Читать книгу Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Агонь і лёд - Алег Грушэцкі - Страница 5

Змрочная і халодная гісторыя

Оглавление

З узрушанымі пачуццямі яны прайшлі скрозь браму і апынуліся на замкавым двары. Знешне тут не надта нешта змянілася, хіба толькі дэкарацыі – нішто больш не нагадвала пра колішняе панаванне Семаргала. Але галоўнае, што звяртала на сябе ўвагу – гэта насельнікі замка. Цяпер ва ўсіх былі па-сапраўднаму шчаслівыя твары, па якіх было відаць, што яны жывуць свабодна і дыхаюць на поўныя грудзі. А яшчэ – значна больш было простага люду, які цяпер адчуваў сябе роўным з заможнымі панамі. Так бывае, калі законы ў краі працуюць для ўсіх аднолькава, і калі яго жыхары ставяцца з павагай адзін да аднаго. Не было больш пагарды і пыхі на тварах вяльможаў, а твар кожнага з мінакоў быў ветлівы і ззяў добразычлівасцю.

Там-сям стаялі лаўкі купцоў і рамеснікаў. Чаго тут толькі не было – разнастайныя прысмакі на любы густ, ад якіх разгараўся апетыт, а яшчэ ганчарныя вырабы, кавальскія, ткацкія… Мілане нават захацелася таго-сяго набыць, яна падышла да адной гандляркі і намервалася ўжо нешта прымерыць, але брат яе адцягнуў:

– А расплачвацца чым будзеш?

– Я маю грошы.

– Ты яшчэ картку прапануй.

І тут яна апамяталася, што мясцовых грошай у яе і насамрэч няма.

– А-ёечкі, і праўду, – усміхнулася яна. – Ну, не лёс.

І яны пайшлі далей за павадыром. Хутка яны былі перад вялікімі масіўнымі дзвярыма, абабітымі чаканкай ручной работы з медзі – сапраўдны твор мастацтва.

– Рыцар Янка і каралеўна Мілана! Да караля! – прамовіў жаўнер да аховы і перад імі расчынілі ўваход.

Унутры былі шырокія парадныя мармуровыя сходы, якія вялі да троннай залы, якая таксама знаходзілася за дзвярыма, але ужо з дрэва, вельмі прыгожа распісанымі рознымі карцінамі, інакш і не скажаш.

– Рыцар Янка і каралеўна Мілана! – ізноў абвясцілі іх, але ўжо ўрачыста, і запрасілі ўвайсці.

У зале, на пэўным узвышшы, на раскошным троне велічна сядзеў кароль Мацей. Збоку стаяў даўгі стол, відаць, для баляванняў ці для прыёму высокіх гасцей, за якім сядзелі некалькі слынных рыцараў, сярод якіх дзеці адразу пазналі Мікалая, Рыгора і Прылепу. Здзіўляла толькі, што не было Вярнігары.

Юнакі паважліва схілілі галовы і накіраваліся да караля. Але той, нібы забыўшыся пра ўсе нормы прыдворнага этыкету, ускочыў з месца і сам хутка накіраваўся да іх.

– Да ліха ўсе цырымоніі! – усклікнуў ён узрушана. – Як жа я рады вас бачыць! Дайце ж я вас абдыму!

Дзеці нават трохі разгубіліся. А да іх ужо падарваліся і рыцары з-за стала, усцешаныя сустрэчы.

– Чаму ж вы без папярэджання? Я б учыніў сапраўдны баль у гонар вашага прыбыцця.

– Дык мы хутчэй так, праведаць, – усё ніяк не маглі адысці юнакі ад гэтак гарачай сустрэчы.

– Адно толькі ваша з’яўленне для нас ужо свята!

Пасля караля дазволілі сябе расчуліцца і рыцары, кожны з якіх меў за гонар паціснуць руку Янку і схіліцца перад прыгажуняй Міланай, іх сапраўднымі героямі, якія ўжо некалькі разоў ратавалі каралеўства ад бяды.

– З якой жа мэтай ці з якой нагоды вы да нас завіталі? Ці можам вам чымсьці дапамагчы?

