Читать книгу Неруш - Віктар Казько - Страница 8
Частка першая
…i вялікага сямейнага шчасця
Чакайце, вам адкажуць
ОглавлениеМацвей ішоў па горадзе пешкі. Спяшацца яму не было куды. Ніхто не чакаў яго, ні там, на Палессі, ні тут. I тут, і там ён усім быў чужы. Але тут, у вялікім горадзе, у яго натоўпе, гэтая адчужанасць не была такой абвостранай. Ён не адчуваў яе ў поглядах людзей, што сустракаліся яму, хаця людзей вакол было і шмат, але ўсе яны былі ў сабе, у сваім звыкла гарадскім, у сваіх клопатах і справах, у сабе, сваім адвечна-звыклым былі дамы, не павявала дакорам і ад дрэў, што паважна стаялі ў каляровым святле вулічных ліхтароў, каштанаў і ліп, дагледжаных, чыстых, у якіх не захавалася ўжо, пэўна, і памяці аб лесе. Мацвей улоўліваў гэтую іх памяць-сум з цяжкасцю, нешта было ад яе толькі ў змроку, што прыпаў да лап дрэў, да цьмяных чыгунных кратаў, якія аберагалі карані дрэў. А ад вуліц, людзей, аўтамабіляў, што чаўнамі слізгацелі па чорным асфальце, ад вечаровай святочнасці і зыркасці гарадскога жыцця, адначасова адкрытага і патаемнага, сыходзіла нешта даўняе і добрае, добра знаёмае Мацвею. Але што ж менавіта – гэтага ён не мог вызначыць. Ён сам быў яшчэ ўвесь у сабе, у сваёй размове з Шахраем, у недалёкім, але неадступным мінулым, ад якога праг і не мог уцячы, не мог узяць разбегу, каб нырнуць у глыб сваёй памяці і таго шчымліва добрага, адкуль мо і пачынаўся гэты паўзмрочны зараз горад, што ён хаваў цяпер у сабе, чым ён не хацеў падзяліцца з ім, Роўдам.
I ён аддаўся гораду, здаўся яму, спадзеючыся на яго літасць і наблажлівасць на сходзе дня. I Мацвей адчуў, што яму амаль што хораша. Горад быў вялікі, вуліцы бясконцыя, і часу наперадзе, здавалася, бясконца багата, час нібы спыніўся, дзесь парваўся ён і таксама ўжо не спяшаўся, вылучыўшы горад ад астатняга свету, такім чынам, горад як бы набыў аўтаномію і самастойнасць. Мацвей падумаў аб гэтым мімаходзь як аб нечым староннім, нібы гэта і не ён ішоў па горадзе. З той жа адрачонасцю ён яшчэ падумаў: калі толькі горад паспеў так вырасці! Ён жа ведаў яго амаль што вясковым, утульна-хатнім, дзесь на ўскраіне, у Паўночным ці Заходнім пасёлку, жылі, здаецца, яго родзічы, а здаецца, проста знаёмыя, ён, Мацвей, спыняўся ў іх, здзіўляўся іх амаль вясковаму жыццю, як яны летам пасля працы бралі кошыкі і вёдры і беглі ў лясок, што хмызамі падыходзіў да самых іх платоў, па грыбы ці па ягады, як яны па-вясковаму брынькалі вёдрамі каля калонак з вадой і якая ціша панавала там удзень. Усё гэта раптам знікла: хмызы, калонкі, кошыкі, вёдры, цішыня – як і не было нічога.
У адзін час успенілася, закіпела, завіравала ўсё і працягвала віраваць і кіпець ужо безупынна. I ён цяпер нібы апынуўся на самым грэбені гэтага вірлівага патоку. Людская плынь закалыхала яго, размякчыла, распесціла душу, ён як быў і не ў вялікім горадзе і наогул не ў горадзе, а плыў у спякотны дзень па чоўне па княжборскіх, разамлелых на сонцы старыцах. Ён унікнуў шуму менш, і цішыня была вакол, ледзь-ледзь пакалыхвалася неба, што ляжала ў чорнай вадзе, белымі і жоўтымі зоркамі ззялі на вадзе і ў небе даверлівыя гарлачыкі. Човен насоўваўся на іх, вуркочучы тапіў іх, але яны вынырвалі зноў ужо за кармою, свежыя, як з марозу. I плёскала яму ў спатнелы твар вадою Алена, чэрпала жменяю і срэбнымі, жывымі кроплямі акрапляла лоб і шчокі. I яму было смешна, ён і сам не ведаў – чаму, як не ведаў, куды і навошта плывуць яны, ублытваюцца чоўнам у лозы, рызыкуючы перакуліцца, выблытваюцца, але лаза ўсё роўна не адпускае іх, бяжыць за імі, чапляецца лісцем і голлем за твар і плацце, нібы прагне спыніць іх. А яны не хацелі і не здольныя былі спыніцца. Човен дзеда Дзям'яна бег сам, і невядома, куды б яны прыплылі ў той дзень, калі б Алена раптам не перастала плёскацца, замерла