Читать книгу Праспект Незалежнасці (зборнік) - Яўген Шунейка - Страница 4
Сцэнаграфічны дэбют
ОглавлениеПачынаючы з 1970-х гг., усё больш слоў прызнання і захаплення сярод беларускіх даследчыкаў выклікаюць жывапісныя творы славутага мастака (1, 2). Але толькі ў 2007 г. з’явіліся першыя згадкі ў айчынным гістарычным друку пра важкі ўклад Ф. Рушчыца ў віленскі перыяд 1900-х–1920-х гг., у станаўленне і развіццё тэатральна-дэкаратыўнага мастацтва (3, с. 33).
Актуальнай задачай бачыцца цяпер пашырэнне інфармацыі пра сувязь са сцэнай мастака-жывапісца, які па ўласнай ініцыятыве, разумеючы значнасць тэатральных пастановак у справе культурнага адраджэння, пераключыўся з сімвалічных пейзажных твораў на стварэнне шматасацыятыўных тэатральных дэкарацый, касцюмаў, праектаванне розных сцэнічных рэквізітаў і да т. п. Фердынанд Рушчыц не меў спецыяльнай (як мы б цяпер сказалі) сцэнаграфічнай падрыхтоўкі, але валодаў прыродным дарам вобразнага паглыблення ў кожны новы творчы праект у розных відах выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтваў, што і вызначыла надзвычайную вартасць вынікаў яго дзейнасці як тэатральнага мастака.
Невычэрпна-творчай рамантычнай ідэяй Ф. Рушчыца было пераўтварэнне старадаўняй Вільні, былой сталіцы Вялікага Княства Літоўскага, у сучасны цэнтр культуры і мастацтва, які за стагоддзе імперскай палітыкі Расіі прыйшоў у заняпад. Мастак пісаў: “Вільня – гэта пашкоджаная, занядбаная, каштоўнейшая скрыпка Старадыварыя, якую спрабавалі перарабіць на балалайку. Мусім вярнуць гэтай скрыпцы яе даўнейшы тон” (4, с. 16). У 1909 г. Ф. Рушчыц разам з бацькамі ўсталёўваецца ў Вільні на сталае жыхарства і пачынае супрацоўнічаць з маладым мясцовым тэатрам, заснаваным 17 кастрычніка 1906 г. актрысай Нінай Младзеёўскай-Шуркевіч. Тэатр знаходзіўся ў Пабернардынскім парку і месціўся ў драўляным будынку ў стылі мадэрн, першапачаткова прыстасаваным для розных выставак, цыркавых прадстаўленняў і да т. п. Нягледзячы на яго сціплыя памеры (у параўнанні з іншымі губернскімі тэатрамі пачатку ХХ ст.), ён стаў сапраўдным цэнтрам нараджэння новага сцэнічнага, нацыянальна-патрыятычнага мастацтва.
Мастак з натхненнем пачаў працаваць у тэатры, і 30 мая 1909 года адбылася прэм’ера “Лілі Венеды” Ю. Славацкага, бо менавіта такую рамантычную тэму абралі майстры сцэны для актуалізацыі старадаўняй і незалежнай гісторыі, надзейнай настаўніцы нацыянальнай будучыні. Поспех спектакля быў надзвычай вялікі. Перыядычныя выданні Вільні («Goniec Wileński») і нават Варшавы («Tygodnik Ilustrowany») пісалі, што гэта была лепшая пастаноўка свайго часу ў гонар Ю. Славацкага, што акцёры прадэманстравалі выдатнае вобразнае выяўленне патрыятычнай ідэі твора. Усе аўтары публікацый акцэнтавалі таксама ўвагу на выключна выразных дэкарацыях і касцюмах акцёраў, выкананых па эскізах і пад непасрэдным творчым кіраўніцтвам Ф. Рушчыца. Адзначалася, што частку дэкарацый мастак уласнаручна выканаў з уласцівым для яго стылем шырокіх жывапісных мазкоў. Тэатр, што называецца, грымеў ад апладысментаў, многія віленчукі і госці горада над Вілляй з гонарам (і цалкам слушна) пачалі сцвярджаць, што Ф. Рушчыц першы пасля С. Выспянскага (5) выйшаў з творчай канцэпцыяй, здатнай зламаць усе стэрэатыпы псеўдагістарычных уяўленняў дзеля вобразнай выразнасці, прыгажосці, народжаных яго асабістым талентам у злучнасці з натхненнем і патрыятызмам. Можна сказаць, што 39-гадовы мастак здаў свой вялікі прафесійны экзамен на права творчага валодання ўніверсальнай сцэнічнай прасторай “на выдатна”.