– Сумавалі па вас. Вось і вырашылі выправіцца ў шлях.

– І гэта правільна! Нам таксама вельмі вас не ставала. Гэта ж колькі мы не бачыліся? Гадоў дзесяць?

– Недзе так.

– Хм, – падзівіўся Мацей, аглядаючы Янку і Мілану, якія за такі час амаль не змяніліся. Хаця ў яго самога і валасоў сівых пабольшала, ды і рыцары, што тут прысутнічалі, былі ўжо не такімі маладымі. Але нічога не сказаў. – Ды што гэта я?! – раптам спахапіўся кароль. – Вы ж з дарогі, пэўна, галодныя?

– Не без таго.

– Я ўжо распарадзіўся, зараз нам пададуць абед. Спадзяюся, вы не адмовіце нам у сціплым застоллі?

– Гэта з радасцю, – усміхнуўся Янка, страўнік якога даўно ўжо прасіў падсілкавання.

Усе расселіся, і па хуткім часе на стале з’явіліся разнастайныя стравы. Наглядзеўшыся на гандлярскіх лаўках на прысмакі, яны гатовыя былі з’есці ўсё, што прынеслі і папрасіць дабаўкі. Хаця стол і без таго быў багаты нават для рыцараў, што за ім сядзелі.

– Даўно мы ў вас не былі, – пачаў размову Янка. – Дарогаю мы заўважылі, наколькі змяніліся твары ў мясцовых жыхароў. Бачна, што яны нарэшце адчуваюць сябе вольнымі і шчаслівымі.

– Так, мы прыклалі ўсе намаганні, каб народу жылося добра. Шмат чаго давялося змяніць, шмат чаго збудаваць, але тое прынесла свой плён. Калі народ шчаслівы, то і ўладар можа спаць спакойна, – усміхнуўся Мацей. – Калі кіруеш народам, найперш пра ягоны дабрабыт і трэба дбаць. Добра будзе жыць ён – добра будзе і табе.

– Каб усе кіраўнікі так думалі. Вашаму народу з вамі пашанцавала.

– Спадзяюся. Зрэшты, ён таго варты, пасля столькіх гадоў прыгнёту і барацьбы за волю.

– Дарэчы, за гэты час, спадзяемся, больш ніякіх спроб напасці на каралеўства не было?

– Пасля таго, як апошнім двум захопнікам задалі чосу, іншым ахвочым нават думаць пра гэта перахацелася, – узрушыўся рыцар Мікола, прыгадваючы слаўныя часы недалёкай мінуўшчыны.

– Так, дыхту далі ім добрага, – пагадзіўся Рыгор.

– Гэта файна, – адобрыў тое Янка. – А як зараз у вашых суседзяў справы?

– Вы пра караля Сэнмура?

– Караля?

– Так, цяпер ён кароль у каралеўстве Вагорыя. І ў іх, на жаль, усё не так добра, калі не сказаць болей – усё даволі кепска.

– Але што такога магло здарыцца?

– Віной усяму залішняе захапленне Семаргала чарадзействам. Кажуць, ён валодаў нейкай кнігай замоў, таму і быў такі магутны. Падобна, што ён знайшоў у ёй, як пры дапамозе свайго чарадзейскага кія выклікаць не толькі спусташальны агонь, але і як здабываць яго з нетраў зямлі, яшчэ больш страшны і знішчальны. Ён прыняў усе меры перасцярогі – адправіўся ў горы, падалей ад забудоў, каб ніводнай жывой душы не было навокал. Але не разлічыў ён, якая скрышальная, разбуральная моц можа хавацца ў тым заклёне.

– Што ж там за заклён такі быў?

– Што за ён – не ведаю. Але вядома, што намерыўся Семаргал выклікаць вогненную кроў зямлі.

Дзеці пераглянуліся паміж сабой.

– Напэўна, размова пра магму, як пры вывяржэнні вулкана, – выказаў Янка шэптам сваю здагадку Мілане.

