Читать книгу Бэзавы і чорны. Парыж праз акуляры беларускай літаратуры - Альгерд Бахаревич - Страница 13

11. Багдановіч. Амбіцыі. Вэрлен

Оглавление

Калі ж агледзець хвайнякі ў пошуках беларускай клясычнай паэзіі, дык вывад робіцца такі: яна здолела схавацца за сваімі баравікамі ад раньняга эўрапейскага мадэрнізму. Ня ўся, вядома, бо баравікі не дубы, але збольшага апэрацыя “Анты-мадэрн” прайшла пасьпяхова. Мужычкі замаскаваліся як сьлед: іх ніхто не заўважыў.

Але былі выключэньні. Малады і амбітны Максім Багдановіч хавацца ад Эўропы ня стаў, пражыў кароткае і яркае, абсалютна мадэрнісцкае жыцьцё, што само нагадвае прыгожую і трагічную паэму, і ўвайшоў у гісторыю як самы францускі і самы парыскі беларускі паэта. Хоць пабываць у Сталіцы сьвету яму так і не давялося. Але некаторыя ягоныя вершы дзіўным чынам пасуюць Парыжу – быццам ён тут іх і напісаў. Не “Пагоня”, вядома, і не “Страцім-лебедзь”, а іншыя, больш гарадзкія і рафінаваныя. Багдановіч з тых паэтаў, якія нарадзіліся з Парыжам – і так і не змаглі яго зь сябе вырваць. Дый, мабыць, ня надта й хацелі…

Багдановіч мог чытаць французаў у арыгінале – і адно гэта ставіць яго вышэй за літаратурных мужычкоў-баравічкоў: з вышыні замежнай мовы ён бачыў больш і далей, чым ягоныя старэйшыя таварышы. Што ж, гэта закон Загібелькі: у Парыж зазвычай трапляюць ня тыя, хто можа яго зразумець і ацаніць.

Як вядома, Багдановіч дужа шанаваў францускіх сымбалістаў, а асабліва Поля Вэрлена. Ён пераклаў ажно 22 вершы знакамітага лірыка, а ягоныя словы “De la musique avant toute chose!” скарыстаў як эпіграф да свайго верша “Па-над белым пухам вішняў” (у нас любяць намазаць Багдановіча мёдам народнай любові, выкачаць у гэтым вішнёвым пуху і ў такім выглядзе вадзіць па вуліцах у дні юбілеяў – шкада, бо верш і праўда зусім неблагі).

Аўтар гэтага вішнёвага верша нарадзіўся ў сьнежні 1891-га – акурат у гэты час у Парыжы ў Вэрлена выходзіць новая кніжка, “Песьні для яе”. Той год для Вэрлена насычаны падзеямі: шпіталь, новая каханка, чатыры новыя кніжкі і – сьмерць Арцюра Рэмбо: каханага сябра-ворага, “музы” Вэрлена і яго праклёну.

Не міне і пяці гадоў, як Вэрлен аддасьць богу душу. Ён будзе пахаваны на парыскіх могілках Батыньёль, а Багдановічы ў гэты час пераедуць з Горадні ў Ніжні Ноўгарад – паэт, сам таго ня ведаючы, упершыню пакіне знойдзеную ім празь дзесяцігодзьдзі радзіму.

Нешта паміж імі ўсё ж ёсьць падобнае….

Эратычныя вершы Багдановіч пісаў даволі ахвотна – ня так ахвотна, як Вэрлен, канечне, і досыць баязьліва, але забароненай тэмы не цураўся. Праўда, цяжка ўявіць яго засьпетым за апісаньнем Сапфійскага каханьня або “ўранічных” стасункаў – і ўсё ж межы дазволенага яго хвалявалі, відаць, ня менш. Дый наогул, падаецца, Багдановіч таксама быў “сатурнійскім дзіцём” – паводле Вэрлена, мудрацы мінулага вучылі: людзі, якія нараджаюцца пад знакам Сатурна, усё жыцьцё будуць беспакойныя і нешчасьлівыя, будуць імкнуцца да ідэалу і адчуваць горкае расчараваньне ад яго недасяжнасьці.

Вэрлен – той францускі паэт, якога мы з табой можам, закаціўшы вочы, прыгожа правыць у арыгінале:

“Les sanglots longs / des violons / de l’automne / blessent mon coeur / d’une langueur / monotone. // Tout suffocant / et blême, quand / sonne l’heure, / je me souviens / des jours anciens, / et je pleure; // Et je m’en vais / au vent mauvais / qui m’emporte / de çà, de là, / pareil à la / feuille morte”.

Асабліва мы любім прамаўляць вось гэта: “et je pleure”. Прыгожа, як уздых. А сам верш – ня што іншае, як “Асеньняя песьня” з таго самага зборніка Вэрлена “Сатурнійскія песьні”, ягонай першай паэтычнай кніжкі. Дзякуй нашай настаўніцы францускай Віцы Ш., якая прапанавала вывучыць гэтую музыку на памяць – і цяпер дзе б мы ні былі, мы зможам пазнаць адно аднаго і ўспомніць, хто мы, па такім вось невялікім вершы. Быў халодны лістапад, і мы кожны тыдзень езьдзілі ў завулак Розы Люксэмбург, каб вучыць францускую, і якое дзіўнае адчуваньне ў роце было пасьля кожнага ўроку… Пасьля заняткаў мы выпраўляліся на Нямігу, елі эклеры і паўтаралі францускія словы, пазіраючы адно на аднаго змоўніцкімі вачыма. Музыка перадусім – нават калі яна літаратура.

