Читать книгу Трыкутнiк караля - Яўген Аснарэўскі - Страница 6

I. Трыкутнiк караля
Глава 5. Прыгоды з раніцы

Оглавление

Прафесар Лiтвакас расплюшчыў вочы. Ён пражываў у не самым старым раёне Вільні, але ўсё ж старадаўніх асабнякоў, якім хутка павінна было споўніцца сто гадоў, там было дастаткова. Многія заможныя людзі ўжо не першы год скуплялі маёмасць па суседству з прафесарам філасофіі. Называўся гэты раён – Жвярынас.

Лiтвакас вельмі любіў свой раён і свой стары драўляны дом, пакрыты выдатным чарапічным дахам. У гэтым доме ў яго была вялікая спальня і вузкi спартанскi ложак, з якога ён і падняўся раніцай. Выгляд яго выдаваў бяссонную ноч. На яго прыложкавай тумбачцы ляжала кніга Эдгара По раскрытая на вершы «Сон у сне». Спехам памыўшыся, Лiтвакас хутка перакусіў тым, што засталося ад вячэры і, накінуўшы паліто, выбег з хаты. Сёння ён не збіраўся чытаць лекцыі. Скокнуўшы ў свой навюткі дарагі седан, чорнага колеру, прафесар завёў рухавік і праз кароткi адрэзак часу быў ужо за горадам, дзе дазволіў сабе развіць неабыякую хуткасць – сто восемдзесят кіламетраў на гадзіну. Лiтвакас любіў хуткасць, акрамя таго ён спяшаўся. Яго седан, пабліскваючы на сонцы, ляцеў па трасе ў бок Беларусі.

Праскочыўшы мяжу адносна хутка, Лiтвакас працягваў ціснуць на газ і неўзабаве ўбачыў, што наперадзе замаячыла Гародня. Менавіта туды спяшаўся літоўскі прафесар.

Прыпаркаваўшыся ў цэнтры, Лiтвакас пастукаў пальцамі па рулі, злёгку паскроб яго прыемную навобмацак скураную паверхню, і дастаў з унутранай кішэні пінжака свой тэлефон. Прабегшыся па сэнсарных клавішах, ён паднёс трубку да вуха.

– Алё, – сказаў у трубцы прыемны, малады жаночы голас.

– Вікторыя, гэта Лiтвакас.

– Вы, прафесар? – голас дзяўчыны гучаў здзіўлена, і як здалося Лiтвакасу, трохі стомлена.

– Я прыехаў у Гродна і мне трэба пагаварыць з вамі, Віка.

– Вы ў Гродне? – голас суразмоўніцы Лiтвакаса стаў яшчэ больш здзіўленым.

– Так, гэта вельмі важна. Я разумею, што ўсё гэта вельмі нечакана для вас. Я прама як няпрошаны госць у разгар чаявання. Проста зразумейце, што гэта вельмі-вельмі важна, Вікторыя.

– О, вядома, прафесар. Я ўсё цудоўна разумею і ведаю, што вы не проста так прыехалі да нас у горад. У вас ёсць важная справа, і я з задавальненнем з вамі сустрэнуся, каб вырашыць яе.

– Я ведаў, што знайду ў вас разуменне, Вікторыя. Ці можаце вы быць у тры гадзіны дня каля помніка Элізы Ажэшкі?

– Хвіліначку… Так, прафесар. Давайце так і зробім.

– Дзякуй. Да сустрэчы.

– Дзякуй вам, прафесар.

Паклаўшы трубку, Лiтвакас застыў на некалькі імгненняў, а потым, рэзка адкрыўшы дзверы з машыны, пайшоў прагуляцца па горадзе і перакусіць да сустрэчы з дзяўчынай.

Віка тым часам абдумвала нечаканае з'яўленне Лiтвакаса. Яна ўсё яшчэ сядзела на ложку не адзеўшыся. Віка правяла рукамі па валасах. Незвычайны яркі і цікавы сон, прымусіў дзяўчыну задумацца пра прычыну яго з'яўлення.

– Звычайна я не бачу сноў, – сказала яна сама сабе і працягнула руку да тэлефона, які паспела адкласці на маленькі часопісны столік.

У гэты час Мечыслаў і Уладзімір абедалі дома ў гродзенскага гісторыка. Мечык даў прытулак свайму мінскаму калегу, і яны ўжо паспелі з раніцы пазаймацца ўнікальнымі артэфактамі, якія да гэтага былі знаёмыя Уладзіміру толькі па фота і апісанням сяброў. Уладзімір змог сам патрымаць у руках сярэбраную капсулу – добра вычышчаную і бліскучую.

Жонка Мечыка ўвайшла на кухню, дзе размясціліся гісторыкі.

– Смачна есцi, – сказала яна.

– Дзякуй! – хорам адказалі Мечык і Уладзімір.

– Вельмі смачна. Вы выдатна гатуеце, – зрабіў Уладзімір камплімент гаспадыні дома, якая была апранута ў хатні спартыўны гарнітурчык і як раз збірала валасы ў пучок на патыліцы.

– Вельмі прыемна, – сказала маладая гаспадыня і ўсміхнулася.

Тут у кухню ўбег маленькі сын Мечыслава. Ён кінуўся да бацькі і паспрабаваў схапіць яго за гарлавіну швэдры.

– Я ж ем, ты ж бачыш, – сказаў Мечыслаў і, усміхнуўшыся, падняў сына і пасадзіў яго да сябе на калені.

У гэты час у пакоі на гарышчы, дзе Уладзімір і Мечыслаў пакінулі свае тэлефоны побач з артэфактамі Панятоўскага, чуўся званок. Тэлефон Мечыка вібраваў на стале, але насельнікі дома не чулі, бо былі занадта далёка.

Віка пачакала яшчэ трохі і, так і не пачуўшы прывітання Мечыка ў трубцы, апусціла тэлефон на калені.

– Не падымае, – задуменна сказала дзяўчына, – Трэба будзе набраць пазней.

Яна ўстала і пачала збірацца на сустрэчу з Лiтвакасам.

У гэты час Мечык і Уладзімір скончылі абед і вярнуліся да сваёй працы.

– Захаванасць дзівосная, – сказаў Уладзімір, яшчэ раз беручы сярэбраную капсулу ў рукі.

– А гэтая скрыначка з чырвонага дрэва, – вымавіў Мечыслаў, – проста ладная штучка. Нават складана сказаць, што тут радуе больш.

– Залаты герб Панятоўскіх, – адказаў гісторык.

– Ну дык! – усклікнуў Мечык.

– Але пергамент… Ведаеш, нават калі б на ім нічога не было напісана, я б усё роўна лічыў, што ён выдатны, – вымавіў мінчанін.

Мечыслаў усміхнуўся і кіўнуў галавой. Уладзімір працягваў трымаць у руках сярэбраную капсулу.

– Ты вельмі добра яе ачысціў. Яна прама ва ўсім бляску. Цяпер выдатна відаць усё, што на ёй адлюстравана, – адзначыў Уладзімір.

– Звярні ўвагу на гэтую ручку ў выглядзе галавы вала, – параіў гарадзенец.

– Яна такая прыемная навобмацак… мне нават больш падабаецца яе мацаць, чым на яе глядзець, – злёгку ўсміхнуўшыся, спакойным голасам сказаў госць.

Мечык падышоў да стала, дзе ляжаў ягоны тэлефон і, узяўшы яго ў рукі, усклікнуў:

– Тэлефанавала Віка! Мабыць, мы не чулі, пакуль абедалі. Эх!

– Патэлефануй ёй, – параіў Уладзімір і Мечык, націснуўшы на выклік, паднёс тэлефон да вуха

Віка пачула званок тэлефона, які ляжаў у яе ў невялікай сумцы, перакінутай праз плячо. Дзяўчына парылася ў ёй і, не без высілкаў, намацаўшы тэлефон, выцягнула яго. Зірнуўшы на мабільны яна з радасцю ўсміхнулася.

– Так, Мечык, – усміхаючыся сказала дзяўчына ў трубку.

– Прывітанне, – пачула яна ў адказ.

– Прывітанне.

– Я бачу, ты тэлефанавала, але мы з Уладзем не чулі. Елі, ага, – сказаў вясёлым тонам Мечык.

– Проста ёсць навіны.

– Якія?

– Сёння з раніцы мне патэлефанаваў Лiтвакас. Уяві сабе прафесар у Гародні…

– Вось гэта навіны, – здзіўлена сказаў Мечыслаў. – Ён табе тэлефанаваў? І што сказаў? Што ён хоча?