Творчыя тэатральныя інавацыі Ф. Рушчыца ўспрымаліся многімі аматарамі і крытыкамі сцэны як “непараўнальна прыгожыя”. Напрыклад, Э. Ажэшка, выдатная гродзенская пісьменніца, якой пашчасціла бачыць віленскую пастаноўку, пісала ў сваіх лістах пра “сапраўды чароўныя” ўзоры сцэнаграфіі Ф. Рушчыца (6, с. 119). Такім чынам, дзякуючы высокаму мастацкаму ўзроўню і шырокаму прызнанню дэмакратычнай грамадскасці сцэнаграфічны дэбют мастака не толькі надаў яму веры ў свае магчымасці, але, па сутнасці, заклаў падмуркі нацыянальнага тэатральнага мастацтва першай чвэрці ХХ ст. не толькі на Віленшчыне (шырэй казаць – Заходняй Беларусі), але таксама ў суседняй Польшчы. Такія высновы ў наш час цяжка паставіць пад сумнеў. Але застаецца без неабходнай актуалізатарскай увагі вялікі іканаграфічны матэрыял, эскізы, малюнкі, накіды, фотаздымкі, звязаныя з пастаноўкай “Лілі Венеды” ў Вільні. Яны занялі сваё належнае месца ў Музеі тэатральнага мастацтва ў Варшаве, Нацыянальным мастацкім музеі Літвы, і варта на іх зірнуць, што называецца, свежым мастацтвазнаўчым вокам. Балазе што большасць з іх выдатна рэпрадуцыруецца ў каталозе выставы, прысвечанай жыццю і творчасці Ф. Рушчыца, арганізаванай у 2002 г. у Кракаве і іншых мастацкіх цэнтрах (7, c. 178–184).
Мастаку была вельмі блізкай па духу творчасць вялікага паэта-рамантыка Ю. Славацкага (1809–1949), які ў 1820-х гг. вучыўся ў Віленскім ўніверсітэце, хвалявала сімволіка і метафарычнасць яго вобразнага слова, сувязь з легендарнай і антычнай мінуўшчынай, з прыроднымі стыхіямі, з неўміручай ідэяй свабоды. Невыпадкова, што паэту належаць пераклады Гамера (8, с. 424–447), а таксама і тое, што мастакасцэнографа пачалі ў Вільні неўзабаве называць “Каралём-Духам”, згодна з найменнем героя аднайменнай паэмы Ю. Славацкага (8, с. 374–423).
Ф. Рушчыц стварыў новы тып тэатральнага пейзажа, які з эскіза пераносіўся на вялікае палатно. Яно аздабляла задні план і па сваіх памерах адпавядала вышыні і шырыні віленскай сцэны (прыблізна 5 м х 15 м). У Вільні захавалася 6 каляровых пейзажных эскізаў-праектаў, якія адпавядалі розным тэатральным дзеям: “Горны краявід”, “Магільнік Юліі Альпінулі”, “Грот”, “Ахвярнае кастрышча”, “Камяні друідаў у лесе”, “Неба з аблокамі і месяцам” (9). Выкананыя пастэллю на паперы, яны ўражваюць сваёй эпічнай і манументальнай абагуленасцю.
На тэатральнай сцэне паўставала вялікая неабсяжная нябесная сінеча, уздымаліся мажныя векапомныя дрэвы. Пейзажны фон дапамагаў гледачу заглыбіцца ў сівую мінуўшчыну, калі на зямлі жылі легендарныя непераможныя асілкі, лехіты і венеды, чароўныя маладыя красуні.
Згодна з задумай мастака, акцёры выглядалі светлымі шляхетна-сімвалічнымі зданямі са славянскай даўніны, не менш вартай увагі, чым эпоха элінаў і рымлян. На эскізах мастака, выкананых у вельмі лёгкай, далікатнай манеры алоўкам і акварэллю на паперы, акурат і выяўляецца ідэя ўзвышанай характарыстыкі персанажаў, нібы сатканых з празрыстых, як аблокі, успамінаў ці ўяўленняў іх аўтара-стваральніка. Найбольш пранікнёна перадаецца вобраз красуні Лілі Венеды, для якой у якасці сцэнічнага ўбрання мастак прапанаваў белую тунікападобную сукенку, пераплеценую стужкамі, з вяночкам на галаве. Для ваяра Лелума мастак прадугледзеў светлыя скураныя аздабленні белай кашулі, тарчы (шчыта), шлема з дзівоснымі рагамі, а таксама аборамі на белых нагавіцах (10). Больш кантраснымі колерамі акцэнтаваліся касцюмы акцёраў, якія ігралі драматычныя ролі. Напрыклад, Ружа Венеда павінна была выходзіць на сцэну ў фіялетавай туніцы з цёмнымі металічнымі бранзалетамі на аголеных руках, уладца Лех насіў арыгінальны галаўны ўбор у форме вялікіх рагоў быка, а на яго плячах красаваўся пурпурны плашч з выявамі залатых фантастычных звяроў. Гвінона мела таксама эксклюзіўны касцюм, верхнюю частку якога складалі металічныя аздабленні (нагруднікі, шырокі пояс) (11). Мастак прапанаваў у касцюмах агульную рамантычную ідэю, але кожны яго персанаж дзякуючы адметнаму ўбранню мае і рысы непаўторнасці, асаблівай эстэтычнай красы.
