Читать книгу Неруш - Віктар Казько - Страница 5

Частка першая
…i вялікага сямейнага шчасця
Княжбор

Оглавление

Так завецца вёска, хаця аніякага бору каля яе няма і ў паміне. Мо ад суму па гэтым боры і назвалі так людзі сваё селішча, таму што княжборцы радаслоўнай не памятаюць, адкуль яны прыйшлі, ёсць, канечне, у іх свае паданні і сказы, але паданні гэтыя мала што растлумачваюць, яны складваліся ўжо тут. А Княжбор – вёска вандроўная. Апошні раз краналася ў дарогу ўжо на памяці Цімоха Махахея і прыпынілася вось тут і ўстаялася вось тут, паўвека ўжо стаіць. А перад гэтым была за шэсць кіламетраў адсюль, дзе іх маленькая рачулка злівалася з другою, вялікай і славутай ракой, дзе, як кінуць вокам, – вада і вада, ніцыя лазнякі, вячыстыя дубы. I сярод гэтай вады, дубоў і лоз, як бабровыя хаткі, стаяла каля дваццаці іх хатак. За хатамі. ці то поле, ці то сенажаць – Цімох ужо і не памятае, таму што яго дзяцінства праходзіла больш на вадзе, чым па зямлі. Вада – першае, што ўвайшло ў яго памяць, пасля яе ўжо з'явіліся маці, бацька і малако. У дзедавым чоўне ён упершыню ўбачыў неба над галавой, лазнякі ў туманным мроіве вады, вяршаліны далёкіх дрэў, убачыў і сказаў сабе: жыву, дыхаю, плыву і назаўсёды паяднаўся з вадой, лозамі, дрэвамі і небам. I амаль што адначасова з гэтым пачаўся вялікі рух, вёска пагрузілася на тыя ж чаўны, душагубкі, хуценька звязаныя плыты і кранула ўверх па рачулцы, пацягнулі плыты княжборцы шукаць долі на новым месцы. На старым жа іх сем гадоў запар, з дня нараджэння Махахея, залівала вадою. Сем гадоў не бачылі яны хлеба, не елі бульбы, даволіліся тым, што пасылала рака.

Спыніліся на загадзя прыгледжаным месцы, сякерай і агнём адбілі ў лесу сабе зямлю і прытулак, хутарамі і водрубамі разбегліся па беразе рачулкі, але назву захавалі: Княжбор, княжборцы, хаця да сапраўдных хвойных лясоў і адсюль было не менш чым дзесяць вёрст, стаялі там хвоі званлівыя і высокія – уразбежку, пахмурныя і каржакаватыя – градой, і маладыя хвойкі поруч з маладымі бярозамі. Але зямля, дзе вырас гэты бор, па якім сумуюць княжборцы, – бедная, пясочак, жвір і белы грыбны пясочак, што так хрустка прыпадае да нагі летам, толькі ў беразняку зрэдку пракідваліся верас ды зязюлін лён – тужлівыя вочы тужлівага краю. Нават акопы, што засталіся ў бары з часоў ужо даўно мінулай вайны, зарастаюць марудна, не хапае ў беднай зямлі сокаў загаіць свае раны.

А пад Княжборам зямля добрая, аглоблю пасадзі – і тая парасткі пусціць, буяе ўсё, а не расце на такой зямлі, і хутка гоіць свае раны княжборская зямля, яна таксама зведала, што такое бомбы і снарады, была здрапежана акопамі і бліндажамі, але зацягнула, зарасло ўсё. Урадлівая і трывушчая зямля над Княжборам. Не прагадалі княжборцы, двойчы выгадалі, другі раз тым, што заўсёды было іх селішча савецкім, савецкімі былі яны заўсёды. А тая зямля і тая вада, на якой і каля якой яны жылі раней, пасля грамадзянскай вайны адышлі да Польшчы, па рачулцы стала граніца з Заходняй Беларуссю. I Махахей яшчэ і сёння жонцы сваёй Ганне гаворыць:

– Збірай, баба, торбу, пайшоў у Польшчу, за мяжу пайшоў, – гэта калі яму трэба на другі бераг рачулкі ў грыбы, ці бочку пад бярозавік паставіць, ці зайцоў паганяць.

I не бяда, што няма бору пад Кшіжборам, – ёсць дуброва. Была адна, пэўна, такая на ўсё Палессе, ідзеш-ідзеш, збіваешся ўжо з нагі, ані неба над галавой, ані канца ні краю дубам.

Адзін у адзін і адзін каля аднаго стаяць малайцы. Раскашавала душа. Дыханне дубровы, здаровае і чыстае нібыта само дыханне Палесся. I хлеба не трэба, але калі ўжо ёсць – то толькі дай. I радасна было дыхаць суладна з роднай зямлёй, дубовым лістом трымцела ўсё ў табе, і адгукаліся табе напятыя на золаку, пазяхаючы спрасонку па ўсходзе сонца, дубы. Гэта прачыналася само Палессе, працавітае, клопатнае, цягнулася пчалой у сенажаці з борцяў, што настаўлены на дрэвах яшчэ першымі перасяленцамі, у ажыннікі, маліннікі, што захапілі лагчыны і падбалоцце, упраўнай вавёркай круціцца кола новага дня, прароча пытае зязюля: хто – ты, хто – ты, хто – ты, і супакойнае яе вястун-сіваграк: усё пра-пра-кра-красна. Сіваграк і зараз крычыць, а мо ўжо гэта і не сіваграк, а груган, голас даўкі, скрушлівы, кружаць птушкі пад дубам, б'юцца ў асклізлым сутарэнні вецця, холадна, зябка ім там. Зябка стаяць на ганку і Цімоху Махахею, глядзець на голы яшчэ і ўвесь у вадзе лес, на змрочнае і нізкае неба, панурыя ў вадзе хаты. За пяцьдзесят гадоў іх куды паболела, яны збегліся, сцягнуліся ў вёску ўжо, але тое, што гэтыя хаты – жытло людзей, а не якіх-небудзь баброў, згадваецца толькі па комінах. З крытых саломай і чаротам стрэх дзе-нідзе прабіваецца ўжо і маладая лаза, асабліва на стрэхах хлявоў, і трава з мохам – усё як у тым старым Княжборы, з якога Махахей з'ехаў, калі быў яшчэ хлапчуком. Дагнала вада княжборцаў і тут, на новым месцы. Таксама як і раней, пяты год запар залівае вёску паводка. I які ўжо год будуецца і не можа пабудавацца Цімох Махахей. I смех і грэх, бусел на коміне новай хаты кубло сабе склаў. I цяпер стаіць ён ужо там, на кубле сваім, апратаным і дагледжаным, стаіць на адной назе і ці то пагражае чалавеку, ці то дакарае яго, як помнік, не зміргне, не калыхне ні вокам, ні сашчэпленай дзюбай, ні напятай, выцягнутай у неба галавой. Але клякоча, струменіць унізе пад ім вада, хістаецца лаза, нібы моліцца, просіць літасці. А бусел сцішаны і хмурны, цярплівасць і векавечнасць жывым птушыным вокам глядзіць у душу чалавека.

