Читать книгу Праспект Незалежнасці (зборнік) - Яўген Шунейка - Страница 5
Кветкавы мадэрн у Панямонні
ОглавлениеМногае значнае, што нараджаецца ў творчасці, па-сапраўднаму бачыцца з далёкай часовай адлегласці ці нават праз перыяд забыцця. Мастацтва мадэрна канца ХІХ – пачатку ХХ ст. перажывае ў наш час новае прызнанне. Прыгадваюцца ўсё новыя імёны творцаў, культывуюцца іх здабыткі і ў дэкаратыўнапрыкладным мастацтве. Аддамо належнае і мы пачынальніцы мадэрн-стылю ў галіне фларыстычных кампазіцый, якая прысвяціла гэтай справе амаль дваццаць гадоў жыцця. Адна з галоўных вуліц Гродна носіць імя Элізы Ажэшкі (1841–1910), вялікай пісьменніцы і грамадскай дзеячкі. Пра выключную асобу, што ўвасабляе сваёй творчасцю нацыянальнае адраджэнне Гродзеншчыны, можна даведацца на згаданай вуліцы ў яе доме-музеі, што быў пры жыцці пані Элізы сапраўдным асяродкам культурнага гуртавання, а цяпер выконвае функцыі гарадской бібліятэкі. Там захоўваюцца і даследуюцца шматлікія выданні пісьменніцы: раманы, аповесці, апавяданні, публіцыстыка і г. д. Менш за ўсё, як ні дзіўна, асэнсавана яе эпісталярная і мастацкая спадчына, нягледзячы на тое, што шматлікія тамы лістоў Э. Ажэшкі займаюць прыкметнае месца на бібліятэчных паліцах, а яе арыгінальныя дэкаратыўныя кампазіцыі ў стылі мадэрн аздабляюць мемарыяльныя музейныя памяшканні.
Між тым, у лістах Ажэшка шчыра выказвае сваё стаўленне да мастацтва кветак і дае прафесійныя парады, як трэба яго развіваць. Найбольш даверліва апісвае пісьменніца свае адносіны да мясцовых зёлак у карэспандэнцыі 1880-х – 1890-х гг. з мастаком Э. Паўловічам, навукоўцам Е. Александровічам, жыхаркай Навагрудка З. Макрэцкай. Паводле гэтай інфармацыі, што называецца, “з першых вуснаў”, можна зразумець, з чаго пачынаецца захопленасць Э. Ажэшкі фларыстыкай і як яна прыводзіць таленавітую асобу да стварэння новага кірунку ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве.
Аўтарка нацыянальнага літаратурнага шэдэўра “Над Нёманам” (1888) не магла не надзівіцца таму, што просты народ не толькі ведае ўсе карысныя і лекавыя якасці кветак, раслін, зёлак роднага наваколля, але і памятае іх традыцыйныя назвы. Яна збірае на берагах Нёмана, у гродзенскіх ваколіцах, падчас вандровак усе мілыя яе воку духмяныя цуды прыроды. Найперш Э. Ажэшка ставіла за мэту даведацца ў вясковых жанчын пра назвы і асаблівасці розных раслін, каб узбагаціць гэтай інфармацыяй старонкі сваіх літаратурных твораў. Як падлічылі даследчыкі яе друкаванай спадчыны, пісьменніца апісвае ў розных кантэкстах сваіх твораў больш як 150 відаў роднай флоры. Разам з тым, яна развівала сваю эстэтычную назіральнасць і пачуццё хараства не раўнуючы, як выпускнікі мастацкіх акадэмій. Збіраючы свае шматлікія “зельнікі” з гербарыямі, каб запісваць іх назвы і асаблівасці, мастачка ад Прыроды неўзабаве заўважыла, што змешчаныя на папяровых аркушах засушаныя кветкі ўтвараюць самыя адмысловыя і вобразна выразныя кампазіцыі. З канца 1880-х гг. яна ўжо цалкам мэтанакіравана шукае раслінныя матэрыялы для стварэння дэкаратыўных твораў на альбомных старонках ці ў выглядзе асобных кампазіцый у рамах пад шклом. Такі неардынарны від мастацкай творчасці, як тлумачыла сама аўтарка, вяртаў ёй духоўную раўнавагу, дапамагаў адсланіцца ад жыццёвых нягодаў і перажываць станоўчыя пачуцці. Э. Ажэшка хутка знайшла і іншыя задачы для свайго дэкаратыўнага наватарства. У 1890 г. яна прадае адзін са сваіх лепшых фларыстычных альбомаў, каб атрыманыя грошы перадаць гаротным жыхарам Львоўшчыны, што перажывалі тады страшэнны голад. У тым жа годзе фларыстычныя веды Э. Ажэшкі вельмі спатрэбіліся патрыётам Гродзеншчыны, каб давезці ў Кракаў без пашкоджання сімвалічныя