Читать книгу Бэзавы і чорны. Парыж праз акуляры беларускай літаратуры - Альгерд Бахаревич - Страница 6

4. Астрог. Караткевіч. Плаха

Оглавление

Хуліё Картасару, паводле ягонага прызнаньня, Парыж заўжды ўяўляўся ў вобразе жанчыны.

Аргентынскі чараўнік хацеў быць арыгінальным, элегантным і небанальным – але ня выйшла: далёка ад Буэнас-Айрэсу і Парыжу, у халодных патрыярхальных краях такая думка ўжо неяк наведвала мужчынскія галовы. Задоўга да Картасара ананімныя беларускія мужыкі зь верша Францішка Багушэвіча “У астрозе” згадваюць францускую сталіцу менавіта так – у жаночым родзе, і нават не спрабуюць выдаць гэта за паэтычны вобраз. Яны, канечне, дурныя, як вароны – але хто перад імі, мужык ці баба, вызначаюць беспамылкова. Народ не падманеш: ні гендэрам, ні граматыкай. Народная мудрасьць – яна такая: першасныя полавыя прыкметы назаўжды застануцца і апошнімі.

Трапіўшы на сваю бяду ў астрог, тыя мужыкі разважаюць, за што іх туды пасадзілі, з чаго раптам такі пярэпалах. Сяляне мяркуюць, што гэта ўсё праз паноў:

“За тое, што немцам усё прадалі

І надта пашмат што даўгоў завялі:

У банках усе аж па вушы сядзяць,

Кідаюць двары, на Парыжу глядзяць;

Усе пушчы зьмялі у жыдоўскі кішэнь

І жывуць так бяз заўтра, абы з дня на дзень.

Ніхто не згадаў, чаго клічуць у двор,

Ніхто не паняў, што то сотнік прыпёр!”


Вось так, Парыжай, разамлелай рудой бабай, клічуць Сталіцу сьвету героі Багушэвіча. Паны глядзяць на Парыжу – замест таго, каб дбаць пра сваё, каб думаць пра будучыню роднай зямелькі. А чым яшчэ ім займацца, калі ўсе пушчы зьмеценыя імі ў жыдоўскі кішэнь? Антысэмітызм Багушэвіча – тэма асобная, а Парыжа паўстае вось такой, лішняй, надакучлівай, чужой забаўкай для марнатраўных і лянівых. Такой сабе спакушальніцай чужых мужоў, разлучніцай і руйнавальніцай на вякі пабраных шлюбаў “народу і дваранства”. Ці чулі яны, мужыкі, што гэтая бабёнка, гэтая Парыжа, “дура крашаная”, дзеля якой іхныя паны кідаюць двары – некалі з голымі цыцкамі стаяла за іх на барыкадах?

Мо і чулі. Але ўхваліць такое ня могуць. Сваімі цыцкамі Парыжа можа разбэсьціць толькі панскія душы, а народу трэба сада-маза: цьвёрдая рука, яжовая рукавіца і бізун. Пажадана айчыннай вытворчасьці.

Не, без астрогу нашаму чалавеку нельга. Яму ж не з Парыжай жыць, праўда?

Дзе быў дэ Сад – цяпер дзетсад. Так можна фігуральна-паэтычна апісаць парыскую плошчу Бастыліі. Тое, што самай знакамітай у сьвеце парыскай турмы даўно не існуе і ўся пэнітэнцыярная слава гораду грунтуецца фактычна на пустым месцы, прымушае паважаць парыжанаў: яны ўмеюць абыходзіцца з сымбалямі. І наогул: адна справа, калі твае продкі сядзелі ў астрозе – і зусім іншая, калі яны яго ўзарвалі, уласнымі рукамі, ды яшчэ патанчылі на сьвежых руінах.

Цяпер на месцы турмы чакае сакавіка Ліпеньская калёна, у Опэры Бастыліі басавіта цягне сваё “фа” Дзяржаўны хор Рэспублікі Беларусь, і можна нарэшце ўздыхнуць з палёгкай. У адрозьненьне ад беларускіх паэтаў і пісьменьнікаў, якім Бастылія і праз паўтара стагодзьдзя пасьля свайго зьнікненьня не давала – і не дае – спакою.

Знакамітая віленская турма Лукішкі была пабудаваная больш чым праз стагодзьдзе пасьля таго, як Бастылія аддала душу бязбожнаму парыскаму люду – але параўнаньняў з францускай калегай пазьбегнуць не змагла: зайздрасьць – не астрожнае пачуцьцё. Параўнаньні з парыскай славутасьцю дагналі яе амаль што імгненна – Бастылія ёсьць сынонімам турмы наогул, а, напрыклад, беларуская літаратура – гэта ня больш чым беларуская літаратура.

І ня менш. Тут, у Лукішках, пакутавалі за праўду розныя літаратары (сярод самых вядомых – Максім Гарэцкі, Францішак Аляхновіч, Максім Танк, Міхась Машара) – хто за што. Аляхновіч дык наогул за тое, што “возносіл хулу на сілы небесные”. Яго пасадзілі яшчэ за царом. Як і маркіз дэ Сад, Вальтэр і іншыя знаныя французы ў Бастыліі, Аляхновіч у Лукішках не журыўся і пісаў камэдыі.

