Читать книгу Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Агонь і лёд - Алег Грушэцкі - Страница 6
Прыём
ОглавлениеНаступным ранкам Янка прачнуўся ад лёгкага, але настойлівага грукату ў дзверы.
– Хто там?
– Яначка, ты не спіш? – пачуўся звонку голас сястры.
– Ужо не. Заходзь.
Ноч яны правялі ў спальнях для гасцей, прасторных і раскошных, як і мае быць у замку. Пакоі месціліся насупраць так, што дзверы глядзелі адны на другія, Мілана ўвайшла і разгублена спытала:
– Ты чуеш? Што гэта за гул стаіць?
Янка насцярожана прыслухаўся.
– Здаецца, не чуваць нічога, – пацепнуў ён плячыма.
– Ясна. Хадзем за мной.
– Ды што здарылася? Дай хоць апрануся.
І хлопец, нічога не разумеючы, вылез з утульнага ложка, накінуў вопратку, і рушыў услед за ўстрывожанай сястрой. Хуткай хадой яны заляцелі ў пакой Міланы, і яна падвяла брата да акна. За шыбай і насамрэч усё гуло. Падавалася, што там шумеў вялізны натоўп, чаго зусім не было чуваць са спальні Янкі, дзе вокны выходзілі на іншы бок замка.
Хлопец паспрабаваў разгледзець, што там адбываецца, але ніяк не атрымлівалася. Віднелася трохі замкавая плошча, і тое – вельмі малая яе частка. Хаця і гэтага было дастаткова, каб заўважыць, што пад мурамі збіраецца ўсхваляваны народ.
– Што там? – занепакоена пыталася дзяўчына.
– Цяжка нават здагадацца. Адсюль дрэнна відаць. Мяркую, што нейкі натоўп сабраўся пад цэнтральным уваходам.
– Яны ўсе сабраліся сюды ўвайсці?
– Не думаю. Ва ўсялякім выпадку дакладна не падобна, каб яны мелі злыя намеры.
– Хоць гэта супакойвае. Тады што?
– Вось гэта і трэба высветліць. Самому цікава. Хадзем!
Толькі яны выйшлі за дзверы, як на калідоры на іх ледзьве не наляцеў прыдворны, напэўна шамбялян, які адказваў за пакоі і гаспадарку пры палацы.
– Вух! Вы ўжо ўсталі? Гэта файна, – пераводзячы дыханне, звярнуўся ён да іх. – Дзень добры, Ваша Мосць!
– І вам дабрыдзень! Прабачце, а што там робіцца?
– Я ўласна з гэтай нагоды. Там, там…, – усхваляваны, не мог ён падабраць словы.
– Усё добра?
– О, як найлепей! – адмахнуўся ён і нарэшце ўсміхнуўся. – Папросту, вас жадаюць бачыць.
– Хто?
– Ды ўсе! Як толькі погалас разнёсся, што вы з’явіліся, жыхары ад самай ночы пачалі сцякацца пад муры замка. Усе жадаюць вас пабачыць.
Гэта не магло не цешыць, але і трохі бянтэжыла. Яны не чакалі такой увагі, хацелі папросту наведаць каралеўства і старых знаёмых.
Дзеці пайшлі ўслед за шамбялянам, які прывёў іх у прасторную залу, дзе ўжо сабраліся кароль, яго верныя рыцары і прыдворныя. Некаторыя таксама толькі далучаліся.
– А вось і яны, нашы юныя героі! Дзень добры, мае дарагія! – усцешана павітаў іх кароль Мацей. – Як спалася?
– Дзякуем, добра! Толькі не можам зразумець, з чаго такі перапалох ад ранку.
– Як жа! Каб вас пабачыць, столькі народу сабралася, колькі нас усіх вітаць не збіралася. Нам нават крыху зайздросна, – пажартаваў Мацей.
– Але ж мы самі здзіўленыя, – разгублена прамовіла Мілана.
– Ха-ха-ха, усё разумею. Як і мы, і не менш за вас, паверце.
