Читать книгу Неруш - Віктар Казько - Страница 7

Частка першая
…i вялікага сямейнага шчасця
Выбар. Агледзіны

Оглавление

Шахрай не паспеў яшчэ і настроіцца на дарогу, толькі праскочылі ніцыя кусцікі лазы, чэзлы алешнік, што пачынаўся адразу за вёскай, дрогкае поле, занятае кукурузай, дарога вільганула і прыціснулася да рэчкі. I Дзям'ян запатрабаваў спыніцца.

– Свілёва, – сказаў ён, калі яны выйшлі на высокі стромы бераг рэчкі, абапёрся плячыма да пахіленага над рэчкаю дуба, зашоргаў ботамі, нібы закопваўся ў зямлю. Закапаўся і сціх. I здавалася, стары і дуб, да якога ён датыкаўся, з аднаго рэчыва, адной пароды, толькі дуб хіліўся да вады, а дзед стаяў праменька, і нейкі выклік адчуваўся ў гэтай яго нерухомай прамізне, у абвіслых, але дужых руках, што кожную хвіліну здольныя яшчэ і ўскінуць на плечы мех, і папрацаваць сякерай. Задзірліва спакойным быў і застыглы твар ягоны, буйны, усё яшчэ шырокі, хаця і з адбіткам ужо зямлі па ім. Мацвей з Шахраем мімаволі, але таксама паддаліся таму спакою і ўпэўненасці, што сыходзілі ад дзеда, сталі побач з ім на той жа круты бераг, пачалі ўзірацца туды, куды ўзіраўся і ён, хаця, здаецца, нічога цікавага там не было.

Трава, трава, а сярод гэтай травы, што так прагна піла і дыхала сонцам, чорныя дубовыя пні. Дзе-нідзе між гэтых пнёў – круглыя і зялёныя кусты лазы і зрэдку згубленыя на адзіноце дубы.

– Махахеева дуброва, – нібыта вёў іх вочы па гэтым аблогу і абшары, сказаў Дзям'ян. За дубамі, скрушліва раскіданымі вакол, за шарамі лазняку, далёка, кіламетры за два-тры, праглядвалася сенажаць.

– Балонь, – зноў прамовіў дзед Дзям'ян. I яны надоўга змоўклі, думаючы кожны аб сваім. Мацвею ўсё гэта было родным; Свілёва, Балонь, Махахеева дуброва – самі назвы гучалі яму зусім так, як гучаць словы маці, бацька. Шахрай жа прымерваўся і прыслухоўваўся да нязвыклых яго вуху слоў:

А што азначае Свілёва? Чаму Свілёва?

– Бусел, – сказаў дзед Дзям'ян. I, не падымаючы галавы, нібы яму цяжка было варочаць шыяй, узняў палец угару пад сабой. Яны ўзнялі галовы: за некалькі крокаў ад іх стаяла ўсохлая, з абламаным шчыком бяроза з буслянкай. У буслянцы сядзеў бусел ці бусліха, яны ўбачылі галаву птушкі, якую яна высунула з буслянкі і трымала навісу і пацеркамі вачэй нязводна, але без мітусні і напружанасці глядзела на людзей. Амаль гэтак жа, як дзед Дзям'яп глядзеў на зямлю, сенажаць і дубы.

– Бусел? – нічога не зразумеўшы, перапытаў Шахрай.

– Бусел, – пацвердзіў Дзям'ян, – птушка. А вось вада, рэчка, а там дуброва, кусцікі, сенажаць, Балонь – усё сплялося, усё звілося ў адно. I дуб тут расце кручаны, як чорт круціцца-верціцца ў ім – ні сакерай яго, ні пілой.

– Тады кручанае лепей, – сказаў Шахрай.

– Свілёва! Са свіллю і азярыны тут вакол. Уся вада ў цвілі. Цвіце вада, зарастаюць азярыны, а ніяк не зарастуць.

– Дапаможам, – коратка і з націскам кінуў Шахрай.

– Э, чалавеча, – дзед Дзям'ян паглядзеў на Шахрая, як на дзіця. – Кінь, няма ў іх дна.

– Як гэта, няма дна?

– А вось так, адно возера наверх, да сонца, да свету, а другое – уніз, пад зямлю.

– Але дно ўсё ж ёсць.

– Не-а, бугай балотны там жыве.

– Дзед Дзям'ян, – развёў рукамі Шахрай. – Ты ж камуніст.

– А ён беспартыйны… – насупіўся дзед Дзям'ян. – Ты маю партыйнасць не кранай, з семнаццатага я года ў партыі.

Адкуль жа тады бугай гэты балотны.

– А халера яго ведае. Раве, дзярэ вушы і партыйным, і беспартыйным. – I, ці то імкнучыся перамяніць гаворку, ці то пацвельваючы Шахрая, павярнуўся да рэчкі:

– Вось яшчэ непарадак у нас: западзеншчына крадзе нашу зямлю. А зямелькі той у нас…

– З табою, дзед, не засумуеш, – паглядзеў на рэчку, на процілеглы бераг і Шахрай. – Як гэта западзеншчына крадзе ў вас зямлю?

– Проста, прынаровілася. Вось я стаю на сваёй зямлі, а па другі бок рэчкі ўжо другая вобласць, западняя. Дык што западнікі тыя твораць? Рэчка іх бераг не кранае, а наш рушыць, падмывае. Вось дуб, глядзі, пахіліўся. Сам бачыш: упадзе хутка дуб у ваду – і зямелькі ў нас меней будзе, і на адно дрэва меней. Зладзеі на тым беразе жывуць.

– Зладзеі,– пагадзіўся Шахрай. – Навядзём парадак, дзед, і тут. Шакараем злодзея, пакараем рэчку. Паганяем далей, паказвай далей, дзе ў вас тут яшчэ непарадак. – I пацягнуў дзеда да машыны.

– А што табе наш непарадак, – занатурыўся дзед, як бы не жадаючы зноў у машыну, не жадаючы куды б там ні было ехаць.

– А каб усё добра было, гожа каб усё, і ніякіх злачынцаў, і ніякага крадзяжу.

– Гэта як жа?

– А вось так, гах – і пад корань, і з коранем.

Мацвею падалося, што дзед Дзям'ян глядзіць на Шахрая з нейкім жалем.

– Адразу – і гах пад корань? – перапытаў ён Шахрая. – Гэта што ж атрымоўваецца, калі я яшчэ не зусім з глузду з'ехаў – разам з чалавекам?

– А чалавек прыйдзе новы.

– А старога куды?

– На печ.

– Ну-ну, гэта добра, каб на печ, а не над печ, дай бог і нашаму цяляці воўка з'есці.

I ад гэтых слоў заныла сэрца ў Мацвея, нават у зубы нешта ўступіла, нібы ён, распалены, хапіў халоднай вады, нешта вельмі нядобрае і халоднае адчуў ён у гэтай размове, у тым, як яны калясілі па Палессі, як нявесту ўсё роўна шукалі і цяпер вось знайшлі, цяпер гэта былі ўжо, як заведзена, агледзіны нявесты: нявесту выпрабоўвалі, як яна на працу, ці няма ў ёй якой-небудзь заганы, ці спраўна яна рабіць сваю галоўную жаночую справу – раджаць дзяцей, ці паслухмяная свёкру і свякрусе і як на твар. Ішла купля-продаж, і трэба было хваліць дзеўку, мясціны, па якіх яны ехалі. А Мацвей не хацеў ні ганіць, ні хваліць: боль быў у ім за ўбоства і прыгажосць свайго краю.

Яны ехалі ўсё тым жа берагам рэчкі. Дарога была жудасная, горш і не прыдумаць, калі ты ў машыне, і лепей не трэба, цуд, казка, калі ты пешшу, калі цябе не чакае праца, калі ты прыехаў адпачыць, пабадзяжыць на адзіноце ці прыгадаць былое – сваё дзяцінства, як хадзіў і бегаў тут на пачатку жыцця. I не прыкмячаў, нічога не прыкмячаў: ні пчалы, што спяшалася да жоўтых і духмяных балотных ірысаў, ні борцаў, што невядома як, калі хто паставіў, таму што яны прыраслі ўжо да векавых дубоў, больш дубу, дрэву, чым чалавеку, належалі, не кідаліся ў вочы спавітая лазою рэчка, што віляла, як і дарога, і старыцы, якія ўжо адвілялі сваё, а цяпер зарасталі лотаццю і белымі гарлачыкамі, і не здзіўлялі волаты-ясакары, піто глядзелі на цябе сваім змрочным вокам-дуплом, каля якога палётвалі вялізныя і злыя шэршні. Здавалася, усё і павінна так быць, так і было і будзе вечна. I паўсюдна толькі так, а не інакш. Інакш не бывае, таму што гэта першае, што ўбачылі і з чым парадніліся твае вочы, таму што ты парадзіўся тут, кожны дзень чуў адну толькі мелодыю, адну музыку. Рознымі былі толькі музыкі: лета, восень, зіма.

– Храпчына, Воўціна, – скрозь песню, што адраджалася і паціхеньку пачала гучаць у ім, Мацвей пачуў голас дзеда Дзям'яна, не прыкмеціўшы, як прыехалі, спыніліся сярод такога абсягу і раскошы і сярод такой цішы, што хацелася знямець, вырваць сабе язык і слухаць, слухаць сябе, глядзець: справа рэчка, злева рэчка, а па беразе гэтых рэчак дубы і ясакары і белы ў белым рачным пяску параходзік. I ўздоўж берага нешта журботнае, нейкі няўлоўны напамінак аб тым, што колісь тут жыў чалавек, цьмяныя абрысы яго селішча, падмуркі ад яго хат, хлявоў, на якіх сёння раскашавала крапіва, а дзе-нідзе сярод гэтай крапівы вытыркаўся і чырвоны ражок цагліны. I Мацвей адчуў параднёнасць з гэтай цаглінай, з гэтай крапівой, нібыта ён загадзя ведаў, што ўсё гэта ёсць тут і сюды, менавіта да гэтай раскошы травы і цэглы, і імкнуў. I зараз ён падыдзе да іх, трэба толькі перайсці лагчынку, прадзерціся скрозь спавітыя хмелем кусты воўчага лыка. I пакуль ён будзе ісці па лагчынцы, выдзірацца з кустоўя, спавітага хмелем, там, наперадзе, паўстануць зноў з крапівы, падымуцца з кінутых падмуркаў хаты. Хаты будуць пустымі, але на парозе, па ганачку будзе стаяць жбан з халодным, толькі што з пограба, бярозавікам. I ён ужо скіраваўся да лагчынкі, пакрочыў як адурманены нечым, адчуў адзеннем, пальцамі. рук учэпістасць хмелю. Голас дзеда спыніў яго:

– Храпчына. Нахрапам калісьці мы селі на гэтае месца. Вада прагнала, заліваць пачала. Мы і спрамлялі тут ужо рэчку, кручком яна ў вусці была, мы прама пусцілі, а…

– Чуеш, Мацвей, ты чуеш, – загукаў Шахрай. – Дзед, дык ты ж меліярацыяй займаўся. Ты ж меліяратар.

– Дзед-барадзед… – невядома з чаго засмяяўся дзед Дзям'ян, хацеў яшчэ нешта сказаць, але Шахрай апярэдзіў яго:

– Вось і яшчэ непарадак. Не хвалюйся, дзед, ты паклаў пачатак, мы давядзём да капца.

– Ну і ну, – сказаў дзед Дзям'ян, – каб толькі не да ручкі.

І зноў была дарога, толькі назад ужо – да княжборскага ляда, дзе сцяной, дрэвамі стаяў стары арэшнік, ляшчына, дзе маладыя клён, рабіна і ясень вялі смяртэльнае змаганне за жыццё з гэтай ляшчынай. Вайну даўнюю, у вытокаў якой некалі быў і ён, Мацвейка. Тады верх быў за ляшчынай, яна глушыла дрэўцы, што былі ніжэй за яе, але сёння яны перамаглі. Рабіна, ясень, бяроза падраслі, прабіліся да сонца, доўгі прыгнёт ляшчыны прымусіў іх пазбавіцца ад лішняга вецця, яно засталося толькі на макаўках, і дрэвы пацягнуліся макаўкамі да неба, ламачча нават жывіла іх, сонца ўгравала зверху, як за вушы цягнула.

Тут, у ляшчыне, сярод ясеняў, бяроз, Мацвей і знайшоў дзівосны грыб-баравік. Першым на грыбы натрапіў дзед Дзям'ян, зрэзаў цэлую сямейку, штук пяць адразу. Шахрай не даваў веры вачам:

– Май жа, якія і адкуль могуць быць баравікі ў маі?

– Грыбнік з цябе, чалавеча… Мікалайчыкаў не бачыў. У нас тут заўсёды першы грыб у маі ідзе. Вады зямелька напілася, сонейка яе ўгрэла, вось ён і не вытрымаў…

Пачаў больш уважліва ўзірацца сабе пад ногі і Мацвей. Не збочваючы з набітага, па навуцы дзеда Дзям'яна: няма грыбоў на дарозе, няма іх і ў лесе – наскочыў на першага, пачаў кругаля даваць і выкружыў яшчэ пятнаццаць. I ўсе яны былі ядраныя, крамяныя, адзін у адзін, ад бацькі, што пазелянеў ужо ўнізе, да белагаловіка, які вытыркнуўся толькі-толькі, толькі-толькі рассунуў лабастай макацоўбінай сівец. Зрэзаў шаснаццаць, знайшоў і. яшчэ адзін, семнаццаты. Але з гэтым семнаццатым яму не пашанцавала, быў ён нейкі выродлівы і непрыгожы. Ножка моцная і белая, што зуб, і цягнулася яна ўгару, расла, хаця нічога не несла на сабе, баравік быў без галавы. Галоўка, разваленая надвае травой, сіўцом, ужо гніла, як абвялая плеўка прытулілася да ножкі, што ўзвышалася, як абеліск нейкі. I Мацвей застыў каля гэтай ножкі, вельмі ўжо карцела яму, каб быў ягоным і гэты, семнаццаты баравік, аж слёзы набеглі на вочы, як у дзяцінстве, нібыта ніколі ў жыцці не браў, не бачыў і ў вочы тых баравікоў. Першы раз убачыў, як сустрэў нешта дзівоснае і непаразумелае, дзіўна і непаразумела было, як загінуў гэты семнаццаты. Ён стаў на каленкі перад грыбам, крануў тонкія ніткі сіўцу, што лямцам сплёўся над ім. Сівец быў напяты, як струна, і востры ён быў.

Так, па ўсім, вельмі паспешлівым ўжо быў яго баравічок, майскае шчодрае сонца абудзіла грыбніцу, тая, угрэўшыся ў паўзмроку і вільгаці княжборскага ляда, набракла, што вымя ў каровы пасля ацёлу, і пачала нястрымна пладаносіць. Настолькі нястрымна, што гэты баравічок ні аб чым іншым і не думаў, толькі б хутчэй на свет, усяго ж хапае: цяпла, сокаў, сонца. Сталага веку, моцная і нага ў баравіка, дужая, трывала, цвёрда стаіць ён па зямлі. Вось на гэтую трываласць і цвёрдасць і спадзяваўся грыб, на злом галавы кінуўся расці і згубіў галаву. Згубіў і, не прыкмеціўшы сам таго, працягваў расці, хаця ўжо ніякай карысці ні сабе, ні людзям, ніякай патрэбы нікому ў ім не было.

Мацвей пачаў дзерці траву разам з каранямі. Выдзер сівец і, падпарадкоўваючыся некаму невядомаму ў сабе, хутчэй нават не ў сабе, а таму, што стаяў зараз за яго плячыма і ўладарыў ім, пачаў палкаю калупаць зямлю і. дакалупаўся да нечага жывога, пругкага. I, не вагаючыся, дзе той жа палкай, дзе пальцамі неўзабаве ўжо абкопваў гэтае жывое, асцярожна, не спяшаючыся, як усё роўна здымаў міну, размініраваў ляда. I тое, што ён выдзер з зямлі і ўзяў на рукі, было падобным на міну, такое я; небяспечнае і, як талерка, круглае, ні на што, з чым да гэтага прыходзілася яму сутыкацца, не падобнае. Яно было жывое. Мацвей адчуваў гэта, хаця ні цеплыні, ні цёку жыцця ў тым, што ён трымаў на руках, не чулі пальцы яго. Жар гэты і. цёк сыходзілі ад яго самога, ад Мацвея, гарачы туман засціў яму вочы, і крык быў у ім, нарадзіўся ў абуджаным целе яго, здрадніцкі гаротны крык перахапіў запаленае ўнутраным жарам горла. Але крычаў не толькі ён, Мацвей, крычала і Яно, тое, што трымаў ён, плакала, галасіла, як горкае дзіця, што згубіла маці. Мацвей і сам не заўважыў, як выраніў слязу па гэтае жывое і галаснае, сляза ўпала, закіпела і як выпарылася, растала, нібыта і не падала.

– Э, хлопча, што ж ты натварыў? – Дзед Дзям'ян з жахам і асуджэннем глядзеў на Мацвея. – Шчаслівы ты і няшчасны. Цяпер тры гады можаш не хадзіць у лес.

– Што я натварыў? Чаму не хадзіць? Што гэта… хто гэта?

– Грыбніца, унучак. Маці ўсіх грыбоў. Цела яе…

Усё, Мацвей, усё. Решено и заметано. – Да іх скрозь арэшнік нрадзіраўся Шахрай з поўнай шапкай баравікоў.– Што ж ты раней такія мясціны, такі куток у кішэні хаваў? Тыдзень, цэлы тыдзень марна страцілі…

– Ён грыбніцу парушыў,– азваўся за Мацвея дзед Дзям'ян.

– Э, грыбніца. Тут жытніца будзе. Пачынаем, Мацвей?

Мацвей паклаў грыбніцу на траву і адчуў палёгку, знік гнятлівы голас, прахалодай ахапіла твар.

– Пачынаем, – сказаў бадзёра.

Неруш

Подняться наверх