Читать книгу Трыкутнiк караля - Яўген Аснарэўскі - Страница 2

I. Трыкутнiк караля
Глава 1. У тры гадзіны дня

Оглавление

Мечыслаў ужо даволі доўга бадзяўся па цэнтры горада, пазіраючы на будынкі. Гэта быў звычайны працоўны дзень, абедзенны час якога Мечык праводзіў вывучаючы свой любімы горад. Гродна стаў яму родным, хоць вырас ён у невялікім мястэчку нездалёк.

Старыя, крывыя вулачкі, велічныя касцёлы – у гэта ўсё цяжка было не ўлюбiцца. Мечык і не спрабаваў супраціўляцца абаянню горада. Ужо ў першы прыезд ён ведаў, што хацеў бы жыць тут, сярод усёй гэтай прыгожай даўніны, якая не палохала чалавека сваёй несувымернай яму веліччу, хоць, падобнае можна было сказаць, да прыкладу, пра Фарны касцёл, але ўсё ж не – і ён быў Мечыку сваім, як сябар дзяцінства, з якім звязваюць гады дробных свавольстваў і грубых правін, радасцяў і крыўдаў. Гарадзенская даўніна ўлагоджвае гараджан, радасна ўсміхаючыся ім мілавіднымі фасадамі, з маленькімі балкончыкамi над каменным тратуарам.

Вось ужо некалькі гадоў бліскучы выпускнік аднаго з польскіх універсітэтаў, магістр гістарычных навук – пан Мечыслаў, працаваў, не пакладаючы рук, зусім не па сваёй спецыяльнасці. Працаваць даводзілася не галавой, а рукамі і хоць, па сутнасці, Мечык нічога не меў супраць такой працы, у глыбіні душы варушылася крыўда ні то на сябе, ні то на краіну, ні то на тых, хто быў вінаваты ў такім становішчы яго краіны.

Каб філасофстваваць, зрэшты, у Мечыслава было не вельмі шмат часу. Хлопец ужо паспеў абзавесціся жонкай і маленькім дзіцём, і абодва гэтых родных і блізкіх яму чалавека, зразумела, патрабавалі самай пільнай увагі, якую Мечык з задавальненнем аддаваў ім, не забываючы пры гэтым і аб сваёй творчасцi.

Ствараць Мечыслаў мог не толькі гістарычныя нататкі, але і карціны. Гісторык сапраўды нядрэнна маляваў. Такая адоранасць, безумоўна, яшчэ больш распальвала жаданне Мечыка працаваць у асноўным сваім розумам, а не мускуламі.

У абліччы гэтага маладога, дваццаці з лішнім гадоў ад нараджэння, чалавека, была прыкметная ахайнасць. Характар пана Мечыслава быў не самы спакойны, хоць гэты добры па натуры хлопец не быў пазбаўлены разважлівасьці і валодаў здольнасцю стрымліваць гарачыя парывы сваёй душы, у тыя моманты, калі яна клікала яго наперад.

Розум падказваў Мечыку, што актыўныя дзеянні не заўсёды патрэбныя і што вось так проста ўзяць і даць бязглуздаму балбесу па фізіяноміі – не заўсёды лепшае, хай нават і вельмі жаданае, рашэнне.

Негледзячы на немагчымасць зарабляць сваёй любiмай спецыяльнасцю – гісторыяй, хоць колькі-небудзь прыстойныя грошы, Мечыслаў не кідаў сваіх заняткаў на ніве Кліо, а проста рабіў гэта ў вольны ад асноўнай працы час.

Так і зараз, у свой абед, малады чалавек хадзіў па горадзе і прымячаў тое, што яму было трэба для нататак, якія ён публікаваў у гістарычных часопісах. У распрацоўцы гісторыка было адразу некалькі артыкулаў, а прагулкі па Гароднi звычайна натхнялі яго і на новыя ідэі, таму ён не спяшаўся вяртацца на працу, а ўсё блукаў і блукаў сярод мінакоў, як звычайна ў такі час, трохі спяшаючыхся і панурых, сноўдаючых па сваіх справах.