З залы быў выхад на парадны балкон, з якога адкрываўся від ужо на ўсю замкавую плошчу. Нават за замкнёнымі шыбамі гул адчуваўся неймаверны. Мілана з цікаўнасцю акуратна вызірнула з-за фіранак:
– Ашалець! Янка, ты толькі зірні.
Хлопец таксама падышоў і выглянуў. На вуліцы стаяў тлум, якія займаў амаль усю прастору, што паўставала перад вачыма. Дзеці былі ў шоку. Няўжо іх прысутнасць выклікала такую зацікаўленасць?
– Яны насамрэч прыйшлі толькі дзеля таго, каб нас пабачыць?
– Анягож! Вы іх героі. А народ любіць сваіх герояў. Яны вам вельмі ўдзячныя.
– І што мы мусім рабіць?
– Як мінімум – павітаць іх. Яны прагнуць упэўніцца, што вы напраўду зноў з’явіліся. А калі вы скажаце ім хоць пару бадзёрых слоў – гэта вельмі іх усцешыць.
– Што ж, павітацца з жыхарамі каралеўства мы і самі будзем радыя.
Перад імі расчынілі дзверы, і Янка з Міланай, ўзяўшыся за рукі, выйшлі на балкон. За імі прайшлі кароль, рыцары і вайскводцы. Натоўп адразу ж захоплена загудзеў. Янка і рад бы быў нешта сказаць, але яго словы папросту патанулі б у гэтым гомане. Таму яны з сястрой ветліва памахалі рукамі, на што прысутныя яшчэ больш узняліся на радасныя воклічы, вітаючы сваіх герояў і вызваленцаў. І толькі калі тлум трохі прыціх, хлопец змог звярнуцца да іх:
– Вітаем вас, вольны народ Сваргі! – і ўсе ізноў радасна зашумелі. – Мы вельмі ўсцешаныя і ўдзячныя такому неспадзяванаму і гарачаму прыёму.
– Вы нашы героі! Слава рыцару Янку і каралеўне Мілане! – раздалося ў адказ.
– Дзякуем вам! Але для нас – сапраўдныя героі гэта вы. Гэта вы насамрэч здабылі сабе волю. Гэта вы прагналі ворага са сваёй зямлі і перамаглі яго. Мы ж толькі далучыліся да вас, натхнёныя вашым гераізмам і прагай жыць вольнымі.
– А наша каралеўства вы вызваліце? – нечакана пачуўся жаночы голас.
Янка ўтаропіўся і разгледзеў у натоўпе на плошчы жанчыну з дзіцём на руках.
– Падобна, што гэта адна з бежанак з каралеўства Вагорыя, – ціха растлумачыў яму кароль Мацей. – Пасля гэтай бяды, што здарылася з імі, мы многім далі прытулак на нашых землях.
Янка акінуў вокам люд. Нават хуткага позірку хапіла, каб разгледзець, што сярод тых, што сабраліся, адрознівалася невялікая частка. І нават не па адзежы. Па вачах, у якіх чытаўся страх ад таго, што давялося перажыць, і адчай ад невядомасці, што чакае наперадзе. З большага, гэта былі жанчыны з дзецьмі. Мужчыны, напэўна, засталіся, каб берагчы хаты, а ў выпадку чаго – узяцца за зброю і працягнуць барацьбу.
– Што ж, скажу так – калі мы сюды збіраліся, то намерваліся толькі праведаць старых знаёмых. Але зараз… Як толькі мы даведаліся пра вашу бяду, зразумелі, што цяпер не ў стане папросту застацца ў баку. Так, мы вельмі жадаем вам дапамагчы і ўжо думаем, як гэта можна ажыццявіць.
Твар беднай жанчыны пры гэтым заззяў, а ў яе вачах бліснуў праменьчык надзеі. Яе мары вярнуцца дадому нарэшце падаліся магчымымі, як і спадзяванні іншых прысутных з падобным лёсам, што былі змушаныя апынуцца далёка ад родных і мілых сэрцу мясцін. У іх з’явілася не проста надзея, да іх вярнулася жаданне жыць далей і будаваць планы на будучыню, сэнс самога жыцця.