З Парыжам у яго былі крыху іншыя асацыяцыі. Вось гэты, значна пазьнейшы, “парыскі” ўспамін Аляхновіча – наогул успрымаецца як ледзьве не вянец яго біяграфіі:

“Паслаў у Парыж рукапіс (“У капцюрох ГПУ”), у расейскую газэту “Возрожденіе”. Надрукавалі, яшчэ і грошай прыслалі…”

…Што да беларускіх камуністычных дзеячоў, сярод якіх таксама хапала паэтаў, дык яны ў адзін голас называлі Лукішкі “Бастыліяй польскага фашызму”. Камуніст з амаль францускім прозьвішчам Рыгор Сяржант кляў Лукішкі, як мог: такім і запомніўся Янку Брылю, які напісаў пра Сяржанта нарыс і з задавальненьнем уставіў туды гэты сумнеўны выраз.

Што ж, “польскія фашысты” даўно перасталі трэціраваць беларускіх пісьменьнікаў. Яны даглядаюць іх, выхоўваюць і апякаюць, і замест Бастыліі прапануюць ім прэміі і паездкі ў Варшаву і Кракаў. Дый сама Бастылія польскага фашызму ўцякла ад палякаў у Літоўскую рэспубліку, дзе не зусім добра ўяўляюць, што рабіць з такім шчасьцем. Можна, вядома, пасадзіць туды якога-небудзь літаратара – каб зрабіць зь яго новага Вальтэра. Або дэ Сада. А лепш аддаць назад у Парыж – замкнуўшы праведзенае беларускай літаратурай кола. Якое сама яна замкнуць, здаецца, ня ў стане…

Ні Бастыліі, ні польскіх фашыстаў даўно няма, а беларускія графаманы з асалодай пішуць слова “Бастылія”: “Бастыён Бастыліі бастуе!” – давялося прачытаць нядаўна ў вершы маладога паэта, які так і пырскае літровымі алітэрацыямі. Быццам у яго пад бокам сваёй роднай турмы няма. Паўтараць штампы і баяцца пісаць пра сваё – таксама астрог, пісьменьніцкі. Што ж, турма памерла – хай жыве турма.

Беларускія графаманы – таксама людзі і любяць Караткевіча. Караткевіч у Лукішках не сядзеў і ў Парыжы не бываў, але сваю Бастылію мае. Магчыма, і не адну.

З чым увогуле можна зрыфмаваць Бастылію? Думай, паэце, думай. Вядома, з “Ідыліяй” Дуніна-Марцінкевіча: пан Лятальскі Бастыліі не засьпеў, але ў кафэшантанах на парэштках былой турмы патанчыў удосталь (у п’есе ёсьць на гэта намёкі). З чым яшчэ? “Адылі я…”… “У тыле я…” Думай!

Караткевіч у пошуках рыфмы ня стаў ні штудыраваць Вэргілія, ні наогул ламаць сабе галаву. Ён прастадушна зрыфмаваў Бастылію з Кастыліяй. А мог бы і з Бразыліяй. Ды нават з Паўднёвай Радэзіяй. Караткевічу можна, яго ўсе любяць – у адрозьненьне ад дэ Сада.

Гаворка пра верш “Баляда плахі” – Караткевіч піша ў ім пра людзей (“расьпятых хлапчынак”), якія ў розных кутках плянэты цярпяць за свае перакананьні. Іх вешаюць і на бамбукавых, і на сасновых, і на магноліевых крыжах (Караткевіч па-мужыцку, па-цясьлярску зь любоўю пералічвае матэрыял), іх сякуць і душаць, і зямля, “сьвятая калодніца”, прымае іх да сябе. А “збавіцель ня помніць іх”, таму і раю для іх няма, і катам іхным няма суду. Але яны самі сабе езусы-хрыстусы і самі сабе чэ гевары – і змагаюцца да канца:

“У чырвонай ад сонца Кастыліі,

Ў парнай сэльве і ў зорных ільдах

Кожны дзень яны бураць Бастылію:

Чалавечы свой, просты жах”.


Бастылія чалавечага жаху – вось чым абярнулася ў беларускай літаратуры тая мужыцкая Парыжа. Турма з двайнымі, трайнымі мурамі: жах экзыстэнцыі і жах палітычнай несвабоды, ды яшчэ жах пераадоленьня самога сябе: гэта вельмі балючы верш. У ім Караткевіч, седзячы ў “турме народаў” займаецца любімай справай: спрабуе выказаць боль сьвету, як ён яго разумее. Ён самы гуманны гуманіст і прастадушны душпастыр беларускай савецкай літаратуры: яму падаецца, што ўвесь боль там, за мурамі.

Парыж зруйнаваў Бастылію і замест яе выгадаваў Сартра. Мусіць жа быць нехта, хто выпусьціць на волю чалавечы жах.


Бэзавы і чорны. Парыж праз акуляры беларускай літаратуры

Подняться наверх