Читать книгу Неруш - Віктар Казько - Страница 2

Частка першая
…i вялікага сямейнага шчасця
Окіць на бусліка

Оглавление

Лета састарыла зямлю, апачварыла яе твар, узарала палі і абочыны дарог глыбокімі чорнымі трэшчынамі. У трэшчынах, грудах запечанай зямлі квола корпаліся зморшчаныя мурашкі. Глядзець на іх было балюча, было незразумела, як і на чым трымаецца іх жыццё. Сонца цягнула сокі ўжо не з галін і лістоты, а проста з каранёў дрэў. Дарога выпхнула гэтыя карані на паверхню, як выракалася, на пясках іх агалілі сухавейныя вятры, машыны і падводы збілі, здзерлі жыўцом з іх кару. I на месцы гэтых здзёраў, драпін, нібыта сукравіца, блякла наплывалі сок і смала, пакалечаныя карані курчыліся ў гарачым, нібы прысак, пяску, браклі пухлінамі, вязаліся, як вужакі, вузламі і ў гэтых вузлах і нарастах хавалі свой боль. Чэзлі прыдарожныя бярозы і хвоі, заўчасна смяцілі жоўтым лістом і іголкамі, нібы імкнуліся хоць як-небудзь захутацца, абараніць сябе ад цяжару машын і спёкі. Вока чалавека, звера спатыкалася і бегла як мага далей адсюль, бунтавала, адмаўлялася прызнаць родную зямлю – шэрую, бурую, няўтульную, што не здолела адстаяць сябе, з перасохлымі крыніцамі, рэкамі, калодзежамі.

Мацвей Роўда адчуваў, што і сам ён высмяг. Усё было жорстка, крохка і хістка ў ім. Пачуццё смагі, лушчыстасці непраходнае. Як той птушцы, як той кнігаўцы, што ўвесь час плача над балотам, кліча дождж, хочацца загаласіць: пі-іць, пі-іць, пі-іць. А ўжо ж можна было і астудзіцца. Хоць на календары яшчэ амаль тыдзень да восені, сонца, заходзячы ў чырвані, вяртаецца на зямлю белым, белымі іскрамі прыпадаюць ужо ў нізінах да траў прымаразкі. Падобна да таго, што само сонца б'ецца спякотнымі промнямі аб скамянелую зямлю, высякае гэтыя іскры, белы, халодны жар. Па-другому ніяк і не растлумачыць таго, што адбываецца: удзень паліць – спасу няма, а ўначы выстуджвае. I месяц над вёскай увесь час у венчыку, у касыначцы – на добрае надвор'е, на спёку і холад. Раней адведзенага ім часу, ці то на бясхлебіцу, ці то прадчуваючы халады, збіраюцца ў цёплыя краіны буслы. Як не сотні збілася іх на сенажаці, каб пагаманіць апошні раз на роднай зямлі. Ні даць ні ўзяць, калгасны сход, гэткае наўгародскае веча, нібыта з вякоў векавечных паўсталі з зямлі дзяды і прадзеды – сівыя, босыя, вусцішныя. Няспешна, спаважна, углядаюцца ў высокае чыстае неба, махаюць яму крыламі: пачакай, маўляў, неба, паспеецца, пакуль што абмяркуем зямное. I гэтае зямное, відаць па ўсім, – важнае, спрэчнае. Вось толькі што птахі гладзілі адзін аднаго крыламі, церліся дзюбамі, нерашуча тупалі на месцы, а цяпер во схапіліся загрудкі, ідуць грудзьмі адзін на другога, як мужыкі княжборскія, як палешукі, што нешта не падзялілі: Роўды, Барздыкі, Махахеі. Недарэмна буслоў на Палессі клічуць антонамі. Мацвей прыглядаецца да птушак, нібыта па самай справе пазнае сярод іх сваіх аднавяскоўцаў. Усе яны, увесь Княжбор тут. Тут і яго Алена, і маці, і бацька, і дзед Дзям'ян, і стары Махахей з Махахеіхай. I рыжы Брытан вунь сярод іх – куды ж яму дзецца ад грамады. Рыжы Брытан – гэта той, з рыжымі падпалінамі на крылах бусел, які першы не вытрываў, пайшоў грудзьмі па чарнявага – бацьку свайго. Л дзед Дзям'ян стаіць збоку, наводшыбе ад усіх: упёрся нагамі ў зямлю і паважна ківае галавой.

