Читать книгу Праспект Незалежнасці (зборнік) - Яўген Шунейка - Страница 3
Зямля і неба Фердынанда Рушчыца
ОглавлениеНадзвычай прыгожая і багатая на жывапісныя матывы нашая беларуская прырода. Тут усюды можна знайсці непаўторныя і захапляльныя для сузірання мясціны. Асаблівай панарамнай узвышанасцю і далёкасяжнасцю адрозніваюцца далягляды, якія пачынаюцца пасля Маладзечна, са станцыі Палачаны да прыпынку Багданаў, што ў Валожынскім раёне Мінскай вобласці. Запамінаецца будынак вакзала канца ХІХ – пачатку ХХ ст., ціхая, утульная атмасфера вакол яго, якая вяртае ў мінулыя часы. Але далёка не кожны пасажыр ведае, што зусім непадалёк знаходзіцца месца, дзе да 1940-х гг. знаходзілася старадаўняя шляхецкая сядзіба з аднайменнай назвай “Багданаў”. Там 10 снежня 1870 года нарадзіўся і правёў лепшыя гады свайго жыцця Фердынанд Рушчыц, эпахальная асоба ў станаўленні беларускага, польскага, літоўскага, рускага мастацтва канца ХІХ – пачатку ХХ ст., нястомны арганізатар культурнага жыцця, краязнаўца, пісьменнік, публіцыст, педагог, прафесар адноўленага ў 1919 г. Віленскага ўніверсітэта.
Па генеалагічнай радаслоўнай таленавіты мастак паходзіць з шляхетнага сямейства Рожчычаў-Рушчыцаў гербу Ліс, вядомага на беларускай зямлі з канца XV ст. У сталым узросце мастаку, абапіраючыся на архіўныя звесткі, удалося апісаць свой слаўны радавод. У XVI ст. радзінным гняздом Рушчыцаў быў маёнтак Збірогі ля Кобрына. Шматлікія продкі Рушчыца годна служылі Радзіме, былі вайскоўцамі, выбіраліся на розныя адказныя кіраўнічыя пасады Берасцейшчыны, Слонімшчыны, Віленшчыны. Дзед мастака Фердынанд Рушчыц (1786–1848) быў адвакатам і з 1832 г. абараняў інтарэсы Радзівілаў, жыў пераважна ў Вільні. Пасля шлюбу з Ганнай Чаховіч (1800–1874) атрымаў жончын пасаг – маёнтак Вайгяны ля Багданава. У 1836 г. дзед мастака набывае маёнтак Багданава на аўкцыёне і з таго часу абодва маёнткі становяцца ўласнасцю сям’і Рушчыцаў, у якой нарадзілася 7 дзетак. Адзін з сыноў, Эдвард (1830–1910), і стаў бацькам славутага творцы неўзабаве пасля свайго шлюбу ў 1958 г. у г. Лібаве (суч. Ліепая ў Латвіі), дзе служыў у войску. Яго маці – Альвіна – была дачкой датчаніна Маркуса Андрэаса Мунга, шкіпера і ўладальніка гандлёвага карабля.
Ад сваёй маці ён успрыняў тонкі мастацкі густ, зачараванасць хараством прыроды. Яна была першым гледачом і патрабавальным крытыкам кожнага яго новага жывапіснага палатна, большасць з якіх створана менавіта ў Багданаве. У 1877–1890 гг. Фердынанд разам са сваёй сям’ёй жыў у Мінску. Ён быў малодшы сярод дзяцей і меў чатыры старэйшыя сястры. Бацька мастака працаваў кіраўніком рахункавага аддзелу на чыгунцы, што дазваляла Рушчыцам жыць па тых часах дастаткова забяспечана. У Мінску малады Фердынанд пачаў захапляцца мастацтвам, наведваў у гімназіі факультатыўныя заняткі па малюнку, якія праводзіў Кузьма Ермакоў, выпускнік Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў. Здольны юнак скончыў з залатым медалём гімназію і адразу паступіў восенню 1890 г. на юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, а таксама быў залічаны вольным слухачом Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў. У 1892–1897 г. ён ужо цалкам аддаецца мастацтву, як паўнапраўны студэнт Акадэміі па спецыялізацыі пейзажнага жывапісу, стаўшы выхаванцам славутых майстроў рускага мастацтва І. Шышкіна і А. Куінджы. Апроч заняткаў у Акадэміі шмат падарожнічаў, як і належыць сапраўднаму пейзажысту, па Беларусі, Літве, Расіі, Украіне, меў жывапісную практыку ў 1894–1985 гг. на Крымскім паўвостраве, у 1896–1898 гг. наведвае з эцюднікам і альбомам для графічных накідаў Германію, Францыю, Швейцарыю, Бельгію, Швецыю, а таксама не абмінае і дацкага вострава Борнгольм, дзе жыло сямейства яго маці.
Яго дыпломную працу “Вясна” адразу набыў для сваёй маскоўскай калекцыі выдатны мецэнат і збіральнік рускага мастацтва П. Трэцякоў, што азначала для маладога пейзажыста пачатак прызнання. Маляваў ён энергічнымі, шырокімі ўзмахамі пэндзля, выяўляючы самае галоўнае ў абраных краявідах, надаваў у іх вялікую вагу агульнаму настрою прыроды, што вырашаецца праз сімволіку глыбокіх і прасветленых колераў “рушчыцаўскай палітры”, падкрэсліваннем сілуэтаў дрэў з трапяткой лістотай і напружана выгнутымі галінкамі, канцэнтрацыяй хмар і аблокаў у іх бесперапынным нябесным руху і іншымі кампазіцыйна-шматзначнымі элементамі.
1898–1908 гады былі першым пасляакадэмічным і надзвычай плённым жывапіснасімвалічным перыядам творчасці Ф. Рушчыца ў тым сэнсе, што ён стаў адным з вядучых стваральнікаў сімвалістычнага пейзажа ў еўрапейскім мастацтве. Нядаўні выпускнік Акадэміі ў 1899 г. становіцца ўдзельнікам славутых выставаў суполкі “Мир искусства”.
Але паступова кантакты з творчым пецярбургскім асяроддзем слабнуць. Сваю негатыўную ролю тут адыграла тэндэнцыйнае крытыканства, якое не ўхваляла твораў мастака, не разумела іх вобразнай глыбіні. Сам жа Ф. Рушчыц не ізаляваў сябе ад той акадэмічнай школы, якая дала яму выдатнейшыя прафесійныя веды. Ён заўсёды з вялікай пашанай прыгадваў сваіх настаўнікаў і калегаў-аднакурснікаў па Акадэміі, як і іншых рускіх мастакоў, якія былі ініцыятарамі наватарскіх пошукаў. Яны таксама высока ацэньвалі яго творы і шанавалі як здольнага пейзажыста. Мікалай Рэрых, які вучыўся з Ф. Рушчыцам у А. Куінджы, называў яго карыфеем мастацтва і асабліва вызначаў у пейзажах мастака гераічны пачатак.
У той самы час Ф. Рушчыц пашырае свае сувязі з творчым рухам мадэрністаў, які называецца “Młoda Polska” (“Маладая Польшча”), і ў 1900 г. у Кракаве абіраецца сябрам прагрэсіўнай творчай суполкі “Sztuka” (“Мастацтва”). У 1902 г. яму было даручана правесці ў слыннай выставачнай зале “Сецэсія” ў Вене першую экспазіцыю кракаўскай суполкі. У 1907–1908 гг. Ф. Рушчыц выконваў ганаровую функцыю старшыні суполкі “Sztuka”, што сведчыць пра яго вялікі арганізацыйны і творчы аўтарытэт, адметную ролю ў станаўленні маладога польскага мастацтва пачатку ХХ ст.
Мастак таксама шчыра зацікаўлены ў культурным росквіце блізкага яму горада Вільня, цэнтра нацыянальнага адраджэння польскай, літоўскай, беларускай, яўрэйскай культуры, дзе з 1899 г. з поспехам выстаўляе свае новыя творы.
