Читать книгу Бэзавы і чорны. Парыж праз акуляры беларускай літаратуры - Альгерд Бахаревич - Страница 12
10. Колас. Кангрэс. Грыбы
ОглавлениеПарыж любіць рэчы. Аднойчы ты завяла мяне на бульвар Вальтэр – тут, недалёка ад плошчы Бастыліі, прадаюць старыя фотаапараты: чароўныя чорныя птахі, фантастычныя істоты з даўгімі дзюбамі, у якіх хаваецца ўважлівае вока пад паслухмяным павекам. Птахі, якія вольна пачуваюцца ў часе, час – іхнае неба. Нямецкія, францускія, ангельскія назвы, што гучаць, як музыка старой кружэлкі; эбаніт і дрэва, мэтал і срэбра – чатыры стыхіі, што нарадзілі іх з дапамогай чалавечых рук. Гэтыя камэры пазіраюць на Парыж зь вітрынаў так па-філязофску, што робіцца відавочным: гэты горад ведаў іншыя, больш жывыя часы, яны глядзяць на нас, як клясыкі на цырыманіяльныя патугі нашчадкаў, насьмешліва, нязлосна і пагардліва. Яны памятаюць часы, калі мастацтва было складаным і нясьпешным. Яны прыгожыя той чорнай птушынай прыгажосьцю мужчын і жанчын, якія імі карысталіся амаль сто гадоў таму. Нават ня верыцца, што ўнутры іх нешта ёсьць – яны выглядаюць маналітнымі, як кавалкі смалянога бурштыну.
Цябе ўзбуджаюць тут кнігі, пахі, афрыканскія цырульні, цені, масты і старыя фотаапараты. І я цябе разумею. Мяне таксама апаноўваюць дзіўныя дрыжыкі, і хочацца выць ад некаторых рэчаў: якія ляжаць і маўчаць, і пахнуць, і блішчаць, і адбываюцца, нягледзячы ні на што. Яны ўвесь час адбываюцца—проста тут, з намі, і мы са зьдзіўленьнем сочым за тым, як нас апаноўваюць іх таямніцы.
У 1935 годзе ў Парыжы пабываў Якуб Колас і купіў сабе ня штосьці, а менавіта фотаапарат. Аўтар “Новай зямлі” прыехаў сюды ў складзе савецкай дэлегацыі на міжнародны Кангрэс пісьменьнікаў у абарону культуры – і я чамусьці зь непрыязнасьцю думаю пра тое, як яны прыехалі сюды, адабраныя ў выніку д’ябальскай сэлекцыі, радасныя, як рабы, адзначаныя гаспадаром за верную службу, прыніжаныя дарослыя людзі, у якіх забралі годнасьць, пакінуўшы літаркі, кубікі, тэмкі: складвай правільна, і будзеш цэлы. У Маскве доўга думалі, каго паслаць і каго запрашаць. Урэшце ўключылі ў сьпіс нават Пастэрнака і Бабеля, а Шолахава вось выкрасьлілі. Не паехаў і Горкі (пэўне, шмат хто ўздыхнуў з палёгкай).
Цікава, як яны жылі тут у сваіх гатэлях. Мабыць, азіраліся навокал з мужыцкім практычным інтарэсам і гідлівай савецкай цікаўнасьцю: добра жывуць буржуі… а во, глядзі: вежа! Ежа! Пірожныя! Жырна жывуць! а во негры! а мы ж таксама пэрсоны важныя, не абы-хто. Савецкія пісацелі! Колас мусіў нешта сказаць з высокай трыбуны – але ён быў госьць трэцяга эшалёну, асноўныя ролі належалі расейцам, немцам-эмігрантам і французам. А сам Кангрэс быў прыватнай ініцыятывай пракамуністычных парыскіх літаратараў, найперш Люі Арагона, а таксама прымкнулых да яго Мальро, Блёка і Рышара. Грошы на арганізацыю ім употай сунуў Крэмль. Большасьць запрошаных на Кангрэс зорак першай велічыні далікатна адмовіліся, спаслаўшыся на шчыльны графік або здароўе: не прыехалі Шоў, Ўэлс, Томас Ман. Што праўда, брат апошняга на паседжаньнях зьявіўся. А недзе па тых самых вуліцах, дзе хадзілі ўдзельнікі Кангрэсу, бадзяўся паўсьляпы Джойс: пра тое, што тут побач нейкія волаты духу ратуюць культуру, ён нават не падазраваў.