– Вынік яго чарадзейства адчулі нават мы, – працягваў Мацей. – Зямля тады здрыганулася так, што скалыхнула месцамі і землі нашага каралеўства. Горы расчыніліся, і з расколіны хлынула нешта падобнае на расплаўленае ў пячы жалеза, якое сваім агнём жэрла ўсё на сваім шляху: дрэвы хутка ператвараліся ў попел, будовы не вытрымлівалі і ахопліваліся полымем, усё жывое адразу знікала. Гэта быў сапраўдны кашмар, жах, якога ніхто ніколі ў жыцці не бачыў. Але самае страшнае – ён ніяк не мог спыніць гэтай бяды, бо цалкам не ведаў, як. Усё ягонае каралеўства апынулася пад пагрозаю, і прычынай таму быў толькі ён сам, яго небяспечнае захапленне. І калі ён асэнсаваў гэта, было ўжо позна – спусташальная плынь, хай і не хутка, але вынішчыла добрую частку зямель.

– Як жа Семаргал даў рады?

– У тым і бяда, што даць рады з гэтым нават ён, з усімі сваімі ведамі і моцай, не мог. Каб уратаваць сваё каралеўства ён быў вымушаны звярнуцца да панны Маразанны. Вох, каб вы яе ведалі! Яшчэ больш злосная і бязлітасная вядзьмарка, чым сам Семаргал. Нават ён яе пабойваўся. Але не меў ён тады выйсця, хоць і невядома цяпер, што тады было б лепей. Каб ведаў ён, да чаго гэта прывядзе, мо і не звяртаўся б да яе.

– Такая страшная?

– Хутчэй магутная! Семаргалу агонь падуладны, а Маразанна ўсё, што пажадае – у лёд ператварае. Што там казаць – нават агонь у сілах калі не замарозіць, дык пагасіць сваім холадам. І сэрца ў яе, кажуць, ледзяное. А Волх, пагатоў, наогул ёй не раўня, і побач з ёй не стаяў. Яго магчымасці так, дзіцячыя забавы. Бо Маразанна не папросту вецер магла выклікаць, а такі ўраганны віхор, што рукі-ногі павыкручвае, ды шыі ўсім зломіць.

– Як жа яму собіла з ёй звязацца?

– Нездарма ж кажуць – як топішся, то і за вострую касу схопішся. Падобна, што не бачыў ён іншага выйсця ў той момант, вось і быў вымушаны дамаўляцца. Толькі дамова апынулася тая не танная.

– Высокую цану за сваю дапамогу прызначыла?

– Толькі пазней усе зразумелі, наколькі. Яна папрасіла ў якасці платы для сябе тыя землі, якія былі вынішчаныя і пахаваныя пад тоўстым слоем попелу і таго расплаву, што скамянелым панцырам пакрыў глебу. Часу на разважанні не было, і Семаргал пагадзіўся. Зрэшты, тыя землі падаваліся ўжо ні да чаго не прыдатнымі. Сваё слова яна выканала. Спусташальная плынь, вогненная кроў зямлі, была спыненая, а дакладней – замарожаная. А спаленая зямля пакрылася ледзяным покрывам. Нічога жывога ўсё адно расці на такім месцы не магло, таму і Семаргал напачатку лічыў, што няшмат згубіў, аддаўшы тыя тэрыторыі вядзьмарцы. Але каварства яе выявілася пазней, калі яна ўжо добра замацавалася на тым месцы. Адна бяда ідзе, другую за руку вядзе. Мала таго, што зямля была папаленая, дык яшчэ тады і год неўрадлівы выдаўся. І тут Маразанна прапанавала яшчэ адну сваю дапамогу. Бо не толькі замарожваць усё яна ўмела, але і глебу багатай рабіць. Настолькі, што нават на пяску ўраджай мог узрасці. Хоць і не задарма, вядома ж. Ад кожнага двара, якому дапамагала, патрабавала па аднаму жыхару, каб на працягу цэлага месяца адпрацоўваў ёй паслугу – насіў вёдрамі ваду.

– А вада ёй навошта?

– Яе вядзьмарка ператварала ў лёд, з якога пабудавала сабе ля падножжа гары сапраўдны палац. Хоць і з лёду, і не такі вялікі, як каралеўскі, але надзвычай пекны, які сваёй асляпляльнай прыгажосцю ззяе ў промнях сонца, і з вытанчанымі вежамі, што ўзносяцца высока да неба. Напачатку жыхары нават з удзячнасцю выконвалі сваю працу, бо зямля зрабілася тлустай, іх гаспадаркі ўрадзілі, як ніколі, зерне закаласілася, агародніна налівалася сокам, усё заквітнела і цешыла вока. Маразанна і тут стрымала сваё слова. Але хутка стала зразумелым, што немагчыма разарвацца паміж сваёй гаспадаркай і адпрацоўкай доўгу. Бракавала не толькі часу, але і сіл, бо справа была вельмі не лёгкай. Вось тут Маразанна ўпершыню свой характар і выявіла. На тых, хто быў не ў стане адплаціць ёй сваёй працай, яна насылала сваіх служкаў – паветрыкаў.

– Што яшчэ за яны?

– Малыя і шкодныя стварэнні. Паасобку гэтая драбяза, можа, і не страшныя, бо не такія ўжо і дужыя, але ж лётаюць заўсёды зграяй, ды злыя, як шалёныя сабакі. Налятаюць у віхуры знянацку і кідаюцца гуртам на сваю ахвяру. І хочаш, не хочаш – не адаб’ешся ад іх. Чапляюцца за рукі, за ногі і нясуць над зямлёю па паветры, і не вырвешся ад іх. Зацягваюць няшчасных даўжнікоў у сутарэнныя вязніцы ледзянога палаца, а там ужо Падвей, у якога яны ў падпарадкаванні, катуе палонных небарак. Вох і злосны ён, я вам скажу. Нават паветрыкі нішто перад ім. Знешне быццам бы і чалавек, сівы, у гадах, але твар халодны і бяздушны, нібы прывід які. Замест ног – віхура пад ім, на якой ён і перасоўваецца. А характарам, як звер – люты і бязлітасны. Не пазайздросціш таму, хто да яго патрапіць. Налятае ён на няшчаснага ветрам, закручвае ў свой хвост-віхор, выварочвае, а то і ламае асабліва незгаворлівым рукі-ногі. А каб тыя не крычалі ад нясцерпнага болю – на час катаванняў адымае мову, язык і горла замарожваючы. Тут пагодзішся на што заўгодна. Але пасля праходжання пакут ты ўжо быў вымушаны ў два разы болей адпрацоўваць свой доўг.

– Што за жахі! Нават цяжка ўявіць такое. І што, ўсе церпяць яе выбрыкі?

– Ну чаму ж. Знаходзіліся, хоць і за рэдкім выключэннем, героі, якія з такім не пагаджаліся. Хоць і цяжка сказаць, чаго там болей – гераізму, ці гэта быў апошні крок адчаю, бо губляць ім ужо не было чаго. У любым выпадку – іх лёс быў яшчэ горшы, бо траплялі яны тады ў рукі да самой Маразанны.

– Хіба можа быць што яшчэ горшым?

– Паверце, можа. Праблема ў тым, што свой палац яна палюбіла ўпрыгожваць скульптурамі.

– Дык што тут страшнага?

– Страшэнна тое, што гэта за скульптуры. Бо гэта замарожаныя фігуры акурат тых смельчакоў, што адважыліся пярэчыць ёй ці пайсці супраць яе. Такіх яна бессардэчна ператварае ў ледзяныя скульптуры моцай свайго чарадзейнага кія. А потым расстаўляе на відных месцах свайго палаца, каб усе бачылі, што можа чакаць за непадпарадкаванне ёй.

– Як, і ў яе ёсць чарадзейскі кій?

– Вядома ж. Хіба толькі з іншымі ўласцівасцямі. Ды і знешне ён не падобны на кій Волха – нібы шэранню пакрыты, а верхавіну яго ўпрыгожвае вялізны, у вытанчаным разьбяным абрамленні дыямент, які ззяе. На што пакажа яна сваім кіем і даткнецца – умомант у лёд ператворыцца.

