Читать книгу Трыкутнiк караля - Яўген Аснарэўскі - Страница 5

I. Трыкутнiк караля
Глава 4. Сон Вікі

Оглавление

Вялікая, авальная заля была слаба асветлена свечкамі, патрэскваўчымi ў пазалочаных падсвечніках. У прыгожым, разьбяным крэсле, паклаўшы ногі ў ботах на аксамітную падушку з кутаскамi, сядзеў чалавек, які здаваўся пагружаным у глыбокі роздум. Серабрыстыя пасмы на яго галаве рабілі яго падобным на сівога старога, якi ўспамінае дзянькі бесклапотнай маладосці. Шаўковыя адзеннi і ордэн у выглядзе зоркі на грудзях, паблісквалі ў паўзмроку. Ён церабіў пальцамі карункаваю хустку. У чалавека былі вялікія вочы і арліны нос. На некаторай адлегласці ад яго, у поўнай павагi паставе, стаяў нейкi стары з вялікімі вусамі, падпяразаны велізарным, вышытым золатам, кушаком. Можна было здагадацца, што гэта падданы таго, хто сядзеў у крэсле.

– Ваша Вялікасць, – мякка сказаў вусаты слуга па-польску, – той, каго вы маеце ласку чакаць – тут.

Кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, не перастаючы церабіць пальцамі хустку і не паднімаючы позірку ціха адказаў:

– Хай увойдзе.

Праз некалькі імгненняў у зале ўжо стаяў худы чалавек, у дзіўным, не па модзе таго часу, строі, з вусамі і барадой, доўгім носам, вялікімі вачыма. Ён злёгку пакланіўся каралю.

– Вось вы і прыйшлі, – сказаў Панятоўскі, падняўшы погляд на госця. – Пакіньце нас адных.

Вусаты ў залатым поясе і яшчэ адзін слуга, які стаяў ля мармуровай статуі, пакланіліся і выйшлі, зачыніўшы за сабою дзверы.

Нейкі час у зале была амаль поўная цішыня. Было чуваць крокі прыслугі і гасцей караля за дзвярыма. Адна са свечак стала вэндзіць і мігацець. Кароль глядзеў на яе танцуючы агеньчык і працягваў церабіць карункаваю хустачку. Нарэшце, адклаўшы яе ў бок, ён паклікаў госця да сябе жэстам рукі і ціха вымавіў:

– Падыдзіце бліжэй, Панурыш. У гэтым палацы і наогул ва ўсіх маіх палацах, столькі вушэй, што кожны мой удых і выдых апісваецца і адпраўляецца імператрыцы наўпрост у Пецярбург. І хоць мы з вамі будзем абмяркоўваць мае асабістыя справы, а не… – тут кароль узвысіў голас, – барані нас Усявышні, не бунт жа… – ён зноў стаў гаварыць ціха, – мне б хацелася, каб нашу справу ведалі толькі мы. Мы паглядзім, цi ажыццявіцца маё жаданне.

Кароль рухам вачэй паказаў на крываногі пуф, мяккае сядзенне якога было абцягнута чырвоным аксамітам, і калі яго госць падышоў, зняў з пуфа чорны кій з сярэбранай булавешкай і сказаў:

– Вы ўпэўнены, што гэта сёння зацьменне месяца?

– Цалкам.

– Сядзьце, Якаў.

За тыя некалькі секунд, якія госць выдаткаваў, каб выканаць загад караля. Панятоўскі паспеў раз'ятрыцца і некалькі разоў з сілай ірвануць невялі сярэбраны жэзлік, прывязаны да кія.

– Яны трымаюць мяне тут у палоне, ганаровым, але ўсё ж палоне, – сумна сказаў кароль.

– Я ведаю, што вы хутка адправіцеся ў Пецярбург, – павольна прамовіў Якаў.

– У сталіцы варвараў, так далёка ад радзімы… – ледзь чутна прашаптаў кароль. – Я б так хацеў цяпер патрапіць у Лазенкі.

– Вы вернецеся ў Воўчын, Ваша Вялікасць, – дзіўна паглядзеўшы на суразмоўцу і ледзь улоўна ўсміхнуўшыся, прамовіў Панурыш.

– Мой родны Воўчын?

Як гэта часта бывае з людзьмі змучанымі нервовай напругай, Панятоўскі раптам рэзка засмяяўся і спытаў госця быццам бы недарэчы:

– А ці праўда, Якаў, што ў вашым родзе ўсе старэйшыя сыны носяць тое ж імя, што і вы? Гэта значыць, Якаваў Панурышаў было шмат і будзе яшчэ больш, калі, вядома, ваш род не згасне.

