Читать книгу Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Агонь і лёд - Алег Грушэцкі - Страница 3
Калядоўшчыкі
ОглавлениеРаство атрымалася на славу, нават ноч была такая шчодрая на снег, што зранку немагчыма было выйсці з хаты. Намяло так, што мужчынам спатрэбілася ледзьве не добрая гадзіна, каб хоць з большага разгрэбці. Затое дзецям была пацеха – снежныя бабы вырасталі амаль у кожным двары.
– Гэта вам не ў вашым горадзе, што растае хутчэй, чым далятае да зямлі, – пажартаваў дзед.
І тут цалкам меў рацыю, зімой вёска на снег заўсёды больш багатая.
Пакуль мужчыны прыбіралі ў двары, жанчыны гатавалі сняданак. Дзякуй, па багатай вячэры гэта было няцяжка. Пакуль Янка з Міланай снедалі, праз акно было відаць, як мясцовая дзятва, хто з санкамі, хто на лыжах, кіруюцца ў бок школы – там быў прасторны двор, а побач з ім горка. Далучаліся да іх і дзеці, што прыехалі да сваіх родных у вёску, зрэшты, дзеля гэтага з цеснага горада і вырваліся. Гледзячы, з якім задорам ўсе павысыпалі на вуліцу, закарцела і нашым падлеткам. Пахапалі лядзянкі – і гайда за снежнымі забавамі!
Бялюткая пушыстая паверхня горкі яшчэ не была ўезджанай, таму снег вылятаў з-пад санак і дошак, нібы пырскі на вадаспадзе бурлівай горнай ракі, што прыводзіла дзятву ў неапісальнае захапленне. А месцамі парабілі на спуску яшчэ і невялічкія трампліны, на якіх з вокрыкамі падскоквалі і нават трошкі праляталі, уяўляючы сябе праўдзівымі майстрамі экстрэмальнага спорту.
Вось каб яшчэ і пад’ёмнік на гару быў… Па пэўным часе яны нават трохі стаміліся і прыселі перадыхнуць. Тут яны заўважылі, што на пляцоўцы дзеці пачалі ляпіць снежную крэпасць. Янка заўважыў сярод іх і некалькі сваіх сяброў і пажадаў разам з сястрой далучыцца да будаўніцтва. І раптам яму прыйшла да галавы шалёная задума – зляпіць насупраць яе, непадалёк, яшчэ адну, каб мець магчымасць правесці сапраўдныя снежныя баталіі і пабавіцца на славу. Усім такая ідэя прыйшлася даспадобы, да таго ж – яны дадаткова паклікалі прыяцеляў, бо справа патрабавала больш удзельнікаў. Дзятва з азартам прынялася катаць камы. Акурат надвор’е і ўмовы таму спрыялі, снег ляпіўся, і галоўнае – яго было багата. Па пэўным часе выраслі сапраўдныя снежныя цытадэлі, фартэцыі з акенцамі-байніцамі і нават з чымсьці падобным да вежаў на мурах крэпасці.
Па завяршэнні дзеці самі былі задаволеныя сваёй працай, бо ніколі раней нічога падобнага ў іх не атрымлівалася. А прычынай поспеху быў азарт Янкі, які літаральна кіраваў будоўляй са сваёй камандай. Пры гэтым іх будучыя сапернікі, не жадаючы ні ў чым саступаць, прыкладалі ўсе намаганні, каб не выглядаць горш. Таму ў выніку і паўсталі адна насупраць адной дзве пярліны дзіцячага снежнага дойлідства. Убачыўшы і ацаніўшы ўвачавідкі вынікі сваіх высілкаў напачатку дзеці нават не хацелі пачынаць снежны бой. Многія пажадалі захаваць гэты цуд на памяць, дасталі свае тэлефоны і зрабілі памятныя здымкі бастыёнаў і сябе на іх фоне, пакуль ўся гэтая прыгажосць яшчэ не пацярпела зруйнавання. І толькі потым пачалі рыхтавацца да бою – назапашваць як мага болей снежак.
