Читать книгу Дзеці Аліндаркі - Альгерд Бахаревич, Ольгерд Бахаревич - Страница 2

1. Маю сястру зьелі ваўкі

Оглавление

Маю сястру зьелі ваўкі.

Лёччыка так усхвалявалі гэтыя словы, якія толькі што невядома чаму прыйшлі яму ў галаву – быццам ён неўпрыкмет пракаўтнуў іх разам з чарнічным лістком, да якога прыклеіўся маленькі жук з сонечным блікам на сьпіне – што Лёччык ажно перастаў жаваць, выпрастаўся, заплюшчыў вочы і зь нейкім урачыстым жахам прамовіў: “Маю сястру зьелі ваўкі”.

Голас прагучаў так, нібы належаў зусім ня Лёччыку, а камусьці іншаму.

Нібы нехта стаяў у Лёччыка за сьпінай.

Ён адплюшчыў вочы і азірнуўся – у плаўнай жэстыкуляцыі елак не адчувалася, на шчасьце, ніякага сэнсу, і міміка сонца ні на што такое не намякала. Але словы і праўда прагучалі так, нібы пасярод зарасьнікаў чарнічніку раскрыўся нейкі зялёны рот, паварушыў вуснамі і сказаў усё гэта – тое, што гаварыць нельга ні ў якім разе. Прынамсі, у прысутнасьці той самай сястры, якую цяпер не было відаць. Раз-пораз яна вынырвала сярод дрэваў, у самых нечаканых месцах, як з-пад зямлі, і Лёччыку здавалася, што Лёся капае там падземныя хады, а ня ягадамі ласуецца.

Вось зараз выскачыць проста ў яго з-пад ног, раскідаўшы мох, а чарнічныя кусты яшчэ калышуцца, а тая страшная фраза ўсё яшчэ вісіць у паветры, зачапілася за павуціньне і трымціць, нейкая недаказаная – хаця што ў яе мог быць за працяг, Лёччык ня ведаў. Накінецца на яго Лёся, засланіўшы сабой лагоднае сонца – і паваліць проста на чарніцы, і пачне душыць, душыць сваімі сінімі пальцамі-страшыдламі. Сінімі, сінімі, здымі! – не здыму! – і вочы Лёсіны блізка-блізка, з чырвоным, як на фатаздымках, адлівам. Ён уявіў сабе раптам, што ў Лёсі асадка пацякла ў кішэні, заліла ёй шорты, цячэ па нагах, яна засунула ў шорты руку, дастала асадку, а пальцы ўсе ў сінім, учэпістая такая сінь, давядзецца ўсё выкідваць, усё, нічога не адмыеш.

А ён жа не вінаваты, вінаватыя гэтыя кіславатыя, ачмуральныя шарыкі, пігулкі, ад якіх у галаву лезе розная чухня і цесна робіцца ў грудзях. Чарніцы, чмурыцы, чарнадур, ды ня проста чарнадур, а нейкі чарнадур фортэ. І перад вачыма пераліваецца прыгожая, зялёная лясная луска. І дыхаць цяжка, і пальцы ня слухаюцца, жывуць, як самі па сабе. І ад чарніцаў не адарвацца.

Чарніцы і праўда дужа нагадвалі таблеткі, якія ім давалі ў лягеры. Тыя таблеткі было лёгка адрозьніваць па колерах. Цёмна-сінія – іх давалі пасьля сьняданку. Дзяўчаткі казалі, што гэта для памяці. Дзеўкі заўсёды ведаюць крыху больш – хаця ім, вядома, нельга верыць. Ад такіх сініх, амаль чорных пігулак робішся нібы зачараваны: што ні пачуеш, што ні пабачыш – нічога ўжо не забудзеш. І сапраўды, уначы ў лягеры кожны пражыты дзень успамінаўся ў такіх яркіх, навязьлівых падрабязнасьцях, што потым цяжка было заснуць. Памятаўся кожны рух, кожны гук: грукат лыжак ў сталовай, ці як паўзе ў неба сьцяг па мачце, і стрэл рэзанага ўдару над заўжды халодным, як магільная пліта, каменным пінг-понгавым сталом… Лёччык так і не навучыўся такому фокусу, а цяпер ужо і не навучыцца, відаць, ніколі. Там, куды яны едуць, наўрад ці будзе пінг-понг.

У лягеры былі яшчэ зялёныя таблеткі – “вітаміны”, і карычневыя, самыя нясмачныя. Лёся доўга не хацела прызнавацца, што за пагалоска ходзіць сярод дзяўчатак пра гэтыя прадаўгаватыя капсулі – але потым сказала, што насамрэч ніхто гэтага ня ведае. Толькі ад тых карычневых пігулак ім чамусьці хацелася закапацца ў зямлю. Толік, той, які надоечы абасцаўся, так і зрабіў. Важатыя знайшлі яго ўвечары за кухняй, закапанага па горла ў жвір; нехта ўставіў яму ў нос два каўпачкі ад зубной пасты. Дырэктару вырашылі не казаць і доўга дзівіліся, як гэта Толік мог сам сябе закапаць. Так акуратна, да самага падбародзьдзя – хаця больш бязрукага, блізарукага, гідкага, больш непрыстасаванага да жыцьця стварэньня, чым Толік, трэба яшчэ пашукаць.

Прыгадаўшы ўсё гэта, Лёччык скрывіўся, так кісла зрабілася ў роце, і агледзеўся. Чарніцаў навокал менш не рабілася – наадварот, здавалася, яны імгненна зноў вырастаюць на ўжо спустошаным кусьце. Бясконцы чарнічнік, неаб’яданая купіна. Калі б не камары – наўрад ці б ён памятаў, у якім баку засталася іхная машына.

Напэўна, яны зь Лёсяй таксама нагадвалі камароў. Жэрлі чарніцы, таропка набіваючы раты гэтым дурным кацігарошкам, цалавалі сабе далоні. Яны жэрлі іх так, быццам чарніцы былі крадзеныя, быццам хацелі імі атруціцца. То збліжаючыся, то зноў аддаляючыся, беспакойна круцячыся вакол дрэваў, утыркаючыся насамі ў зямлю. Такая ў іх зь Лёсяй была звычка – сьпяшацца.

Маю сястру зьелі ваўкі. Вось, напрыклад, у Сярэднявеччы такі факт біяграфіі нікога не зьдзівіў бы, падумаў Лёччык. Бывае, сказалі б. Мінулай зімой маю цётку ўкусіў пацук, сказалі б сярэднявечныя людзі, і яна памерла ад чумы. Бубоннай. А мая сястра выйшла замуж за гарбатага сьвінапаса. А мой дзядзька пайшоў вызваляць Гроб Гасподні, і больш пра яго ніхто ня чуў… Лёччык прыгадаў, як Важаты сказаў учора на лінейцы, што зладзіць ім сапраўднае Сярэднявечча, бо Толік зноў насцаў у ложак. Важаты меў на ўвазе, што іх зноў будуць прывязваць. Быццам ён ведаў, гэты садыст, што такое Сярэднявечча. У Сярэднявеччы бацькі, нараджаючы дзяцей, ведалі, што ацалее і дажыве да шаснаццаці добра калі палова прыплоду. Лёччыку шаснаццаці яшчэ не было. Але ён ведаў, што дажыве. Такая моц адчувалася ва ўсім целе – нават калі проста пацягваешся, дык адчуваеш, што мог бы зараз падняць цэлую краіну і панесьці на плячах. Няважна, куды. Важатыя казалі, што гэта ўсё лягер іх так загартоўвае. І Лёччык верыў у гэта, бо раней такога зь ім ніколі не было. Такая сіла – што чарніцы, што сосны, што сонца: да ўсяго можна дацягнуцца.

Дзіўна, але ён зусім не пачуваўся галодным. Яшчэ раніцай яны прачнуліся ў лягеры сярод звычных драўляных сьценаў іхнага корпуса і нават пасьпелі пасьнедаць у сталовай – малако, каша, хлеб з маслам, сыр, які Лёся не даела і аддала яму. Потым прынялі таблеткі. Сёньня ім ня трэба было ў Кабінэт, і вольнага часу было крыху болей. Калі не было Кабінэту, пасьля сьняданку яны заўжды хадзілі пад ялінкі, сустрэўшыся каля прыбіральняў – там, за драўлянымі будкамі, каля самай агароджы, было іхнае запаветнае месца: зваленыя ў кучу крэслы, старое піяніна, у якім жылі мышы, нейкія плякаты, напісаныя ад рукі пад трафарэт, і заўжды з памылкамі; там стаялі тарчма проста ў траве старыя аконныя рамы, у шыбінах якіх таксама нехта жыў: часам, у сонечнае надвор’е, на шкле зьяўляліся дзіўныя адлюстраваньні – ці то людзі, ці то цені, за сьпінамі якіх, у самай глыбіні шкла, мігцеў асьветлены калідор, поўны павольных, рыбіных рухаў. Узьнікала адчуваньне цудоўнай трохмернасьці гэтага шклянога сьвету, і аднойчы Лёся прызналася, што ёй кожны раз хочацца пайсьці проста ў шкло, бо яна ведае, што гэта магчыма. “Не хадзі”, – прасіў ён сястру, а яна глядзела на яго строга, як манашка.

Там, ля агароджы, зямля была засыпаная сьветлымі шэрымі шышкамі і нерухомай, таксама сьветлай, бы цукрам пасыпанай ігліцай, па якой яны хадзілі туды-сюды, слухаючы, як прыемна шаргоча ў іх пад нагамі. Часам яны ляжалі пад ялінамі, гаворачы пра тое і пра сёе – але ніколі не абмяркоўваючы лягер. За ялінамі пачыналася агароджа, мэталічная сетка, а за ёй быў такі самы сятчасты, быццам сам патрапіў у пастку, лес.

І вось сёньня раніцай з-за ялінаў іх нехта паклікаў. Такое здаралася і раней. Яны зь Лёсяй падыходзілі, не баючыся – падавалася неверагодным, што нехта можа пранікнуць сюды, за сетку, у лягер. У лягеры быў уваход: пафарбаваная жоўтым брама, над якой вісела кола, утыканае бліскучымі пратубэранцамі, і нейкім чынам, яны ведалі гэта, пратубэранцы ахоўваюць іх, гэтае кола было неяк зьвязанае зь сеткай, зь яе пэрымэтрам, абысьці які ў іх пакуль не хапіла часу. Таму цяпер, калі голас з-за сеткі назваў іх імёны, яны не адчувалі страху. Праўда, Лёся сказала, што набліжацца ўсутыч да агароджы ўсё ж небясьпечна – раптам у іх там, на тым баку, ёсьць такія крукі, якімі можна зачапіць чалавека і выцягнуць зь лягеру ў лес. Неяк, калі іх толькі прывезьлі сюды, зь імі загаварыў пажылы мужчына, які прапаноўваў ім пачаставацца арэхамі і нават прасоўваў іх скрозь сетку. Яны маўчалі, а ён гаварыў без супынку, ледзь ня плачучы. Яны тады яшчэ ня надта добра ведалі Язык. Тым разам Лёся падышла бліжэй, Лёччык неахвотна патупаў за ёй. І тады мужчына павярнуўся да іх сьпінай. Адной рукой ён прасоўваў празь ячэйкі арэхі, а другую засунуў у кішэню: дзіўная пастава. І так працягвалася цэлую вечнасьць. І арэхі падалі на ігліцу, колькі ў яго іх там было, тых арэхаў: тысячы, мільёны? І словы ляцелі ў лес, ператвараючыся ва ўздыхі і стогны. “Гэта атручаныя арэхі, – сказала Лёся, калі мужчына нарэшце сышоў і ягоная пакрыўджаная сьпіна зьнікла за дрэвамі. – Ня будзем іх есьці”. І яны пайшлі прэч.

Але часьцей за ўсё на тым баку агароджы стаялі хлопцы з суседніх вёсак і ўсяляк курчыліся й выдурваліся, каб прыцягнуць іхную ўвагу. “Гэй, дэбільчыкі! – крычалі яны, і галасы рабіліся ўсё больш хрыпатыя. – Як вы тамака, недаразьвітыя? Тупыя! Тупыыыыя! Як вы там, тупыя? Лечаць вас? На ўколы схадзілі ўжо? Чарапушкі вам падмылі?” Часам нейкі з тых падшыванцаў даставаў са штаноў чэлес і весела махаў ім, але гэта самыя сьмелыя, астатнія проста паказвалі ім свае загарэлыя азадкі. Лёся ўсьміхалася, не адводзячы вачэй. А Лёччыку хацелася шпурнуць нешта туды, за сетку. Так, каб трапіць у кагосьці. Каб пайшла кроў. Лёччык любіў, калі ідзе кроў.

Але сёньня раніцай усё здарылася зусім, зусім інакш.

Сёньня раніцай з-за сеткі іх сапраўды нехта паклікаў па імёнах. Іхных сапраўдных імёнах.

“Лёся! – пачулі яны прыцішаны голас. – Гэй-гэй! Лёччык!”

Яны паглядзелі адно на аднаго. А голас клікаў, настойліва, патрабавальна, ціхі, але вельмі знаёмы. І тады Лёччык узяў сястру за руку і яны кінуліся стрымгалоў у яліны да сеткі. Аднак за некалькі мэтраў ад агароджы спыніліся. Яны ведалі, што бліжэй падыходзіць нельга. У знаёмых галасоў таксама на канцах могуць быць крукі.

Гэта быў бацька. Ён стаяў на тым баку і клікаў іх, і твар ягоны па меры іхнага набліжэньня сьвятлеў, быццам лес над ім паволі рассоўваў шаты. Побач з бацькам стаяла маладая жанчына з кароткімі жоўтымі валасамі, якая пазірала на Лёсю і Лёччыка з такой непрыхаванай цікавасьцю, што Лёччык стараўся не глядзець у яе бок.

“Сюды, бліжэй!” – зашаптаў бацька. І яны зрабілі яшчэ некалькі крокаў да сеткі. Бацька прасунуў скрозь агароджу пальцы, і ў гэтым было нешта брыдкае: пальцы варушыліся, пальцы былі ў лягеры, а бацька быў там.

“Ён хоча, каб мы дакрануліся”, – сказаў Лёччык.

“Табе сюды нельга, – сказала Лёся, кідаючы на бацьку ўмольны – ён ніколі ня бачыў яе такой – позірк і ўвесь час азіраючыся. – І нам ужо трэба быць на пляцоўцы. У нас сёньня конкурс, мы рыхтаваліся!”

Дзіўна, але Лёччык пра гэта забыўся. Песьня, якую яны развучвалі. Па песьні былі раскіданыя такія хітрыя словы, аб якія хоцькі-няхоцькі, а спатыкнешся. Напрыклад, “прішчур”. Ён увесь тыдзень трэніраваўся. Прішчюр. Прішчюр. Сонца прішчюр. “Прашчюр” – гэта ён мог сказаць, а “прішчюр” – толькі да болю напружыўшы сківіцу.

“Маўчыце! – таропка загаварыў бацька, сьціснуўшы сетку пальцамі. – Робім усё хутка, моўчкі і слухаем мяне. Гэта Каця, яна…” Ён неяк жаласьліва, як ім падалося, паглядзеў на жанчыну.

“Яна нам дапамагае. А цяпер счакайце крыху…”

І тая Каця нечакана выцягнула са свайго заплечніка вялікія нажніцы, падобныя да тых, што яны бачылі ў Кабінэце – тыя кабінэтныя нажніцы віселі на сьцяне, разьвёўшы ў бакі свае клюшні, доктар ніколі іх не здымаў, але яны чамусьці кожнага разу прыцягвалі позірк Лёччыка. Каця сунула нажніцы бацьку, бацька выпусьціў іх з рук, упаў на калені, падняўся, нажніцы ў яго руках ажылі, заляскалі – ён вельмі сьпяшаўся. Колькі яны яго памяталі, ён заўсёды сьпяшаўся. