Читать книгу Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Агонь і лёд - Алег Грушэцкі - Страница 7
Крумкач – новы вучань Пугача
ОглавлениеВыпраўляць іх у шлях выйшаў ледзьве не ўвесь каралеўскі двор на чале з самім каралём, хоць Янка з Міланай і намерваліся вырушыць незаўважна. Добра яшчэ, што жыхары каралеўства не ведалі пра гэтыя планы.
– Можа правадніка вам вылучыць? – паклапаціўся Мацей.
– Не, дзякуем! Мы памятаем дарогу. Галоўнае, каб сцежкі за столькі часу не зараслі.
– Сцежкі? – усміхнуўся кароль. – Даўно ж вы не былі ў нас. Да хаты нашага шаноўнага Пугача мы даўно прасеклі дарогу. Цяпер да яго можна спакойна дабрацца і на конях, хоць на карэце.
– Вого! Добрая навіна.
– Вядома ж. Цяпер ён галоўны каралеўскі дарадца.
– А чаму тады не пры двары жыве?
– Вох, каб вы толькі ведалі, колькі мы яго ўпрошвалі пераехаць. Але ён усё адмахваецца, жартуе, што ў замку не хопіць месца для яго бібліятэкі.
– Ха, у гэта можна паверыць.
– Па мне, дык ён папросту не хоча пакідаць свой дуб. Кажа, такога больш няма нідзе.
– І гэта праўда.
– Мы ужо і выкапаць яго прапаноўвалі. Браты Вярнідуб і Вярнігара былі згодныя нават дапамагчы з яго пераносам, але ж – не, ён і на гэта не згодны. Ды і шчыра кажучы, я і сам сумняваюся, што ў нас атрымалася б тое зрабіць. Вы ж таксама там былі, усярэдзіне.
– Разумеем, пра што вы. Ён насамрэч незвычайны.
– Пра што і гаворка. Таму, як ёсць патрэба ў мудрай парадзе – мы на коні, і да яго. Альбо галубінай поштай лістуемся. Калі як. Дарэчы, коней мы вам таксама дамо, не пешшу ж вам дабірацца. Цяпер у нашым каралеўстве супакой, можна за дрэвамі ад чужынцаў не хавацца, – усміхнуўся ён.