Усе пейзажы мастака, якія прынеслі яму міжнародны поспех, былі створаны ў Багданаве, дзе ён жыў і надзвычай інтэнсіўна працаваў у 1898–1904 гг. (калі не лічыць неабходныя выправы ў буйныя гарады і мастацкія цэнтры з мэтай арганізацыі выстаў і да т. п.). У сямейным маёнтку Фердынанд прыстасаваў адзін з пакояў для сваёй творчай майстэрні і мог пры неабходнасці зверыць з натурай распачаты малюнак, напрыклад, выгляд заснежанага млына ці загадкавы вечаровы каларыт бярозавай алеі, што знаходзіліся ў непасрэднай блізкасці ад яго сядзібы. І сама родная сядзіба неаднойчы станавілася вобразам яго сімвалічных пейзажаў. Такое ўражанне, што ў кожны аднасеансны эцюд ён ужо ўкладаў эпічнае бачанне родных вобразаў зямлі і неба. Многія з яго багданаўскіх матываў пераўтварыліся ў завершаныя творы і ўсхвалявалі незлічонае кола гледачоў шматлікіх краін, сталі для іх блізкімі, як люстэрка іх асабістых духоўных настрояў і памкненняў да прыгожага і праўдзівага. У сутнасці сваёй пейзажы Ф. Рушчыца выявілі характар беларускай прыроды ў той самай ступені, як пейзажы Клода Манэ, Каміла Пісаро, Альфрэда Сіслея дазволілі ўбачыць у французскай прыродзе ўсё багацце святла і сонца, што і сёння дапамагае развіццю пленэрнага жывапісу ва ўсім свеце.
Багданаўскія, або “рушчыцаўскія”, матывы – выключныя ўзоры сімвалічнага пейзажа, якія па-ранейшаму маюць прыцягальнамагічную моц уздзеяння, нагадваючы пра тое невычэрпнае багацце вобразаў, якія таяцца ў кожнай нашай мясціне. Будзем спадзявацца, што настане час, калі Багданаў з адноўленай сядзібай славутага творцы стане месцам паломніцтва незлічонай колькасці мастакоў і аматараў творчасці Ф. Рушчыца.
Немагчыма ў адным артыкуле ахапіць усе жывапісныя творы “багданаўскага эпаса”, што знаходзяцца зараз у музеях і калекцыях розных краін. Але немагчыма не спыніцца хаця б на некалькіх эпахальных пейзажах, якія прынеслі мастаку славу. Першая творчая вышыня была звязана з серыяй зімовых млыноў, створаных у 1897 г. Адна з прац, “Млын зімой пры заходзе сонца”, была адразу набытая славутым калекцыянерам С. Мамантавым, які не мог не захапіцца вобразнай неардынарнасцю такога матыва ў еўрапейскім мастацтве. Зімовы час дазваляе сонейку толькі ваду рачулкі вызваліць з ледзянога палону. Яе непераможная глыбокая плынь дзеліць на дзве часткі кампазіцыю з заснежаным берагам і млынам з водным колам, застылым у бязруху, схопленым суровым марозам. Яны выглядаюць як мажныя міфалагічныя здані, што зберагаюць невядомыя легенды і недаступныя скарбы. Здольнасць выявіць выключнае ў звычайным і надалей становіцца для мастака асновай яго далейшых творчых здабыткаў.
У 1898 г. Ф. Рушчыц стварае, мабыць, свой самы эпічны твор “Зямля” (Нацыянальны музей у Варшаве). Увага гледача канцэнтруецца на пагорку раллі, які надае далягляду сферычны выгляд. Тут быццам адлюстравана ўся зямная куля, на якой пракладае свае глыбокія барозны першы ў свеце араты з быкамі. Здаецца, што ў адвечнай сялянскай працы мастак адчуў жывую повязь з архаікай, калі на нашай зямлі, згодна з легендамі, жылі і працавалі магутныя волаты. У творы надзвычай блізка сыходзяцца зямля і неба. Ніхто так не маляваў яшчэ велічных аблокаў, якія амаль апусціліся на плечы аратаму. Такую ношу ў стане трымаць толькі Асілак. Вера мастака ў сваю Зямлю і Народ у гэтай працы выключная і пераканаўчая. Аўтар напружанакантраснымі жывапіснымі сродкамі ілюструе біблейскую выснову пра плён зерня, кінутага ў глебу.
