Читать книгу Пастэга - Яўген Аснарэўскі - Страница 3
Пастэга
Глава 2
ОглавлениеВясёлае цурчанне вады ў невялікіх вадаспадзіках… Даліна ручая нейкім дзіўным чынам апынулася ў самым цэнтры даволі вялікага горада (ва ўсякім разе большага, чым сталіца Швейцарыі). Людзі ўладкавалі гэтае зямное заглыбленне. Дарожкі, выбрукаваныя шурпатай пліткай, ажурныя борцікі парэнчаў, зняверна абцяжараныя «сямейнымі» замкамі (Марыя плюс Марэк = Разам назаўжды). Бронзавыя статуі. Палац васемнаццатага стагоддзя, з высокім, чарапічным дахам, які размясціўся непадалёк ад правалу даліны. Паміж палацам і адной з цэнтральных гарадскіх плошчаў – мост з вялікай аркай, якая як бы ўсмоктвала ў сябе ручай, пясчаныя беражочкі, звілістую дарожку з той самай пліткай з шорсткага бетону.
Ісці, шамацець каляровым лісцем, старацца не аблізваць вусны. Часцінкі дрэўнай мазаікі шчодра рассыпаюць клёны, якія высяцца па краях даліны, як гіганцкія брокалі. Газон – геаграфічная мапа. Незлічоныя, разнастайныя па форме і колеры, лятаючыя вандроўнікі, дзеці дрэўнай кроны, закрылі сабой паверхню зямлі, стварыўшы стракатую коўдру. Бракуе толькі мерыдыянаў з экватарам.
Затое тут ёсць заспакаяльнае, нізкае неба, яркае, халаднаватае свяціла, натуральны прастор паміж каменнымі куфэркамі асабнякоў. Свежы вецер з лёгкім пахам гніення… Парачка з дзіцем, веласіпедыст… Ціха, спакойна, але недзе ў гэты час адбываюцца драматычныя падзеі. Хома сапіенсы забіваюць, спрабуюць забіць, спальваюць дамы са скверамі, б'юцца, каб выратаваць іх ад агню. Я ж проста іду. Чую ў вушах музыку армяна-амерыканскага гурта. Побач са мной рухаецца Аля. Мы падыходзім да згаданага раней маста. За ім будзе яшчэ адзін масток – больш стары. Нас цікавіць першы. Ён даволі шырокі. Увайшоўшы ў яго таямнічую арку можна ўбачыць мноства «дугавых рэбраў». Бетонныя костачкі надзейна трымаюць нязграбны, масіўны мост на сваіх выгнутых, натруджаных спінах. Злева ад нас, паміж гэтымі рэбрамі, дванаццаць прасветаў, справа – восем. Мы праходзім пад мастом, затым нейкі час сядзім на размаляванай маркерам, цёмна-карычневай лавачцы. Стукаю косткамі па драўлянай спінцы, там, дзе былая хвоя злёгку нагрэлася ад сонца. Расла сабе, год, два, пяць. Кола быцця! Пад скрыгат пілы, працаўнiчок сканчае цыкл вырастання іглічнай грацыі. Потым рабочыя камунальнай гаспадаркі робяць з сушаных касцей, у якіх некалі беглі сокі, тлела жыццё, нешта адносна зручнае для чалавечай задніцы. Дрэва памерла, але я крыху жывейшы за лаўку. Таму рады, што зараз на мёртвым сядзенні прымасціліся спакушальныя ягадзіцы маёй спадарожніцы, абцягнутыя тугiмі, шэрымі штонікамі, а акрамя таго, значна менш цікавая, мужчынская задніца – мая.
– Як тут усё ж файна, – уздыхае Аля.
– Гэта так, – згаджаюся я, а потым, нечакана для суразмоўніцы, дадаю. – Ты б хацела памерці менавіта цяпер? Вось менавіта ў гэты канкрэтны момант, калі табе цудоўна, спакойна? Проста зачыніць вочы, больш ніколі не адчыняць? Відавочна, што далей нас, як усіх на свеце, чакае яшчэ шмат сумных падзей, дык ці не лепш перабіць сімфонію на адным радасным, мажорным акордзе?
Аля моўчкі глядзіць мне ў вочы. Яна падцягнула нагу ўверх і цісне каленкай на драўняны хрыбет мёртвай лавачкі. Злёгку закусіла ніжнюю губу (люблю, калі яна так робіць) паправіла злёгку дрыготкімі пальчыкамі пасму валасоў.
– Тады я ніколі не вазьму на рукі сваё дзіця, – нарэшце адказвае яна, – і, хоць яго трэба прывесцi на свет у пакутлівых родах, усё ж, я хацела б выпрабаваць гэта.
– Трэба яшчэ і зачаць, – удакладняю я.
– Я чамусьці мяркую, што з гэтым вельмі вялікіх праблем не будзе, – адказвае Аля, гледзячы на мяне смяшлiвымi вачыма пры гэтым какетліва паднімаючы бровы.
– Нарадзіць дзіця значыць выракчы для яго смерць, – Тэт апавясціў дзяўчыну на мёртвай лавачцы. – Так, пра гэта дакладна думае не кожная маці. Ты дорыш жыццё, але зусім ясна тое, што жыццё твайго дзіцяці скончыцца. Калі не адмахвацца ад статыстыкі, то можна даволі ўпэўнена заявіць, што наўрад яно скончыцца ва ўзросце ста двух гадоў, падчас найглыбокага сну. Вельмі верагодна, што смерць гэтая будзе звязана з пакутамі, ды і само жыццё дзіцяці, трэба думаць, будзе звязана з пакутамі. Можна быць нават мільярдэрам, мець поўную ўпэўненасць, што ты ўжо дакладна зможаш даць сваёй крывіначцы неабходны дабрабыт, але дзіця, раптоўна, можа захварэць на нешта такое, што не вылечаць нават шарлатаны лекары, за ўсе назапашаныя, праклятыя мільярды. Дзіця можа патрапіць пад машыну, застацца інвалідам, напрыклад. Ва ўсіх такіх выпадках адказнасць будут несці тыя, хто далi гэтае выдатнае жыццё – бацькi. А можа роды – своеасаблівая эстафета помсты? Бацькі выцягнулі ў гэты ідыёцкі свет цябе, а ты адыгрываешся на сваіх дзецях, падумваючы аб тым, што неабходзен той, хто транспартуе шклянку вадкасці да падгалоўя ложка, калі ногі ўжо не дазволяць дабрацца да кухні. Выстрэльваеш дзіця ў свет граху, быццам корак ад шампанскага. Матывацыя зразумелая, але корку ад гэтага не лягчэй. Так, вядома, дзіця чакаюць радасныя момант. Я сам быў практычна абсалютна шчаслівы ў раннім дзяцінстве. Толькі наступны боль наўрад цi загасне ад прыемных момантаў, ці, прынамсі, я цяпер не зусім у гэтым упэўнены.
Мая спадарожніца даволі доўга маўчала, яе далікатная ўсмешка таксама, як быццам, была ціхай і лагоднай.
– Ты маеш рацыю, маеш рацыю шмат у чым, – Аля глыбока ўздыхнула. – Але я проста хачу гэта выпрабаваць. Логіка бяссільная, мабыць.
– Што ж, калі камусьці патрэбна мэта жыцця, то можна жыць хаця б дзеля таго, каб паглядзець, чым канкрэтна скончыцца гэты забег. Гэта значыць ясна, што чакае ў канцы, але некаторыя дэталі спаборніцтва невядомыя, а можа ж быць цікава даведацца, – я казаў так, быццам мяне прасілі не шумець у пакоі спячага дзіцяці.
Пасля гэтых слоў мы ўстаём і вяртаемся назад. Цяпер дванаццаць прасветаў справа ад нас. Я адлічваю шэсць з боку лаўкі, на якой мы толькі што сядзелі. Нам патрэбен шосты прасвет…
Мы ўстаём і вяртаемся назад. Цяпер дванаццаць прасветаў справа ад нас. Я адлічваю шэсць з боку лаўкі, на якой мы толькі што сядзелі. Нам патрэбен шосты прасвет…
– Значыць, – ціха сказала дзяўчына, – нам трэба перабрацца праз гэты ручаёк.
– Проста пераскочым, Аля! – пазначыў я нашу задачу.
– Ты ўпэўнены? – адказала мне спадарожніца, скептычна паглядзеўшы на жвавыя патокі раўчука, якія бягуць у бок вялікай ракі, дзе мы нядаўна аглядалі зялёны астравок выдр.
«Скачок на пусты беражок».
– Там ёсць месца, дзе адлегласць зусім маленькая. У зусім крайнім выпадку, ты проста прамочыш ногі, захварэеш на прастатыт і памрэш.
– Ты цвёрда ўпэўнены, што я магу захварэць на прастатыт? – удакладніла дзяўчына.
– Верагоднасць прыкладна такая ж, як верагоднасць таго, што ты прамочыш ногі, – важным тонам адказаў я і паправіў уяўны вус.
Аля засмяялася. Мы накіраваліся да самага вузкага месца, дзе зялёную ваду можна было пераскочыць вельмі лёгка.
– Я першая! – крыкнула дзяўчына.
Яе вясёлы голас пранёсся па даліне, халоднай маланкай стралы, якую спусцілі са звонкага, крыштальнага, паветранага лука, прама над галовамі парачкі з дзіцём і веласіпедыста.