Знянацку ў бок Янкі паляцеў першы камяк – гэта праціўнік без папярэджання вырашыў распачаць бой першым. А за ім і яшчэ цэлы залп. Не зусім сумленна, але часам гэтак і ў жыцці – трэба заўсёды быць напагатове да нечаканых удараў. І тут завязалася сапраўдная баталія. Снежкі паляцелі, нібы малыя пушачныя ядры, са свістам разразаючы паветра. І таксама эфектна ўразаліся ў сцены снежнай крэпасці, быццам, выбухаючы і разрываючыся на кавалкі снегу, як сапраўдныя снарады пры ўдары аб мур каменнай фартэцыі. Даставалася як абаронцам, гэтак і тым, хто нападае, камусьці трапным ударам ужо нават збіла шапку.
Гэта біла па ваярах Янкі не толькі фізічна, гэта падрывала іх маральны дух. Бой напраўду яшчэ не пачаўся, а перавага ўжо была на баку праціўніка. Трэба было нешта прыдумаць, каб пераламіць сітуацыю. І ў галаве хутка саспеў план, хоць і рызыкоўны. Снежныя ўмацаванні знаходзіліся побач з вясковай школай, будынак якой быў невялікі, па гарадскіх мерках. Янка прапанаваў спрытнейшым хлопцам аббегчы школу, каб зайсці да непрыяцеля з тылу. А сам ён, разам з Міланай і астатнімі, застаўся трымаць абарону, ды яшчэ і ўзмацніў абстрэл, каб адцягнуць усю ўвагу на сябе. Гэта змяншала на пэўны час сілы, але магло даць шанец.
Адасланых хлопцаў калі хто раптам і заўважыў, то хутчэй палічыў, што тыя вырашылі пакінуць поле бітвы. А насамрэч яны панесліся на ўсю моц, прыхапіўшы яшчэ па дарозе і сяброў, і ўжо праз пару хвілін былі за спінамі непрыяцеля. Нарабіўшы дарогай як мага больш снежак, яны пачалі закідваць ужо не прыкрытага саперніка. Гэта ж паслужыла і сігналам да агульнай атакі. Янка ўзняў сваю залогу[1], і ўсе дружна рынуліся ў бой. Цяпер праціўнікі былі ў разгубленасці, і ім заставалася толькі хавацца і прыкрывацца альбо ганебна бегчы з-пад абстрэлу. І ўжо хутка перамога была за камандай Янкі. Дзеці радасна ўсклікалі, цешыліся і абдымаліся.
Праўда, пры нападзе дасталося і фартэцыі. І не толькі ад снежак. Хтосьці наскочыў на яе пры атацы, хтосьці наваліўся, абараняючыся, ці зачапіў, уцякаючы ад кідкоў. Але з большага сцены вытрымалі. Тое, што вытрымала, спаборнікі пакінулі на забаву малым, якія ўвесь час з захапленнем назіралі за шаленствам старэйшых і чакалі, калі і ім можна будзе пабавіцца ўнутры.
Перамога ж была хутчэй умоўнай, потым усе дружна пайшлі далей гуляць. А на вечар дамовіліся сустрэцца, пайсці калядаваць па дварах. Усе прамоклі ды прытаміліся, але былі вясёлыя і ў добрым гуморы. Нарэшце па-сапраўднаму адчулі прывабнасць зімы і асалоду ад вакацый. За пацехамі мінула добрая палова дня, і дзеці пацягнуліся па хатах да гарачага абеду, адагрэцца і хоць трохі адпачыць.
Маці, калі ўбачыла Янку з Міланай, хацела, як кажуць, і плакаць, і смяяцца. Перад ёй стаялі двое пакрытых снежнай коркай дзяцей з чырвонымі ад марозу тварамі, але з вачыма, поўнымі бадзёрасці і задору.
– А, матухна! На вас не інакш, як снегавікі напалі і качалі вас па ўсіх сумётах, – пажартавала яна. – Распранацца на парозе, вопратку – адразу ў ванную, і сушыцца! – скамандавала жанчына. – Потым – мыць рукі, і чакаю вас на кухні! Зараз што-небудзь гарачае згатую, не хапала, каб вы яшчэ прастылі ў першы ж дзень.