Так склалася, што выявы паасобных сцэн гэтага культавага спектакля і найбольш яго ўпадабаныя героі ў адпаведных касцюмах былі ў той самы год выдатна сфатаграфаваны віленчуком Аляксандрам Страўсам. Гэта дазваляе вельмі дакладна ўявіць, як вобразныя ідэі мастака былі ўвасоблены на сцэне, як прыгожа і нязвыкла выглядалі ў касцюмах акцёры і актрысы віленскага тэатра. З захаваных паштовак пазіраюць на гледача, як і 100 гадоў таму, Н. Младзеёўская ў ролі Лілі Венеды, Г. Шыманская (Гвінона), Е. Паплаўскі ў ролі Леха ды інш. Немагчыма не захапіцца чысцінёй і духоўнай прыгажосцю пачынальніц і пачынальнікаў нацыянальнага тэатра ў Вільні, якія ў касцюмах, створаных Ф. Рушчыцам, перажылі свой вялікі творчы трыумф.
Захаваліся таксама здымкі групавых сцэн, дзе асабліва запамінаюцца 12 друідаў, якія граюць на вялікіх арфах, ваяры Лелум і Палелум у рагатых шлемах, што ахоўваюць таямнічую палянку сярод векавога казачнага гаю. Пра арфістаў-друідаў, венедаў і іншых персанажаў шмат тады пісалі і адзначалі, што кожная дэталь касцюма, кожны, нават дробны, рэквізіт сцэны даводзіўся мастаком-сцэнографам да дасканалага вырашэння. Можна толькі ўявіць непаўторны эфект ад зіхцення “свяцёлак”, уплеценых у косы актрыс, што і па сённяшніх мерках выглядала б вельмі прывабна і фантастычна. У адзіным рамантычным стылі мастак вырашыў таксама вокладку праграмкі спектакля з профільным партрэтам Ю. Славацкага ў медальёне, у аздабленні кветак і гнуткай лістоты.
Ф. Рушчыц не спыніўся на дасягнутым. Апроч наступных тэатральных пастановак, ён пачаў уводзіць сцэнаграфічныя сродкі выразнасці ў аздабленні розных літаратурных вечарын, маладзёжных баляў-маскарадаў і іншых масавых мерапрыемстваў, дзе часта быў і мастаком, і рэжысёрам, і выступоўцам у адной асобе. Гэтыя творчыя здабыткі славутага мастака патрабуюць асобных публікацый, паколькі яны насычаныя невычэрпным культам хараства і мастацкай вобразнасці.
Вялікае з адлегласці бачыцца яшчэ больш значна, як святло зоркі. З кожным годам усё больш выразна праяўляецца вялікі сцэнаграфічны талент нашага земляка Фердынанда Рушчыца. Думаецца, што яго спадчына стане каштоўнейшым скарбам не толькі для даследчыкаў жывапісу, але і для шматлікіх тэатразнаўцаў, якія даследуюць нашу спадчыну.
СПІС ЛІТАРАТУРЫ
1. Дробаў, Л.М. Беларускія мастакі ХІХ стагоддзя. – Мінск: Беларусь, 1971.
2. Шунейка, Я. Непатапляльная каравэла // Мастацтва. – 2001. – № 2. – С. 35–39
3. Шунейка, Я. Зямля і Неба Фердынанда Рушчыца // Беларускі гістарычны часопіс. – 2007. – № 10. – С. 29–36
4. Ruszczyc F. Dziennik. Ku Wilnu. 1894–1919. – Warszawa: Secesija, 1994.
5. Станіслаў Выспянскі (1869–1907), вялікі польскі драматург, паэт, мастак, тэатральны дзеяч. У 1898–1905 гг. мастак-дэкаратар і рэжысёр Кракаўскага тэатра, прафесар Кракаўскай акадэміі мастацтваў. Ф. Рушчыц менавіта ў свой кракаўскі перыяд напружанай творчай і педагагічнай дзейнасці (1907–1908) як кіраўнік мастацкага таварыства “Sztuka” (сябрам якога быў і С. Выспянскі), як прафесар Кракаўскай акадэміі мастацтваў меў самыя непасрэдныя магчымасці азнаёміцца з творчымі дасягненнямі аднаго з самых славутых мастакоў кракаўскага асяроддзя.
6. Шунейка, Я. Мастацтвазнаўчая спадчына Элізы Ажэшкі // Актуальные проблемы мировой художественной культуры. Материалы Международной научной конференции 23–24 марта 2006 г. В 2 частях. Часть 2. – Гродно: ГГУ им. Я.Купалы, 2006. – С. 116–119
7. Ruszczyc Ferdynand, 1870–1936. życie i dzielo: Katałog wystawy. – Kraków: Muzeum Narodowe, 2002.
8. Juliusz Słowacki. Wiersze i poematy. – Warszawa: PIW, 1976.
9. Музей літоўскага мастацтва ў Вільнюсе, інвентарныя нумары Т 190, Т 187, Т 188, Т 189, Т 191, Т 193
10. Музей літоўскага мастацтва ў Вільнюсе, інвентарныя нумары Т 86, Т 92
11. Музей літоўскага мастацтва ў Вільнюсе, інвентарныя нумары Т 105, Т 79, Т 87