– Э-э, цоб-цобе, ваўкарэзіны, – між хатамі ці то коцяцца, ці то плывуць драбіны, марудна, унурыўшы галовы, ступаюць валы. Аркадзь Барздыка адвозіць вучняў у школу, сёння яго чарга. Але па драбінах толькі адзін ён ды яго сетка і жакі, а вучні – хто ў лодцы, хто ў чоўне, вяроўчынай прывязаліся да драбін, плывуць сабе. Ім весела, а Барздыка, што той бусел, хмурны і пануры. Але як згледзеў Махахея, стаў жвавым і ён.

– Здароў буў, Махахей, – весела выгуквае ён, але глядзіць не па чалавека, якога вітае, а па бусла. А бусел – як бы нічога і не існуе для яго, толькі думка ягоная, адзіная.

– Ганарысты які,– пасміхаецца Барздыка, але смех яго ўжо натужаны. – Не, не квацярант ён у цябе, Махахей, гаспадар, а квацярант – ты. Ты б з яго за пастой хоць чым-небудзь браў, яйкамі хоць. А то сякеру яму, хай табе хату будуе.

– Ты б языком у ану мінуту мне яе пабудаваў,– гаворыць Махахей. – Нешта лёгкі сёння ён у цябе, менціць, што мянташка.

Махахей таксама не глядзіць па Барздыку, абодва яны ўталопіліся ў бусла, задзерлі галовы ўгору і дзеці. І птушка, помнік каменны, ажывае, лопае крыламі, клякоча ружовай касцяной дзюбай.

– Ну-ну, здароў быў,– гаворыць Махахей. – Як жа я, зараза ты етакая, соўсень ты балотны, злыдня кавалак, печ растаплю, хату абагрэю, вось паклічу зараз бабу Ганну на цябе, яна табе пакажа саву смаленую, ногі твае жэрдкі, асмолкі хваёвыя, на лучыну пусціць.

– Гэта ён табе пакажа, адкуль ногі растуць і дзе ракі зімуюць, – непадробна смяецца Барздыка, – адкуль ногі растуць, га… – I толькі пасля гэтых слоў Махахей як бы прыкмеціў Барздыку.

– Шкада, жалка, – гаворыць ён. – Ты глядзі, прыджгаў – і на кубло. Цяжкая будзе вясна ў яго. Паспачуваць яму трэба, а то б скінуў. Ей-бо, як піць даць, а так жалка.

– Жалка ў пчолкі, ведаеш, дзе… Жаласлівы да бусла, да нас бы так хто… Ану, пайшлі, ваўкарэзіны, пайшлі, спатыкачы, маць вашу за нагу…

– I то… – гаворыць услед Барздыку Махахей, брыдзе вадою да хлева, адчыняе яго насцеж, панура назірае, як спалохана туліцца да сцяны карова, добра хоць хлеў паставіў на бугры, на сухенькім стаіць яго карова. Махахей выносіць з хлева вясло і жак, кідае іх у човен і доўга стаіць нерухома, як і бусел, глядзіць на дарогу, па якой усё яшчэ едзе-плыве Барздыка. Ніколі яны не сварыліся, не біліся, але і мір іх не бярэ. Барздыка знішчыў дуброву, пра якую ён думаў, пакуль не выплыў на драбінах перад ім жа той самы Барздыка. Ён знішчыў не толькі дуброву, але й нейкую частку яго самога, Махахея, частку таго свету, у якім жыў Махахей.

Хто не ведаў раней Княжбора, той і сёння яшчэ памірае перад векавечнымі дубамі, што ацалелі на беразе рачулкі. На здзіўленне дубы, шапку перад імі аберуч трымаць трэба, здымаць трэба шапку, бо сама ўпадзе. На пні падвода развярнуцца магла. Гэта ён перабольшвае, канечне, але гавораць: раней і сапраўды былі такія дубы, што параконна разварочваліся на іх. Былі, ды сплылі весняй вадой. Весняй вадой спакон веку пад шатамі іх плылі іншыя дрэвы, а пад дубамі плытагоны, прычаліўшы плыты, адпачывалі, варылі славутую сваю кашу і кулеш, і колькі той кашы, колькі таго куляшу з'едзена было па берагах рачулкі, і ўявіць цяжка, паспытаў іх у свой час і Махахей. Уявіць немагчыма, колькі па дуброве паднята княжборцамі баравікоў. I Цімох Махахей збіраў іх таксама, касіў бадай што касой, пад'язджаў на драбінах, прыпыняўся ў цяньку і рэзаў мяхамі, як на воз ускласці. Баравікі ўсе былі ядраныя, дуброўныя, ты яго рукамі, а ён уголас крычыць на цябе, на зуб просіцца, рыпіць ажно. Але адной вясной, адным летам прапала ўсё: секлі дубы, а праваліліся пад зямлю і грыбы. Звалася дуброва княжборскай, стала звацца дубняком Махахея, толькі гэта яго ўжо не ўцешыла. Не вельмі што паспеў ён выратаваць ад былой прыгажосці Княжбора.

Год той быў круты, па вясне яшчэ, пры снезе, напаткала ўсіх вялікае гора. Княжбор уліўся слязьмі, плакалі амаль у кожнай хаце, разам з усёй краінай, як па бацьку родным убіваліся, нібыта ўсе ў адну хвілінку асірацелі, страцілі бацюхну-карміцеля. Але не паспелі прасохнуць вочы, як на табе, новая бяда, пазней і яна не падалася ўжо бядой, а так, бедкай, толькі паспрабуй, калі столь на цябе валіцца, дзе схавацца, дзе знайсці паратунак: узбуйнілі княжборскі калгас. I да гэтага ўзбуйнення жылі княжборцы не надта спраўна, але ад навіны да навіны чаго-чаго, а кардопляў хапала: абжываліся толькі ж, на даўгі, на пазыкі, на крэдыты – жывёлу і тэхніку рабілі. А зямлі ў калгаса было няшмат, можна сказаць, зусім не было, гектараў шэсцьдзесят, ад сілы – сто. I ўся яна на загонах, па дзялянках раскідана па акрузе. Не больш было той зямлі і ў калгасе, які злучылі з княжборскім, добры сабака за адну раніцу мог яе ўсю пазначыць. Аб'ядналі дзве гаспадаркі ў адну, загаласілі княжборскія бабы: куды ўлада глядзіць, мы без зямлі, яны без зямлі – старцаў толькі пладзіць будзем. Але нашы хоць робяць, а там жа зломак на зломку, паглядаюць толькі адзін на аднаго, мы гаравалі, тэхніку завялі, а яны і насенне праелі, і нас праглынуць і не каўкнуць. Але ніхто слёз гэтых не ўважыў, таго ж Аркадзя Барздыку, як вышэйшага ў Княжборы па вайсковым званні – старшыной ён вярнуўся з фронту – і тут у старшыні. Натуры, цягавітасці ў Барздыкі хапала, па-колішняму мог ён і ў кулак выбіцца, але і зараз ён не губляецца. На тым жа сходзе, на якім абралі Барздыку старшынёй, ён і абвясціў:

– Па гэтым жа леце выйдзем у перадавікі.

