліп. Ён быў вельмі чыстым, гэты апошні снег.
Андрэю вельмі не хацелася ісці на лекцыю. Ён затрымаўся ля помніка, ляніва перайшоў вуліцу, доўга купляў папяросы ў ларку.
Снег пырхаў паміж белымі дрэвамі бульвара, снег ператварыў у белыя карункі краты агароджы перад інстытутам.
Курсы былі таксама тут. Андрэй неахвотна прамінуў браму і адразу ўбачыў, што насустрач яму рухаецца худая фігурка Марыі Крат.
Яны былі ўдваіх у заснежанай алеі. Чырвонае, строга па таліі футра Марыі было абсыпана снегам. I зноў зусім чужымі здаліся Андрэю халаднаватыя блакітныя вочы і светлыя, з залацінкай, валасы.
– Дзень добры, – сказала яна, – ты, аднак, не спяшаешся. Ні на лекцыі, ні да мяне.
– О Пацімат, – жартам, на ўсходні манер, адказаў Грынкевіч, – і як ты можаш добра ставіцца да мяне, апаганшчыка грабніц і мячэцяў.
Марыя ўскінула носік.
– Я не жартую. Я вельмі нервавалася. Учора сядзела ў крэсле і ўяўляла сабе розную лухту. Што было?
– Справы. – Грынкевiч паспрабаваў абняць яе за плечы.
Яна адхіснулася:
– Я вельмі зайздрошчу твайму ўменню за справамі забываць тую, каго кахаеш.
– Я заходзiў,– сказаў Андрэй, – ты спала.
Твар Марыі стаў іранічны.
– Няўжо табе ўпершыню заходзіць да мяне, калі я сплю?
На тое ў цябе і ключ. Месца на ложку хопіць.
– Мне не падабаецца, як ты гаворыш, – сказаў Андрэй. – Я ніколі не казаў табе, што я кахаю. Нам проста добра адно з адным. Мы не дзеці. Мы проста сябры.
– Аднак… я нешта забыла. Ці, можа, нехта другі ўмаўляў мяне стаць яму жонкай?
Андрэй з сумнай усмешкай глядзеў на яе.
– Я працаваў абедзве ночы, Марыя. Нельга заўжды быць разам.
– Гм… А ты спытаў, што я рабіла ў гэтыя ночы?
– Ну, ты ў мяне разумнiца. Я табе веру.
Марыя зрабіла іранічную міну:
– О, мой даверлівы друг! А я вось не такая даверлівая. У тваім пакоі было цёмна.
– То, пэўна, я сядзеў у Вайвадса.
– Ну як жа… у Вайвадса. Нягоднік твой Вайвадс. Збівае цябе з панталыку.
Грынкевіч упершыню выйшаў з сябе. Узяў Марыю за запясце і сціснуў руку:
– Ты не руш Яніса. Ён добры друг. Не руш яго, калі хочаш быць мне другам.
– Балюча, – сказала яна. – Ты што, забыў? Андрэй адпусціў яе.
– Ты меў сустрэчу з кімсьці, з нейкай жанчынай. На цябе глядзяць усе жанчыны. Мне брыдка.
– Маша, – умольна сказаў Андрэй, – ты не горш за мяне ведаеш, што я не свіння. Я быў з табою. Толькі з табою. Сорам табе казаць такое. Я не кахаю, але я вельмі добра стаўлюся да цябе. I я не хацеў бы гэтым засмучаць цябе.
Жанчына прыкусіла губу:
– У мяне неўроз сэрца ад кахання да цябе. А ты… Божа мой. Я ўпершыню адчуваю сілу кахання і рэўнасці. Мне жыцця не хопіць для кахання. Я баюся, што цябе ў мяне адбяруць. Я ўсё аддала табе. Я да цябе стаўлюся вельмі чыста, сумленна, пакорліва. І каму, каму аддала я сэрца?
Яна казала гэта, напэўна, амаль шчыра, але манера вымаўляць словы была вельмі тэатральнай. Бываюць людзі, у шчырасць якіх менавіта з гэтай прычыны нельга паверыць.
Грынкевіч узяў яе пад бараду і павярнуў да сябе.
– Ты толькі дарэмна мучыш сябе, Маша. Нічога такога няма. I не будзе. Табе проста падабалася спачатку, што я так смешна апраўдваюся перад табой. А цяпер ты прывыкла. Ты проста катуеш мяне гэтымі вечнымі падазрэннямі. Я цяпер нават думаю, што, калі я ажанюся, ты ператворыш маё жыццё ў пекла. А я хачу жыць. У жыцці і без кахання досыць многа добрага.