– Ашалець! І шмат ужо такіх скульптур?

– Не сказаць, каб зашмат. Бо калі яна зусім не ў духу, а гэта часта, то сярпом галаву з плячэй далоў адсякае. Ды і мала хто быў у стане вытрымаць катаванні Падвея. І, быццам, будовы палаца ёй было мала, працягнула і далей выкарыстоўваць жыхароў Вагорыі. Падобна, што пасля землятрусу з выкідам вогненнай крыві зямля вывергла з глыбіні дыяменты. Адразу за палацам ля падножжа гор знаходзяцца разломы, у якіх Маразанна наладзіла капальні, дзе тыя каштоўнасці і здабываюць. І дайшло да таго, што многія мужчыны пачалі знікаць.

– Але ж гэта папросту нявольніцтва нейкае. Так нельга ставіцца ні да кога. Няўжо ніхто не змог супрацьстаяць гэтаму дзікунству? Куды сам Семаргал глядзеў?

– Верце ці не, але акурат Семаргал і узняў войскі, каб прагнаць яе. Напачатку ён закрываў на ўсё вочы, зрэшты, Маразанна дапамагла яму выратаваць каралеўства ад яго памылкі. Ды і з ураджайнасцю зямлі жыхарам дапамагала. Нават калі пайшлі скаргі ад народу, ён быццам бы не заўважаў іх, не надаваў належнай увагі. Але калі жыхары пачалі ўжо ледзьве не бунтаваць, бо іх сваякі не вярталіся з сутарэнняў вядзьмаркі, ён пагадзіўся, што яна насамрэч перайшла ўсе межы дазволенага. Напачатку ён сам-насам хацеў перагаварыць з ёй. Узяў прыдворных маршалкаў і накіраваўся да яе. Але яна іх нават на ганак палаца не пусціла, заявіўшы, што гэта цяпер яе тэрыторыя паводле дамовы.

– На зямлі каралеўства Вагорыя?

– Атрымліваецца, што так.

– Тады ён папярэдзіў, што не дазволіць ёй так абыходзіцца з яго падданымі. На што яна толькі засмяялася, адмахнуўшыся, што яны самі ў нявольніцтва да яе падпісаліся. А калі Семаргал прыгразіў ёй, што яна паплаціцца за сваё нахабства, яна начаравала вецер, які наляцеў віхурам і перанёс іх за мяжу лядовых уладанняў Маразанны.

– Семаргала? І ён такое стрываў?

– Вядома ж, не. Вы ж памятаеце ягоны ўзрыўны характар. Семаргала прынізілі на вачах яго падданых. Пасля гэтага выпадку ён быў так абураны, што адразу ж склікаў вайсковую нараду, пасля якой абвясціў аб тэрміновым зборы войска. І ужо ў хуткім часе рушыў паходам на ледзяны палац вядзьмаркі. Ён быў упэўнены, што зруйнуе яго з наскоку. Ды дзе там! Як у той прымаўцы: захацела жаба на раку пакатацца.

– І як?

– Аніяк. Без лапаў засталася, паадкусваў. Не разлічыў Семаргал сваёй моцы. Уся зямля вакол палаца была закаваная ў лёд. Напачатку ўсё было спакойна, пэўную адлегласць ваяры прайшлі без перашкод. Але, калі войска ўжо было цалкам на лёдзе, наляцелі на іх паветрыкі на чале з Падвеям, і давай усіх кружыць і коўзаць, як дзяцей малых па слізкім катку, пакуль яны рукі-ногі не пачалі сабе калечыць ды галовы разбіваць. І была б зусім бяда, каб не чары Семаргала, якому атрымалася авалодаць і ведамі Волха, як утаймаваць стыхію ветру. Яго чарадзейскія моцы апынуліся мацнейшымі за Падвея, супраць якога ён скарыстаўся ягонай жа зброяй. І паляцеў той стары разам з тымі паветрыкамі ў віхуры высока ў горы ды на вострыя ўцёсы.