Ідэю нацыянальнага адраджэння Ф. Рушчыц звязвае з пачаткам веснавога абуджэння прыроды ў творах “Лясны ручай”, 1898–1900 (Нацыянальны музей у Варшаве), “Веснавы краявід”, 1900 (Нацыянальны музей у Кракаве) і інш. Да гэтай тэмы можна далучыць і жывапісныя адлюстраванні драўлянай культавай архітэктуры ў Багданаве, якая гуртуе людзей у іх лепшых духоўных памкненнях. Жывапісны твор Ф. Рушчыца “Ля касцёла”, 1899 – унікальная аздоба калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея ў Мінску (адзіны твор мастака, які знаходзіцца ў Беларусі). На жаль, Багданаўскі драўляны касцёл з асобна пастаўленай побач з ім званіцай быў знішчаны падчас Другой сусветнай вайны. На яго падмурку ў савецкі час пабудавалі з цэглы калгасны клуб, які ў 1990-х гг. прыстасавалі для культавых патрэб. Як бачым, не згубіліся сярод нашчадкаў багданаўскіх аратых духоўныя традыцыі.
Але мастака напачатку новага стагоддзя ўжо трывожылі драматычныя прадчуванні. Ён стварае вельмі запамінальны твор “Пустка”, 1901 (Музей літоўскага мастацтва ў Вільнюсе). Неўтаймаваныя віхуры будучых падзей, як бы прадказвае краявід, змятуць усё трывалае, дагледжанае, упарадкаванае. Ад парыву восеньскага вятрыскі, здаецца, нахіляюцца не толькі гнуткія, маладыя дрэвы, але і стары шляхетны дом. На жаль, месца, дзе была сядзіба мастака, цяпер уяўляе сапраўдную пустку. Толькі дзе-нідзе выступаюць з зямлі рэшткі цагляных муроў. Але трэба верыць, што “старое гняздоўе” дачакаецца сваёй мемарыялізацыі і стане цэнтрам сучаснай мастацкай творчасці.
Мастак перажываў не толькі за будучыню свайго ўласнага падворку, але і за лёсы ўсяго гаротнага люду, які змушаны быў пакідаць родныя сядзібы і шукаць лепшай долі на чужыне. Пра гэта сведчаць яго тэматычныя краявіды “У свет”, 1901 (Мастацкая галерэя ў Львове) і асабліва “Эмігранты”, 1902 (Музей літоўскага мастацтва ў Вільнюсе). Немагчыма знайсці ў пейзажным еўрапейскім жывапісе нешта падобнае па драматычнасці і скрусе. Па багданаўскай бярозавай алеі ў позні восеньскі час крочаць з клункамі за плячыма дзясяткі адарваных ад зямлі сваіх продкаў перасяленцаў. Іх, як пажоўклыя лісткі з высокіх бяроз, што шумяць над іх галовамі смутную мелодыю развітання, гоніць па зямлі халодны, бязлітасны вецер. І кожны з іх хоць на імгненне спыняе сваю хаду і пазірае ў бок пакінутых родных хацінак, што цямнеюць на даляглядзе, за зялёнымі палямі азімай збажыны. І застаецца, не знікае вера ў вяртанне, хоць доўгі шлях наперадзе.
Мастак не проста перажываў за чалавека, але не губляў веры ў яго. Так нарадзіўся яго непаўторны фантастычны краявід “Зімовая казка”, 1904 (Нацыянальны музей у Кракаве). Здаецца, усё ў студзеньскім лясным гушчары замецена снегам, пакрыта шэранню і скавана марозам. Ніякіх прыкмет жыцця. Але застаецца незамярзаючым маленькае возерца, якое жывяць, мабыць, нейкія глыбінныя цёплаводныя крынічкі. І перад гэтай загадкавай глыбінёй схіляюць свае заснежаныя галінкі прыбярэжныя вербы.