на носе, замёр і ён, узняў вясло, але так і апусціў яго ў ваду. Алена плакала. Дрыжалі кроплі на павеках і ў яго, але то была вада, якой апрыскала яго Алена, а Алена плакала па-сапраўднаму. I было ціха па-летняму, вусцішна нават, здаецца, аніякай прычыны сумаваць, ліць слёзы Алене, а яна плакала, ліла слёзы. Ён хацеў суцешыць яе, паклаў на дно чоўна вясло, каб кінуцца да яе, але хтось як падказаў яму: не трэба перашкаджаць ісці слязам, не трэба ніякіх слоў. I ён адчуў сябе дужым і лёгкім. Сонца перашкаджала яму бачыць Алену, бачыць яе ўсю, ад родных, блізка зведзеных і таму, здаецца, падобных да рысіных броў да бездапаможна падкурчаных пальчыкаў на нагах, якімі яна час ад часу паскрэбвала па дне чоўна. Сонца, бы знарок, легла між імі, засціла Мацвею, не паказвала яму таго, што ён не павінен быў бачыць у тую хвіліну, не павінен падглядаць за нейкай таямніцаю пераўтварэння, якое ён усё ж паспеў улавіць на твары Алены, адчуў і ў сабе. Ён, Мацвей, сеў за Аленай у човен, як садзіўся неаднойчы і да гэтага, як хлопчык з хлопчыкам. I плылі так – згодна і радасна-адзіна, не прыкмячаючы, што змяняюцца, што, калі б яны былі хлапчукамі, дзецьмі, яны б ужо даўно перакулілі човен і пакупаліся. А ён жа, Мацвей, раптам стаў берагчы Алену, не даваў чоўну перакуліцца. I ў тым, як Алена акрапляла яму твар вадой, было таксама нешта новае, ашчадна дзіцячае, але такое дзіцячае, з якім, здаецца, яны ўжо развіталіся, што даўно ўжо згубілася, развеялася пяском рачных берагоў, які яны сеялі ў дзяцінстве, сплыло рачной вадою, у якой яны плёхаліся некалі галяком. Але з гэтага згубленага, развеянага і сплытага склалася новая Алена, яе новы твар, новыя вусны, да якіх ён, Мацвей, прыпадаў ужо, але зусім не так, як хацелася яму прыпасці зараз. Ён тыцкаўся раней да яе вуснаў, як галодны шчанюк тыцкаецца да цыцак маці, не ўсведамляючы, што гэта ён робіць, адчуваючы толькі, што так трэба, так заведзена, наканавана, адчуваючы забароненасць – не пераступіць той рысы, якой яшчэ і не было, якая толькі-толькі яшчэ акрэслівалася. Цяпер жа гэтая рыса набыла пэўнасць ужо, сонечным вусцішным поўднем пралегла між імі.
Човен прыстаў да берага і захістаўся, уткнуўшыся носам у пясок. Мацвей, не вагаючыся, мо й не ўсведамляючы, што гэта ён робіць, устаў і ступіў з чоўна ў ваду. Добра, што тут было мелка, хоць глыбіня і не спыніла б яго тады, бездань нават не спыніла б, чортава вока, ён ступіў бы і ў гэтае вока і верыў бы: вада падыме яго, не пацягне ўніз, у тую хвіліну ён здолеў бы хадзіць і па вадзе. Човен падскочыў кармой і загойдаўся яшчэ мацней. Ён падышоў да Алены, падаў ёй руку. Яна ўзяла яго руку і ступіла не на бераг, а да яго ж, у ваду. Хвіліну-другую яны стаялі нерухома, глядзелі сабе пад ногі, як асядае ўзважаны, скаламучаны імі пясок, слухалі, як вада пяшчотнаю прахалодай абдымае іх ногі. Пясок яшчэ клубіўся пры самым дне, як невядома адкуль набеглі пячкурыкі, вёрткія і празрыстыя, што крыло страказы, пачалі шчыпаць, казытаць іх за ногі. Вывернуўся паласаты, што дзічок-нарсючок, акуньчык, намерыўся на пячкурыка каля ног Алены, але прамахнуўся, тыцнуўся Алене ў палец, лагодна варухнуў плаўнікамі: а я, маўляў, і не хацеў, мне нічога і не трэба было – адышоў. Але тут жа развярнуўся і зноў кінуўся за пячкурыкам і зноў прамазаў, зноў тыцнуўся ў палец Алене. I, здаецца, зазлаваў, раз-пораз без перадыху пачаў дзяўбці гэты яе палец.
– Ён цябе з'есць, – сказаў Мацвей.
Алена не адказала, прыціснулася да Мацвея, і яны выйшлі на бераг, да цёплай і мяккай травы пад дубам, што схіліўся над вадой. Пад тым дубам месца было занята буслом, але ён саступіў яго Алене з Мацвеем, пайшоў да лугу, моўчкі і нясмела, як саромеўся, што яго тут заспелі.
– Куды ж гэта ён, навошта гэта ён сыходзіць адсюль? – спытала Алена.