Янка з Міланай выступілі яшчэ з невялікай прамовай да народу, але іх настолькі зачапіла пытанне няшчаснай жанчыны, вымушанай бегчы з дзіцём на руках з роднай хаты і прарабіць такі цяжкі шлях, каб тут апынуцца, што ўсе думкі былі занятыя толькі гэтым. У яе вачах чыталася столькі жалю, адчаю, мальбы. І яны літаральна заблішчэлі агнём веры і надзеі пасля запэўненняў пра дапамогу.
Кранутыя бядацкім лёсам бежанцаў, юнак і дзяўчына папрасілі караля Мацея зладзіць з імі сустрэчу, каб даведацца, чым можна дапамагчы, а можа, і каб атрымаць парады ці звесткі, як можна даць рады Маразанне.
– Усё, што толькі папросіце, – не раздумваючы пагадзіўся Мацей. – Буду толькі рады вам дапамагчы, нават арганізую ім каралеўскі прыём у замку.
Кароль стрымаў сваё слова. Ужо гэтым жа днём у залі для баляванняў быў арганізаваны абед, на які былі запрошаныя з дзясятак бежанак з Вагорыі разам з дзецьмі. Кожная са сваім лёсам, але кожная з адной бядой на ўсіх. Каб сустрэча адбылася не занадта сумнай, запрасілі і рыцараў разам з вайскаводцамі і з іх сем’ямі, каб госці адчувалі сябе жаданымі і дзеткі маглі паміж сабой пазнаёміцца ды пабавіцца.
З’явіўся і рыцар Рыгор, той самы, які ў свой час перамог на рыцарскім турніры. Ён прыйшоў не адзін, а са сваёй сям’ёй – з маладой жонкай і сынам, гадоў васьмі на выгляд. Напэўна, вы ўжо здагадаліся, кім была абранніца мужнага ваяра. Так, тая самая прыгажуня, якой ён прысвяціў перамогу на турніры. І нават пад раскошнымі строямі можна было здагадацца, што яны чакаюць і яшчэ папаўнення.
Рыгор падышоў да Янкі з Міланай і прадставіў:
– Хачу вас пазнаёміць са сваёй сям’ёй – мая жонка, Паланэя. Спадзяюся, вы яе ведаеце.
– Анягож! Каралева турніру! – з захапленнем усклікнула Мілана. – Як жа, добра памятаю! Вельмі шмат чула хвалебных прамоў пра вашу прыгажосць і незвычайную гісторыю абрання вас каралевай турніру. Я была ў вялікім захапленні, гэта ўсё было так цікава і так рамантычна. Вельмі шчаслівая, што нарэшце атрымалася з вамі пазнаёміцца. Чуткі не апынуліся перабольшаннем, вы і насамрэч вельмі прыгожая.
Узрушаная ад такіх кампліментаў сціплая па натуры Паланэя нават разгубілася і крыху пачырванела. Яна схілілася, наколькі гэта магчыма ў яе стане, у лёгкім рэверансе і ціха прамовіла, нават не падымаючы галавы:
– Шчыра дзякую, Ваша Высокасць! Нават не ведаю, ці заслугоўваю я такой пахвалы, такіх слоў. Але мне вельмі прыемна чуць іх менавіта ад вас, ад той, на каго любая дзяўчына ў нашым каралеўстве прагне раўняцца.
– Раўняцца? На мяне? – тут ужо і сама Мілана разгубілася.
– Вядома ж! – падтрымаў сваю жонку Рыгор. – Вы з братам для нас сапраўдныя героі і насамрэч узор для пераймання для нас. Не памылюся, калі нават скажу – для ўсіх тут прысутных, – і пры гэтым натоўп ухвальна заківаў галовамі, пагаджаючыся. – Яскравы прыклад таму мой сын, – мужчына паклаў свайму дзіцяці руку на плячо і падвёў яго да юнака і дзяўчыны. – Мы назвалі яго Янка, у ваш гонар. Больш таго, калі наступнай народзіцца дачка, абавязкова назавём яе Міланай.