Шмат чаго ў палешукоў ад гэтых буслоў, шмат чаго і ў гэтых птахаў у белых світках ад людзей, што жывуць у палескім краі. Аднолькава сціплыя яны і маўклівыя. Калі-нікалі кіпе сярод балот свой голас бусел, выб'е пошчак касцяною сваёй дзюбай, ніколі не закрычыць ён у хоры. Толькі на самоце, калі на душы яго спакойна і ціха, ці ўжо калі гняце гэтую душу так, хоць на сцяну лезь, калі, распластаўшы ружовыя на сонцы крылы, выбліскваючы кожным пяром, падрульвае ён задубелымі доўгімі нагамі да сваёй буслянкі, вітальнай песняй азначае сваё вяртанне з далёкіх краін, ці калі па дасвецці выйдзе ён на родныя гоні – палі, дубровы, сенажаці – і кіне яго ў жар і холад ад няўпыннасці і бясконцасці жыцця і зямлі, і тады, не намятаючы сябе, адкінуўшы сціпласць і сарамяжлівасць, безгалосы, зацягне ён сваю, хоць і не зусім удалую, але радасную, шчырую песню, песню нараджэння новага дня. А дзень яго, як і сялянскі,– спрэс у працы, нібыта каморнік, мерае і мерае ён балоты, падоўгу ўглядаецца сумным вокам у нікуды ці то імкнецца зазірнуць, што там, за даляглядам, ці то засяродзіў свой позірк у сабе, слухае сам сябе, слухае шапаценне мяцёлчатых і вастралістых траў, як здатны слухаць гэтыя травы касец, белы, сівы дзед-паляшук, які махаў-махаў касой і раптам замёр, ап’янеў ад раскошы мурожнага лугу: жыццё квяцістае і стракатае, як гэты луг, але ж і кароткае – недзе па гэтым мурагу ўжо нячутна крадзецца і вечнасць – другая касарка і хтосьці цяпер падае пад узмахам яе нябачнай касы, як падаюць травы.

Маўкліва і засяроджана будуе антон сваю хату. Як пад сілу, носіць ён у дзюбе голле, маўкліва сунецца пасля навальніцы ў высокае жыта збіраць там жаб, што вылезлі на вольную зямлю… Вераць свайму суседу-буслу, прыглядаюцца да яго жыцця, прадугадліва будуюць сваё жыццё і палешукі. Недарэмна мае бусел-Антон і яшчэ адно імя – Лелька – бог кахання і жыцця. Збудаваў ён на сядзібе палешука сабе буслянку – неўзабаве загукаюць і ў хаце палешука Лелькі. А пакінуў антон сваю буслянку – пара ў далёкую апошнюю дарогу збірацца і гаспадару хаты – прыспеў яму час рыхтаваць сабе белую сарочку…

Вось людзі гавораць, што вясну да пас прыносяць ластаўкі. Пэўна, так яно і ёсць у мясцінах, дзе не ведаюць антонаў. Па Палессе ж, у палескую вёску, нясе вясну па сваіх магутных крылах бусел. Прыляцеў ён у родную вёску ды сеў адразу ў буслянку па высачэзнай вясковай грушы, што расце за гумном, – гэта яшчэ не вясна. Марна чакаць пакуль цяпла і сонца – яшчэ і мяцеліца завіхурыцца, і марозік прыцісне – будзе окіць на бусліка, як гавораць на Палессі: антон лепш за чалавека ведае пра надвор'е.

Была такая окіць і сёлета. Ужо дваццаць сёмага сака віка. Барздыка, настырны мужык, пачаў садзіць на сваім гародзе бульбу. Паў Княжбора выйшла надзівіцца на такі цуд.

– Картопля ў цябе, Аркадзько, азімая? – пыталі сяляне ў Барздыкі.

– Азімая, марозаўстойлівая…

– Адсыплеш, Аркадзько, восенню і нам па мяшочку, мы ў снег пасадзім…

Барздыка маўчаў, сваё ён ужо сказаў усё. Мацвей глядзеў на яго і прыкідваў, ці не пара ўжо сеяць і ў калгасе: вясна і на самай справе была ранняя, зямля прасохла, хоць бокам каціся. Але тут азваўся дзед Дзям'ян:

– А бусліка ты ўжо бачыў, Аркадзя? Што ён табе на вуха шапнуў?