Мечыслава моцна засмучала тое, што ў яго любімым горадзе ўжо даўно даволі бязладна ставіліся да гістарычнай спадчыны. Мечык быў актыўным крытыкам дзеянняў гарадской адміністрацыі, якая разбурала старадаўнія ансамблі вулачак і плошчаў Гродна. Імкнучыся хаця б зафіксаваць на фота атакаваных людзьмі, маўклівых сведкаў мінулага, Мечыслаў не раз дакараў сябе, калі не паспяваў да якога-небудзь доміка, са сваім фотаапаратам, раней, чым да яго паспявалі, разнамасныя групы рабочых з бульдозерам. Таму ён з вялікай увагай працягваў блукаць па старым цэнтры, узіраючыся ў знаёмыя кварталы і, з унутраным трымценьнем, уяўляў сабе чарговыя работы па паляпшэнню гарадской інфраструктуры, якія часцяком зводзіліся да разбурэння горача любiмага ім, прыгожага беларускага горада.

Цяпер ён ішоў па вуліцы Савецкай, якая выглядала зусім не па-савецку. У адным з закуткоў, якія адкрываліся воку з гэтай вуліцы, некалькі чалавек у робах капалі яму.

Адным з вялікіх інтарэсаў Мечыслава была археалогія. Веды маладога чалавека ў гэтай дысцыпліне былі сапраўды шырокімі. Яшчэ ў гады першых курсаў універсітэта, ён актыўна ўдасканальваў свае навыкі археолага, абганяючы праграму і здзіўляючы выкладчыкаў. Пазней Мечык любіў аглядаць траншэі выкапаныя рабочымі на вуліцах Гароднi. У іх амаль заўсёды можна было знайсці нешта цікавае для археолага. Сырая зямля, яе выгляд і пах, ужо абяцалі Мечыславу плойму адкрыццяў, і ён лёгка знаходзіў дзіўныя рэчы там, дзе іншыя мінакі бачылі толькі камякі гразі, брыдка прыліпаючыя да чыстага, яшчэ пахкага свежай скурай і офісам, абутку. Рабочыя са здзіўленнем глядзелі на невядомага ім маладога чалавека, які вывучаў плён іх працы, але мала хто цікавіўся: што ж спатрэбілася яму тут і навошта трэба разглядаць і перабіраць кучы зямлі, выкінутай на агляд прахожых вялікімі рыдлёўкамі – шуфлямі, як іх называлі самі працаўнікі гарадской гаспадаркі.

Мечык не стаў паварочваць, каб паглядзець на яму рабочых у закутку, бо ён бачыў яе ў мінулы раз, а працягнуў рухацца наперад.

Дайшоўшы да канца вуліцы, ён павярнуў у сквер на месцы разбуранага галоўнага каталіцкага храма Гродна – Фары Вітаўта, і, прайшоўшы міма нейкай парачкі, якая займала, як звычайна, лаўку ля краю сквера, павярнуў на вуліцу Замкавую, накіроўваючыся ў бок гродзенскіх каралеўскіх рэзідэнцый. Перад ім маячыла высокая пажарная вежа. Яна была падобная да сярэднявечнай абарончай i мела фігурны флюгер і бутафорскага пажарніка на верхняй пляцоўцы.

Перайшоўшы дарогу побач з упрыгожаным гербам Гродна асабняком арыстакратаў Храптовічаў, Мечыслаў накіраваўся да драўлянай статуі Вітаўта, падоранай шмат гадоў таму літоўцамі, і калі дайшоў да яе, павярнуў налева – у Новы замак. Ззаду засталіся вароты замка з фігурамі каменных сфінксаў, якiя вось ужо больш за дзвесце год ахоўвалі ўваход у былую каралеўскую рэзідэнцыю.

Звярнуўшы направа, Мечыслаў апынуўся на абрыве над мірнай плынню Нёмана. Тут адкрываўся цудоўны від на Стары замак і Каложскую царкву. Унізе, па набярэжнай, рухаліся малюсенькія фігуркі людзей, сонца свяціла ярка і яго цяпло можна было лёгка адчуць, падставіўшы твар, з заплюшчанымі вачыма, пад ззянне, якое напаўняла ўсю прастору. Аблокі – шырокія, пакрытыя неверагодна складанымі разводамі, у прасвеце якіх і гарэў яркі сонечны шар, засланялі сабою амаль усё неба, і, здавалася, віселі нізка над іскрыстымі, зялёнымі хвалямі ракі, адкрываючы ў далі размыты блакітнай смугой пейзаж, што дэманстраваў высокія груды-горы над самым лесам.