– Але…
– Мы абое, разам з жонкай, так вырашылі.
– Так, – пацвердзіла жанчына. – Гэта наша ўзаемнае жаданне.
– Дзякуем, нам гэта вельмі прыемна. Папросту гэта ўсё так нечакана, – збянтэжыліся Янка і Мілана. – І гэтыя прывітанні з раніцы, і вашы словы.
– Мы любім вас. Увесь народ любіць вас. Вы нашы сапраўдныя героі.
Пасля гэтых слоў усе прысутныя ўзняліся на воплескі.
– Слава героям! – загучалі гучныя воклічы, якія ўзносіліся пад столь і былі чуваць нават на замкавай плошчы.
Але ж юнакі толькі яшчэ больш засаромеліся, ад такіх высокіх пахвал ім рабілася няёмка. А з іншага боку, сам прыём іх вельмі ўсцешыў.
– Мы ад усёй душы ўдзячныя вам за такія цёплыя словы і прывітанні! – падзякавала Мілана. – Хоць самі сябе і не адчуваем настолькі значнымі і важнымі. Але ўсё адно нам вельмі прыемна, праўда. Усё-ткі хацелася б вярнуцца да таго, дзеля чаго, уласна, мы зараз сабраліся. Я з вялікім болем у сэрцы паставілася да таго, што сёння пачула. Вельмі цяжка і страшна апынуцца на чужыне, бо ў тваім доме запанавала бяда. І, хоць мы ніколі не адчувалі гэтага на сабе, але мы таксама ведаем, што гэта такое, калі з-за таго, што вораг вынішчае зямлю, людзі вымушаныя пакідаць свае хаты цэлымі сем’ямі. Пакідаць усё прыдбанае цяжкой працай, выкрэсліваючы цэлыя старонкі свайго жыцця, і не ведаць нават, ці вернешся калі назад, і ці яшчэ будзе куды вяртацца. Усё жывое мае вялікую любоў да таго месца, дзе нарадзілася і ўзгадаванае. І гэта вельмі страшна, калі цябе вымушаюць гэтае месца пакінуць. Страшна за сябе, за сваіх блізкіх, а найбольш – за сваіх дзяцей.
Слухаючы дзяўчыну, у многіх жанчын на вачах праступілі слёзы, і кабеты мацней прытулілі да сябе сваіх малых. Цяжка нават уявіць, што яны зараз адчувалі, і якія думкі, успаміны іх зараз раздзіралі. А Мілана тым часам працягвала:
– Таму ад сябе ўласна, дакладней – ад нас з Янкам, мы хочам падзякаваць каралю Мацею і жыхарам каралеўства за тое, што яны прынялі уцекачоў, не адвярнуліся ад іх бяды, а падставілі сваё плячо і прапанавалі свой дах над галавой, ды запрасілі да свайго стала. Гэты высакародны ўчынак мы ад усёй душы ўхваляем і падтрымліваем.
– Дапамагаць адно аднаму ў бядзе, выяўляць міласэрнасць – тое, што адрознівае разумную істоту ад дзікага звера, – мудра прамовіў у адказ Мацей. – А што да стала, то час ужо запрасіць нашых гасцей да яго. Мы вельмі радыя такім цёплым і шчырым прамовам, але гасцей прымушаць чакаць не можам, – усміхнуўся ён і паклікаў нарэшце прысутных рассаджвацца.