– А тое і шапнуў, каб не лезлі кошкі лапай у мае сабачыя справы.

– Ну тады бог у помач, – сказаў дзед Дзям'ян, – А буслік будзе заўтра.

I наступным днём Мацвей убачыў гэтага бусліка, калі вяртаўся з раёна. Сядзеў ён на старым ясакары пры дарозе. Сядзеў нерухома і маўкліва, высунуўшы адно шэрую настылую дзюбу. А яшчэ праз дзень пасыпаў снег з дажджом, а пад вечар узяўся і марозік. Тыдзень сыпала з неба, надвор'е сумнае, слотнае, зменлівае. I вось так – то цяпло, то холад – трымалася ўсю вясну, да лета, да сухавейных вятроў, да нясцерпнае спёкі, што не ачахла да самай восені, вось да гэтага дня, калі буслам зноў пара ў дарогу.

– Што ж вы натварылі, буслікі вы, буслікі,– гаворыць сам сабе Мацвей і папікае сябе за гэтыя словы: ці ж птушкі вінаватыя, ці ж маюць яны дачыненне да той бяды, што абрынулася на зямлю, ці ж яны гэта наслалі сухавеі і спякоту, якімі прадзьмуты наскрозь і абпалены і ён, Мацвей Роўда.

Буслы, за якімі назірае Мацвей, больш не падобныя на княжборскіх сялян, што нечага не падзялілі. Яны яшчэ ідуць грудзьмі адзін на другога, але гэта ўжо не бойка і нават не спрэчка, не дзярэ іх дзюбы ў п'яным ляманце злосць. Птушкі скачуць на лузе, кружаць ці то старадаўнія полькі і кадрылі, ці то шалеюць у нястомных мадэрновых бугах-вугах. Усё пераблыталася ў іх танцы – час і пакаленні, скрыпкі і гармонік, бубен і джаз. Зухавата скачуць Антоны-Лелькі, выдаюць каленцы за каленцамі, і каленцамі ледзь не б'юць сябе ў грудзі. I якія спрытныя, зграбныя ў іх ногі, нібыта дзеўкі ў міні з усяго свету выйшлі на гэтую сенажаць – танцпляцоўку, пеўнікамі ходзяць каля іх даўгалыгія палешукі-антоны, ледзь пакалыхваюць крыламі бусліхі, нібыта хусцінкамі памахваюць. Скончыўся джаз, адгрымелі бугі-вугі, і ўжо вясковая полька-трасуха віхурыцца па лузе ў святле чырвонага на захадзе сонца. I ўсё ў цішы – словы, музыка, скокі – пад задуменным ружовым сонцам. I доўгачаканая прахалода ў грудзях ад гэтага птушынага карагоду, нібыта прыпаў ён, Мацвей Роўда, да нейкай не перасохлай яшчэ крыніцы і п'е, п'е – аж зубы ломіць, аж нямеюць пальцы – сцюдзёную ваду, ваду родных палёў, родных лясоў, Палесся. Буслы па сенажаці пад лагодным на захадзе ружовым сонцам – гэта і ёсць само Палессе. Мацвей пачынаў разумець тое, што раней лічыў бабскімі забабонамі: чаму не толькі сяляне паважнага веку, але і маладыя дзеўкі, што просяцца ўжо замуж, так чакаюць вясной буслоў. Ведае бусел, здольны ён прадказаць, напрарочыць дзеўцы яе лёс. Убачыла яна яго адразу, як толькі вярнуўся ён з цёплых краін, на буслянцы – і ёй яшчэ ў бацькаўскай буслянцы год сядзець, а калі прыглядзела, што ляціць антон – паляцела неўзабаве і яна з роднага кубла: згуляюць яе вяселле сёлета. I згадвае Мацвей, што расказваў яму некалі Махахей пра буслоў. Верыць насуперак таму, што чуў потым ад іншых людзей, чуў ад вучоных, якія запэўнівалі яго: такога не можа быць, бо гэта супярэчыць прыродзе. Прыродзе, акрамя чалавека, ніхто і нішто не супярэчыць. Няхай гэта казка, няхай паданне, але страшнае паданне і дзівосная казка. I не можа не верыць ёй чалавек, які яшчэ мае душу. А душа яшчэ чагосьці прагне, яшчэ не зняверылася, яшчэ спадзяецца і будзе спадзявацца, пакуль не заплюшчацца вочы, не патухне ў іх святло. Уварваліся ў Княжбор першыя немцы, калі час жыта ўжо жаць, на матацыклах – выскачылі з гэтага жыта. Узнялі ў неба буслоў. Разгергеталіся, свету белага нябачна: гусі, гусі, гусі. I давай з аўтаматаў, з шмайсераў сваіх па гэтых гусях смаліць. Падстрэлілі аднаго, ён, як камень, і ўпляскаўся ў дарогу, пыл, пясок, посвістам назаўсёды складзеных крылаў уліўшыся ў вясковы галас, лямант. А чарада бусліная, як і людская, зведаўшы, што такое немцы, ратавацца да роднага балота, да лесу рынулася. Засталася ў небе адна толькі птушка. Тры кругі над сваім забітым гаспадаром зрабіла, вестуном закрычала і ўгору, да сонца ўзвілася. Махахей расказваў, што ён ледзьве не аслеп, гэтак сачыў за ёй. Слёзы вочы засцілі, і здалося яму з зямлі, што дасягнула птушка сонца; згарэла ў ім, сама ператварылася ў сонца, у сонечную палаючую кропку. Але кропка гэтая раптам стала ўвачавідкі расці, насоўвацца на зямлю, на немцаў, на яго, Махахея, ішла з неба на грэшную зямлю, як нейкі белы ўсёспапяляючы снарад, як адплата, як кара чужынцам. I немцы, і вяскоўцы як адплату, як кару і ўспрынялі яе. Махахею так падалося. Памсцілася яму, што вось зараз вогненная птушка, дасягнуўшы сонца, і сама, як жар, грымне ў зямлю перуном, і зямля, цвердзь яе, расступіцца, надвае расколецца. З расколіны выдзьмухне агонь і залье ўсё навокал агнём і пажарышчам. Так яно і было. У цішы, у аняменні нейкім сваіх і чужынцаў грымнула перуном на зямлю птушка, здрыганулася зямля пад нагамі ў Махахея, ускінулася ў грудзях сэрца, а з сэрца шуганула агнём, спёкай у вочы. Захісталіся, паплылі ў вачах Махахея хаты, загулі, захадзілі ходырам вячыстыя дубы. Бусел з бусліхай, знявечаныя, у крыві, што сцякала з іх пер'я ў вясковы пыл, ляжалі сярод дарогі, ля ног чужынцаў, і ціхі палескі ранак жалобным сонцам смуткаваў на іх.