У 1904–1906 гг. Ф. Рушчыц стварае своеасаблівы вобразна-сімвалічны пейзаж-маніфест, які добра пасуе для актывізацыі дзейнасці адраджэнцаў. Неаднойчы рабіліся спробы вобразнага прачытання таямнічага жывапіснага паслaння. На фоне зорнага неба, на высокіх хвалях узрушанай марской стыхіі велічна плыве пад ветразямі каравэла з мінулых стагоддзяў, асветленая ліхтарамі. Пад парывамі марскога вятрыскі яна крыху нахілілася, і, здаецца, чуваць, як трывожна рыпяць яе мачты. Ці вытрымае буру стары карабель, што перажыў не адно гістарычнае выпрабаванне? Нібы на шалях сумнення і надзеі завісла сімвалічная каравэла, але ўсе думкі аўтара палатна скіраваны на лепшае. Аб гэтым сведчыць і лацінская назва твора “Nec mergitur” (“Не затапляецца”), які знайшоў сваё пачэснае месца ў экспазіцыі Музея літоўскага мастацтва ў Вільнюсе. “Непатапляльная каравэла” Ф. Рушчыца (калі так можна назваць гэты твор у беларускім адвольным перакладзе) у розныя часы выстаўлялася ў Кракаве і Варшаве як сімвалічны заклік да сучаснікаў уздымаць творчы статус слаўных сваёй гісторыяй гарадоў.
У сакавіку 1911 г. у клубе “Вогнішча” яе ўпершыню пабачылі мінчане на мастацкай выставе, якая далучыла губернскі горад на Свіслачы да больш актыўнага міжнароднага творчага жыцця. У арганізацыі выставы дапамагалі мясцовыя мастакі Язэп Янушкевіч, Генрых Вейсенгоф, Багуслаў Адамовіч, Антон Краснапольскі. Упершыню ў Мінску свае працы дэманстравалі вядомыя кракавяне – Ян Станіслаўскі, Юзаф Віткевіч, Ксаверы Дунікоўскі і інш. Адкрыццё выставы ператварылася ў сапраўднае культурнае свята, якое прадвяшчала, па словах мінскага скульптара Яна Багушэўскага, вялікае абуджэнне “з жаданнем тварэння ў грудзях”.
З 1909 г. Ф. Рушчыц перастае займацца станкавым жывапісам, які патрабуе ад яго забыцца на ўсё астатняе. Ён прысвячае сябе асветніцкай, арганізатарскай, грамадскай дзейнасці, эпіцэнтрам якой становіцца горад Вільня, які перажывае з другой паловы 1900-х гг. перыяд сапраўднага інтэрнацыянальнага адраджэння. Ф. Рушчыц становіцца “жывой паходняй” віленскага творчага жыцця. Свой жывапісны талент ён скіроўвае на стварэнне дэкарацый і тэатральных касцюмаў для пастановак заснаванага ў 1906 г. па ініцыятыве актрысы Ніны Младзеёўскай-Шчуркевіч польскага віленскага тэатра (“Лілія Венеда” Ю. Славацкага (1909), “Арляня” Э. Растанда (1912) і інш.). Надзвычай каштоўнымі з’яўляюцца яго эскізы і праекты касцюмаў і рэквізітаў для “Балядыны” Ю. Славацкага (1914). Яны заклалі выдатную метадалагічную аснову для тэатралізаванага ўваскрашэння айчыннай даўніны сродкамі сучаснага сцэнічнага мастацтва.
Мастаку-асветніку хапала часу і натхнення на стварэнне шматлікіх і разнастайных вокладак для праграм, запрашальных білетаў, для афармлення часопісаў і кніг. У 1910–1911 гг. ён стаў ініцыятарам стварэння незалежнага выдання на польскай мове “Віленскі тыднёвік” (“Tygodnik Wіleński”), які, на яго думку, павінен быў зрабіцца ўзорам сінтэзу “краёвага” мастацтва і прыгожага пісьменства. На жаль, царская цэнзура хутка забараніла гэтае прагрэсіўнае выданне. У 1912 г. Рушчыц адметна аформіў у Вільні нумар штомесячніка “Літва і Русь”, цалкам прысвечанага памяці Уладзіслава Сыракомлі. Вялікую ўвагу ён надае таксама куратарству над развіццём народнай творчасці Заходняй Беларусі і Літвы. Мастак бярэ на сябе арганізацыю “краёвых” выстаў саматужнай вытворчасці і народнай творчасці, дзе апякуецца выяўленнем найбольш чыстых і традыцыйных форм ды ўзораў народнага мастацтва (“штукарства”, як тады яго называлі). Непараўнальна вобразным вырашэннем ад віленскія розніваецца яго плакат Першай краёвай выставы дробнага промыслу і народнай творчасці ў Вільні 1913 г., дзе разам з гістарычнай геральдыкай скампанаваныя народныя паясы, велікодныя “віленскія пальмы” з сухіх кветак (з прыватных збораў мастака), прасніца. На плакаце ўпершыню ў практыцы еўрапейскай ужытковай графікі з’явіўся подпіс кірылічнымі літарамі на сучаснай беларускай мове. Апрача ўсяго, на выставе была шырока прадстаўлена народная творчасць Мінскай губерніі, яшчэ так мала вядомая тады ў шырокім культурным кантэксце. І гэтыя адметнасці адразу выклікалі станоўчы водгук у беларускамоўных і польскамоўных выданнях “Наша Ніва”, “Ziemia” ды інш.