– Во смеху, відаць, было.

– Думаю, не без таго. Атрымалі па заду сваім жа дрынам. Ды толькі рана было перамогу святкаваць. Абнадзееныя, што ўдача на іхнім баку, узрушана рынуліся яны далей да палаца Маразанны. Ганарлівай постаццю сустрэла іх вядзьмарка, стоячы на сваім балконе і напышліва на ўсіх згары пазіраючы. Семаргал загадаў чараўніцыкаціцца прэч/ісці прэч з ягонай зямлі, але яна толькі засмяялася і нахабна адказала, што калі той не развернецца і не сыдзе зараз жа, то і сам трапіць у няволю. Раззлаваны Семаргал нават не стаў нічога адказваць, а скіраваў свой кій у яе бок і выклікаў віхор, намерваючыся скінуць з вышыні Маразанну, садзьмуць, як і паветрыкаў. Але яна папросту адвяла той вецер рукой, і ён рассеяўся, нібы туман па раніцы. Толькі гэта Семаргала ані трохі не збянтэжыла, а толькі яшчэ болей разгневала. І ўжо не вецер, а спусташальны агонь выклікаў ён, жадаючы знішчыць ледзяны палац, а разам з тым спапяліць і дзёрзкую вядзьмарку. Але і тут не даў рады. Гэта была бітва вогненнай і ледзяной магій. Агонь павінен быў растапіць лёд, так заўсёды бывае ў прыродзе. Толькі, падобна, не ў гэтым выпадку. Законы прыроды выявіліся тут бяссільнымі. Лядовая бруя і снежная завея ахутвалі полымя белым покрывам і ўмуроўвалі яго, не даючы прабіцца праз ледзяны шчыт. Агонь знікаў, бы замярзаючы, і гэты выглядала дзіўна. А потым сталася яшчэ горш. Маразанна ўзняла кій да неба, прамовіла заклён, і на галовы ваяроў з хмар, што невядома адкуль наляцелі і закрылі сабой усё неба, градам пасыпаліся вострыя ледзяшы. Не град, а менавіта ледзяшы, памерам з наканечнік добрай дзіды. І хто не меў добрых даспехаў, так і застаўся там ляжаць на замерзлым полі бітвы. Астатнія ж былі вымушаныя бегчы, нават і сам Семаргал. Бо было відавочна зразумела, што Маразанна апынулася нашмат мацнейшая за яго, нават без войска.

– Семаргал прайграў тую бітву?

– Так. І досыць ганебна. Больш таго, вядзьмарка паслала да яго перамоўшчыкаў з пасланнем, каб ён пакорна з’явіўся да яе і перадаў свой кій. А інакш прыстрашыла, што скуе лёдам усё ягонае каралеўства разам з жыхарамі.

– І?

– А што яму заставалася рабіць? Войска разбітае, яго чарадзейскія сілы значна слабейшыя. Пагадзіўся ён. Нават адзін пайшоў, як яна і наказала. Адзінае што, перад гэтым выправіўся на самую верхавіну гор.

– Навошта?

– Ды хто яго ведае, калі шчыра. Можа, каб пад канец агледзець з вышыні свае ўладанні. Але кажуць, што адтуль ён вярнуўся цалкам спакойны. Нават на дзіва. І на наступны дзень, развітаўшыся з усімі, узяў кій і накіраваўся да Маразанны. Усе чакалі яго з вяртаннем, але ад падступнай вядзьмаркі ён болей не вярнуўся. Відавочцы казалі, што кій яна знішчыла, а з самога Семаргала ўтварыла ў зале свайго палаца чарговую ледзяную статую. Ля самага трону паставіла, любавацца, як найлепшы трафей. Вось таму цяпер Сэнмур, яго нашчадак, і кароль Вагорыі.

– Жудасць. І што цяпер будзе з каралеўствам?

– Сэнмуру атрымалася дасягнуць пэўнага перамір’я з Маразаннай.

– Якім жа коштам?