Дзетак пры гэтым пасадзілі асобна, у куце залы. А, каб ім не было сумна, паклікалі адмыслова для іх фокусніка і скамарохаў. Хаця, убачыўшы, чым накрытыя сталы, настрой маленькіх і без таго ўзняўся. Такіх ласункаў і прысмакаў, яны, бадай, і не бачылі, а калі і бачылі дзе на кірмашы, то наўрад ці каштавалі. Адны карамельныя ледзяшы разнастайных колераў чаго вартыя! Да таго ж, выпечка – печыва, булачкі ды пірожныя з крэмамі неверагодных смакаў. Ды яшчэ салаты, экзатычныя гародніна і садавіна… Ажно вочы паразбягаліся!
Хоць на час дзеці здолелі забыцца пра свае нягоды, хутка перазнаёміліся, і ўжо праз кароткі час гэта была адна дружная вясёлая кампанія.
Для дарослых стол быў куды больш сур’ёзны – смажаніна ды вяндліна, верашчака, тушаная капуста з мясам ды кілбасамі, запечаныя рыба ды дзічына, соусы і марынады, квас ды пітны мёд… Адным словам – усё па-каралеўску, як для самых дарагіх гасцей. Тым не менш, напружанасць у дарослых зняць было куды складаней. Дзеці – яны заўсёды больш шчырыя і адкрытыя для ўсяго новага. Дарослыя… яны часцяком бываюць замкнёныя ў сваіх праблемах, якія даводзіцца вырашаць і пераадольваць дзеля таго, каб жыццё ўласнае, і найперш жыццё і лёс іх дзетак былі больш лёгкімі і без перашкод. А гэта вельмі нялёгкая задача, хоць дзеці гэта часам і не заўважаюць.
Напачатку жанчыны паводзілі сябе вельмі скавана. І гэта зразумела – яны ўпершыню прысутнічалі ў замку, ды яшчэ і побач з самім каралём! Але пачуццё няёмкасці пачало пакрысе знікаць. Бо выявілася, што кароль не выказвае напышлівасці ці фанабэрлівасці, наадварот – ён падаўся ім вельмі простым чалавекам, які ўсіх лічыць роўнымі і ставіцца да іншых з павагай. Ён вельмі чулы і ўважлівы, а яшчэ бачыўся вельмі добрым, шчырым і мудрым. Хоць знешне і непадступным, бо яго мужны вобраз і рашучы позірк мог астудзіць якога заўгодна пагардлівага нахабніка і выскачку. Прыязна да гасцей паставіліся і прыдворныя ды рыцары. Не кажучы ўжо пра Янку з Міланай, якіх запрошаныя жанчыны адразу ж успрынялі ледзьве не як родных.
Кароль Мацей звярнуўся да прысутных за сталом і запэўніў:
– Мы прыкладзём усе намаганні, зробім ўсё ад нас залежнае, каб вы адчулі сябе ў нас, як дома. Мы нікога не пакінем без увагі і дапаможам у вашай бядзе. Ніхто з дзецьмі не застанецца без даху над галавой. І можаце не клапаціцца пра ежу і рэчы першаснай неабходнасці – гэтага вам бракаваць не будзе. Падзелімся ўсім, што маем.
– Ды дзякуем, – расчулена прамовіла адна з жанчын, якая, хоць і была яшчэ не ў гадах, але ўжо з сівізной ў валасах – смутным адбіткам цяжкасцей, што выпалі на яе долю. – Усяго нам стае, праўда. Мы вельмі ўсцешаныя, што прынялі нас так гасцінна і што столькі робіце для нас.
– Ці можам мы яшчэ што зрабіць для вас? Можа б вы яшчэ чаго хацелі?
– Калі мы чаго і жадаем – дык гэта як найхутчэй вярнуцца да родных хат і каб супакой нарэшце запанаваў на нашай зямлі. Ды каб сыны нашыя, браты ды мужы былі дома з намі, а не…, – бядачка ледзьве стрымалася, каб не пусціць слязіну, а словы балючым камком захраслі ў горле.
– Прабачце, як вас завуць?
– Стэфанія.
– Загляне сонца і ў ваша аконца, – супакоіла Мілана. – Будзе і ў вашым краю шчасце.