Палюбаваўшыся гэтай карцінай, Мечыслаў працягнуў свой шлях. Прайшоўшы ўздоўж правага крыла каралеўскага палаца, якое выходзіла да абрыву, ён павярнуў налева, i выйшаў да паўкруглага палацавага эркеру.

Тут корпаліся пяцёра рабочых, яшчэ столькі ж сядзела на прыступках перад палацам, а адзін аблюбаваў для сябе дэкаратыўную вазу, ужо ладна аблезлую ад часу. Брыгада вяла раскопкі, вiдаць з мэтай рамонту вадаправодных труб. Усмешлівыя, адпачываючыя без справы, рабочыя, дружна зiрнулi на Мечыслава.

– Добры дзень, спадарства, – убачыўшы іх увагу, сказаў Мечык.

– Спадары вось тут надоечы ўсе ў Парыж паехалі, – адказаў рабочы з тварам Вітаўта на карціне Матэйкі «Грунвальдская бітва». – А мы вось тут зямлю роем.

Астатнія рабацягі стрымана засмяяліся.

Гісторык нічога не меў супраць жартачак рабочых і ўжо даўно прывык да іх.

Будаўнік – вельмі філасофская спецыяльнасць. Адпачынак пасля цяжкай фізічнай працы, на кучы будаўнічых адходаў, з кубачкам таннай, растваральнай кавы, размешанай чымсьці накшталт цвіка – вось яна цудоўная рэальнасць будаўніка, пра якую Мечыслаў ведаў не па чутках. У такія моманты чалавек бывае адкрыты і фiласафiчны да крайнасці, нават калі ўсё яшчэ цвярозы.

– Я гісторык, пагляджу трохі, што тут у зямлі можа быць.

– Так-так, калі ласка, – ветліва адказаў нейкі тып, якi, мяркуючы па больш ахайнай фізіяноміі, і апранутай белай касцы, з'яўляўся брыгадзірам.

– Нам зямлі не шкада, – уставіў «Вітаўт», выклікаўшы ў рабочых крывыя ўсмешкі.

Мечыслаў апусціўся на кукішкі і пачаў разглядаць кучы зямлі перад сваiм тварам. Адзін з рабочых, што ўвесь час капалі, вылез з траншэі, падышоў да брыгадзіра і папрасіў запаліць. Тыя рабочыя, што засталіся адпачываць, вярнуліся да абмеркавання нейкага фільма, нядаўна паказанага па тэлевізары. Адзін з іх уважліва паглядзеў на значок з гербам Пагоня, на грудзях гісторыка.

Мечыслаў тым часам капаўся ў зямлі. Цікавасць да раскопак у самым цэнтры горада заўсёды была максімальнай. Адсюль, з гэтых пагоркаў, жыхары Гродна глядзелі на навакольны свет… Стагоддзямі на гэтым месцы жылі людзі. Што тычыцца прасторы за эркерам Новага замка, то тут маладога чалавека прыцягвала магчымасць убачыць у раскопках падмуркі саксонскай капліцы васемнаццатага стагоддзя, якая служыла для малітвы каралю і была разбурана ў дваццатым стагоддзі. Траншэі рабочых былі пракапаныя як раз у тым месцы, дзе павінны былі хавацца гэтыя падмуркі…

Выбух рогату прымусіў Мечыка падняць галаву. Двое рабочых задумалі дуэль на рыдлёўках, астатнія сэкундавалi ім. Адзін з будаўнікоў адыходзіў у бок маладога гісторыка і, наблізіўшыся да яго ў шчыльную, адскочыў убок у момант удару лапатай, які зрабіў яго праціўнік – пажылы чалавек з чорнымі вачыма і сівымі, смешна зачасанымі валасамi. Рыдлёўка прасвістала ў паветры і трапіла зусім не туды, куды жадаў той, хто трымаў яе. Мечык заплюшчыў вочы.

– Гэтыя рабочыя проста як цыркачы. У жыцці не бачыў такіх вясёлых капальнікаў, – сказаў сам сабе Мечыслаў. І тут жа апусціў галаву, таму што яго рука ў будаўнічай пальчатцы, якая мацала кучку зямлі, адчула нейкі выцягнуты прадмет.

Змахнуўшы зямлю, якая патрапіла на яго наручны гадзіннік (ён паказваў тры гадзіны дня) гісторык глянуў на тое, што было ў яго руцэ. Угледзеўшыся, ён спачатку не паверыў вачам. Гэта была невялікая металічная капсула з выявай нейкіх завіткоў, не вельмі добра бачных на цёмнай паверхні. Над гэтымі завіткамі змяшчалася карона. Трохі ачуняўшы ад здзіўлення, ён падумаў, што ўжо бачыў гэты малюнак.

– Дык гэта ж… – гісторык здзіўлена падняў бровы.

На капсуле была адлюстравана манаграма караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, дакладна такая ж, як на сцяне яго гродзенскага палаца. Тры лацінскіх літары «S A R», якія азначаюць фразу на лацінскай мове: «Stanislaus Augustus Rex».

«Станіслаў Аўгуст Кароль» – падумаў Мечык.

Але самым дзіўным Мечыславу здалося тое, што капсула, падобна, была зроблена са срэбра. Матэрыял пацямнеў, але ў свежай драпіны, нанесенай лапатай рабочага, якi не заўважыў, што ён выкінуў на паверхню, праступаў светлы метал.

Мабыць, гэта было не зусім правільным дзеяннем, але малады гісторык сунуў капсулу пад кашулю і, падняўшыся на ногі, хуткім крокам пайшоў прэч, не гледзячы на ўсё яшчэ сваволячых людзей у робах.

Пралятаючы па вуліцах, Мечыслаў адчуваў, як сэрца калоціцца ў грудзях. Часам ён зазіраў пад кашулю, каб пераканацца, што ён нічога не прыдумаў і яму сапраўды ўдалося знайсці гэтакi каштоўны артэфакт.

Выпусціўшы на парозе хаты ключы, ён імкліва нагнуўся за імі і, намацаўшы іх злёгку дрыготкімі пальцамі, рэзка выпрастаўся, выдыхнуў, сказаўшы сабе, што трэба супакоіцца, затым ускінуў галаву, а потым рэзка ўставіў ключ у замок. Ключ лёгка пракруціўся і Мечык увайшоў у дом. Цяпло і знаёмы пах свайго дома адразу супакоілі яго, але неверагодная знаходка працягвала паліць рукі. Шурпатая, цёмная паверхня капсулы, была прыемнай навобмацак, але галоўнае, вядома, тое, што ўнутры. Што можа быць схавана ў капсуле з каштоўнага мэталу з манаграмай апошняга ўладцы Рэчы Паспалітай?

Падняўшыся на гарышча дома, гісторык пашукаў інструменты, якія маглі спатрэбіцца для працы з капсулай. Нечакана ён кінуў усё ды проста сеў на кульгавае старое крэсла, якое дасталося яму ад прадзеда, і пільна прыгледзеўся да капсулы. На ёй быў яшчэ адзін, цяпер ледзь прыкметны, знак. Нешта накшталт крыжа і ружы. Ніякіх надпісаў відаць не было, але зачынена капсула была вечкам з маленькай ручкай у выглядзе каровінай галавы.

– Так-так, – прашаптаў сабе пад нос Мечык. – Галава вала, здаецца гэта герб Панятоўскіх.

Было падобна, што вечка проста ўстаўлена ў капсулу і ніяк не мацуецца звонку. Захоўванне ў неналежных умовах зрабіла сваю справу: стан капсулы быў даволі такі дрэнны. Малады чалавек злёгку патузаў за галаву вала – вечка не паддалася. Прыгледзеўшыся, Мечыслаў заўважыў, што рагатая ручка вырастала з невялікай кароны.

– Гэта сапраўды герб Панятоўскіх, – гучна ўголас сказаў сам сабе Мечык.