Госць з павагай схіліў галаву і адказаў:

– Так, Ваша Вялікасць, вы маеце рацыю.

– Значыць вы як Радзівілы. У іх было прызначана імя Мікалай для старэйшых сыноў, не ведаю, праўда, ці выконваецца зараз гэты звычай. Але вы, ясная справа, не Радзівілы. Эх, мне зараз успомніўся вясёлы Караль Станіслаў Пане Каханку. Дзівак жа, вось дзівак, – і кароль гучна засмяяўся.

Нейкі час Панятоўскі яшчэ пасмейваўся сабе пад нос, але затым, не гледзячы на свайго госця, выняў аднекуль тры залатыя фігуркі на тоўстым ланцужку і, падняўшы вочы на Панурыша, працягнуў іх яму. Якаў узяў рэч, якую працягваў кароль, паднёс яе да твару i пільна паглядзеў на тое, што было ў ягоных руках. Перад ім віселі залаты матылёк, абсыпаны дробнымі дыяментамі, залаты кабан, пакрыты смарагдамі, і залатая драпежная птушка, падобная да сокала ды ўпрыгожаная рубінамі. Залаты ланцужок быў масіўны, з велізарнай зашпількай, выкананай у выглядзе крыжа з ружай, пялёсткі якой былі сярэбранымі. Відавочна было, што ўпрыгожванне вартае незлічоных грошай.

– Усё правільна? – спытаў Панятоўскі.

– Так, усё менавіта так як павінна быць, – адказаў Панурыш.

Прабіў гадзіннік. Кожны ўдар глуха адлятаў ад столі да падлогі, і у змрочнай зале гэтыя гукі здаваліся па-сапраўднаму злавеснымі. Кароль здрыгануўся пры апошнім удары і, матнуўшы галавой, сказаў:

– Значыць, я буду жыць у Пецярбургу?

– У Мармуровым палацы, Ваша Вялікасць.

Скрыжаваўшы рукі на грудзях і паківаўшы галавой, Панятоўскі ўсміхнуўся.

– Добра быць усёведаючым, Якаў? Аб вашым дары мараць многія. Але я змагу загладзіць свой грэх? Як і вы?

– Не так ужо і добра, Ваша Вялікасць, але я не скарджуся. Грэх не ваш, а мой.

Кароль устаў, і Панурыш адразу ж падняўся ўслед за ім.

Панятоўскі падышоў да акна. У далі цямнеў Нёман, на супрацьлеглым беразе якога, гарэлі агеньчыкі ў драўляных хатках, над стрэхамі якіх віўся ледзь бачны дымок. Панурыш стаяў за спіной караля. У цьмяным святле нешматлікіх свечак выгляд у госця быў таямнічы ды змрочны.

– Ну што ж… – сказаў кароль.

Панятоўскі вярнуўся да свайго крэсла, побач з якім стаяла невялікая скрыначка, уся пакрытая вытанчанымі завіткамі. Адкрыўшы яе, кароль дастаў сярэбраную капсулу са сваёй манаграмай і запытальна паглядзеў на Панурыша.

– Гэта тое, што трэба, Ваша Вялікасць, – сказаў Якаў.

Каралеўскі госць зірнуў на свой пярсцёнак, на якім быў выкладзены ўпрыгожаны дробнымі смарагдамі трыкутнік. Кароль прасачыў яго погляд.

– Калі б я не ведаў, што вы таксама своеасаблівы кароль, я мог бы здзівіцца наяўнасці ў вас такога скарба, – сказаў Панятоўскі.

– Гэта сямейная рэліквія, Ваша Вялікасць, – адказаў Панурыш.

Засунуўшы руку за пазуху, Якаў дастаў адтуль нейкі скрутак цёмнай тканіны. Разгарнуўшы яго, ён выцягнуў невялікі, згорнуты аркуш пергаменту.

– Вось пяргамент, на якім Вашай Вялікасці варта пісаць, – нізкім голасам прамовіў Панурыш.

– Мабыць, нам спатрэбіцца больш святла, – адказаў кароль.

Панурыш падышоў да аднаго з падсвечнікаў і, выдраўшы свечку, зрабіў некалькі крокаў у бок невялікага століка, на якім стаяў залачоны кандэлябр. Ён запаліў кожную з трох свечак кандэлябра ад свечкі, якую трымаў у руках, а затым вярнуў яе на месца. Падсунуўшы крэсла да стала i з павагай схіліўшыся, ён даў зразумець каралю, што той можа заняць сваё месца і прыступіць да ліста.