Аля сапраўды лёгка пераскочыла ручаёк… Я меў рацыю. Наўрад цi ёй пагражае прастатыт. Плясь! Тэт ужо побач са скакухай. Яна іранічна пляскае ў ладкі майму скачку, таму атрымлівае ад мяне грацыёзны паклон, на які адказвае рэверансам. Мы ідзём… Трэба яшчэ метраў дваццаць. Ён! Шосты прасвет.
– Ну, Тэт, навошта ж ты прывёў мяне сюды? – пытаецца Аля.
Я задумліва гляджу на яе.
«Яшчэ не позна проста пайсці…»
– Зараз ты ўбачыш Пастэга, – гучна і чамусьці злёгку спалохана кажу я.
– Што гэта яшчэ такое? – кідае мне пытанне Аля і робіць падступны выгляд.
– Пастэга лепш убачыць, чым чуць апісанне, – кажу я. – Мы зойдзем у шосты праём, я двойчы пстрыкну пальцамі і скажу: «Пастэга», тады, калі я гэтага годны, а я ўжо ведаю, што годны, перад намі з'явіцца бронзавая львіная галава, а з ноздраў ільва паваліць густы, чорны дым. Зьявіцца цэлая дымная заслона. Крок у яе і Пастэга перанясе цябе ў тваё мінулае. Ты зноў будзеш, напрыклад, у школе, у целе вучня дзевятага класа, але захаваўшы сваю памяць, то бок увесь досвед, назапашаны за гады. Напоўніцу кіраваць Пастэга – цяжка. Гэта яно выбірае куды закіне цябе, і калі верне назад. Звычайна, ты знаходзішся ў сваім мінулым не больш за некалькі гадзін.
– Вось яно! «Сіндром несталеючага хлопчыка», – прамовіла Аля і скептычна хмыкнула. – Складаеш дзяўчыне ўсякія дурасці, як быццам я школьніца!
– Не так даўно ты была ў школе! – заявіў я, разводзячы рукі. – У чалавечым жыцці ўсё не так даўно. Што такое гадоў восемдзесят? Імгненне для гісторыі. А для пацешных, падобных малпачкам, істот – цэлае жыццё. Таму нават наша розніца ва ўзросце – дробязь, мілая мая.
– Добра, добра, – пагадзілася Аля і пацешна паляпала вейкамі. – Пакажыце мне ваша Пастэга, будзьце ласкавы, паважаны Магістра!
І Аля пакланілася мне з перабольшаным выразам павагі на яе прыгожым твары.
Раз, два, тры… Я зрабіў усяго тры крокі, два разы пстрыкнуў пальцамі і вымавіў: «Пастэга».
Усё здарылася, як я прадказваў. Галава льва, чорны дым, які быццам напоўніў сабой нябачны акварыум, выцягнуты ўздоўж сцяны. Дым клубіўся, пакуль мая спадарожніца, поўнымі здзіўлення вачыма, глядзела на несумненны цуд. Пад цяжкім мастом, падобным на косці велічэзнага краба з дагістарычных часоў, здарылася нешта звышнатуральнае.
– Але як гэта магчыма, і хто прыдумаў гэтую машыну? – нарэшце павольна вымавіла Аля.
– Хм, яшчэ пытанне, машына гэта ці не, – адказаў я, зрабіўшы асаблівы ўпор на апошнім слове. – Аднак галоўнае, што гэтая рэч працуе.
– Але як ты наогул даведаўся пра яе? – спытала дзяўчына.
Я бадзёра хмыкнуў і спакойна сказаў:
– Што значыць як? Мы ж з табой пішам кнігу, і я ў гэтай кнізе выдумляю тое, што хачу. Як, дарэчы, і ты.
Мая спадарожніца, здаецца, была задаволена гэтым адказам.
– А зараз? Што зараз? Мы, зразумела, пойдзем унутр, так?
– Вядома, Аля! Білет у будучыню гэта білет у адзін канец. Аднак мы з табой такi накіруемся ў мінулае. Спачатку я, а потым, праз секунд адзінаццаць, ты. Наперад!
Скончыўшы прамаўляць, я хутка ступіў у заслону. Эх! Трэба было заплюшчыць вочы… Зажмурыўся, але было позна. Вочы пачало шчыпаць. Зрэшты, неўзабаве я перастаў адчуваць які-небудзь дыскамфорт. Я нібы вісеў у бязважкасці, але доўжылася гэта не больш за дваццаць секунд. Вакол быў дым, які паступова рабіўся больш светлым, пакуль не стаў белым пухам аблокаў. Калі гэтыя аблокі разышліся, я зразумеў, што з вялізнай хуткасцю нясуся да сваёй старой школы… Ужо быў бачны яе дах. Я праскочыў скрозь накрытыя смалой кавалкі руберойда, нібы быў срэбным нажом, а дах нашай элітнай школы – кавалкам шакаладнага масла, і апынуўся ў кабінеце. Так, гэта быў восьмы клас, мая задняя парта, урок матэматыкі, і добра знаёмы, рэзкі, як турэмная сірэна, званок.