Застыўшы на некалькі секунд, малады чалавек паспрабаваў круціць ручку супраць гадзіннай стрэлкі. Вечка не паддаваліся. Сціснуўшы вусны і глыбока ўдыхнуўшы, гісторык яшчэ раз паспрабаваў пакруціць ручку. На гэты раз ён пачуў рэзкаваты трэск і вечка, на здзіўленне лёгка адлучыўшыся, засталася ў левай руцэ Мечыслава. Капсула была адкрыта!

Чамусьцi менавіта ў гэты момант Мечык успомніў, што так і не вярнуўся на працу, і проста будзе мець прагул. Але гэта яго зусім не кранула.

Ён здрыгануўся ад гуку сігнала вырабленага суседскім аўтамабілем, якi пад'ехаў да дома насупраць. Машынальна падняўшы галаву і паглядзеўшы ў вакно, ён тут жа зноў яе апусціў і плаўна разгарнуў да сябе капсулу, тым бокам, дзе толькі што была вечка, а затым пільна зірнуў унутр.

– Так, – сказаў Мечыслаў, папстрыкаўшы языком і злёгку ўсміхнуўшыся.

Капсула не была пустая. Надзеўшы чыстую пальчатку, якую Мечык вывудзіў са скрыні з інструментамі, ён асцярожна, двума пальцамі, дастаў са срэбнай ёмістасці яе змесціва. У руцэ даследчыка апынулася маленькая скрыначка з чырвонага дрэва, мяркуючы па выглядзе – выдатна захаваная. Адклаўшы каштоўны пенал на стол, малады чалавек вырашыў заняцца капсулай. Ён хутка падрыхтаваў ашчаджальны содава-саляны раствор для ачысткі срэбра, і пагрузіў у яго сваю здабычу, а потым вярнуўся да пенала.

– Трэба будзе ўсё ж праверыць хромпiкам гэтае срэбра. Хоць, я і так упэўнены… – заўважыў сам сабе Мечык.

На вечцы красаваўся пазалочаны герб Панятоўскіх – вол павернуты налева. Асцярожна адкрыўшы пенал, гісторык дастаў нешта невялікае, падобнае на скрутак паперы.

– Ды гэта ж пергамент, – здзіўлена прамовіў Мечыслаў. – У Гродне? У васемнаццатым стагоддзі? Калі гэта, вядома, сапраўды прывітанне з васемнаццатага стагоддзя, – дадаў ён, жмурачыся на святло суседскага вакна, дзе гарэла яркая люстра, бо ўжо надышоў вечар.

Асцярожна разгарнуўшы пергамент з дапамогай свайго любiмага алоўка, які служыў яму ўжо, здавалася, тысячу гадоў, малады чалавек убачыў польскі тэкст напісаны чырвонымi чарніламi, цудоўным, каліграфічным почыркам.

«Rycerz Salsinatus złożył swoje imiona w trójkąt. Umieść wybranych według imion na miejscach ich w dniu przybycia rycerza na świat mapa gwiazd jego słońcem wskaże na słońce w imion trójkąt. Odpowiedź w imionach wybranych złożonych razem otrzymasz. Na Poszukiwanym znajdziesz ją w wyznaczonym dniu»

Мечык свабодна валодаў польскім «ензыкем» і таму хутка, тым самым алоўкам, які выкарыстаў для таго, каб разгарнуць скрутак, ён запісаў на кавалачку паперы пераклад.

«Рыцар Salsinatus імёны свае ў трыкутнік склаў. Пастаў абраных па імёнах на месцы іх у дзень прыходу рыцара ў свет зорная карта яго сонцам на сонца пакажа ў імёнаў трыкутнік. Адказ у імёнах абраных складзеных разам атрымаеш ты. На Шуканым знойдзеш яго ў дзень прызначаны.»

Усміхнуўшыся, Мечыслаў пастукаў тупым канцом алоўка аб стол.

– Хм…

«Пераклад з польскай атрымаўся кітайскім – нічога ж не зразумела…» – прамільгнула ў галаве Мечыка.

– І што далей? – спытаў ён сябе ўголас. – Напісаць Віцы, – адказаў сам сабе гісторык.

Трыкутнiк караля

Подняться наверх