Дзеці і самі прагнулі ўжо як мага хутчэй залезці ў сухую хатнюю адзежу і адагрэцца кубкам духмянай гарбаты. Тым часам на кухні пачулася патрэскванне на патэльні, і пайшоў водар, які бударажыў апетыт. Гэта маці разагравала смажаную бульбачку на скварках. Галодныя з вуліцы, яны падмялі ўсё падчыстую і, падмацаваўшыся і адагрэўшыся, ужо павольна прыняліся за гарачы напой. Стомленасць знікала, і надыходзіў гарманічны супакой. Цяпер можна было і адпачыць, наперадзе яшчэ чакаў насычаны вечар.
А дзеда пайшоў у сваю камору, дзе захоўваў як каштоўныя, так і рэчы, у якіх патрэба была толькі час ад часу. Напрыклад, там ляжала акуратна загорнутая ў тканіну маска казы, сімвал урадлівасці, ладу і дабрабыту ў сям’і. Яна была ўжо старая, ён сам яе рабіў калісьці даўно з пап’е-машэ для сваёй дачкі. Але тая ўжо даўно вырасла і пасля шлюбу з’ехала з мужам у іншую краіну. Застаўся толькі сын, бацька Янкі з Міланай. Вось для Міланы ён яе і даставаў, вельмі хацела яна быць козачкай на Каляды, адна з галоўных гераінь, як-ніяк. Роля для яе адводзілася вясёлая, што вельмі цешыла дзяўчынку. А для поўнага вобраза кажушок быў недзе прыхаваны, яшчэ больш стары за маску. Не паверыце – дзед яшчэ сам яго ў дзяцінстве насіў, бегаў праз сумёты ў ім да школы.
Было нешта і больш значнае ў яго – у куце, таксама прыкрытая, стаяла вялікая калядная зорка, з якой хадзілі па вёсцы, – галоўны сімвал калядоўшчыкаў. Увогуле, дзеда быў на ўсе рукі майстра, за што яго ў вёсцы ўсе вельмі паважалі і цанілі. Зорка была на кіі, шыкоўная і прыгожая. Янка, найверагодней, з ёй не даў бы рады, бо цяжкаватая была, таму яна прызначалася для таты. А Янка любіў хадзіць з буслом – звычайная лялька на палцы – галава з даўгой чырвонай дзюбай са штыкецін з вяроўкай, за якую, калі паторгаеш, то дошчачкі стукаліся адна аб адну і выдавалі гук, нібы насамрэч бусел клекатаў. Было нешта і для маці, якая любіла пераўвасабляцца ў цыганку – старыя, бабуліны, кажух ды некалькі пярэстых рознакаляровых хустак: і на галаву, і каб падвязацца. Заставалася надзець на шыю каралі, зрабіць яркі макіяж – і вобраз гатовы.
У другой палове дня па іх завіталі сябры – клікалі за галоўных калядоўшчыкаў. Бо без дзедавай зоркі, што гэта за Каляды? У некаторых хатах таксама захоўваліся зоркі, размаляваныя з фанеры, але іх «гвязда» ў параўнанні, нават з імі ўсімі разам узятымі, была сапраўдным мастацкім творам. А іх бабця мела неверагодны прыгожы ды гучны голас і заўсёды была галоўнай «запявалай», за ёй цягнуліся ўжо і ўсе астатнія. Уласна, ёй роля «бабы» і адводзілася. Адпаведна, яе стары быў «дзедам», чый вобраз увасабляў агульны вобраз продкаў. Менавіта ён узначальваў гурт калядоўшчыкаў і павінен быў весці «казу». На дзядулю быў апрануты стары кажух, які ўжо шмат бачыў, з такой жа паношанай шапкай, яшчэ ўскудлачаны парык і прымацаваная доўгая сівая барада.
Галоўны збор быў на ўскрайку вёскі, адкуль і пачыналі хадзіць па хатах. Там ужо сабралася з дзясятак удзельнікаў, таксама святочна апранутых, і добрая колькасць дзяцей, якія чакалі на ўрачыстасць. Былі і «цыган» з «мядзведзем», яшчэ адна «козачка», «жаўнер» і нават «чорт». Механошам быў іх дзядзька, стрыечны брат бацькі, які жыў на суседняй вуліцы. Чакалі толькі музыкаў, куды ж без іх. Праз некалькі хвілін падцягнуліся і яны, нарэшце можна было пачынаць.