– Вельмі б хацелася як мага хутчэй наблізіць той час. Мы ўсе ведаем гісторыю, як вы дапамаглі каралеўству Сварга. І вельмі просім вас, каб вы зрабілі тое самае і для нашага каралеўства.
– Мы зробім з братам усё ад нас залежнае. Але трэба разумець, што гэта ўсё можа быць здзейснена толькі агульнымі намаганнямі.
– Кожны з нас, і юны, і стары, і мужчыны, а як трэба, то і жанчыны, устануць плячо да пляча і пойдуць за вамі. Толькі павядзіце нас, – рашуча адказала жанчына, і вочы яе адразу ж запалалі прагай да барацьбы, і толькі адзін яе позірк не пакідаў ні кроплі сумневу ў яе словах.
– Мы можам вас запэўніць, што не пакінем вас сам-насам з бядой, – запэўніў Янка. – Нам бы толькі больш інфармацыі, з кім мы маем справу. Менавіта таму мы і хацелі з вамі спаткацца. Пані Стэфанія, а вы самі бачылі яе? Маразанну.
– Так, не лепшыя уражанні. Усё вакол сябе ператварае ў лёд і холад. Толькі убачыш яе – мароз па скуры.
– Такая страшная?
– Як вам сказаць, каб вы зразумелі. Не страшная, нават прывабная. Высокая, зграбная, даўгія валасы, чорныя, як смоль. Але твар бялёсы, як снег, і вочы – бы ледзяныя, ніякіх пачуццяў не адлюстроўваюць. Бяздушная, хіба. Ні да кога ні жалю, ні спачування не мае.
– А можа слабасці ў яе якія ёсць?
– У каго? У яе? Ды вы што, – адмахнулася яна. – Калі нават Семаргал не мог даць ёй рады. Хаця, ведаеце што, – прызадумалася жанчына, – ёсць у яе адна слабасць, так. Дыяменты.
– Дыяменты? Хто ж іх не любіць? Тым больш жанчыны, – усміхнулася адна з прыдворных дам.
– Э, не, не скажыце. Тут нешта іншае. Яна не проста так імі апантаная. Не з прагі да багаццяў. Я вам вось што раскажу, – прамовіла яна таямніча. – І мой сын, і брат мой працавалі на тых капальнях. Ледзьве жывыя адтуль вярнуліся, пакуль адпрацавалі сваё пакаранне. Схуднелі, ссінелі, адны вочы ды косткі засталіся. Ды не пра гэта я. Дык вось, чулі яны, кажуць там паміж сабой шэптам, што недзе ў глыбокіх пячорах пад замкам збірае Маразанна ледзяное войска. Быццам разьбяры высякаюць там з ільду ваяроў, а яна нейкія чары робіць з тымі дыяментамі, ўкладае ў іх, і яны ажываюць.
Усе нават прыціхлі, пачуўшы гэта.
– Хіба ж мажліва такое? – дзівілася тая прыдворная дама.
– Значыць, мажліва, яны б не сталі мне хлусіць. Хаця самі таго і не бачылі.
– Але ж лёд крохкі і цвёрды, – разважала Мілана.
– Гэта можа калі тонкі, то колкі, і можна яго разбіць. Але вялікую глыбу не надта і разаб’еш, – не пагаджалася Стэфанія. – І яны, кажуць, трывалыя, як з дубу, і гнуткія, як жывыя людзі. Такім і даспехі не патрэбныя.
– Ну і справы. І як ім даць рады?
– Гэтага я не ведаю. Бадай, ніхто не ведае.
– Хм, праблема.
– Але лёд баіцца цеплыні, – падмеціў Янка. – Можа гэта нам дапаможа?
– Ды што вы, – безнадзейна махнула рукой жанчына. – Цеплыні на яе землях ніколі і не бывае. Адно холад сцюдзёны.
– Не страшна, прыменім правераны спосаб – выманім іх на больш зручныя для нас умовы, на адкрытую, абагрэтую сонцам мясцовасць.
– Баюся, і гэта не варыянт. Забыліся? Маразанна хоць усю зямлю можа замарозіць, што яна хутчэй за ўсё і зробіць пры патрэбе.
– Зусім засада. Што ж рабіць? – цалкам разгубіўся Янка.
– Мяркую, адна надзея – на Пугача. Можа, ён што падкажа, – прапанавала сястра.
– Так, і гэтым разам нам без яго ніяк, – пагадзіўся брат.
– Акурат у яго зараз новы вучань. Мо, разам што і прыдумаюць, – падтрымаў кароль.
– Новы вучань? – зацікавіліся юнакі.
– Ну так. Пугач ужо зусім слабы стаў. Гады, самі разумееце. Дзяцей у яго няма, глядзі, усё жыццё пражыў, як пустэльнік. Вось і ўзяў да сябе пераемніка, каб было каму назапашаныя веды пасля сябе пакінуць.
– І хто ж гэта? Ці не наш пан Вуж?
– Не. Хоць і Вуж зараз пры ім, дапамагае па гаспадарцы. Крумкач гэта. Дарэчы, родам з каралеўства Вагорыя. Памятаеце бітву нашых каршуноў з крумкачамі Волха?
– Вядома ж! Такое не забудзеш.
– Дык вось, гэты Крумкач быў адзін з нешматлікіх, хто адмовіўся прымаць у ёй удзел. Ён ужо тады разумеў, што мы змагаемся за праўду, за сваю волю і адстойваем сваю зямлю і сваю незалежнасць, таму і не стаў прымаць удзел у нападзе на наш народ.
– Мудра.
– Так. Розумам і разважлівасцю, нягледзячы на маладыя гады, ён заўсёды адрозніваўся. Волх яго за гэта не любіў, а чуткі пра яго мудрасць даносіліся і да нашага каралеўства. Вось Пугач, калі паміж нашымі каралеўствамі нарэшце наступіў мір, яму і прапанаваў пайсці да яго.
– Вого! Такая прапанова дарагога вартая.
– Згодны. Мяркую, і Крумкач так палічыў і з радасцю пагадзіўся. Спадзяюся, ён аб’яднае ў сабе веды абодвух каралеўстваў, і гэта паслужыць нам усім на карысць.
– Што ж, адна галава – добра, а дзве – яшчэ лепей. Мо што і параяць.
– Тым больш, што Крумкач сам з тых краёў, – падмеціла сястра.
– Насамрэч. Што ж, цяпер мы папросту мусім праведаць нашага старога знаёмага.
– А заадно і завесці добрае знаёмства яшчэ з адным мудрым птахам.
Размова з бежанцамі зацягнулася надоўга і была насычанай. Пабачыўшы, з якой увагай да іх ставяцца, перасяленцы цалкам прасякнуліся шчырасцю і цёплымі пачуццямі і да караля, і да юных герояў. Амаль кожная з жанчын распавяла сваю сумную гісторыю, поўную болю, смутку і адчаю, ад якіх часам слёзы самі наварочваліся на вочы, а да горла падступаў цяжкі гаркавы камяк.
Па сустрэчы ўсе госці атрымалі падарункі ад караля, а дзеці яшчэ і дадаткова прысмакі, таму былі бязмежна ўсцешаныя. І толькі Янка з Міланай засталіся ячшэ больш задуменныя. Яны вельмі спадзяваліся высветліць хоць нешта пра слабасці Маразанны, а выявілася наадварот – што яна нашмат больш небяспечная, чым пра яе думалі. Але і ведаць моцныя бакі праціўніка карысная рэч – ведаеш, чаго можна чакаць, і як быць да гэтага падрыхтаваным. Папярэджаны – значыцца ўзброены. Да таго ж, атрымалася высветліць з размовы штосьці хоць прыблізна пра колькасныя перавагі ворага, яго магчымасці, і больш-менш пра будову замка і прылеглыя тэрыторыі. А паўней даведаюцца з часам. Заўтра ізноў чакае дарога.