Ці ёсць на свеце што большае за такую адданасць? Яна стала паданнем палескага краю, дый не толькі палескага. I ў іншых мясцінах, дзе нават не бачылі буслоў, гаварылі, што гэта было ў іх вёсцы, але толькі не з бусламі, а з лебедзямі. Мацвей не пярэчыў, не хацеў траціцца па спрэчкі, губляць, развейваць у словах тое, што паўставала перад ім за гэтым паданнем. А паўставала Палессе, Княжбор, непарушны, спрадвечны, тое, чаго не выкажаш словам, што трэба мець заўсёды ў сабе, за здраду чаму караюць людзей і птушкі, тыя ж самыя буслы. Чалавеку, які разбурыў буслянку, прадказваюць: чакай бяды, будзе кара нябесная. I выпадае, кара прыходзіць. Знаходзіць бусел таго, хто пакрыўдзіў яго, і помсціць злосна, жорстка – то прынясе і кіне на дах галавешку, і схопіцца хата агнём, а то і спрытней яшчэ ўтворыць – гадзюку кіне ў калодзеж: піце слёзы мае. Мо ўсё гэта здаралася і выпадкова, але ж Мацвей бласлаўляў такую выпадковасць. Ён і сам: быў з антонаў – бацьку яго звалі Антонам. Быў, звалі, завуць і цяпер, а ён… I шчымліва, і горка яму глядзець па развітальныя скокі птушак. Хаця тыя ўжо не скачуць. Буслы яшчэ карагодзяцца на лугавіне, яшчэ дрыгаюць нагамі-цыркулямі, але нешта ўжо змянілася ў малюнку іх скокаў, у павольных дагэтуль, мяккіх узмахах крылаў ужо чуваць вецер, чуваць выццё буры. і ў шыях, такіх гнуткіх раней, зараз ужо пругкая непахіснасць, злоснасць, не прывітанні, не дабрыдзень раздаюць яны, а шукаюць, каго б уджыгнуць. I тут Мацвей убачыў, каго яны збіраюцца ўджыгнуць, супраць каго выспелілі сваю злосць. На купіне, нібыта на лобным месцы, заводдаль ад усіх стаяў бусел. Птушка як птушка, яе нават можна было прыняць за важака выраю. Мацвей спачатку так і падумаў, але калі прыглядзеўся крыху больш уважліва, прыкмеціў, што крылы ў гэтага бусла нейкія абмяклыя і пазірае ён больш не ў неба, а ў зямлю. Мацвей зразумеў: не важак гэта, а вінаваты. Няма моцы ў крылах гэтага вінаватага, няма прагі ў неба, і колерам ён розніцца ад сваіх сабратоў. Бруднае і недагледжанае яго пер'е, смутак нейкі ў паставе, журба, маркота гнятуць да зямлі яго млявую шыю, асуджанасць. Сум, журба агарнулі і Мацвея. Такія ж спрадвечныя, як і прага, як сум і журба, што заўсёды жывуць у вачах птушак. Ва ўсім – і ў адзенні, і ў твары, і ў жэстах яго – раптам праступіла нейкая птушыная зліняласць. Але шкадаваў ён у тую хвіліну больш сябе, чымсьці гэтага адзінокага, асуджанага бусла. З буслам усё было проста і зразумела: шкадаванне, а мо абыякавасць бацькі-бусла ці маці-бусліхі загубілі яго. Яшчэ вясной птушкам стала зразумела, што лета чакаецца някормнае, цяжкае. Не думалі, не згадвалі пра будучыню вераб'і, гурганы, а антоны прымалі захады, бо ведалі. больш аднаго бусляняці не выгадаваць сёлета. I яны, пагойдваючыся, трымаючы раўнавагу крыламі, нязграбнымі, няўчэпістымі па дрэве нагамі выкочвалі з буслянак лішнія яйкі, скідвалі іх на зямлю. Няхай застаецца ў іх гняздзе адно толькі яйка, няхай будзе толькі адно птушаня, але каб яно было дужае, каб з яго вырасла сапраўдная птушка, антон, каб хапіла моцы яго крылам на далёкую дарогу ў цёплыя краіны, каб даляцеў ён туды, а вясной вярнуўся назад. I тады на роднай зямлі з'явяцца новыя антоны, і паляцяць яны ў свет бацькоўскімі сцежкамі-шляхамі. А гэтага бусла, відаць па ўсім, пашкадавалі, жыццё далі, а пракарміць як след не здолелі. I вось ён, калі спазнаў ужо неба, тупае па зямлі, абмераў яе, асуджаны памерці. Не здатны ён для далёкага пералёту, будзе толькі замінаць выраю ў дарозе, не дабярэцца да новага сонца, да цёплага краю. Няўдалы ён. Буслы праганяюць яго са сваёй зямлі, са сваёй радні. Яны не могуць кінуць яго ў дарозе. I птушкі ведаюць, што такое еднасць, і еднасць іх жорсткая, бо яны дбаюць перш-наперш пра ўвесь свой род, пра ўвесь свой вырай клапоцяцца. I клопат гэты змушае іх быць бязлітаснымі. Мацвей не можа даць адказ сабе, ці апраўдвае ён, ці асуджае гэтую жорсткасць. Быў час – асуджаў, і не толькі асуджаў. Калі ўпершыню ўбачыў, як буслы пазбаўляюцца ад лішняга, калі яму растлумачылі, чаму і навошта гэта яны робяць, – слёзы, крыўда на гэты жорсткі свет засцілі яму вочы, ён не мог нават і ўявіць сабе, каб хтосьці так бязлітасна забіваў таго, каго яшчэ не было, хто яшчэ но нарадзіўся. Ён жа і сам некалі быў у такім жа стане. I яму ж таксама не хапала, а часам і зусім не было чаго есці, ён адчуваў голад з таго дня, як пачалася вайна, як толькі ён пачаў сябе памятаць. I з ім можна было абысціся гэтак жа, як і з тым буслянём, якое яшчэ не нарадзілася, але ўжо і ў яйку праз сцены сваёй камеры, праз кроў маці адчувала жыццё. I пазней, як тое ж бусляня, можна было звесці са свету, галавой аб хвою, падушку на галаву – і ўсё. Не зведаў бы ён ні голаду, ні холаду, нічога б не зведаў. Але ж яму трэба было зведаць усё гэта. I маці бегала з ім па лесе, хавала ад немцаў яго ў балоце. На гарбу, як вярблюдзіца, вынасіла тры гады. Дык чаму ж гэтыя антоны вось так бязлітасна са сваімі дзецьмі? Ён заплакаў і кінуўся ў хату па стрэльбу. Ён прагнуў звесці рахунак з усім светам за гэтую птушыную літасць-жорсткасць. I не думаў, што сам, калі падыме стрэльбу на гэтую амаль што хатнюю птушку, утворыць яшчэ большую жорсткасць. Цяпер у ім няма і кроплі той злосці на буслоў, яе разнеслі, развеялі па пылінцы гады, ён ужо добра ведае, што жыццё бязлітасна абыходзіцца не толькі з птушкамі. I сёння яго хвалююць не наогул зло і жорсткасць, што творацца ў свеце, а толькі тое зло і тая жорсткасць, што творацца на яго вачах. Тут ён слабы. Слабасцю, млоснасцю і цяпер налілося яго цела, ён прадчувае лёс гэтага бусла. Бусліны сход, веча іх ужо скончылася, яны ўжо аб меркавалі свой маршрут, дзе і як ляцець, дзе адпачываць, адскакалі апошні танец на роднай зямлі, не завершана адна толькі справа: чарада рушыла на чужынца, цяпер ужо чужынца. Усім гуртам, натоўпам, ідуць антоны на антона, і адзінае ў гэтага натоўпу жаданне: прагнаць чужынца, і каб выгнанне гэтае было поўнае – з сям'і, з роду, з памяці. Хто ж першы кіне камень, хто першы вытне яго? У натоўпу адно вока, адна рука, адна дзюба і адно крыло. I ўсе як адзін яны таўкуць чужынца – б'юць той самай адзінай, што дадзена натоўпу, рукой. Але чужынец яшчэ трымаецца, больш таго, ён сам імкнецца ў натоўп, уціснуцца ў яго, ужыцца і, павярнуўшыся, біць некага іншага. Ён яшчэ не ўсвядоміў, што гэта ён якраз і ёсць чужынец. Антон – чародная птушка, яго палохае адзінота. I свае ж, свае вакол. Дык чаму ж гэта з ім так. Толькі ж учора лавілі разам адных і тых жа жаб, адных і тых жа гадаў. Ці справядліва яго біць, што ён меней, на адну, ды меней, упаляваў жаб, на аднаго, ды меней, з'еў гада?! Ці справядліва, што чарада зараз узаўецца воблакам у неба, а ён будзе блукаць сярод пустых палёў, а потым па белым снезе, пакуль яго і самога не прысыпле гэтым белым снегам. Ён дазваляе сябе забіць, гэта ўсё ж лепш, чым застацца аднаму. Але боль, пэўна, бярэ сваё. Ён робіць адзін, другі крок, і далей ужо ўсё прасцей, трэба толькі мяняць ногі. I бусел, унурыўшыся, амаль што няўцямна, перастаўляе ногі, ён яшчэ захоўвае годнасць, апошняе, што мае, што можа мець асуджаны, прыгавораны да небыцця – няспешнасць і мудрую падпарадкаванасць непазбежнасці. Але і на гэта яго не хапае. Нешта адбылося, нешта здарылася, ці то дзеўбанулі яго так, што і душа пачала ўжо адыходзіць, ці то ён вокам спатыкнуўся аб штосьці вельмі дарагое яму, аб лісцік, травінку, якую некалі таптаў, абмінаў, не задумваючыся, што праб'е час і стане яна яму такой жа блізкай і дарагой, як само жыццё. Само жыццё ўвасобіцца ў гэтым лісточку, травінцы. Увасобілася. Ён ужо кідаецца наўцёкі. І Мацвею хочацца ўжо самому панесціся на скрут галавы, перад яго вачыма тая ж самая травінка, лісток, і хочацца, уцягнуўшы галаву ў плечы, уцякаць далей, як мага далей ад ганьбы, няславы. Усе гэтыя дзяўбкі, удары, што прымае бусел, прымае і ён, цела яго ные ад цвёрдасці касцяных бязлітасных дзюб, яно ўжо ўсё ў драпінах, сіняках. Але ён застаецца на месцы, а бусел бяжыць, хаця ў гэтых яго ўцёках няма ўжо ніякага сэнсу, безнадзейнасць гоніць яго. Яго ўжо больш ніхто не б'е, чарада адстала. Выгнаны бусел ужо больш не бусел ні для чарады, ні для сябе. I ў ім, у яго рухах выяўляецца нешта качынае, цяжкае, валюхастае, і Мацвею здаецца, што гэта сама зямля не вытрымала, пахіснулася пад нагамі птушкі і хістае яго, кідае з боку на бок. Чарада ўзнімаецца ў неба і кругамі, кругамі набірае вышыню, ружовым і белым клінам уваходзіць у чырвань сонца, рассякае натрае сонца, узмахам магутных крылаў успеньвае неба і сонца.