Яна раптам ударыла кулачком па камлі маладзенькай бярозкі. Воблачка снегу асыпалася з галін, укрыла ім плечы, іскра мі заззяла ў яе валасах.
Але яшчэ больш заззялі яе вочы.
– Ну вядома, цяпер яшчэ і гэта. Шукаеш прычыны, каб пазбавіцца ад мяне? О, вядома! Я гэта даўно заўважыла! Такі сухі і такі злосны. Божа, а я яшчэ кахаю яго! Не веру табе! Ёсць другая… другая!
– Марыя, – пакутліва прамычаў Андрэй, – ну нашто ты так мяне мучыш. Дарэмна ж гэта ўсё. Хто на мяне паглядзіць?
Не кажучы пра мяне.
– Маўчы, – амаль вiскнула яна. – Хлусня ўсё.
Грынкевіч уздыхнуў.
– Як мне ўсё гэта абрыдла, – сказаў ён. – Ведаеш, яшчэ дзве такія сцэны, і я сапраўды завяду сабе другую. Каб хоць недарэмна падазравалі.
– Добра, – сказала яна, – я, здаецца, зраблю такі самы ўчынак.
Знерваваны да апошняга, Андрэй рэзка павярнуўся і накіраваўся прэч ад яе, да маленькага будынка курсаў, які стаяў у глыбіні двара, непадалёк ад ампірнага дома інстытута.
Завярнуўшы за рог будыніны, ён злосна плюнуў і ўпершыню падумаў, што, бадай, сапраўды, думка аб шлюбе – лухта і што, калі Марыя будзе і далей катаваць яго рэўнасцю, – трэба канчаць.
З гэтай думкай ён таргануў дзверы, падняўся па сходах на другі паверх і на хвіліну спыніўся перад уваходам, адчуваючы, што спазніўся.
Верх вялізнага акна на пляцоўцы быў вітражны: нейкія дэкадэнцкія лілеі, сітнягі, яблыкі, качкі ў палёце. Каляровыя плямы святла ляжалі на фігуры Андрэя.
Бадай, не варта было заходзіць. Але ў скверыку перад інстытутам была Марыя, а бачыць яе цяпер было горш за смерць.
I ён ірвануў дзверы.
У вялікім пакоі для адпачынку стаяў пах тытунёвага дыму. Прыбіральшчыца выкідвала з попельніц недакуркі ў вядро.
Грынкевіч павесіў паліто на вешалку і толькі пачаў прычэсвацца, як з канцылярыі выглянула Галіна Іванаўна, завуч. З камічным непакоем пляснула далонямі:
– Андрэйка, ты што ж гэта сабе думаеш? Лекцыя пяць хвілін як пачалася. Божа, якая нядобрасумленнасць. Сорам і яшчэ раз сорам.
Яна была толькі трошкі старэйшая за яго, надта зграбная, цёмнавалосая і цемнавокая, з вельмі добрым і здаровым румянцам на шчоках.
Андрэй усміхнуўся: ён любіў завуча.
– Прабачце, Галіна Іванаўна, – сказаў ён, – затрымалі абставіны.
– Ну вядома, Марыя Крат. Андрэйка, дзяўчаты цябе да дабра не давядуць.
I міжволі ўсміхнулася: зубы так і заззялі. Яна была вельмі цікаўлівая. I яна любіла Андрэя. Ён нагадваў ёй малодшага брата.
– Зусім мой Віктар. Такі самы хударлявы і такі самы расцяпа.
Зноў ссунула бровы:
– Марш, марш на лекцыю.
– Не злуйцеся. Дальбог, не буду, – сказаў Андрэй.
Усё яшчэ ўсміхаючыся – Галіна Іванаўна вярнула яму добры настрой, – ён прайшоў маленькім калідорам і адчыніў дзверы ў аўдыторыю.
У аўдыторыі было зусім цёмна. На сцяне, у светлым чатырохкутніку плаваў адбітак аднаго з рэльефаў Пергамскага алтара. Бойка багоў з тытанамі.
– Дазвольце прысутнічаць? – спытаў Андрэй.
– Калі ласка, – адказаў з цемры жаночы голас.
– Андрэй, сюды, – гукнуў голас Вайвадса.
Праходзячы на месца, Андрэй спатыкнуўся аб провад, што змяiўся ў праходзе. Ледзь не ўпаў.
Вайвадс пасунуўся і даў яму месца.
– Ну як? – шэптам спытаў Андрэй.