У 1913 г. адбыліся шчаслівыя перамены і ў прыватным жыцці сталага мастака. Ён узяў шлюб з маладой дзяўчынай з Вільні, Рэгінай Рук (1892–1939), дачкой дырэктара Віленскага аддзялення таварыства страхавання, і праз пэўны час стаў бацькам шасці дзетак: дачушкі Яніна, Ева, Барбара, сыны Эдуард, Аскар, Андрэй.
Перыяд Першай сусветнай вайны, рэвалюцыйных падзей, далучэнне Віленшчыны да адроджанай польскай дзяржавы Ф. Рушчыц перажыў з бацькамі, жонкай Рэгінай (Гінай, як ён ласкава называў сваю верную сяброўку жыцця), малалетнімі дзецьмі ў Вільні і Багданаве, многім рызыкуючы, але не жадаючы пакідаць дарагіх для сябе мясцін, хоць яны і трапілі ў прыфрантавую зону, не раз пераходзілі з рук у рукі падчас барацьбы за новыя дзяржаўныя межы. У красавіку 1919 г. Ф. Рушчыц вяртаецца ў Вільню, дзе становіцца сябрам Камітэта адраджэння Віленскага ўніверсітэта. У верасні ён абіраецца прафесарам, а потым і дэканам мастацкага факультэта. Адбылася яго вялікая мара – адрадзіць прафесійную мастацкую адукацыю ў Літве і Беларусі, якая была гвалтоўна перапынена ў 1831 г. Для гэтага мастак меў выдатны педагагічны вопыт, прыдбаны ім на прафесарскіх пасадах у створанай ім Школе прыгожых мастацтваў у Варшаве (1904–1907) і ў Кракаўскай Акадэміі мастацтваў (1907–1908).
Няма ніводнага выпускніка сучасных польскіх Акадэмій мастацтваў, які б не ведаў ролю Ф. Рушчыца ў фарміраванні пачаткаў прафесійнай адукацыі ў іх маладой краіне, якая атрымала сваю незалежнасць 1918 г. І хоць Рушчыц аддаў перавагу развіццю віленскай мастацкай адукацыі, але застаўся прыхільнікам адзінай культурнай прасторы, якая сфарміравалася ў часы Рэчы Паспалітай паміж рознымі славянскімі народамі і іх іншаэтнічнымі суседзямі. Пра гэта сведчыць канцэпцыя першай выставы польскага мастацтва ў 1921 г. у парыжскім Гран Пале, якую арганізаваў Ф. Рушчыц. Уваход на выставу быў акцэнтаваны сімвалічнымі адлюстрававннямі слуцкіх паясоў, а ў экспазіцыі знайшлі сваё месца творы ўраджэнцаў Польшчы, Літвы, Украіны і Беларусі, якія працавалі ў перыяд нацыянальнага адраджэння другой паловы ХІХ – пачатку ХХ ст. Французскі ўрад узнагародзіў арганізатара выставы, прафесара Віленскага ўніверсітэта вышэйшай дзяржаўнай адзнакай – Ордэнам Ганаровага Легіёну.