– Гэтыя чарніла добра падыдуць для пергамента, – сказаў Якаў, дастаючы з-за пазухі невялікую бутэлечку з шчыльна прычыненай вечкай. – Зрабiце ласку ды скарыстайцеся маім пяром, Ваша Вялікасць, – дадаў ён, дастаючы маленькае чорнае пёрышка.

Пяро гэта чамусьці зрабіла асаблівае ўражанне на Панятоўскага.

– Гэта як быццам вароніна? – спытаў кароль усміхаючыся.

– Так, Ваша Вялікасць.

Панятоўскі сеў за стол, на якім яго госць расклаў прыналежнасці для пісання, дадаўшы звычайны аркуш паперы з тэкстам.

– Проста перапішыце тэкст на пергамент, Ваша Вялікасць, сказаў Панурыш.

– Не так даўно я як раз практыкаваўся ў каліграфіі, – адказаў яму кароль.

Пакуль былы правіцель аднай з найбуйнейшых дзяржаў Еўропы перапісваў тэкст з лістка на пергамент, Якаў Панурыш у поўным маўчанні застыў побач з каралём. Ён быў настолькі нярухомы, што здаваўся не жывым чалавекам, а мармуровай статуяй. Панурыш уважліва сачыў за пяром у руцэ Станіслава Аўгуста. Не кожнаму даводзілася бачыць караля асабіста перапісваючага тэкст з паперы на пергамент. Чорнае пяро паскрыпвала і пакідала літары, якія складвалiся ў словы.

Нарэшце кароль скончыў і, пакінуўшы пяро ў чарніліцы, падняў галаву на свайго госця.

– У Вашай Вялікасці выдатна атрымалася, – сказаў Панурыш, злёгку пакланіўшыся. – Ці гатова месца для дару?

– Так, – адказаў Панятоўскі, – яно там, – ён махнуў рукой у бок адной з дзвярэй залы.

Устаўшы з-за стала, ён накіраваўся да яе. Кароль адчыніў дзверы, з-за якіх быў бачны выхад у будынак капліцы злучанай з авальнай заляй калідорам.

– Нам трэба дзейнічаць хутка, – сказаў кароль.

Панурыш і Панятоўскі прайшлі ў далёкі канец памяшкання, там відочны быў маленькі столік. Ссунуўшы яго ўласнымі рукамі, кароль прыўзняў дошку, на якой стол стаяў, і вачам яго адкрылася глыбокая яма. На дне ямы ляжаў драўляны куфар, без якіх-небудзь упрыгожванняў.

– Усё так, як павінна быць. Тут і варта пакінуць дар. Трэба будзе распарадзіцца, каб слугі схавалі ўсе сляды, старанна заладзілі падлогу. У вас жа яшчэ ёсць некалькі давераных слуг, Ваша Вялікасць?

– Так, яшчэ ёсць.

Суразмоўцы вярнуліся ў авальную залу. За дзвярыма пачулася руская гаворка і бразганне шпор.

– Канвой… – прамовіў Станіслаў Аўгуст, ды сумна паглядзеў у вакно.

Кароль памарудзіў у нерашучасці яшчэ імгненне, а затым павярнуўся да Панурыша, які стаяў за два крокі.

– Тыя, хто павінны ведаць – будуць, у тым ліку нейкія габрэі? – спытаў кароль.

– Так.

– І апошняе, што вы павінны сказаць мне. Я прасіў імператрыцу за свой народ, я не магу забыць свой абавязак перад ім. Я ведаю, што вам адкрыта будучыня краіны, і мая будучыня таксама. Дык вось, адкажыце мне, я хачу ведаць: што будзе з маёй радзімай? – кароль гаварыў усё хутчэй. – I яшчэ адно: я памру ў Пецярбургу?

Панурыш паглядзеў на караля ва ўпор. Яго погляд быў непранікальны. Ён склаў далоні разам. Здавалася, зараз ён пачне ўгаворваць караля не прасіць адказаць на гэтыя пытанні. Бледны твар Панятоўскага быў зусім не падобны зараз на твар некалі магутнага манарха. Перад Якавам быў просьбіт. Развядучы далоні ў бакі, Панурыш сказаў толькі два словы:

– Яна адродзіцца, – а затым дадаў. – Так, у Пецярбургу.

Кароль збялеў яшчэ больш і некалькі імгненняў толькі варушыў сухімі вуснамі. Ён закрыў вушы рукамі, як чалавек аглушаны выбухам, але хутка авалодаўшы сабою, пільна паглядзеў на госця.

– Але ж вы сказалі, што я вярнуся ў Воўчын!

– Так вернецеся, але ўжо пасля гэтага… – Панурыш памаўчаў і скончыў, – жыцця.

Трыкутнiк караля

Подняться наверх