– Калясом дарога, – махае ўслед выраю Мацвей.

Адзін толькі бусел застаўся на зямлі. Бусел і Мацвей Роўда на пустой дарозе. Бусел з тугою ў вачах паглядвае, як з клёкатам знікае за даляглядам чарада, і сам спрабуе крыкнуць, але няма ў яго сілы на голас, як ён ні выструньваецца, як ні напружвае цела, як ні дапамагае крыламі прарвацца голасу. Няма голасу, сіп толькі прастуджаны, так прастуджана плача ўзімку на ветры зломленая, расшчэпленая хвоя. Бусел жа з апошняга зноў бяжыць, бяжыць і махае крыламі, і галава яго задзёрта, вось-вось, здаецца, адарвецца ад шыі, ён імкнецца ў неба, імкнецца адарваць сябе ад зямлі. I адрывае, і праразаецца голас. Ён ляціць і крычыць, што мае моцы, змагаецца з паветрам, як той рыцар сумнага вобраза, змагаецца з травой, што гоніцца за ім, цягне да сябе, да зямлі., не дае выйсці ў неба. Губляе вышыню, але не верыць гэтаму, не выкідваючы ўперад ног, не збіваючы хуткасць парашутамі-крыламі, шэрым пер'ем, брудным камяком утыкаецца ў зямлю, падае грудзьмі, перакульваецца цераз галаву. Роўда спяшаецца, ідзе па лузе да птушкі, а тая галавой, кончыкам дзюбы, але цягнецца ў неба, за клінам, што ўжо растаў у вечаровым сонцы. Роўда бярэ бусла на рукі, нібыта дзіця на рукі бярэ, той квола б'ецца, усёй сваёй істотай, нават рухам крыві ў целе адхіляючы гэтае чалавечае шкадаванне і спагадлівасць. Мацвей прыціскае бусла да грудзей, прыпадае тварам да яго цёплага бездапаможнага пер'я.

