Читать книгу Мае дзевяностыя - Альгерд Бахаревич, Ольгерд Бахаревич - Страница 45

МОВА: ГІСТОРЫЯ ХВАРОБЫ
Дзьве душы

Оглавление

Стыль. Інтэлектуальнасьць. Дакладнасьць. Рэфлексія. Такой была НН 90-х.

Я купляў яе ў шапіку ТБМ, які стаяў каля Нацыянальнага банку – насупраць ГУМу. Купляў разам з касэтамі беларускіх гуртоў, іншымі газэтамі, кніжкамі і кніжачкамі і, вядома, значкамі (даўно мінуў той час, калі школьнік Алежка мусіў сам майстраваць сабе значкі з кардону і шпілек, цяпер знайсьці іх можна было паўсюль). Купляў, калі ўжо быў студэнтам пэдагагічнага ўнівэрсытэту. І цягаў газэту на заняткі: новы нумар! Магу даць пачытаць! – але ні ў аднакурсьнікаў, ні ў выкладчыкаў яна такога захапленьня не выклікала.

У той час я ўпершыню задумаўся пра тое, што існуюць дзьве плыні беларускасьці. Адна – падобная да рэлігіі, заснаваная на сьляпой веры, са сваім сонмам прарокаў, апосталаў і сьвятых, яе запаветамі былі: быць бліжэй да народу, быць даступнай, быць зразумелай, не сумнявацца і верыць у блізкасьць усеагульнага шчасьця, суцэльную беларусізацыю і перамогу ідэалаў, а ідэалам была патрыярхальная вясковасьць. Такі сабе нацыяналістычна-сялянскі камунізм. Гэтая плынь ставілася да НН і ёй падобных насьцярожана: занадта складана, занадта шмат розуму, рэалізму або, наадварот, містыкі, занадта шмат Эўропы, Захаду, мадэрнізму і постмадэрнізму. Занадта шмат выбрыкаў і гульні. Занадта шмат гэтых модных інтэлектуальных штучак – народу такое ня трэба. Народ мудрэйшы за інтэлектуалаў, ён чысты, ахвярны і нявінны, і на яго трэба маліцца.

Маліцца на народ і пакланяцца прарокам і апосталам мне зусім не хацелася. Тая, другая плынь (і яе ўвасаблялі для мяне НН, «Тутэйшыя» і беларускі рок) была мне значна бліжэйшая: тонкасьць і элітарнасьць, інтэлект і сумнеў, крытыка і сучаснае мастацтва (рок, авангард, экспэрымэнт, эсэ як самы творчы і плённы жанр), арыентаванасьць на моладзь, адмова ад вечнай беларускай культурнай герантафіліі. Спроба асэнсаваць новую культурную сытуацыю – і жаданьне стварыць новыя герархіі, з уключэньнем туды забытых, выкрасьленых і зусім новых імёнаў.

Зрэшты, абедзьве плыні гаварылі, пісалі і сьпявалі па-беларуску. І гэты падзел не выключаў дыфузіі, узаемапранікненьня, уплываў, супольнай працы. Мова тады злучала ўсіх – маленькая беларуская культура была значна больш маналітнай, чым цяпер, беларускамоўнасьць была галоўным маркерам і паролем: размаўляючы па-беларуску, ты мог быць пэўны, што цябе прымуць паўсюль, дзе ёсьць «нашы». Сэкта? Так. Але яна імкліва пашыралася. І вырасла ў нацыю. Сэкта была адкрытай, нацыя пачала шукаць сабе ворагаў. У 2000-я і пазьней падзел ня зьнікне – а, наадварот, зробіцца яшчэ больш выразным. Лібэралы супраць кансэрватараў. Два вобразы Беларусі, два праекты адной краіны.

Але пакуль што я быў «сваім» для ўсіх беларускамоўных: мова яднала зь першага слова. І ня важна, якім тое слова было: «бог», «Купала» або «правакацыя». Клясычны прыклад прывяла неяк у адным са сваіх тэкстаў Марыя Мартысевіч, якой пашчасьціла пабываць у 90-х на канцэрце майго гурту ў Доме літаратара. Што б я толькі ні вырабляў на сцэне, што б ні крычаў у мікрафон, як бы ні выкручваўся, каб зрабіць нейкую брыду, бабулькі-нацыяналісткі ў залі ўсё роўна замілавана ўсьміхаліся: «Брыдкі хлопец, але ж наш, беларускамоўны». Па-сапраўднаму абразіць кагосьці зь іх можна было толькі абразіўшы іхных сьвятых. Што я і зрабіў – але ўжо ў другой палове дзевяностых.

Зрэшты, тая, другая, сымпатычная мне плынь беларускасьці мела свой адметны моўны знак, які я прыняў яшчэ ў школе і які з гонарам нашу дагэтуль.

І імя яму: тарашкевіца.

Мае дзевяностыя

Подняться наверх