Пасля вясёлых прывітанняў музыкі зайгралі і заспявалі. Зазвычай яны распачыналі з песні на Раство «Учора з вячора»:
Учора з вячора засвяціла зора.
Зора засвяціла, свет узвесяліла.
Свет узвесяліўся: Хрыстос нарадзіўся.
Хрыстова раджэнне людзям на збаўленне.
Людзі, выбягайце, Хрыста прывітайце.
Хрыста прывітайце, нам каляду дайце…
Пасля чаго ўсе рушылі з бадзёрай песняй «Ой, дзе ж мы ходзім»:
Ой, дзе ж мы ходзім, дзе пахаджуем.
Коліда, коліда, коліда, коліда.
Мы на гэты двор ды захаджуем.
Коліда, коліда, коліда, коліда…
З ёй яны ўжо і заходзілі на першы двор, што быў па дарозе. У драўлянай хаце жыла шматдзетная сям’я. Калядоўшчыкі толькі пачалі праходзіць праз веснічкі, не дайшлі нават да хаты, а дзеці ўжо гуртам высыпалі, як гарох на вуліцу, хто што паспеў начапіць, і весела віталі калядоўшчыкаў. Тым часам настаў час Міланы.
– Го-го-го каза, го-го шэрая,
Дзе рожкі дзела?
– На соль праела.
– Го-го-го, каза, го-го шэрая,
Лезь, каза, на печ
Пакажы чапец…
Мілана скакала, не шкадуючы ног, як сапраўдная малая козачка. Ды з такім запалам, што і снег мог пад ёй растапіцца. Але песня скончылася, і яна ўпала на зямлю.
– Вох, – заквохкаў стары, – натанчылася наша козачка, наскакалася, змарылася зусім. Ні жывая, ні мёртвая, ледзьве дыхае. Вой, што ж нам зрабіць, каб яна ачуняла? – пытаецца дзед у дзяцей.
– Трэба падзьмуць на яе і пашкадаваць, – прапанаваў адзін з малых, потым падышоў да Міланы, прысеў да яе на кукішкі і пачаў дзьмуць ды гладзіць па кажуху.
Дзядуля, гледзячы на гэта, з замілаваннем усміхнуўся.
– Ну, можна і так. А што яшчэ, як вы думаеце?
Малыя прызадумаліся, паглядаючы на яе задуменнымі вачыма, поўнымі спачування.
– Трэба даць кавалак сала, каб каза ўстала, – падказала ім маці.
– Можна і цукерак! – раздаўся жаласлівы голас «казы» праз маску, на што дзеці засмяяліся.
– Во, бачыце, якая ў нас козачка-ласуха. А як цукерак з’есці, то і на плот зможа ўзлезці! – весела прагаварыў стары.
Тут іх бацька выйшаў з хаты, трымаючы ў руках вялікую міску, у якую былі насыпаны ласункі. Дзеці наўзахваткі з гоманам пацягнуліся па цукеркі і пачалі іх пхаць хто ў маску казе, каб тая ачуняла, хто ў рукі. Мілана адразу заварушылася, каб іх узяць, бо цукеркамі яе папросту засыпалі.
– Вой, дзеткі, якія вы малайцы! – пахваліў іх дзед. – Бачыце, козачка, дзякуючы вашым клопатам, адразу ажыла. Дзякуй вам вялікі! Толькі давайце гэта ўсё пакладзём у мех, бо, баюся, яна столькі за раз не з’есць, – зубы забаляць.
Дзеці засмяяліся і перасыпалі свае падарункі да механошы.
– Дзякуй, вам гаспадары! Дабрабыту на двары! Вашай хаце сто гадоў жыць у багацці! Вашы любыя дзеткі няхай растуць, як прыгожыя кветкі! – пасыпаліся зычэнні гасцінным гаспадарам і іх малым.
– Мусім зараз развітацца, трэба далей у шлях збірацца. Добра нам было ў вас, ды чакаюць далей нас.
Калядоўшчыкі развіталіся і вырушылі з песнямі за брамы да наступнай хаты:
На вашым дварэ дрэва стаяла.
Раю-раіўся, Хрыстос нарадзіўся
На вашым дварэ.
А на том дрэве цясова краваць.
Раю-раіўся, Хрыстос нарадзіўся
На вашым дварэ.
На той краваці Божая Маці.
Раю-раіўся, Хрыстос нарадзіўся
На вашым дварэ.
Божая Маці Сына радзіла…
З прыгожай працяглай песняй усёй талакой падышлі да наступных варот. Дзяцей там не было, жылі толькі старыя, самотна. Але можа менавіта таму і былі яны так усцешаныя гасцям, якія ўраз узнялі настрой, бо хацелася і ім, адзінокім, свята, мо і болей, чым іншым.
– Добры вечар тому, хто ў гэтым у дому.
Мы самі з сабою, з дзецьмі і з жаною.
Сталы засцілаем, Каляды спраўляем…
Старыя слухалі, стаіўшы дыханне. А бабуля, не вытрымаўшы, гэтак расчулілася, што нават пусціла па шчацэ слязіну. Бо шчырасць завіталых да іх аднавяскоўцаў-калядоўшчыкаў узрушыла да глыбіні душы, іх галасы зачароўвалі, а на пераапранутых у святочных персанажаў дзяцей немагчыма было глядзець без замілавання. Дзед жа, гаспадар той хаты, нават не дачакаўшыся танцаў «козкі», быў гатовы ўсіх асыпаць пачастункамі. А калі тая яшчэ і сваё заліхвацкае майстэрства выявіла, то не мог спыніцца ў пахвале, а потым нават і на калена апусціўся, каб абняць яе.
У кожную хату яны, зразумела, не заходзілі. Бо так і да раніцы не абышлі б усіх. З большага, завітвалі да тых, хто быў з дзецьмі ці жыў самотна і насамрэч меў у тым патрэбу, каму варта было ўзняць настрой. Зачыняць перад калядоўшчыкамі дзверы было нельга, бо так можна было наклікаць бяду і на дом, і на гаспадарку. І па пэўным часе нават запаснога механошу давялося падключаць, бо першаму ўжо і цяжка несці было – столькі тых «падзяк» надавалі. Пад канец вёскі ўсе былі добра стомленыя і з поўнымі мяхамі. Але, нягледзячы на тую стому, ва ўсіх быў святочны бадзёры настрой. Калядоўшчыкі неслі радасць людзям і ў адказ атрымлівалі такі зарад станоўчых эмоцый, што, каб не позні час, калядавалі б і яшчэ. Ды і без таго назбіралі на ўсіх артыстаў з лішкам. Прытым, яны не толькі прымалі пачастункі. Так, у адной з хат жыла ўдава з трыма дзеткамі. Калядоўшчыкі не толькі зладзілі цэлае прадстаўленне для іх, а яшчэ і пабавіліся з малымі, павадзілі з імі карагод, а пад канец і самі абдарылі дзятву падарункамі. Павінна ж быць свята ва ўсіх у такі ўрачысты час. На Раство ўсе чакаюць цудаў. І часам яны здараюцца…
Ходзім па дварах з песняй-Калядой,
Носім у руках зорку талакой.
Дзед вядзе казу, знаную ласу,
За яе красу дай ёй кілбасу.
Козку паважай – будзе ўраджай.
Грай, музыка, грай, будзе ў хаце рай.
Дайце мядзведзю сала ці куццю,
Каб ён дом бярог ды ўсю сям’ю.
Дай буслу пірог, каб пад’есці мог,
Ён гаспадарам з дзецьмі дапамог.
Дзеду са старой сыпце мех з гарой,
Каб мінала вас горайка з бядой.
Дай вам Бог пражыць аж да ста гадоў,
Каб у хаце ў вас кожны быў здароў.
Заспявалі мы вам калядачкі,
Дайце ж можа нам, хоць аладачкі[2]
1
Засада, атрад, які знаходзіцца ў засадзе; застава, гарнізон; салдат, якога пакінулі на пастой.
2
Аўтарскі верш «Калядная».