Читать книгу Мае дзевяностыя - Альгерд Бахаревич, Ольгерд Бахаревич - Страница 44
МОВА: ГІСТОРЫЯ ХВАРОБЫ
НН
ОглавлениеПройдзе некалькі гадоў з таго дня, як я адкрыю для сябе «Тутэйшых», – і ў Менску зьявіцца віленская газэта, на кожны нумар якой я буду паляваць і якая паўплывае на мяне ня менш за «Тутэйшых». Сяргей Шупа будзе адным зь яе аўтараў, перакладчыкаў і рэдактараў – але я тады ня надта задумваўся, хто хаваецца за псэўданімамі SS і «Той самы», а на імёны не зьвяртаў увагі. Я буду проста чытаць – і перачытваць, і ўрэшце зьбяру падшыўку той газэты, бо яна напоўніцу задаволіць маю прагу ў інтэлектуальнай беларушчыне – тая, сапраўдная, адноўленая «Наша Ніва», НН Дубаўца, Шупы, Харэўскага, легендарная НН пачатку і сярэдзіны 90-х.
Гэта была альтэрнатыва – што б ні сьцьвярджалі сёньня яе стваральнікі.
Альтэрнатыва ўжо сасьпеламу, але яшчэ не надзеленаму ўладай, не гатоваму жэрці ўсё жывое лукашызму.
Альтэрнатыва афіцыёзу, мэйнстрыму, патасу і ўсім саплям і супавым наборам адраджэньня.
А з гледзішча дня сёньняшняга – і альтэрнатыва паўсталай пазьней жоўтай «Іхнай ніве».
Альтэрнатыва ўсёй сучаснай палітычнай нудоце.
Альтэрнатыва ўсім Робатам Беларушчыны.