Читать книгу Трыкутнiк караля - Яўген Аснарэўскі - Страница 3

I. Трыкутнiк караля
Глава 2. Прафесар філасофіі

Оглавление

Сонечным, пагодлівым днём, па вуліцы Універсітэцкай горада Вільні, якая праходзіць, як і вынікае з назвы, побач з універсітэтам, ішла маладая дзяўчына гадоў дваццаці. На ёй былі элегантныя штонікі, любімага ёю белага колеру, белы шалік і лёгкае светла-шэрае паліто. Уся яе стройная фігурка, здавалася, была ўвасабленнем элегантнасці. У яе былі шэрыя, напоўненыя жывымі іскрынкамі, вочы, светла-русыя валасы і доўгія пальчыкі без яркага лаку на акуратных кіпцірках.

Прайшоўшы міма пазбаўленага ўсякай пампезнасці светлага будынка прэзідэнцкага палаца, яна накіравалася ўнутр старадаўняга Віленскага ўніверсітэта, чый масіўны корпус навісаў над стаянкай машын. Дзяўчына iшла да адной з заляў, дзе ёй была прызначана сустрэча. Дасягнуўшы ўваходу ў залю, які быў размешчаны паміж двума нішамі з белымі скульптурамі, яна на момант затрымалася і, падняўшы галаву вышэй, прачытала надпіс на латыні, змешчаны над злёгку прыадчыненымi, цяжкімі дзвярыма:

«Alma Mater Vilnensis»

Трохi нахіліўшы галаву набок, госця працягнула свой шлях у залю, якая насіла літоўскаю назву «Mažoji aula». Увайшоўшы ў яе, дзяўчына акінула позіркам велічнае памяшканне, з радамі карынфскіх калон уздоўж сцен. Заля была застаўлена крэсламі, з мяккімі чырвонымі спінкамі. У далёкім канцы памяшкання, спіной да ўвайшоўшай, стаяў чалавек у карычневым касцюме і карычневых жа лакіраваных туфлях. Ён як быццам ведаў, што тая каго ён чакае – ужо тут, хоць яна ўвайшла амаль бясшумна. Павольна разгарнуўшыся да яе, чалавек падняў вочы. Пільны погляд яго трохі выпуклых вачэй, чорнага колеру, здаваўся насмешлівым і гэты насмешлівы позірк зваліўся на госцю. У чалавека быў квадратны падбародак, нізкі лоб і чорныя, неверагодна густыя, кучаравыя валасы. Яго пульхныя вусны былі складзеныя ў лёгкую ўсьмешку. Твар здаваўся ў цэлым трохі глупаватым, а чырвоны, у белую палоску, гальштук – толькі ўзмацняў гэтае ўражанне. Акрамя таго, чалавек быў невысокі і даволі поўны.

Змераўшы адно аднаго позіркам, гэтыя двое злёгку сумеліся.

– Добры дзень, – сказала дзяўчына па-літоўску, прыемным мяккім голасам, добра дапаўняючым яе мілавідную знешнасць, – гэта вы Мiхаiлас Лiтвакас?

Карычневы чалавек злёгку пакланіўся, адвёўшы рукі трохі назад, і адказаў высокім хлапечым тэнарам:

– А вы, я ўпэўнены, і ёсць Вікторыя.

– Так… Гэта я, – дзяўчына пакланiлася.

– Вас да мяне паслаў прафесар Баранаўскас? Гэта значыць ён – гісторык, паслаў да мяне – філосафа, дзяўчыну з пытаннем па гісторыі, я дакладна зразумеў? – насмешліва спытаў прафесар.

– Гэтае пытанне вамі дасканала вывучана, прафесар. Паважаны прафесар Баранаўскас гэта ведаў і таму накіраваў мяне да вас.

– Што ж гэта за пытанне?

– Гісторыя таемных таварыстваў, прафесар.

Лiтвакас цмокнуў сваімі поўнымі вуснамі і аблізаў іх як бы на знак таго, что яго апетыт прачнуўся.

– Так-так, – сказаў ён, патупіўшы вочы ўніз, – гэтая тэма мяне вельмі цікавіць… вельмі.

Дзяўчына ўсміхнулася і з разуменнем паківала галавой.

– Ну што ж, пайшлі лепш у мой кабінет – вымавіў Лiтвакас. – А па дарозе купім пірожных, вы ж любіце пірожныя, праўда? І давайце размаўляць на вашай роднай мове, я бачу, што вы валодаеце літоўскай, але хачу, каб вам было максімальна камфортна, а ваша мова і для мяне, можна сказаць, родная.

Кабінет прафесара, куды праз сорак хвілін ён увайшоў з дзяўчынай, трымаючай скрыначку пірожных, знаходзіўся даволі далёка ад месца сустрэчы суразмоўцаў. Гэта была невялікая каморка, застаўленая ўсякай рознасцю.