– Ну што ты натварыў? Чаму яны з табой гэтак? Ведаю, брат, ведаю. I са мною тое ж самае. Чаму ты не вучыўся лятаць? Куды ж твае бацькі глядзелі? Сканаеш ты тут за зімку. А пашанцуе, перазімуеш, дык вясной усё роўна задзяўбуць цябе свае ж… Схібілі мы, брат, абодва. Мо і я вінаваты ў тваёй бядзе. Знішчыў тваё балота. А такое ж добрае было балота, столькі жаб у ім крумкала-спявала, а я іх усіх разам бульдозерам згроб і экскаватарам прысыпаў. Ты прабач мне, антон. Но ведаў я, што рабіў. А калі б ведаў… усё роўна было б тое ж. Табе трэба балота, жабы, а нам хлеб, бульба. Як жа нам з табой падзяліць зямлю, каб табе і мне ўсяго хапала на ёй? Не ведаю, ты прабач мне, не ведаю…

Мацвей шэптам гаварыў усё гэта буслу, і той нібыта ажываў у яго руках, як дзіця, даверліва прыпадаў да яго, болей не біўся, і плынь яго гарачай крыві больш не біла так аддаляюча. – Ты што, разумееш мяне, чуеш мяне? – закрычаў, загушкаў ён бусла. – Ты чакай мяне, чакай, я яшчэ прыйду, я вярнуся да цябе. Не дайся толькі лісе на зуб. Я прыйду, антон.

Неруш

Подняться наверх