Вось жа, 21 чэрвеня 1935 году. Парыская заля Mutualité перапоўненая. Шакалы выюць – волаты літаратуры пазіруюць: цікава, да каго прыстроіўся наш дзядзька? З кім хацеў зрабіць сэлфі? Пісьменьнікі застываюць у пагрозьлівых позах. Мысьляр зь пяром – як «Дзяўчына зь вяслом»: вобраз ужо тады пазнавальны і пашлаваты, але стрымацца немагчыма. Стомлена-безуважны позірк, далонь падпірае гіпэрбалічна магутны лоб, увесь у мэтафарычных зморшчынах, люлька ў зубах – або цыгара… З аднаго СССР прыехала цэлых дваццаць інжынэраў чалавечых душонак – у тым ліку загадкавы для бальшыні ўдзельнікаў кангрэсу літаратар Yakoub Kolass de Zaguibelka.
* * *
Уласна кажучы, абараняць культуру ў 1935 было ад каго. Сьвет каціўся да вайны, як пусты інвалідны вазок. У суседняй Нямеччыне зусім нядаўна на ўсю моц палалі кнігі, а над папялішчамі дагэтуль стаяла рэха маладых звонкіх галасоў, якія ўрачыста паўтаралі свае заклёны на самай «культурнай» мове сьвету: «…Супраць дэкадансу і маральнага распаду! За традыцыі і парадак у сям’і і дзяржаве! Я аддаю агню сачыненьні Гайнрыха Мана, Гайнрыха Глезэра і Эрыха Кестнэра! Супраць фальшаваньня нашай гісторыі і пагарды да яе найвялікшых асобаў, за пашану да нашага мінулага! Я аддаю агню сачыненьні Эміля Людвіга і Вэрнэра Хэгемана! / Супраць літаратурнай здрады салдатам сусьветнай вайны, за выхаваньне народу ў тым духу, які здольны абараніць яго! Я аддаю агню сачыненьні Рэмарка! Супраць перабольшваньня ролі сэксу, якое псуе душы! За высакароднасьць чалавечай душы! Я аддаю агню сачыненьні Зыгмунда Фройда!..» І так далей. Пра Якуба Коласа тыя маладыя германскія галасы ня згадвалі і кніжак ягоных не палілі. Шкада: цікава было б пачуць фармулёўку. Іншая рэч – што і ад абаронцаў, якія засядалі ў Парыжы, культуру няблага было б чым-небудзь прыкрыць. Хаця б якім-небудзь буржуазным літаратурным вырадкам – для прыстойнасьці і парытэту. Бо кангрэс атрымаўся дзіўнаваты. Левы, як бераг Сэны, у якой забралі ўсе масты. Цікава, на якой мове прамаўляў наш клясык? Па-расейску, вядома, не па-польску ж. Парыж яму ня надта спадабаўся. З усіх краін, якія ён пабачыў па дарозе, больш за ўсё дзядзьку прыглянулася Чэхаславаччына. Абараніўшы культуру, зірнуўшы на Эйфэлеву вежу і купіўшы ў Парыжы фотакамэру, Колас вярнуўся ў Менск, дзе яго чакала эпіграма ад Кандрата Крапівы. Калега сплываў жоўцю – бо па-свойму разумеў ролю кангрэсаў у пісьменьніцкім жыцьці: «Быў я ў Парыжы на кангрэсе, / То ў Загібельцы, браце, лепш – / Грыбоў няма ў Булёнскім лесе, / А ў Сэне хоць бы адзін лешч». Колас ня стаў пярэчыць зайздросьліваму калегу: «Калі агледзіш хвайнякі / І гэты кут пазнаеш бліжай, / Зьбіраючы баравікі, / Дык вывад я зраблю такі: / Мне Загібелька лепш Парыжа».