– Думаў, не прыйдзеш… Слухай.
I вось з цемры загучаў голас:
– …і вы трапляеце ў самую сярэдзіну жахлівай, смяротнай сутычкі. Вы адразу пазбаўляецеся слыху, аглушаныя выццём, ровам, скрыгатам. Вы адчуваеце нават пах потных цел. Дзеці Геі-зямлі – волаты і багі (таксама дзеці Геі) пачалі біцца. I малодшыя перамаглі старэйшых. Хутка такі самы лёс чакаў і Афіны. Але нават і ў загібелі сваёй дух Афін быў прыўкрасным.
Яна сцiхла на хвiлiну. Андрэй дарэмна намагаўся разгледзець яе. Чуў толькi голас, дзiвосны па мяккасцi i глыбiнi. Ды яшчэ, калi яна паказвала нешта на экране, бачыў вузкую руку з доўгiмi, тонкiмi на канцах пальцамi.
Зноў загучаў голас жанчыны:
– У другім стагоддзі Рым захапіў Грэцыю. Скончылася залатое дзяцінства, пачалася пакутлівая сталасць. Захапленне будучыняй, вера ў яе – загінулі. Рым, які спачатку быў падобны на Грэцыю, які верыў у свабоду, скончыўся разам з перамогамі рымлян і патокам золата. Вайна давала багацце. Таму ўся ўстаноўка была на заваяванні, а рэжым Рыма стаў таталітарным рэжымам. Гэта адбілася і на светапоглядзе рымлян. Яны свята верылі ў сваю гістарычную місію, у вайсковае прызванне. Анхіз сказаў: «Няхай іншыя выводзяць мармуровыя абліччы. Прызванне рымлян панаваць і бурыць гарады».
– Ну як? – спытаў Яніс.
– Пакуль нядрэнна. Голас прыемны.
– Фу, – сказаў Яніс.
Голас сапраўды быў вельмі прыемны.
– Дух ваеншчыны абумоўліваў усё. Нават планіроўку гарадоў. Іх зрабілі падобнымі на казармы. Улады ўсялялі рымлянам усведамленне безумоўнай перавагі над усімі народамі, даводзілі, што свет трэба перарабіць на свой капыл.
Ці было гэта духам рымскага народа? Не. Гэта было проста актыўнае, свядомае скарыстанне ўсіх сродкаў ідэалагічнага ўздзеяння на свядомасць людзей. Гэта ўпершыню была прапаганда. Упершыню ў гісторыі ў Рыме адбываюцца народныя сходы з платнымі аратарамі. У пышных урачыстасцях і святах сцвярджаецца ідэя кесарскай улады. Бразганнем зброі імкнуцца адцягнуць народ ад асабістага жыцця.
I народ верыў у гэтыя догмы, бо яны апеліравалі да яго духу, да яго рэспубліканскіх традыцый. Гэта была спекуляцыя на пачуццях народа.
Але якія б ні былі прапаганда і прыгнёт, чалавечая свядомасць развіваецца сваім шляхам… У рымлян ніколі не было такой прысягі, як у грэкаў: змагацца супраць тыраніі заўсёды, нават тады, калі ты адзін супраць усіх. I таму ў грэкаў іронія і сумленне былі толькі ў перыяд элінізму. У рымлян – заўжды. Толькі ў іх удачлівы палкаводзец думае аб тленнасці, толькі ў іх на гулянцы думаюць аб смерці.
Фактычна рымлянін пазбаўлены права голасу. Ён не прыйшоў на форум, а апафеоз Цэзара ўсё адно адбыўся. Рымлянін пакінуты самому сабе. Яму застаецца толькі барацьба за існаванне, напружаная і ўтрапёная.
Яны ўмелі жыць і будаваць. Іхнімі мастамі людзі карыстаюцца і цяпер, іхнія акведукі і дагэтуль даюць ваду. I ў гэтых умовах ідэальнай рэгламентацыі жыцця кожнага чалавека рымлянін быў цалкам адзін. Да Бога яго вёў толькі рытуал. Ды і што гэта былі за багі: бог удачы, бог шчаслівага выпадку. Фактычна яны былі атэісты.
I нават у сваіх камедыях яны адвучыліся ўздымаць вялі кія праблемы. Дробныя пачуццейкі. Дробязнае, вартае жалю, абывацельскае. На тварах статуй, калі яны не афіцыйныя, – самота, разгубленая ўзрушанасць, неўраўнаважанасць.