Не забываў Ф. Рушчыц і вялікія традыцыі навучання ў Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў, якая ў ХІХ ст. дасягнула вышэйшага еўрапейскага ўзроўню. Пад яго кіраўніцтвам у Віленскім універсітэце ў 1920-х – пачатку 1930-х гг. развіваецца так званы стыль “віленскага неакласіцызму”, які быў скіраваны да засваення лепшых еўрапейскіх мастацкіх традыцый розных стагоддзяў. Студэнтамі яго факультэту станавіліся шматлікія здольныя маладыя людзі з розных мясцін Віленскага краю і Заходняй Беларусі, сярод якіх былі Пётра Сергіевіч і Міхась Сеўрук, сапраўдныя класікі беларускага мастацтва ХХ ст. Поруч з класічнымі відамі мастацтва на факультэце ўпершыню выкладалася фотамастацтва, чым займаўся вельмі блізкі сябра Ф. Рушчыца. Гэта – пачынальнік сучаснай беларускай, польскай, літоўскай фотамастацкай школы Ян Булгак, які быў родам з Навагрудчыны. У другой палове ХХ ст. мастацкі факультэт пераўтварыўся ў Віленскі мастацкі інстытут, а потым і ў Акадэмію мастацтваў, выпускнікі якіх прынеслі еўрапейскую вядомасць сучаснаму літоўскаму мастацтву.
У вольны час ад мастацкай і педагагічнай працы Ф. Рушчыц з 1894 па 1932 гг. з пэўнымі перапынкамі вёў змястоўны дзённік свайго творчага і прыватнага жыцця. Спадкаемцам спадчыны мастака ўдалося выдаць 2 тамы гэтых каштоўнейшых рукапісных нататак, запісаў, развагаў. Існуе спроба перакладу першага тома дзённікаў на беларускую мову.
У 1920-х гг. Ф. Рушчыц працягвае займацца сцэнаграфіяй, афармленнем кніг, прыкладной графікай. Яму належыць праект новай пячаткі Універсітэта, ганаровы Рэктарскі ланцуг, урачыстыя віньеткі для дыпломаў розных факультэтаў і інш. Менавіта ў графіцы праявіліся яго выключныя партрэтныя здольнасці мастакапартрэціста. Былі і асаблівыя святочныя дні ў яго багатым на падзеі жыцці. 28 красавіка 1929 г. Ф. Рушчыц як прадстаўнік Віленскага ўніверсітэта ўдзельнічае ў адкрыцці помніка А. Міцкевічу ў Парыжы, чытае там урачыстую прамову на французскай мове. Нечаканай падзеяй, якую мастак выкарыстаў з вялікай прафесійнай адказнасцю, было адкрыццё ў 1931 г. каралеўскіх пахаванняў у падзямеллях Віленскага кафедральнага сабора. Знайшліся нейкім дзіўным чынам прыхаваныя падчас войнаў XVII ст. дамавіны караля Аляксандра Ягелончыка (Ягайлавіча), а таксама дзвюх жонак Жыгімонта Аўгуста – Альжбеты Габсбуржанкі і Барбары Радзівіл. Не да канца давяраючы гістарычнай “уражлівасці” тагачасных дакументальных фотаздымкаў, мастак з натуры малюе захаваныя парэшткі каралевы Барбары Радзівіл, чало якой аздабляе залатая карона, а таксама іншыя сведчанні гісторыі з максімальнай дакладнасцю і мастацкім піетэтам. Аналагаў такой выразнай графічнай вобразнай дакументацыі яшчэ не ведала гісторыя еўрапейскага мастацтва.