– Ён ведае, ён усё ведае, – адказаў Мацвей, паглядзеў на дуб і падумаў, што дуб таксама ўсё ведае і разумее. Але ўпэўненасці не адчуў, была ў ім нейкая нерашучасць, непаразуменне нейкае. Упэўненасць прыйшла крыху пазней, калі ён глядзеў ужо не на само дрэва, кручаны і верчаны ствол яго, а па яго голле, лістоту. Лісце было чырвона-крывавага адцення, але з аднаго толькі боку, дзе стаяў ён з Аленай. Мацвей здзівіўся незвычайнаму колеру лісця, слізгануў вокам па траве. Прыкмеціў вогнішча. I ўспомніў.
Гэта быў іх дуб. Яны часта на лодцы ці чоўне плавалі да яго раней. Дарослыя ж бывалі тут рэдка. Не было тут дарослым ніякай справы. Дарога аббягала дуб, яна пралягала да сенажаці і Балоні нацянькі, а рэчка тут кружыла, як блытала сляды, нібы гулліва пацвельвала дуброву, уразалася ў дуброву, развальвала, пластавала яе надвае і давала ўцекача. I дубы гналіся за ёю, беглі высокім берагам і, здаецца, даганялі на кручах, ужо цягнулі да яе рукі, хапалі ўжо за цёмныя плечы абвіслымі, учэпістымі сваімі рукамі-каранямі, але рэчка накідала іх з носам, пасмейваючыся, вылузвалася з іх абдымкаў, замест сябе з аднаго боку падсоўвала ім застойныя журботныя старыцы, а сама ўцякала непраходным гушчаром і балотам, праз якія дубы не маглі прашыцца. I быў сярод гэтага балота адзіны толькі грудок зямлі, нібы птушка ў дзюбе нанасіла сюды гэтай зямлі. I стаяў на ёй адзіны дуб, здзіўлены і разгублены: якім гэта ветрам, што за нячыстая сіла закінула яго сюды, сам ён мог трапіць на гэты грудок, толькі зусім ужо згубіўшы галаву.
Алена з Мацвеем былі на грудку пад дубам сёлета вясною, калі ішлі апошнія канікулы. Дуб атачыла вада, яны вылезлі з чоўна на лапік некранутай ёю зямлі, распалілі касцёр. Кастрышча, полымя шугала да галін, чаплялася за галіны, апякала іх і падала ўніз. Мацвею ўжо тады было крыху балюча за дуб, за яго галіны, на якіх ужо набраклі пупышкі. Ён баяўся, каб іх не спапяліла, баяўся, а сам падкідваў сушняк у касцёр, хацеў полымем дастаць неба. Адначасова з бояззю і шкадаваныем таго нябачнага вокам жыцця, што выспявала ў пупышцы, ён адчуваў і захапленне, што выспявала і ў ім, ён адчуваў, што і ў дрэве разам з болем жыве таксама і захапленне агнём, полымем. Яны былі адзіныя тады – ён, Мацвей, Алена, агонь, дуб і вада вакол. Адзіныя і безразважныя ў гэтым сваім адзінстве, у зліцці, як дзеці, бязгрэшныя і чыстыя, аднолькава пяшчотныя і жорсткія. I вось вынік той пяшчоты, чысціні і жорсткасці, плод яе: крывава-чырвоная лістота дуба. Агонь не спапяліў пупышак, але ўсё ж па ўсё лета прыпаліў іх, і ці на адно толькі лета пазначаны іх дуб. Полымем гарыць у сярэдзіне лета дуб, палае кастром, а мо гэта і не касцёр, не полымя на ім. Мо ён, Мацвей, тады з Аленай растапілі жалеза, што было прыхавана пад дубам, абудзілі, растапілі ў гэтым дубе штось невядомае ім, і гэтае невядомае цяпер і гарыць агнём, крывёю сплывае, падае з лісця на зямлю, жарам працінае яго і Алену, таму яны цяпер і ў агні, у ліхаманцы.
– Бусел жа побач, – сказала Алена Мацвею, калі яны ўжо ляжалі ў траве. – Лелько глядзіць.
Ён жа бусел. Ён Антон. Ён мужык.
– Лелько, – ціха паклікала бусла Алена і больш голасна: – лелько, лелько-о-о.
– Антон, Анто-о-он, – гэта ўжо крыкнуў і Мацвей.
I бусел падскочыў раз-другі, адарваўся ад травы, але не цалкам, нешта чырвонай кветкай ублыталася ў яго чырвоныя ногі, мо той самы водсвет чырвонага дубовага лісця ўпаў па яго ногі. I бусел белым узмахам крылаў, чырвонымі ручаінкамі ног адпіхнуўся ад зямлі, узляцеў, узвіўся ў неба, і закружыў над імі, чырвоным і белым мільганнем свайго цела закрыў іх тайну, іх непарыўнасць. Дрымотна хісталася і плыло неба над галавой, а бусел, раскінуўшы крылы, аддаўшы іх небу, не кратаючы больш імі, абапіраючыся там, на небе, аб нешта нябачнае з зямлі, што сыходзіла ад гэтай жа зямлі, вады, дуба і ад іх саміх, Алены і Мацвея, кружыў і кружыў над імі. Антон і Лелько…