I поруч з гэтым – аркі, пад якімі не праходзіць войска, якія існуюць толькі для прапаганды. I поруч з гэтым будынкі, якія ўражаюць не высакароднасцю прапорцый, а памерамі. А поруч з гэтым ваўчыха, Этрурыя, адлітая з бронзы ваўчыха, якая стала сімвалам Рыма, жорсткага, ненасытнага і прагнага.
– Волчица, ты их вскормила, – не вытрымаў Андрэй.
– Так, – сказала яна, – ваша праўда.
Волчица, ты их вскормила,
Ты помнишь ли их, когда,
Рыча от бранного пыла,
Сжигали они города.
У гэтую хвіліну зазвінеў званок. Успыхнула святло, прымусіўшы Грынкевіча на хвіліну заплюшчыць вочы.
Калі ён глянуў, жанчына стаяла ля стала з дыяпазітывамі, перабірала іх.
Андрэй па голасе ўяўляў яе зусім не такой. Невялічкага росту, па плячо яму, яна была вельмі худзенькая, але так пада браная, што нагадвала яму балерыну.
Можа, гэтаму ўражанню дапамагала і клятчастая спадніца званочкам, і шэрая кофтачка з нейкага там нейлону.
Вельмі худзенькая, як дзіцятка. Але вось пераступіла з нагі на нагу, адкінула непакорлівыя валасы няўлоўным рухам, і гэты жэст выявіўся споўненым такой прыгажосцю кожнага руху, што лёгка і весела стала глядзець на яе.
Звычайны твар. Мяккія шэрыя вочы пад зламанымі бровамі, густыя вейкі. Валасы попельна-залацістыя, сабраныя на патыліцы ў вялізны вузел. I растрапаныя злёгку, аніяк не хочуць ляжаць у прычосцы.
Такая растрэпка!
Велікаваты, усмешлівы рот. Вось глянула на Андрэя, усміхнулася. Зубы не вельмі добрыя, але ўсмешка ўсё адно такая, што аж святлей стала.
Вельмі прыгожыя ногі, вельмі прыгожыя рухі. I ўсё гарманічна – хоць малюй. Андрэй не заўважыў, што вочы, нягледзячы на ўсмешку, насцярожаныя. Проста яму стала весела: вось і яшчэ адзін добры і разумны, відаць, гарманічны чалавек стаў на шляху.
Лёгенькая, пушыстая, як галінка вярбы з коцікамі.
Такая ластаўка.
I ён шырока ўсміхнуўся. Яна ўсміхнулася ў адказ.
– Што ж гэта наш такi добры знаўца паэзii не ходзiць на лекцыi па мастацтве?
Грынкевіч пашкроб патыліцу:
– Ды я думаў, што вы зусім не такая.
– А якая?
– Ды я думаў, што вы чытаеце аб уплыве рускага флоту на рост грыбоў,– шчыра прызнаўся ён.
Яна засмяялася. Грудным, цёплым кантральта.
– Ну і як цяпер?
– Цяпер буду хадзіць. Абавязкова.
– Спадабалася хоць трошкi?
– Лекцыя з думкай. І з пачуццём.
– Ну, і то добра. Калі ласка. Рада буду вас бачыць.
Андрэй выйшаў у калідор. Закурыў. Вось, здаецца, і нічога не адбылося, а адразу неяк лягчэй стала жыць на зямлі. Добра стала жыць.
Марыя стаяла ля акна і нервова курыла. Калі ён падышоў бліжэй, – скамечыла муштук папяросы, ружовы ад губ, і кінула ў попельніцу.
– Ты прабач, – сказала яна, не ўздымаючы павек, – я пагарачылася. Вядома, ні з кім ты не быў. Проста я дурное, раўнівае дзяўчо. Не злуйся. Проста я вельмі-вельмі цябе кахаю.
Андрэй засмяяўся.
– Чаго там, – сказаў ён, – вядома, глупства. Ну, пакінь злавацца.
Яму чамусьці хацелася быць вельмі добрым.
– Мне кожны дзень без цябе – пакута, – сказала яна.
– Дурнічка, я ў бліжэйшы час табе яшчэ такі сюрпрыз падрыхтую. Так што давядзецца звыкаць.
– Чаму? – з трывогай спытала яна.
– Еду дадому, у Востраў. На некалькі дзён.
– Чаго?
– Бацька нешта захварэў.
– Перадай прывітанне, – сказала Марыя.
Андрэй паглядзеў на сад за акном, увесь белы, пульхны, молада чысты і радасны, і зноў шырока без прычыны ўсміхнуўся.