Сапраўды тытанічнай актыўнасцю ўражвае шматбаковая грамадская дзейнасць сталага мастака. У 1919 г. ён арганізаваў Таварыства Аматараў Вільна, стаўшы яго “душой і сумленнем”. Рушчыц праводзіў вялікую вытлумачальную работу, каб яго землякі па-новаму ўбачылі той спадчынны цуд, які ўяўляе сабой Вільня, а таксама яе бліжэйшае і далёкае наваколле, ажно да руін-муроў Навагрудскага замка ды іншых маўкліва-векапомных сведкаў гісторыі. Многія з іх дзякуючы кансервацыі 1920-х–1930-х гг. захаваліся да нашых дзён. Нават свой мастацкі факультэт Універсітэта ён вырашыў размясціць у былым бернардынскім кляштары, каб выхоўваць студэнтаў у адпаведным гістарычным асяроддзі. На факультэце сфармавалася вельмі шчырая атмасфера ўзаемаадносін паміж настаўнікамі і студэнтамі, інспіраваная паводзінамі самога дэкана. Гэта былі сяброўскія стасункі без прыкметаў прафесарскай “вышэйшасці”, але і без уседазволенасці. Моладзь з энтузіязмам уключалася ў самыя розныя мерапрыемствы, якія ладзіў Настаўнік. Так званыя акадэмічныя вечары-”балі” пад яго кіраўніцтвам пераўтвараліся ў жывыя гістарычныя імправізацыі з масавым удзелам віленскіх аматараў усяго нязвыклага і рамантычнага, як, напрыклад, “Гульні на Ніжнім замку з часоў Жыгімонта Аўгуста і Барбары Радзівіл” (1923) і інш. У 1928 г. Рушчыц арганізоўвае ў мурах Універсітэта яшчэ адну Рэгіянальную выставу народнай творчасці і калекцыю віленскага мастацтва за мінулыя сто гадоў. У тым жа годзе, 15 снежня, у дзень адкрыцця віленскага радыё ён прымае ўдзел у перадачы, прысвечанай Крымскім санетам А. Міцкевіча. Зрэшты, ці можна пералічыць усе вялікія і “малыя” грамадскія справы, якія атрымалася здзейсніць?
30 кастрычніка 1932 г. мастак цяжка захварэў, у яго была паралізавана правая рука, ён страціў магчымасць размаўляць. Гэта змусіла яго адсланіцца ад грамадскіх і педагагічных абавязкаў, каб сканцэнтравацца на мастацтве і ўпарадкаванні сваіх архіваў (з вялікімі намаганнямі ён маляваў і пісаў левай рукой). У 1935 г. Ф. Рушчыц назаўжды пакідае сваю дарагую Вільню і вяртаецца ў Багданаў, дзе і завяршыўся зямны шлях вялікага творчага Аратага (30 кастрычніка 1936 г.) і дзе ён быў пахаваны на высокім пагорку непадалёк багданаўскай сядзібы. Над яго сціплым надмагіллем праносяцца велічныя аблокі і спяваюць свае адвечныя мелодыі стогадовыя бярозы і сосны.
Доўгі час імя і справа жыцця Фердынанда Рушчыца былі ў Беларусі малавядомымі. Мастака адносілі да польскіх ці літоўскіх творцаў, наўмысна забываючы пра яго беларускае паходжанне. Таму ў суседзяў адбываліся выставы, пісаліся артыкулы, але вось пра яго багданаўскія вытокі казалася мімаходзь, без асаблівай увагі. Але пакрысе адносіны пачалі змяняцца, прычынай таму сталі грунтоўныя мастацтвазнаўчыя працы беларускіх даследчыкаў. З кожным годам усё больш актыўна адбываецца вяртанне Памяці і Пашаны да Рушчыца на яго роднай зямлі. Праходзяць міжнародныя навуковыя канферэнцыі, мастацкія пленэры, намаганнямі музеяў Кракава, Варшавы, Вільні і Мінска ладзяцца выставы. Квітнее і род Рушчыцаў, прадстаўнікі якога жывуць у суседняй Польшчы і з вялікай любоўю ставяцца да захавання спадчыны легендарнага багданаўскага творцы. У яго сына Эдуарда ў 1959 г. нарадзіўся сын Фердынанд, які атрымаў імя дзеда. Ужо дарослымі сталі праўнукі мастака Караліна (1981 г.н.) і Эдуард (1982 г.н.). Жыццё працягваецца, і каму зараз прыйдзе ў галаву недарэчная ідэя зноў “дзяліць” вялікага Рушчыца паміж палякамі, рускімі, літоўцамі і беларусамі ды іншымі народамі, культурамі, мастацкімі школамі. Яго вялікасць не змяшчаецца ў вузкім коле гістарычнай “краёвасці”. Ён будаўнік культурных мастоў паміж братнімі народамі і ён жа заснавальнік наватарскага мастацтва Беларусі, Расіі, Польшчы і Літвы. Мы ўсе яднаемся вакол яго мастацтва, якое ўсім нам дае творчыя перспектывы, дазваляе адчуць пад нагамі трывалую Зямлю, а над галавой – высокае Неба.