– Ён не патлумачыў, – адказала Віка.

– І?

– І цяпер я іду на сустрэчу з ім. Мы дамовіліся ў тры гадзіны, каля помніка Ажэшкі. Я ўжо даволі блізка да месца.

– Ты зусім не ведаеш, чаго ён можа хацець? Хоць, меркаваць тое нескладана. Праўда, як думаеш?

– Дакладна не ведаю, але выказаць здагадку сапраўды лёгка.

– Напэўна гэта звязана з артэфактамі.

– Так, напэўна. Ну што ж яшчэ яму можа быць трэба. Ён хоча нешта паведаміць па нашай справе і гэта, верагодна, будзе нам на карысць.

– Ці яшчэ нешта даведацца, – сказаў Мечыслаў.

– Я…

У гэты момант Віцы здалося, што наперадзе сярод тых людзей, што ішлі па вулiцы, стаіць нейкі чалавек, твар якога быў ёй знаёмы, але яна ніяк не магла ўспомніць, дзе яго бачыла. Ягоная знешнасць была такой невыразнай, што запомніць твар здавалася амаль немагчымым. Ёй прыгадалася, што падобны чалавек ужо ішоў за ёй аднойчы, ці ж ёй проста здалося, і ніякага чалавека не было, ні тады, ні цяпер.

– Алё, Віка, ты тут? – спытаў Мечыслаў, чуючы ў трубцы маўчанне.

– Так, – сказала дзяўчына спахапіўшыся.

Яна яшчэ раз пільна ўгледзелася ў чалавека, што здаўся ёй знаёмым, але ён проста стаяў і глядзеў на яе, а потым раптам усміхнуўся і памахаў дзяўчыне.

«Гэта проста нейкі мой знаёмы, але я яго зусім не памятаю» – пранеслася ў галаве гараздзенкi.

– Віка, з табой усё добра? – пачула яна пытанне Мечыслава.

– Так-так, – адказала Вiка, а сама падняла галаву і зноў угледзелася ў чалавека, які махаў ёй. Ён пайшоў дзяўчыне насустрач, але тут Віка ўбачыла, што махае і ўсміхаецца ён не ёй, а камусьцi за яе спіной.

– Тут проста нехта махаў мне, але аказалася, што не мне, – сказала Віка ў трубку.

– Ага, – крыху збянтэжана адказаў Мечыслаў.

– Я думаю, гэта выдатная магчымасць даведацца яшчэ пра нешта. Я, шчыра сказаць, згараю ад цікаўнасці. У Лiтвакаса ўніверсітэт і студэнты. І вось ён, атрымліваецца, усё кінуў і паехаў у Гродна. Хіба тут можна быць незацікаўленай?

– Ну так. Можа ты хочаш, каб мы з Уладзем пад'ехалі?

– Ну, я думаю, што спраўлюся. Магчыма, Лiтвакас і сам захоча пабачыць Уладзіміра, бо яны ж даўно знаёмыя і менавіта ён яго нам і парэкамендаваў. Калі ён захоча, то і вы з ім сустрэнецеся.

– Зразумела. Ну, тады стэлефануемся.

– Так, да пабачэння, Мечык.

Дзяўчына адключыла трубку і паглядзела на неба. Дзень быў сонечны, але не асабліва цёплы.

Пасля таго як сувязь перарвалася Мечык падышоў да акна і паглядзеў на вуліцу.

– Ну і што там? – спытаў Уладзімір, якi ўсё яшчэ трымаў у руках капсулу.

– Уяўляеш, Лiтвакас прыехаў у Гродна і патэлефанаваў Віцы. Прапанаваў ёй сустрэцца, і яна зараз ідзе на гэтую сустрэчу.

– Дык гэта ж добра, – спакойна сказаў Уладзімір. – Напэўна ён паведаміць, пра нешта важнае, а інакш, чаму ён прыехаў у Гродна?

– Мда… У мяне нейкае дзіўнае пачуццё… Як быццам бы гэты Лiтвакас нясе нейкую пагрозу. Як быццам бы ён звязаны з пагрозай. Ты вось ведаеш яго даўно. Што ён за чалавек? – спытаў Мечык.

– Ну, ён добры спецыяліст, – адказаў мінчанін.

– А што ён за чалавек?

Уладзімір толькі паціснуў плячыма.