Размясціўшыся ў крэсле і прапанаваўшы госці сесці, прафесар сказаў:

– А вось наш агульны сябар – майстар несці лухту з разумным выглядам, ён быў бы добрым палітыкам.

Лiтвакас змоўк, запытальна гледзячы на дзяўчыну.

– Я не буду адымаць занадта шмат вашага часу…

– Ды што вы? Не стрымлівайце сябе, я не спяшаюся.

– І ўсё ж… Мне, канешне, было б цікава праслухаць лекцыю па гісторыі таемных таварыстваў васемнаццатага стагоддзя, бо я чула пра тое, які вы выдатны лектар, прафесар, – Лiтвакас злёгку нахіліў галаву і пастукаў пальцамі па стале, – але я, паўтаруся, не хачу ў вас адымаць шмат часу…

На гэтых словах дзяўчына лёгкім, хуткім рухам дастала складзеную ўдвая паперку і, разгарнуўшы яе, паклала на стол перад прафесарам. Да паперкi яна дадала дзве фатаграфіі, на кожнай з якіх было адлюстравана па адным прадмеце: на першай – серабрыстая капсула, на другой – маленькая чырвоная скрыначка.

– Вось тэкст, – сказала Віка, паказваючы на паперку ў сваёй руцэ, – які мне вельмі хацелася б зразумець. Ці можаце вы растлумачыць сэнс? Тэкст напісаны на сапраўдным пергаменце і знойдзены ў футляры, – дзяўчына ткнула пальчыкам у фота, – а футляр у срэбнай капсуле. Яна на іншым фота.

Дзяўчына дастала яшчэ некалькі фотаздымкаў, якія паказвалi знаходкі з розных бакоў, і, склаўшы рукі на грудзях, сядзела моўчкі, пакуль прафесар, павольна адарваўшыся ад спінкі крэсла яшчэ павольней нахіляўся да фатаграфій і паперкi на стале. Чым больш ён прыглядаўся да іх, тым больш пашыраліся яго вочы. Было бачна, што ён стаў дыхаць часцей. Лiтвакас даволі доўга ўглядаўся ў выявы на фотаздымках і перачытваў тэкст на паперцы. Здавалася, ён зусім забыў аб сваёй маладой наведвальніцы. Нарэшце Лiтвакас адкінуўся ў крэсле, прыціснуўшы дзве складзеныя далоні да вуснаў і гледзячы ў пустэчу. Рэзка перавёўшы позірк на сваю госцю, ён сказаў спакойным тонам, хоць голас яго дрыгнуў на апошніх словах:

– Гэта праўда, адкажыце сумленна? Можа быць гэта жарт, містыфікацыя… Як мне даведацца? Вы хочаце… Хочаце чаго? Можа быць грошай?

– Я хачу даведацца, што значаць словы на паперцы.

– Людцы хлусяць іншым пра ўсё, каб атрымаць грошы, а грошы хлусяць ім пра іх саміх, што яны атрымалі сябе, – вымавіў, сапучы, Лiтвакас.

Дзяўчына задуменна адвяла позірк.

– Дзе гэта было знойдзена?

– Там, дзе жыў Панятоўскі. Вы ж ведаеце ўжо, што там манаграма Панятоўскага?

– Ведаю не горш за вас! – рашуча i зло гаркнуў прафесар. Ён імгненна авалодаў сабой, толькі ў глыбіні вачэй чыталася злосць ад раптоўнай успышкі.

– Людзі хочуць толькі жэрці, але вы – вы імкнецеся да нечага большага! Дзеля чаго вы асабіста, мілая, цягніцеся да гэтых ведаў? Калі гэтая сярэбраная штука сапраўдная, то вартая шмат грошай, але ж вам не патрэбныя грошы. Вы проста любіце гісторыю, як мне сказаў ваш… то бок наш агульны сябар – прафесар Баранаўскас. І вы нават не гісторык па спецыяльнасці. Вы цягніцеся да ведаў. Але не да грошай. Але ведаеце, што я скажу вам? Гэта больш сур'ёзна, чым вы можаце ўявіць. Лепш бы вы не прыходзілі да мяне з гэтымі фотаздымкамі і запіскай. Хочаце ведаць? Хочаце насамрэч? Ну дык я вам скажу.

Лiтвакас расхваляваўся зноў, але авалодаў сабой.

– Так… – прафесар прыслабіў свой смешны гальштук. – На срэбнай капсуле знаходзіцца манаграма караля Панятоўскага, там ёсць яшчэ невялікая выява: ружа і крыж – эмблема ордэна розенкрэйцараў, вол – герб роду Панятоўскіх. Вось гэта ўсё вы ведалі. Цяпер тое, што вы не ведалі, – вымавіў ён.

Дзяўчына прыўзняла галаву і прыжмурылася.

– Дык вось, тое, што вы не ведалі, – Лiтвакас шматзначна памаўчаў.– Мяркую, Баранаўскас ужо распавёў вам, што кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, быў масонам і розэнкрэйцарам, рыцар Salsinatus – частка тытула, дадзенага каралю ў масонскай ложы. Salsinatus – анаграма ад імя Станіслаў. Усё гэта даволі шырока вядома сярод тых асоб, што цікавяцца гісторыяй і, верагодна, ужо вядома вам, дзякуючы нашаму паважанаму сябру, прафесару гэтай самай гісторыі Баранаўскасу. Так?

Дзяўчына нахіліла галаву на знак згоды.

– І значыць… – працягнуў прафесар, – я нічога больш не магу вам сказаць. Так, я ўсё жыццё цікаўлюся таемнымі таварыствамі: масоны, розэнкрэйцары, ілюмінаты. Мне ўсё гэта цікава, але ваша загадка занадта складаная і я не магу дадаць нічога да сказанага Баранаўскасам…

Віка, негледзячы на ўсю сваю стрыманную грацыю і спакойную ветлівасць, не змагла схаваць на твары моцнага расчаравання.

– Не магу дадаць нічога, – зноў загаварыў Лiтвакас, – акрамя сцвярджэння, што ў пасланні перададзена зашыфраваная інфармацыя пра месцазнаходжанне нейкага артэфакта.

Віка ўскінула вочы, i яны імгненна загарэліся цікаўнасцю. Прафесар сядзеў, склаўшы рукі на тоўстым жываце, з самым каменным тварам, якi толькі мог зрабiць. Праз секунду ён гучна зарагатаў, закінуўшы галаву назад.

– Усё ж у наш час моладзь глядзіць занадта шмат фільмаў, – хіхікаючы прамовіў Лiтвакас. – Нават калі тое, што вы мне прынеслі сапраўднае, наўрад ці расшыфраваўшы пасланне вы знойдзеце скарб масонаў. Баранаўскас занадта наіўны і лёгка ўзяў на веру вашыя доказы… Зрэшты, пакіньце фатаграфіі і тэкст тут, калі я змагу нешта зразумець, дык абавязкова паведамлю вам. Толькі той хто выкрыў таямніцу прыроды ведае, што насамрэч стварыў новую. Жадаю прыемнага дня, Вікторыя.

Віка, секунду падумаўшы, устала і, пакінуўшы фатаграфіі на стале, пайшла да дзвярэй. На твары яе была ўсмешка, якая, праўда, не вельмі хавала расчараванне. Павярнуўшыся на парозе і паціснуўшы руку, працягнутую ёй прафесарам, дзяўчына сказала:

– Што ж, гэта было прыемнае знаёмства і карысная размова. Прабачце, што патурбавала, дзякуй, што аказалі дапамогу. Калі ласка, паведаміце, калі вы нешта зразумееце, і можаце не сумнявацца ў сапраўднасці артэфактаў. Я дык зусім не шукаю скарб, але расшыфраваць гэтае пасланне, зразумець, што хацеў сказаць нам аўтар, якім мог быць сам кароль… Хіба гэта не значная справа?

– Так-так, так-так, – зачасціў Лiтвакас, – усяго найлепшага, паненка. Апошняе слова ён сказаў па-літоўску.

Зачыніўшы за госцяй дзверы, Лiтвакас яшчэ доўга стаяў на адным месцы, як чалавек пагружаны ў гіпноз. Затым ён ляпнуў сябе па каленях, ды вярнуўся да стала.

Сонечны дзень у Вільні, між тым, паволі падыходзіў да канца. Вікторыя спакойнай хадой пайшла ў бок сваёй здымнай кватэры.

Увайшоўшы дадому, яна заўважыла, што яе саарандатараў – двух дзіўных дзяўчынак студэнтак – яшчэ няма. У гэты момант у яе зазваніў тэлефон.

– Алё, – сказала Віка, калi паднесла трубку да вуха.

– Алё. Гэта Лiтвакас, Віка. М-м-м-м, я хацеў бы парэкамендаваць вам аднаго спецыяліста па вашым пытанні, выдатнага гісторыка з Мінска. Дакладней, можа ён і не зусім спецыяліст менавіта па вашай, так бы мовіць, справе… м-м-м-м, але гэта чалавек захоплены гісторыяй, вялікіх ведаў хлопец. Яго клічуць Уладзімір. Ён можа дапамагчы ў пошуках. Запішыце каардынаты…

Праз хвіліну дзяўчына запісала дадзеныя пратэжэ Лiтвакаса, а потым увайшла ў сацыяльную сетку і пакінула аднаму з фрэндаў наступнае паведамленне:

«Мечык, я паразмаўляла з Лiтвакасам. Нажаль, амаль нічога.: (»

Трыкутнiк караля

Подняться наверх