вянкі з нагоды перанясення праха А. Міцкевіча ў Вавэльскую катэдру. Яе лісты сталі сапраўднымі метадычнымі даведнікамі па збіранні, засушванні кветак і раслін з захаваннем іх натуральных аб’ёмных форм, колераў, трываласці. Іх можна не толькі, як лічыць мастачка, падвешваць пучкамі, звязкамі, букецікамі, але і засыпаць драбнюткім пясочкам у шкляныя ці драўляныя пудэлкі. Эфектыўным метадам хуткай тэрмічнай апрацоўкі з’яўляецца таксама прасаванне раслін, закладзеных між кавалкамі паперы. У кампазіцыйнай фазе стварэння букетаў прапаноўвалася размяшчэнне іх на каркаснай аснове з тонкага дроту. Такія дэкаратыўныя творы можна лічыць вяршыняй фларыстычнага мастацтва, якое пакідае непараўнальна ўзвышанае ўражанне летняга квітнення. Ідэя “кветак з радзімы” ў сувязі з ушанаваннем памяці нацыянальнага генія дапамагла Э. Ажэшцы шырокай апрабацыі новага стылю мадэрн, які тады толькі нараджаўся і ў кожнай еўрапейскай краіне меў свае спецыфічныя асаблівасці. Яна, па сутнасці, становіцца яго пачынальніцай на Гродзеншчыне, а шырэй – у Беларусі, Літве і Польшчы, паколькі з горада над Нёманам ва ўсе канцы вялікага еўрапейскага рэгіёну разыходзяцца не толькі яе лісты, але і дэкаратыўныя кампазіцыі, створаныя ў суаўтарстве з роднай прыродай. З пачатку 1890-х гг. мастачка прысвячае ўвесь вольны час стварэнню разнастайных фларыстычных альбомаў, пано, закладак для кніг, розных пудэлак для ўжытковых рэчаў, падносаў для цукерак, заслонаў на лямпы, сумачак для святочных сукенак у сваім аўтарскім стылі. Яго ў наш час можна беспамылкова акрэсліць як вытанчаны “мадэрн Панямоння” 1890-х–1900-х гг. Вынаходлівая мадэрністка здолела надаваць крохкім раслінным формам трываласць, змяшчаючы засушаныя кветкі, лісточкі і да т. п. на цвёрдую кардонную аснову. Вялікую ролю адыгрываў у кожнай кампазіцыі кантрасны фон з паперы ці тканіны. Э. Ажэшка часта выкарыстоўвала чорны, карычневы, зялёны, серабрыста-шэры атлас, пурпурны аксаміт і іншыя адценні колераў ды фактур тканін. Пры дапамозе мучнога і гумовага клею яна замацоўвала сцяблінкі і лісткі, а далікатныя пялёсткі пераносіла на патрэбнае месца тонкай шпількай. Калі чарговая кампазіцыя была завершана, яна перадавала яе гродзенскаму майстру па вокладках і рамах А. Крамкоўскаму, якога лічыла самым лепшым у гэтай нестандартнай спецыялізацыі.
Мінула ўжо больш стагоддзя з часоў стварэння гэтых самых далікатных твораў мадэрна. Многае ў мастацкай творчасці, што рабілася “на вякі” з металу і каменю, не вытрымала ваенных ліхалеццяў, ваяўнічага нігілізму і знікла назаўсёды. А фларыстычныя кампазіцыі Э. Ажэшкі цудоўна захаваліся, як быццам толькі ўчора створаныя. Непараўнальна глыбокае вобразнае ўражанне пакідаюць расліны, што калісьці даўно квітнелі на абшарах Панямоння. Сапраўднымі “сівабародымі” ўладарамі сярод сваіх шляхетных палявых і лясных суродзічаў выглядаюць галоўкі калючага асоту, з якіх ужо распускаецца белы восеньскі пух. А побач: канюшына, мятлічка, папараць, жасмін, бэз, акацыя, лебяда, шчавель, каліна, клён, жытнёвыя каласы, бессмяротнікі і інш.
Як можна зразумець на падставе захаваных арыгіналаў, асаблівай адметнасцю кампазіцыйных матываў таленавітай мастачкі з’яўляецца іх вобразная шматзначнасць. Раслінныя формы ўтвараюць між сабой такія дзівосныя спалучэнні, што выглядаюць зусім інакш, чым на звычайным лузе, і ўвесь час прачытваюцца па-новаму, у нечаканых рытмічных і фармальных канфігурацыях. Яны сімвалізуюць пераход да свабоднага светабачання, у якім знікаюць межы натуралізму і эстэтычнай зацуглянасці. У гэтым праявіўся непараўнальны творчы дар Элізы Ажэшкі – узвысіць кожную раслінку, кветачку роднай зямлі да наватарскага сімвала красы і дасканаласці.