Пакуль Мечыслаў і Уладзімір абмяркоўвалі Лiтвакаса, Віка амаль прыйшла на месца сустрэчы. Дзяўчына была вельмі педантычная і не любiла спазняцца. На сустрэчы, тым больш дзелавыя, яна амаль заўсёды прыходзіла загадзя і нярэдка сама чакала таго з кім дамовілася.

Побач з помнікам знаходзілася старая гарадзенская аптэка з выдатным інтэр'ерам. Бываць там было прыемна, і дзяўчына зазірнула туды, бо да трох гадзін было яшчэ трохi часу. Правёўшы некалькі хвілін у аптэцы, Віка выйшла на вуліцу і накіравалася да помніка Элізы Ажэшкі, да якога заставалася прайсці самую драбніцу.

Да здзіўлення дзяўчыны Лiтвакас ужо чакаў там. Прафесар прыйшоў на сустрэчу нават раней яе і цяпер сядзеў на невялікай чыстай лаўцы.

Лiтвакас падняўся насустрач той каго чакаў, і моцны парыў ветру расчыніў крысы яго цяжкага, зімовага паліто, пашытага з шэрага драпу. Неверагоднай даўжыні шалік быў наматаны на шыю прафесара. Ягоныя лакаваныя туфлі не адрозніваліся чысцінёй. А тоўстыя далоні з даволі такі кароткімі пальцамі – напалову выглядалі з кішэняў цёмных, паласатых штаноў. Ён быў з тых людзей, якія выглядаюць смешнымі дзівакамі нават у дарагой вопратцы і дарагой машыне, з дарагім гадзіннікам на запясце, а асабліва смешнымі такіх людзей робяць дарагія сяброўкі, што трымаюць іх пад руку.

Чорныя вочы Лiтвакаса глядзелі, не адрываючыся, на Віку. Зімовае сонца залівала месца сустрэчы прафесара і дзяўчыны. Акуратны помнік Элізы Ажэшкi ўжо шмат дзесяцігоддзяў упрыгожваў Гродна і цяпер твар пісьменніцы быў звернуты да Лiтвакаса. Стаяў невялікі мароз і ў гэтым месцы адкрываўся выдатны вiд на цэнтральны парк, названы ў гонар французскага навукоўца васемнаццатага стагоддзя – Жылібера. Нават голыя дрэвы гэтага парку выраблялі прыемнае ўражанне, а на маленькім мастку, з каванымі ажурнымі парэнчамі, як быццам вышытымі ў паветры чорнымі ніткамі, гарэзавала нейкая парачка, пасылаючы ў неба свае вясёлыя крыкі.

– Добры дзень, Вікторыя, – сказаў Лiтвакас, калі тая была яшчэ далёка. Ён быў упэўнены, што яго голасу хопіць моцы прабіцца скрозь вецер і дасягнуць слыху дзяўчыны, якая бадзёра шагала яму насустрач. Віка сапраўды пачула і, памахаўшы рукой, пайшла хутчэй.

– Добры дзень, – сказала яна, падышоўшы да Лiтвакаса.

Сонца асвятляла акуратна прыбраныя валасы, а вецер гойдаў вопратку дзяўчыны. Яна збянтэжана апусціла вочы і правяла па краі паліто сваімі доўгімі пальчыкамі.

Але Лiтвакас застаўся абыякавы да гэтай ідылічнай карціны. У іншы момант ён мог бы аддаць ёй належнае, бо быў заўзятым знатаком жаночай вабноты, аднак цяпер ён быў паглынуты нейкай ідэяй, якая спальвала ягоны мозг. Таму ён зрабіў крок да дзяўчыны, якая працягвала злёгку саромецца,, і гучна выпаліў:

– Віка, вы павінны кінуць гэтую справу са знаходкай.

– Што?

– Вы павінны перастаць разблытваць гісторыю гэтых знаходак, якія вы вывудзілі з часоў Панятоўскага. Я ўжо казаў, што гэта сур'ёзней, чым вы думаеце, магу толькі пацвердзіць свае словы. Ваш сябар можа прадаць мне гэтыя артэфакты.

– Але ж я казала вам, прафесар, што справа не ў грошах.

– Так, не ў грошах, не ў грошах, але вы павінны зразумець, што я прашу вас пакінуць гэтую справу. Вы разумееце?

Трыкутнiк караля

Подняться наверх