– Каралеўства пастаўляе ёй работнікаў, каб яны працавалі на яе капальнях па здабычы дыяментаў.

– Хіба ж гэта перамір’е? Гэта ізноў жа нявольніцтва.

– Ну, уласна, тут вы цалкам маеце рацыю.

– А не баіцеся, што яна і вашаму каралеўству можа пагражаць?

– Нас размяжоўваюць горы. Праз іх яна не пройдзе.

– Але Волх і Семаргал у свой час да вас дабраліся.

– Не без магіі, падобна. А інакш – гэта такімі шляхамі трэба абыходзіць… Пакуль дойдзе, мы падрыхтавацца да абароны паспеем.

– Але ж Сэнмур і Рэгла ў бядзе. Няўжо вы не хочаце ім дапамагчы?

– Не гарачыцеся, маладыя людзі. Безумоўна ж, хочам. Больш таго – мы ўжо прыкладаем намаганні да іх ратавання. Акурат зараз Вярнігара разам з братам сваім, Вярнідубам, прабіваюць праход праз горы, каб з войска з нашага боку магло нечакана напасці на ледзяны палац Маразанны. Кароль, у якога Вярнідуб служыць, таксама паабяцаў сваю падтрымку войскам.

– А лёсу семаргалаўскага войску не баіцеся? Што таксама не дасцё рады.

– Чаму ж? Вядома, баімся.

– Дык, а план які ў вас ёсць?

– Вось з гэтым бяда. Нямашака.

– А як жа вы без плана змагацца з ёй сабраліся?

– Але ж з чагосьці трэба пачынаць. Не сядзець жа, склаўшы рукі. Хутка такі ход не прабіць, горы вялікія. За гэты час, мо, якое выйсце і знойдзем.

– А з Пугачом раіліся?

– Ды першай справай да яго па параду і звярнуліся.

– І?

– Толькі крыламі развёў. Прароцтваў пра гэта, кажа, ніякіх не бачыў. І як з тым рады даць – усю бібліятэку перагарнуў, нават зачэпкі не знайшоў.

– Хм, сітуацыя.

– І не кажыце, – махнуў рукой кароль Мацей, пагаджаючыся.

– А слабыя бакі ў яе якія ёсць? Можна хоць нешта супраць яе выкарыстаць?

– Калі нават Семаргал за сваім чарадзействам не перамог яе, то я ўжо і не ведаю, як яе яшчэ можна адолець.

– Нічога, галоўнае не апускаць рукі. Што-небудзь ды прыдумаем.

– Добра, што вы зараз з намі. Ізноў, усе нашы спадзяванні на вас.

Размова зацягнулася да позняга вечара. Гісторыя, што распавёў кароль Мацей, і расчароўвала, і прымушала задумацца. Дзеці былі ўпэўненыя, што пабачаць нарэшце мір на гэтых землях. Хаця, у каралеўстве Сварга, зрэшты, так і было. Але па суседстве. Бедныя Сэнмур і Рэгла, такія выпрабаванні леглі на іх юныя плечы. Янка з Міланай не былі тымі, для каго «за чужым плотам – не мой клопат», і да бяды сяброў яны паставіліся са спачуваннем, як да сваёй. Сябры сяброў не кідаюць, а дапамагаюць. А як трапілі ў небяспеку – то ўратоўваюць. А дапамагчы ім трэба было абавязкова, знайсці нейкае выйсце. Але якое?

Яны былі і ўсцешаныя ад вяртання ў гэтае загадкавае каралеўства ды сустрэчы са старымі знаёмымі, і адначасова перапоўненыя цяжкімі думкамі і разважаннямі над тым, што яны могуць зрабіць, каб выправіць сітуацыю, каб даць адпор новаму злу.

Падобна, што іх чакаюць новыя прыгоды і выпрабаванні. У Янку з Міланай зноў бачаць моц, і падобна, што на іх ізноў ускладаюць усе спадзяванні. А значыцца, яны не могуць падвесці і павінны ў чарговы раз апраўдаць давер.

Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Агонь і лёд

Подняться наверх