Читать книгу Бэзавы і чорны. Парыж праз акуляры беларускай літаратуры - Альгерд Бахаревич - Страница 4
2. Ты. Рэўнасьць. Хімэры
ОглавлениеМы сядзім з табой у рэстарацыі на ўзьбярэжжы Сены, і я цябе раўную. Раўную цябе да твайго мінулага – і рэўнасьць, па сваёй завядзёнцы, прачынаецца ў самы неспрыяльны і недарэчны час. Бо сёньня ў цябе дзень нараджэньня, і я раўную цябе да ўсіх тых людзей, што былі з табой, людзей, якіх ты памятаеш, людзей, якія лічаць, што маюць права памятаць пра цябе – хаця б у гэты дзень. Я раўную цябе да цэлага сьвету, які быццам бы сышоў пад ваду, на самае дно, але працягвае мяне мучыць – бо тая вада памяці празрыстая, і калі на яе глядзець, добра відаць усе абрысы. Рэўнасьць праступае з імглы, набывае цялеснасьць, раніць у самае сэрца. Таму я не гляджу на цябе, я бачу гэтую халодную ваду ў тваіх вачах, калі не адвярнуцца, можна пабачыць усю праўду. І таму я адводжу позірк, увесь час адводжу позірк туды, дзе вузкая вуліца ўцякае ў нетры старога кварталу, вузкая цёмная вуліца, поўная турыстаў і крамаў, там усё непатрэбнае, незнаёмае, ананімнае, а мне так патрэбная зараз невядомасьць, мне пазарэз патрэбнае адчуваньне, што я нічога ня ведаю ні пра цябе, ні пра сябе, ні пра гэты горад, у якім цяпер для мяне жыве ўвесь боль сьвету.
Але мая рэўнасьць сьведчыць, што я ведаю ўсё, яна пераконвае, што я вельмі абазнаны, яна цягне перагнуцца цераз стол і паглядзець у твае вочы: глыбока-глыбока, каб пераканацца, што ўсё гэта праўда. У рэўнасьці ёсьць свая радасьць.
Рэўнасьць па-француску – jalousie, і жалюзі называюцца тым самым словам. Гэта па-майстэрску скарыстаў Роб-Грые ў сваім рамане: мужчына падглядвае скрозь шчыліны жалюзі за жанчынай – так і нараджаецца рэўнасьць, у вузкіх шчылінах, у водсьветах, у пыле, у прымружаных вачах, у халодным шаленстве, якое ніхто не пабачыць. Нябачнасьць і хованкі – улюбёныя гульні рэўнасьці. Але я табе ўдзячны, злы на цябе, паранены і ўдзячны – бо я адчуваю сябе жывым. З табой я зноў адчуваю сябе жывым.
Рэўнасьць заўжды беспадстаўная – і таму мае сэнс. Яна – вуглякіслы газ каханьня. Яе трэба выдыхаць зь сябе, вось і ўсё. Але безь яе каханьне задыхнецца. Рэўнасьць – прага валодаць ня рэччу, але чалавекам; не чалавекам як рэччу, а чалавекам як чалавекам, прага стаць ім, жыць ягоным жыцьцём, увесь час перамешваючы яго са сваім, каб урэшце ты сам ня мог разабрацца, дзе чыё. Прага валодаць ім з усім ягоным мінулым і будучым. Я пэўны, што Божая Маці раўнавала сваё дзіця – з таго самага моманту, як адчула, што яно ёй не належыць. Што яе скарысталі як сурагатную маці суворыя мужчыны, што вырашылі ўратаваць чалавецтва. Рэўнасьць наогул – самае чалавечае з пачуцьцяў.
За мостам – Нотр-Дам, за рогам – Shakespeare and Company, нашая ўлюбёная парыская кнігарня. Гэта першая паездка ў Парыж, якую прыдумала ты: танны гатэль недалёка ад Паўночнага вакзалу, тры дні рэўнасьці, любові і сьмерці. Бо не марнавалі час на парыскую папсу, на паляндвічку парыскіх славутасьцяў. Кнігарні, арабы, вакзал, скульптуры, якія караскаюцца па Нотр-Даме, і Пэр-Ляшэз, на якім мы прабавілі паўдня – такім запомніўся нам Парыж той зімы. Быццам пабачаны студзеньскай раніцай скрозь жалюзі гатэльнага вакна.
І вось мы прыехалі сюды яшчэ раз.
Кнігі, могілкі, кебабы, адрэналін. І яшчэ рэўнасьць. А чаго я уласна кажучы, хацеў? Ідыліі?
Ідыліі зь сялянкай? Але сялянка зь цябе кепская – у адрозьненьне ад парыжанкі. А “Ідылія” – гэта наогул такі дурнаваты вадэвільчык, які напісаў Дунін-Марцінкевіч у 1846 годзе. Праўда, галоўную гераіню там завуць Юлія. Julie. Як і цябе. Праўда і тое, што мазгоў у яе мала і ў Парыж яна ніколі ня езьдзіла – і таму можа сыграць толькі сябе. А ты можаш быць і Ю., і Julie, і нават любой з тых хімэраў, што пырхаюць па саборы божай маці і сьмяюцца: з нас, з гораду, з турыстаў, з рэўнасьці і ўсіх чалавечых жарсьцяў. І з Дуніна-Марцінкевіча, суцяшаю я сябе з гнюснай усьмешкай. Я і сам – хімэра, і ўсе мае кнігі. Мая мова – хімэра, і краіна, адкуль мы прыехалі, таксама хімэра. Я адчуваю з гэтымі сымпатычнымі скульптурамі такую роднасьць, быццам трапіў нарэшце дамоў.