I выйшлі, бяды той сапраўднай не разгледзелі, выйшлі, як на свята, з песнямі, тварыць і памнажаць бяду і гароту ўласнымі рукамі. Дзве вёскі, усе мужчыны і бабы наперадзе іх. I паплылі па рэчцы дубовыя бярвенні і кражы ў вялікія гарады, на вялікія здзяйсненні. Працавалі хапатліва і прагна, прагна падлічвалі ўжо і грошы, прыглядаліся да абновак, прыкідвалі, хто што справіць, што прыдбае ў хату. Цімох Махахей спрабаваў перашкодзіць сякеры і як сам не трапіў пад сякеру.

– Ураг народа, – коратка сказаў Аркадзь Барздыка. – Вось ён перад вамі. Глядзіце, пакуль ён яшчэ тут.

Ад такіх слоў Махахей аслупянеў, забыўся нават і пра сваё. Не жартачкі гэта былі. Не жартачкамі ўскінуліся на яго людзі:

– Лес, дуброва чыя? Калгасная. А мы хто – калгаснікі. Ураг ты калгасніку і калгаснаму ладу.

– Які я ўраг, я карову сваю сенам абдзяляю, калгасных коней кармлю, – не хацеў добранькім выстаўляцца Махахей, а вымусілі.

– Трэба яшчэ разабрацца, – напёр Барздыка, – адкуль у цябе сена. I карове хапае, і коням застаецца. Адкуль?

– З-пад кур, вось адкуль. Твой стог з зімы ў гародзе прахне, ні жменькі нікому не пазычыў.

– Не лезь, Цімох, пасві коней, пакуль самога ў цуглі не зануздалі ды на аброці не павялі.– Гэта ці не Роўда заступіўся за яго. – Дрэва яшчэ вырасце, а мы з зямлі ніколі не падымемся. Пра людзей трэ думаць, шкадаваць жывое.

I гэта Антон Роўда так. Ён таксама быў з сякераю, як і ўсе мужчыны вакол. Але ім Цімох дараваў, а Антону не мог дараваць. Шмат пра што гаварылі яны, і адны ў іх былі словы, адны думкі, нават парадніцца мерыліся. I нясоладка было Цімоху слухаць і глядзець на Антона Роўду: калі ўжо ён узяўся за сякеру, значыць, няма ў Княжборы чалавека, які падтрымае яго, Цімоха Махахея, Княжбор супраць яго.

I калі б толькі княжборцы, Антон Роўда, чужыя людзі – родная жонка ўз'елася. Цімох папрасіў яе дагледзець коней.

– А ты што, бязногі ці бязрукі,– накінулася яна на яго. – Вунь, паглядзі, якія толькі працадні на лесе пішуць. I грашыма, гавораць, адразу разлічвацца будуць.

– Не хачу я тых працадзён, і грошай мне іх не трэ, пайду ў раён, каб забаранілі.

– Супраць грамады! А як жыць у вёсцы будзеш, з кім знацца станеш? Што табе, капейчына ў хаце лішняя, радзецель, парадчык. Гармоніку табе на іх куплю, грай сваім коням тустэпы, скачыце ноч навылёт… Вунь чацвёра ў куце, і кожнае рот зявіць. Праўдай сваёй пакармі іх… Ох, выпала ж доля, самай бы сытай была, калі б тваю праўду на хлеб памазаць. I ў каго ты толькі такі ўдаўся, у каго пайшоў.

– Пайшоў я, – сказаў Цімох.

– Ой, ды хоць хлеба скібку вазьмі на дарогу… Не пушчу, не пушчу, – Ганна стала каля парога, ён падышоў да яе, пацягнуў за нос, жонка адразу ж захлюпала ім: – Ты хоць прозвішча свайго не кажы там…

Але гэтых слоў яе Махахей ужо не чуў. Да горада, да ўлады свет быў не блізкі. Трыццаць кіламетраў, гаці, брады, і трынаццаць масточкаў: яго масточак, Махахееў, масточак Роўды… Пакуль гэта ён усе іх пералічыў, перадумаў, куды і навошта ён ідзе ды што скажа. Княжбор працаваў, плылі па рачулцы дубы. Плылі яны і потым, пакуль начальства з горада да іх наладзілася, а яно не надта прыспешвала: не было машыннай дарогі. Княжбор – сяло глыбіннае, і вядзе туды адна дарога. Вось так і скончыўся сказ пра княжборскую дуброву, казкі пачаліся.

Зноў з'явіўся пад Княжборам Жалезны Чалавек, зноў загаласіла ў Княжборы Галасніца. Чалавек жа той быў нядобры, таму што незразумелы, памяталі яго толькі старыя, што жылі яшчэ ў даўнім Княжборы. Хадзіў ён там кожную ноч па вёсцы, тупаў жалезнымі нагамі. I чаго хадзіў, чаго праг, шукаў чаго – пра тое ніхто не ведаў. Ці то была грэшная душа з саміх княжборцаў, ці прыблуда нейкая, таксама ніхто не мог адказаць. Але толькі змяркалася, людзям спаць класціся, з'яўляўся і ён, чорны, цёмны і бязвокі, крочыў вясковай вуліцай, крочыў так, што дрогка званілі вокны ў хатах і хісталіся хаты. Туліліся да платоў людзі, што рызыкнулі такой парой выйсці на вуліцу. Жалезны Чалавек не кранаў іх, хадзіў ён маўчком, што соўсень сунуўся, а недзе сярод поля галасіла Галоска-галасніца. Бегала ад мяжы да мяжы, шукала сваё дзіця, убівалася па ім. Галасніца была сваёй Княжбору, яе ведалі. Яна прыспала хлопчыка, прыдушыла ў сне і са скрухі павесілася. Пахавалі яе, але і ў зямлі не ведала яна спакою, усю ноч напралёт шукала свайго сына. Галоску княжборцы шкадавалі і любілі. Яна была як за лекарку ў Княжборы, лячыла княжборскіх дзяцей, калі сурочыць іх хто ці напалохае, пазбаўляла ад прастрэлу і шчацінкі, як толькі выпадала раса, пачуўшы Галасніцу, княжборскія маладзіцы хапалі сваё неспакойнае дзіця і беглі ў поле, на мяжу, пакідалі яго ў разорцы на мяжы, адыходзіліся самі крыху ўбок, чакалі, калі Галасніца знойдзе яго і прагоніць хваробу. I Галасніца знаходзіла, заціхала, супакойвалася сама і супакойвала дзіця. Маці забірала яго, кланялася нізка Галасніцы. I тры дні пасля гэтага Галасніца маўчала, тры дні не чуваць было яе жалобнага і скрушлівага голасу. А Жалезны Чалавек хадзіў і хадзіў, не зважаючы на надвор'е. Не баяўся ён ні дажджу, ні пылу, не пакідаючы і слядоў, ішоў у дуброву, і ўсю ноч стагналі і тужліва шумелі веццем дубы. На світанні толькі супакойвалася дуброва.

– Няйнакш хтосьці з сваіх і Жалезны гэты чалавек, – гаварылі княжборцы. – Жывы нехта, няймецца камусьці жывому, таму што сярод тых, хто памёр, не ведаем нікога настолькі грэшнага ці настолькі святога, які і не адзываецца, і знаку нам не падае.

Але як толькі княжборцы пераехалі на новае месца, адчапіліся ад іх і Галоска-галасніца, і Жалезны Чалавек. З'явіліся апошні раз перад вайной ці то ў вайну, але не на доўга. Прыгадалі былое княжборскія маладзіцы, пацягнуліся з дзецьмі па мяжу, толькі дарэмна: нікому не дапамагала тады Галоска. Мо княжборцы і забыліся б пра іх. Але вось знішчылі дуброву, і зноўку ўсчаліся над палямі галашэнні, задрыжалі ў хатах вокны, зноў пачаў хадзіць па вясковай вуліцы Жалезны Чалавек. Гады два таму назад бачыў яго ў сваім дубняку і Цімох Махахей, як Барздыку бачыў сёння раніцай, зусім блізка падышоў ён да яго цяпельца і спыпіўся, нібыта адліты з медзі. Спыніўся і пачаў урастаць у зямлю, спакваля, паціхеньку так. Урос па калена, і далей зямля, мусібыць, не прымала яго ўжо, утапталася, цвёрдай стала.

– Ну чаго табе яшчэ? – спытаў Махахей. Жалезны Чалавек маўчаў, толькі агонь ад цяпельца скакаў па яго целе, і здавалася, што Жалезны Чалавек дыхае. А твар яго заценены і нерухомы.

– Ідзі, ідзі,– незласліва і без спалоху сказаў яму Махахей. – Чаго коней трывожыш, бачыш, як храпуць? – I Жалезны Чалавек пайшоў, знік у цемры, як і не было яго. Чаго прыходзіў, і спытаць некага. Раніцай Махахей агледзеў тое месца, дзе стаяў Жалезны Чалавек, урастаў у зямлю. Ніякага знаку. Прымроілася, падумаў ён, учадзеў ад дубовага пня, ад дымакура, што насіў з сабой ад з'яду, пазванілі ў вушы камары, намільгацелі перад вачыма, вось і лезе богвед што ў галаву.

Але сёння ноччу Жалезны Чалавек зноў прыходзіў да яго, і ўжо ў хату, калі ён спаў.

– Я ж прагнаў цябе, – сказаў яму Махахей. – Навошта ты зноў прыпёрся? – Жалезны Чалавек стаяў каля ложка і маўчаў. I Махахей цяпер, лежачы на ложку, бачыў ужо яго твар, нібыта ў хаце гарэла святло, невялічкае такое святло, але яго хапала, каб разгледзець твар госця. Быў ён і сапраўды невідушчы і ў воспінах, нібыта яго адліць адлілі, а адшліфаваць не паспелі, ці гэта ён плакаў увесь час і слёзы з'елі яго твар.

– Давай па-добраму, – прапанаваў яму Махахей, – каб паганства ў маёй хаце не было.

На гэтых яго словах Жалезны Чалавек насунуў лаўку, змёў на падлогу карэц з кіслым малаком, што паставіла нанач баба Ганна, калі ён ужо спаў, змёў і сеў. Махахей толькі ўздыхнуў:

– Што ж, прыйшоў, дык гавары ўжо.

А Жалезны Чалавек сядзеў і маўчаў. I маўклівасць яго была не цяжкай, карцела толькі даведацца: хто ён і адкуль і чаму ён абраў яго, Махахея, каб вось так хадзіць за ім і памоўчваць. I яшчэ здавалася Махахею, што ўсё ж нагадвае яму некага Жалезны Чалавек, а каго – і ў галаву не прыходзіць. I толькі калі прачнуўся, перабраў усё, калі ўжо баба Ганна забурчала: каму тут спакою ноч не было, хто тут лазіў, шастаў ноччу, перакуліў малако, спаганіў посцілку, – успомніў Махахей, на каго быў падобны Жалезны Чалавек: на дзеда Дзям'яна, бацьку Антона Роўды. Дзед Дзям'ян таксама чыгунна хадзіў па зямлі, чобаты свае яшчэ з грамадзянскай, здаецца, не здымаў, яны як прыраслі ўжо да ступакоў яго. I твар у дзеда Дзям'яна такі ж шэры, як з чыгуну, і слова ён захоча – вымавіць, а не – тры дні маўчаць будзе. Не схацеў гаварыць з ім, з Махахеем, і Жалезны Чалавек. Адседзеў па лаўцы да золаку і пачаў раставаць. Але словы яго, гаворку яго Цімох, здаецца, чуў – толькі не праз голас, а нібыта знаходзіўся ў хаце нехта нябачны трэці і пераказваў Махахею ўсё, што карцела сказаць госцю. Расказваў усё пра Княжбор, толькі не пра яго Княжбор, не пра тое сяло, у якім жыў цяпер Махахей, а пра іншае, якое было на гэтым месцы колісь, так даўно, што і сам Жалезны Чалавек не надта памятаў, і вакол таго старажытнага сяла быў бор, і хвоя з таго бору яшчэ расце, а нябачна яе, таму што расце яна наадварот, у зямлю. Сёння наадварот, а заўтра мо ўжо як і трэба, у неба будзе. I наадварот – гэта толькі надаецца так Махахею і людзям, таму што яны не бачаць яе. А ён, Жалезны Чалавек, бачыць, так і павінна расці: хвоя яму. Ці не людзі, ці не сам Махахей вымушае яе расці так. Вось знішчылі яны дуброву, і дубы ўсе зараз таксама растуць наадварот. А яшчэ перадаваў Жалезны Чалавек сум свой і тугу, шэрую, жалезную, таму і ходзіць ён па зямлі і не стамляецца, што не ведае спакою, што ўсё больш і больш паўсюдна людзей, якія таксама жывуць наадварот, ходзяць наадварот, уніз галавой. Гэтага пакуль таксама ніхто не прыкмячае, звыкліся, але ён, Жалезны Чалавек, бачыць усё, толькі нічога не можа перамяніць, хоць ён і Жалезны, і непатрэбным ён адчувае сябе на гэтай зямлі, лішнім.

I тут Махахею стала прыкра і ніякавата. Нешта вельмі дзіўнае было ў яго гутарцы з Жалезным Чалавекам. Цікаўнасць да пары да часу не давала выявіцца гэтаму дзіву. I раптам цікаўнасць знікла, сугучнасць нейкая атрымоўвалася, нешта вельмі знаёмае, чутае апавядаў яму Жалезны Чалавек, і жах пачаў апаноўваць Махахея, невядомы яму раней жах, халодны. Ён ускінуўся, прыслухаўся і зразумеў, што гэта ён сам, Махахей, гаворыць. I жах, з якім ён ужо справіўся, зноў ахапіў яго: выходзіць на тое, што ён, Махахей, і ёсць Жалезны Чалавек, недарэмна бабы языком менцяць, што з сялян, з іх вёскі той Жалезны Чалавек. Што ж гэта ён творыць, непакоіць людзей, падумаў Махахей, як след яшчэ не прачнуўшыся, думае, што пасвіць коней, а сам па вёсцы шлэндае, зусім здзяцінеў, добра, што ніхто не здагадваецца, хто ён такі. Махахей спахапіўся: калі ён і ёсць Жалезны Чалавек, то з кім гэта ён толькі што гутарыў, куды дзеўся яго госцейка. Але нікога перад ім ужо не было. Жонка і Надзька яшчэ спалі, жонка пад бокам, а Надзька на сваім ложку. Не спала толькі маці на печы, цікавала за ім чорным нядрэмным вокам. Ён яшчэ муляўся, не ведаў, як спытаць яе, ці быў тут хто, старая апярэдзіла яго; пахітала галавой; ён засаромеўся яе і захутаўся з галавой у коўдру.

I цяпер сярод вады ў чоўне яму таксама было няёмка і прыкра, як раніцай у хаце. Ён плыў праз былую дуброву, тую самую, якую ратаваў, але так і не ўратаваў, ад яе засталіся толькі пянькі, нябачныя, праўда, таму што высокая вада, човен плыве не датыкаючыся да іх, а ўсё адно як скрабком хто скрабе па сэрцы. Няўтульна яму глядзець на зямлю без дрэва, прыкра ведаць, што там, дзе колісь раслі дубы, расце трава. Сенажаці цяпер тут, іх вясковыя сенажаці, таму і не карчуюць пнёў, а калі раскарчуюць, то сенажаці будуць калгасныя, пройдзе па іх ужо і сенакасілка. Сярод жа пнёў ёй няма развароту, толькі літоўкай магчыма выдзеўбці траву.

Слізгаціць на вадзе човен, цененька, па-птушынаму скварчыць разламаная, адрынутая вада, і аднастайнае яе шапацепне і лопат супакойваюць Махахея. Вось чаму ён і любіць човен, дашчанікі-душагубкі, тыя на вадзе сыкаюць злосна, што гадаўё, а човен ляціць, нячутны і вёрткі, як бабёр. I Махахей можа спакойна думаць аб тым, як у лагчыне сярод дубкоў паставіць свой жак. Ведае ён, дзе рыба ходзіць. I не міне жака чырванапёры, раз'ятраны ад несвабоды язь. На лагчыне, да якой ён кіруецца, язь ходзіць нераставаць, ідзе вясной так, што, здаецца, на куст каліны ўз'ехаў. Махахей не перашкаджае язю ісці ў возера, а вось калі ён ужо аднерастуе, адаб'ецца, тут ён і бярэ яго, небагацька, пяць-дзесяць галоў, каб наспелі прывяліцца, пакуль не ўзнялася муха. I ўлетку, калі скрылёк сала прыхаваны недзе бабай толькі для касы, тады прыдатная будзе і рыбіна, добра яна і ў шчавель, і ў бацвінне, і юшка неблагая, калі няма часу па свежую рыбіну на рачулку збегаць. Махахей спыняе човен, але не спяшаецца ставіць жака. Круціцца човен, круціць галавою ва ўсе бакі і ён; нібыта не рыбаліць прыехаў, а на нерастовішча нейкае. Перад ім, як на далоні уся яго вёска, бы нехта знарок расставіў хаткі сярод вады, і з няўстойлівага чоўна яму здаецца, што плывуць да яго гэтыя хаткі, плывуць і далёкія, ацалелыя дзе-нідзе дубы, хістаецца неба, люляецца на ім сонца, і верыцца, што зямля сапраўды круглая, усё па крузе ідзе. Закруцілася, закарагодзілася, насунулася на яго, каб і яго ў гэтую калаверць уцягнуць і не адпускаць да апошняй хвіліны, да скону самага.

Калі ёсць на зямлі рай, няма яму лепшага месца, чым вось гэтае, дзе стаіць на беразе рачулкі яго вёска Княжбор, дзе побач лес і вада, дзе недалёка возера Княжае – Князь-возера, вялікае, сівое ад чароту і гадоў сваіх. Ляднік, гавораць, як плугам, праараў яму ложа, яно і легла ў гэтае ложа і не хоча іншага. Рака, тая яшчэ кідалася, злавалася на свае берагі, вада яе не хацела прызнаваць берагоў, дзёрла, драпежыла іх, васемнаццаць раз здраджвала толькі тут, пад Княжборам, свайму рэчышчу. I цяпер васемнаццаць старыц апавядаюць небу пра гэтыя здрады, спякотным поўднем перагаворваюцца праз неба брат з братам, сястра з сястрой. I толькі неба і сонца дасягаюць іх дна, ведаюць усе віры і ямы, дзе атабарыліся і раскашуюць вусатыя самы, дзе чакаюць свайго часу занесеныя пяском стагоддзяў мораныя дубы, дзе і сёння мо жыве балотны бык. Усё можа быць. Ці не яго адразу, як пераехалі сюды, спрабавалі злавіць княжборскія мужыкі.

У старыцы, што над самымі хатамі Княжбора, у бяздоннай яме, па якую і сёння глядзіць хлеў Махахея, завялося нейкае страшыдла. Махахею і ішным хлапчукам маці не дазвалялі нават купацца ў старыцы. Качкі і гусі не маглі нават беспакарана плаваць над той ямай. Да сярэдзіны яе даплывала яшчэ птушка, а там, пасярэдзіне, мах-мах крылом, нібыта хто за ногі яе хапіў. I ўсё. Толькі кругі на тым месцы разыходзяцца, ды перца адзінае пагойдваецца. А аднойчы не птушка, а кабанчык птушкай пачаў вырывацца з вады, свечкай узняўся пад вадой, раўнуў дзікім голасам і захлынуўся, пайшоў пад ваду, толькі бурбалкі ад яго. Раззлаваныя і перапалоханыя княжборцы адкавалі ў кузні крук, ці не такі, што сёння ў тэлеграфныя слупы ўкручваюць, стары Махахей, дзед яшчэ Цімоха, не пашкадаваў парасяці. Засмажыла яго баба, як госцю самаму пажаданаму, цалкам на ражне – і па крук, а крук на вяроўчыну і ў яму разам са смажаным парасём. Другі канец вяроўкі прывязалі да дуба і сталі чакаць. Доўга ці коратка чакалі, тое ўжо забылася, проста так чакалі ці было яшчэ адно парася смажанае і пад парася нешта было – гэтага ў памяці таксама няма. А вось што біўся ён, Цімошык, з хлопцамі: хто выцягне тое балотнае страшыдла, каму яно ўслугоўваць будзе – пра гэта добра помніцца. Меў жа ён усе правы на тое страшыдла, з іх жа хлява парася было, і шкада яму было таго парасяці, таму і біўся. Але раптам бойка гэтая скончылася, затросся, што асіна, дуб на беразе старыцы, ухапіліся мужыкі, цягнуць вяроўку, бачаць – не сцягнуць ім. Махахей-дзед гармонік убок, пару волікаў падагнаў. І валы перш, здаецца, кранулі, перамаглі страшыдла, пацягнулі яго з вады. Але два крокі зрабілі, а на трэці і іх не хапіла, павяло волікаў кудысьці ўбок, задрыжалі ногі, нібыта яны выпіць выпілі, а заесці не паспелі.

– Цоб-цоб-цоб, – закрычалі мужыкі волікам, а тыя як і не чуюць, хістаюцца ўжо.

– Нячысцік, нячыстая сіла, – загаласілі бабы. Цімох з хлопцамі кумільгом з дрэва. А волікі ўжо на каленях стаяць.

– Ой, прапалі валы, ой, няма ўжо волікаў нашых, – схапілася за галаву старая Махахеіха. – Грала старое, дурань сівы.

– Рэж, сячы вяроўку, – падліў масла ў агонь Барздыка.

Я табе секану, я табе разану, – гэта Махахей. I волікаў яму шкада, і вяроўку шкада, і парася марна страціў – за ўсё адказваць яму перад жонкай. А тая ўжо друк ухапіла.

– А вось табе волікі, а вось табе кабанчыкі… I кабанчыка няма. I гармонік – грала тваё чортава ўтаплю.

– Тані, гары яно гарам усё – і волікі, і кабанчыкі з музыкай разам, хоць чорта жывога пабачу.

– Чорт, чорт! – залямантавалі бабы. А валы ўжо хрыпелі. Возера калыхнулася і рушыла на бераг, раздалася, як ні да дна, расступілася вада над ямай, здаецца, паднялася вада ўгару і плюхнула на людзей, па валоў. Махахей схапіўся за вяроўку, ратуючы жывёлу і маёмасць сваю, а апынуўся ў старыцы, нехта з Барздык усё ж не вытрымаў, паласнуў нажом па вяроўцы.

– Дзядуля, – заенчыў Цімошка.

– Туды табе, старому дурню, і дарога, – сказала Махахеіха.

Але Махахея выцягнулі з вады, сам ён, дапамагаючы сабе мацюком, выплыў. А чорт, нячыстая сіла знікла.

– Ты хоць бачыў яе? – пыталі Махахея мужыкі.– На каго яна падобна?

– Бачыў… На жонку маю яна падобна, таму і не прыняла мяне.

Невядома, каго бачыў дзед, а вось сам ён, Цімох Махахей, падзівіўся на тое страшыдла, што лавілі, ды не спаймалі княжборскія мужыкі. Карчавальнікі на выхадны падскочылі да іх парыбачыць, і колькі шапак толу, якімі пні рвалі, кінулі яны ў тую яму, цяжка і падлічыць, але грымнула так, што Махахей, у адным споднім, з хаты выбег. Карчавальнікі падважвалі, падцягвалі да берага баграмі вялізнага сома, пудоў па пятнаццаць, не менш. Усклалі яны таго сома на драбіны, хвост па зямлі валочыцца…

Вось што тояць у сабе княжборскія старыцы і азярыны. Жывуць яны сваім незалежным ад чалавека таямнічым жыццём, мо і дамкі якія там на дне стаяць. Жывуць азярыны, старыцы, рэчкі, як людзі, дыхаюць, старэюць, мо і дзяцей на свет пускаюць. I свет іх такі ж разумны, як і ў чалавека, а мо і разумнейшы яшчэ. Мароз жа па скуры, калі ён назірае за бабрамі і бабраняткамі. Іх тут процьма, больш, чым мужыкоў у Княжборы. I як яны робяць! На золаку пачынаюць, раней нават, ноч яшчэ не адышла, яшчэ світальны туман над ракой, а яны ўжо ў клопаце. Як з таго свету, выплываюць з сваіх хатак чорнымі чоўнамі, і не згледзіш на вадзе, слізгатаць па плыні, будуюць плаціны, валяць дрэвы, падымаюць ваду. Камунай упраўляюцца, но паспела дрэва яшчэ ўпасці на ваду, а яны ўжо на ім з усіх бакоў і, як пілою, пілуюць яго. А зазлуюць ці пачуюць каго, што чэпам, малатне па вадзе стары сівы бабёр, і цішыня, толькі лозы, дубы, ясені – адбітак іх пагойдваецца ў рудой вадзе. I здаецца, дубы, ясені растуць не толькі па беразе, але і з дна старыц і азярын, а скрозь іх голле і ствалы гарачым жарам прабіваюцца белыя гарлачыкі, лотаць, белай і жоўтай прахалодай астуджваюць дзень, зямлю. Радуюць вока, а рукам не даюцца. Узяў ты, малады, у рукі гэты белы гарлачык, вокам на яго, а ён ужо і састарэў, забіў ты яго сваім жаданнем, хапатлівасцю чалавечай да ўсяго, да прыгажосці і пачварнасці, дакрануцца рукамі. А Княжбор трэба прымаць сэрцам, сэрцам чуць і бачыць яго. Не дзеля ж прыгожага слоўца гавораць княжборскія мужыкі і бабы, што знак ім быў перад тым, як яны атабарыліся на беразе рачулкі.

Плыў па рацэ з славутага і старажытнага горада Турава каменны крыж. Ішоў за вадой, пагойдваўся ў хвалях, пакуль не дайшоў да вусця іх рачулкі, у вусці развярнуўся і пайшоў па рачулцы, толькі ўжо супраць вады. Спыніўся ля стромага берага, ля сунічнай паляны, дзе, як свечкі, стаялі бярозы, і знік. Там, дзе ён знік, і пачалі будавацца княжборцы, заснавалі вёску. Махахеі сцвярджаюць, нібыта гэта яны і былі першымі. Барздыкі ж даказваюць, што не: яны былі першымі. А Роўды гавораць, што ўсё было зусім наадварот, нібыта яны самі і былі тым крыжам. I нікуды крыж не знікаў, з крыжа іх хата вырасла, і толькі потым, ці не на другое ўжо лета, з'явіліся ўсякія там Барздыкі і Махахеі. Спрачацца з Роўдамі цяжка. Яны Дзям'яны. А дзед Дзям'ян яшчэ і зараз, мінулым летам, з дзем'янятамі сваімі. паехаў па сенажаць. У былую дуброву паехаў грабці сена. Зграблі сена, скідалі ў стог, наклалі на воз, высеклі, кінулі зверху рубель, хапіліся ўціскаць – няма чым, забыў, у сенцах пакінуў Дзям'ян вяроўку. I так яму прыкра зрабілася, што ён скокам узляцеў, як малады, на стог і так раўнуў: «Сцяпане, вяроўку!» – што пляменнік з вяроўкай у зубах прыджгаў. А ад пакосу Дзям'янавага да сяла, ні мала ні багата, тры кіламетры. Вось якая глотка ў гэтых Роўдаў. Хто іх перагарлае? Але гарлалі ўсё ж у вёсцы больш Барздыкі ды бабы Махахеяў. Адстойвалі першынства ды верхнасць сваю. А адстойваць гэта прыходзілася часцяком. Варта было толькі Махахеевай курыцы Барздыкаў гарод перапароць, як усчыналіся войны і змаганні. Шалелі бабы ад цішыні, прыгажосці, спакою, ад абшару і абсягу, ад вады, дубровы, не браў іх мір і ў раі. А рай зямны, безумоўна, калі ён быў, то быў у княжборы. Але калі існавала на зямлі і пекла, то лепшага месца, чым Княжбор, прыдумаць яму было немагчыма. Апошнія пяць гадоў перабралася гэтае пекла ў Княжбор. Разверзліся хлябі нябесныя, адчыніліся рэкі і азёры падземныя, з усяго свету абрынулася вада на Княжбор і затапіла яго – ні праехаць ні прайсці. Першы год княжборцы жылі, як жылі і да гэтага, грунтоўна і нязвадліва: ці то яны не палешукі, ці то першая паводка ў іх жыцці, іншым годам іх жа па тры, а то і чатыры запар выпадае. Самая першая – гэта яшчэ зімой, напрадвесні, калі яшчэ і рэчка пад лёдам, з Карпат прыходзіць вада; другая – вясновая, пасля крыгаходу ўжо; а трэцяя – улетку, зноў Карпаты ваду пускаюць – самая небяспечная, таму што ўсё ўжо ў зямлі і ўсё вымакае і гніе; і апошняя – восеньская. Так што вада, хоць і бяда, але звыкліся ўжо з гэтай вадой палешукі, не першы год жывуць на зямлі, чаго толькі ў гэтым жыцці не зведалі, хапіла і горкага, і салодкага. I вада была, і суша, і пажары праляталі тут, і войны не абміналі. Ні адна вартая ўспаміну бойка не мінула іх. Калупні іх зямлю і наткнешся на костку татарскую, шалом і чэрап шведскі і германскі, і свежанькі чарапок, нямецкі. На іх драўлянымі крыжамі засеяным пагосце па сённяшні дзень урастаюць у зямлю каменныя крыжы, глыбы, на якіх не нашымі літаркамі пісана. Ніхто з княжборцаў тых літарак не разумее, але ведаюць, што чужынцы там, пад тым каменнем, адпачынак знайшлі. З чым ішлі, тое і атрымалі: амінь. А непадалёку ад тых камянёў, ад могілак вясковых, узвышаюцца на іх палескай зямлі курганы з белага пяску, зусім ужо старажытныя магільнікі, невядома толькі – чые. Ні погалас, ні паданне не данеслі да нашых дзён нічога, аніякай памяці аб гэтых магільніках: мо крыж недарэмна сюды плыў. Так, пэўна, і трэба, што пра ліхое згадваць. Тыя ж, у магільніках, сваё атрымалі. Усё зведалі, усё спасціглі за свой доўгі вясковы век палешукі-княжборцы, выстаялі, перацёрлі, змалолі ўсё ў муку, у пацяруху, і чужынцаў тых, падняць бы іх зараз з зямлі, паставіць адзін да аднаго – Белай Русі не хапіла б, і беды свае, уласныя ўжо, не зламалі іх, і агонь не спаліў, выстаяць яны і перад гэтай вадой, вадой-бядой.

Але ішлі вёсны, а за імі яшчэ большая вада, патоп сусветны, нібыта бог нанава ўздумаў стварыць свет і тварыў зараз ваду, паядноўваў зямлю з вадой. Жывёла, коні, каровы, тыя ўжо, здаецца, звыкліся, месяць і гразь, і ваду. Праўда, зрэдку які конік ці кароўка з тых, што шчыпалі траву ў пачатку гэтага патопу, шчыплюць яе і сёння. Адны самі, добраахвотна, сканалі, другіх прырэзалі, але затое нашчадкі іх адчуваюць сябе і на самай справе, як рыба ў вадзе. Каровам, валам, каб тыя не гразлі ў балоце, яны прыладзілі да ног дошчачкі, абулі іх, і ходзяць яны па княжборскай зямлі ці, праўдзівей кажучы, вадзе, пасвяцца, равуць і плодзяцца, як спакон веку пасвіліся, раўлі і пладзіліся. А вось людзі гібеюць. Хоць і гаворыцца, што чалавек хутчэй з усім звыкаецца, на гэты раз не па прыказцы атрымалася. Хутчэй звыклася з новым жыццём жывёла. А людзям хочацца, каб па-людску ўсё было. Зусім жа інакш жывуць людзі там, дзе бяруць пачатак і куды збягаюць іх рэкі. А яны як у бога цяля ўкралі. Яшчэ год-другі, і змые паводка іх хаты, сплыве весняй вадой іх вёска, іх жыццё. I як па-мужыцку ні трымаліся княжборцы за зямлю сваіх дзедаў, за зямлю, дзе іх пот і кроў змешаны з потам і крывёю іх ворагаў, дзе цень іх ходзіць у абдымку са стогнам, скрыгатам і бразгатам іх мяча, што скрыжавалі яны ў смяртэльным паядынку са сваімі ворагамі, дзе перагукваюцца паміж сабой першы і апошні, той, што адыходзіць, і той, што прыходзіць, каб змяніць яго, прыйдзецца ім пакінуць гэтую зямлю.

Махахей ужо ўправіўся з жакам, але кіраваць дамоў не спяшаўся. Гэты лес, куст лазы, вада, неба – таксама хата, хоць не ім, не яго рукамі пабудаваная, і драбніцу толькі трэба чалавеку ў гэтай хаце, што не ведае сцен, – закутак невялічкі з акенцам неба, з адным-адзіным дрэвам, лапікам зямлі, стужкай вады. Усё гэта бачыў ён, як толькі пачалі бачыць вочы, і ўсё гэта ён павінен і несці з сабой, бачыць павінен і з-пад крыжа. Інакш атрымаецца, што і не жыў ён, не нараджаўся на свет і няма нічога роднага яму на гэтым свеце. I няхай паўсюдна ёсць вада, растуць дрэвы, аднолькава на ўсе чатыры бакі зямля, але яго дрэва, яго зямля, яго вада адметныя, чужое ўсюды чужое, на чужыне і сонца ўсходзіць інакш, і не грэе, і не свеціць. Махахей жадае памерці на роднай зямлі, прымае смерць на роднай зямлі, як прымаў жыццё. Магчыма было б загадаць наперад – ён скапаў бы тут, сярод вады, у дзедавым чоўне. Калі толькі б магчыма было, не будзь у яго столькі клопату, быў бы вольны ён, пусціў бы гэты човен за вадой – плыві, куды плынь вынесе. I дзень, і ноч, і месяц, і год не стаміўся б плысці, глядзеў бы на ўсе вочы: якія дрэвы растуць, якія каровы па беразе ходзяць, якія хаты стаяць, якія людзі ў гэтых хатах жывуць, глядзеў бы наперад, якое дрэва паўстане там, за каленам ракі, за касою пяску, за чаротам і лозамі, за лукавінай чорнай, што там, у тумане, у мроіве далёкім, прыхавана, ці варта зямля цікавасці і болю, глядзеў бы з чоўна ў ваду, у патаемную глыбіню яе, што паказала б яму гэтая глыбіня, чым бы прывабіла, рыбінай, вялікай і разумнай, ці рыбінкай маленькай, дураслівым пячкурыкам, пясчынкаю, што дрыжыць і свіціцца па дне. А мо б убачыў ён і самога сябе. Плыў бы так і плыў, глядзеў бы, дзівіўся і дзівіўся, пакуль не захапіла б дарэшты яго рака. А рака, агонь ды яшчэ колы машыны, што імчыць немаведама куды, заманьваюць чалавека, загад нейкі ад іх зыходзіць: кроч, ступі, кінься, забудзь пра ўсё – і да нас. I сам ты ператворышся ў агонь, у дарогу і ваду – у тое, што спрадвечна. Слізгані, слізгані ў гэтую нехапатлівую плынь, ты ж з'явіўся з яе, ты прыгадаеш і Жалезнага Чалавека, і Галоску-галасніцу, ты прыгадаеш усё, што з табой некалі было, як ты выйшаў з гэтай вады, выпластаваў, атросся і рушыў ад яе, запалаў полымем кастра, прапыліўся пылам дарогі і сам зрабіўся дарогай, пылам яе каляін, скрыжаванняў, травою ўзмежкаў і ростаней. Такую ж растваральнасць і злітнасць з далеччу і дарогамі адчувае ён ноччу, седзячы каля цяпельца, маркотна паглядаючы, як убіраецца ў сілу полымя, слухаючы поскач спутаных коней, як тужліва ржуць яны ў тумане, нібы выклікаюць некага з гэтага туману. Махахей слухае, наглядае і міжволі чакае, што вось зараз нацешыць ён цяпельца, падкорміць яго, падкіне сухога голля, усхопіцца, скруціцца тугім скруткам полымя, і з гэтага полымя крочыць нехта жывы (мо сам ён крочыць) і скажа: здароў, Махахей, чаго ты тут смуткуеш, навошта клічаш мяне, што табе ад праху майго трэба?

Махахей палохаецца і пытання гэтага вогненнага, і чалавека агнявога, і вады – сябе палохаецца.

– Што табе, бацька, трэба? – з гэтым жа, як з нажом да горла, прыстаюць да яго і дзеці, і жонка з той жа сама песняй.

«Што табе, бацька, трэба, што трэба табе, чалавеча?» – запытальна цурчыць вада. А бог яго ведае, а чорт яго ведае, што трэба яму, каб быць шчаслівым. Сына вось трэба, нашчадка, толькі спазніліся яны з Ганнай мець сына. Усё жыццё чакаў ён сына, кожны раз спадзяваўся: ну, на гэты раз будзе ўжо сын. Але нязменна нараджаліся дочкі, толькі дочкі. Чатыры разы дочкі. Тавар ненадзейны, чужым людзям, а не сабе. Усе, акрамя апошняй, ужо вылецелі з яго кубла. I гэтая апошняя не затрымаецца ў кубле, не заседзіцца ў яго хаце. А што за хата, калі ў ёй пуста, калі ў ёй толькі старая ды стары, кошка ды сабака. I што за век такі пайшоў, што здарылася з людзьмі, размежаваліся яны на маладых і старых, на гарадскіх і вясковых і яшчэ бог ведае на каго. Раней хата была дык хата, каля старых маладыя, пры дзецях – бацькі. А зараз дзеці ўсе ў горадзе – у жалезе, у каменні, старыя – у вёсцы, у гноі. I лягуць хутка гноем у зямлю, і хату, вокны і дзверы, крыж-накрыж дошкамі.

Яго, праўда, дочкі напярэймы адна перад адной клічуць іх са старой да сябе. Усе яны няблага ўладкаваліся ў горадзе. Трое паканчалі інстытуты. Адна толькі, першая, з тэхнікумам, медсястра. Некалі ёй было, гаротнай, вучыцца, глядзець меншых трэба было. Да яе, да Алёны, мо й пайшоў бы Махахей жыць, толькі адчувае: не ўсё добра ў яе жыцці. Чалавек упадабаў яе неблагі, але толькі не яе гэта чалавек, іншаму яна была ўгатавана. Алёна маўчыць аб гэтым, але ён жа не сляпы, сам бачыць. I шкада яму таго чалавека, і дачкі шкада, а як парадніць іх, ён не ведае. У кожнай – кватэры гарадскія, прасторныя, толькі што яму ад той прасторы, калі не ляжыць яго душа да гарадскога.

Гіблае, гнілое тут месца. Усё гэта так. Але як выдзерці сябе, як па жывому адрэзаць сябе ад гэтага месца, калі па могілках скрозь усё Махахеі, Махахеі.

– I чаго табе трэба, бацька, хто цябе тут трымае? – гэта хор дачок, чортава капэла.

– Хочу ў горад, хлопца людскога на ўсю вёску ніводнага, – гэта піскуха малодшая, самая апошняя, самая дарагая.

– О дурыла, пень стары, вось трактарыста клікну, няхай яе ў рэчку, парахню, гэту хату скоціць, – гэта падпявала жонка. Пяць год паводкі дапяклі і яе. Заспявала з голасу дачок. Праўда, і свой голас, свой розум яшчэ не страціла: – Пакуль у сіле, Пакуль тое-сёе рукамі здольны і таму дзецям патрэбны – унукаў дагледзець можам, – бегчы адсюль і не азірацца.

А ён пачаў будавацца, назло жонцы і дзецям. Ён хоча застацца тут, так хоча, як вымушае яго нехта, застацца і агледзецца. Раней жа не было калі, адна толькі вайна тры жыцці, здаецца, украла, зараз бы самы час на неба паглядзець, а жонка і свая ж хата новую вайну распачалі, пайшлі вайной на гаспадара. I так у кожнай хаце, па ўсёй вёсцы, ціхая вайна, слёзная бойка. Плачуць мужыкі сэрцам, як гэта наважыцца, пакінуць селішча. Ды і куды рухаць, куды перасяляцца. Паўвека назад усё, здаецца, прасцей было. Мужыку аб сваім жыцці самому трэба было маракаваць: не будзеш круціцца – і не пражывеш. Цяпер жа мужыкі звыклі, што Савецкая ўлада клапоціцца за іх, яна аслабаніла іх ад клопату пра хлеб надзённы, і вёска жыве, азіраючыся ўвесь час на гэтую ўладу, ды і не бачаць яны другога такога месца, якім было паўвека назад вось гэтае, каб можна было рушыць усім адразу і сесці, як сядзелі тут. А па адным ніхто не наважваецца крануцца, пакінуць свой кут, сваё кубло; гаворка не пра тых, хто едзе жыць да дзяцей: сваю хату на калёсы пагрузіць ніхто не адважваецца, усе адзін другога пільнуюцца; хто першым рушыць, чакаюць. Састарэла вёска, і мужыкі састарэлі, і смеласць іх вырадзілася ў асцярожнасць. Але ж усяму ёсць мяжа. Яшчэ год-два будуць гібець яны так, а што далей? Куды павернецца іх жытка, што будзе з Махахеямі, Роўдамі, Барздыкамі, раздзьме іх ветрам па свеце ці згуртуюцца яны зноў у грамаду і ўсё пойдзе, як і раней. I будзе галасіць над іх загонамі Галасніца, шукаць сваё дзіця, і будзе непрыкаяна блукаць па княжборскіх вуліцах Жалезны Чалавек…

Неруш

Подняться наверх