Ясная рэч, Вэрлен моцна паўплываў і на Джойса, і на Багдановіча, і на розных расейскіх мадэрністаў – заканадаўца паэзіі ў Сталіцы сьвету дыктуе гэтыя законы нават яшчэ не народжаным паэтам. Дарэчы, шукаючы верш Джойса сабе на дзень нараджэньня, я злавіў сябе на думцы, што паэзія Багдановіча нечым вельмі нагадвае Джойсаву – хіба што няма ў Макса Б. той дарогі, беспрытульнасьці, бяскрайняй чыгуначна-гатэльнай тугі. Мой любімы на сёньня верш Джойса, “Бангофштрасэ”, Багдановіч ня мог бы напісаць – для беларускага паэта ў ім занадта шмат адзіноты, занадта шмат silence i exil.

Але паэтыка іхная блізкая – два Парыжы рухаюцца побач, але ў розныя бакі, нібы чыгуначныя саставы. Пры гэтым і ў Джойса, і ў Багдановіча ў вершах жыве яна, Эўропа, старая і смутная, цёмная і прыўкрасная – быццам яны пісалі пад тым самым воблакам. Расейскія вершы Багдановіча – адрэзак Джойсавага шляху, які мог прывесьці Багдановіча ў тупік. Багдановіч ня даў бы рады расейскай – не дайшоў бы да яе дна, як гэта зрабіў Джойс з ангельскай мовай, жывучы ў Сталіцы сьвету.

Адзін з найлепшых перакладаў Вэрлена, зроблены Багдановічам – верш “Млоснасьць” (“Langeur“).

Я – падупаўшы Рым, каторы пазірае

На белых барбараў, на бушаваньне іх,

І стылем залатым ляніва акрасьціх,

У блеску сонечным, стаміўшыся, складае.

Ў самотным сэрцы – зло, ў душы – нуда густая.

І бітвы чуючы, каторых шум не сьціх,

Ня можа, кволы, ён дайсьці жадань сваіх,

Ня хоча рушыцца, жыцьця не аздабляе!

Ня можа, кволы, ён, не хоча на’т сканаць!

Ўсё зьведана! Баціл, ты скончыш сьмех? Даволі!

Ўсё зьведана! Няма чаго прамовіць болі!

Адно ёсьць – вершыкі, што ўжо ў агні гараць,

Адно ёсьць – п’яны раб, што вас не паважае,

Адно ёсьць – пусткі сум, што сэрца уражае”.


Таямнічы Баціл – гэта, відаць, мім, комік, які жыў у Рыме часоў імпэратара Актавіяна Аўгуста, весяліў плебеяў і патрыцыяў і нават заснаваў сваю школу пантамімы. Вядома, пішучы пра Рым, Вэрлен меў на ўвазе свой Парыж, “падупаласьць” якога францускі паэта апяваў усё жыцьцё. У арыгінале ня Рым, у арыгінале – Імпэрыя…

“Je suis l’Empire à la fin de la décadence,

Qui regarde passer les grands Barbares blancs…”


Кожны, хто нарадзіўся ў Імпэрыі часоў заняпаду, – сатурніянец, ён чакае белых барбараў і спадзяецца на блазнаў. Блазны, оргіі, культурная нэкрафілія – знакі блізкай сьмерці. Позьні СССР, мая Імпэрыя, была тэрыторыяй улады плебеяў, яна дала сьвету столькі блазнаў, але так мала паэтаў. Магчыма, таму ў гэтай Імпэрыі так хацелася рамантыкі: мушкетэраў, д’артаньянаў, робін гудаў, жанаў д’арк і шэрлакаў голмсаў. Магчыма, таму яна так любіла П’ера Рышара і Люі дэ Фюнэса.

“Падупаласьць”, “пусткі сум” – стыхія Вэрлена, ягоная восень, ягоная заганнасьць, ягоная радзіма. На такім грунце прыдумаць сваю Беларусь было немагчыма. Такое пачуцьцё, што Багдановіч усё сваё нядоўгае жыцьцё мучыўся гэтай супярэчнасьцю: як прымірыць у сабе балючы дэкаданс Вэрлена, да якога яго няўмольна цягнула, і здаровы беларускі нацыяналізм, што пах узаранай зямлёй, а не салодкай спарахнеласьцю і гнільлю.

Цяпер правыя крычаць пра заняпад Эўропы і мараць вярнуць яе ў залатое імпэрскае мінулае, калі кожны раб ведаў сваё месца і барбара можна было вызначыць па колеру скуры. Яны ня ведаюць, ня могуць усьвядоміць, што стан Імпэрыі – гэта стан пэрманэнтнага заняпаду, стан пастаяннага гніеньня. Імпэрыя ня можа ня быць падупалай – гэта тая куча мёртвага лісьця, на якой яна будуе свае палацы, замкі, калёны, помнікі. Ці вакзалы са статуямі на даху – быццам выпраўляючы іх у вечнасьць зь білетам у адзін канец.


Бэзавы і чорны. Парыж праз акуляры беларускай літаратуры

Подняться наверх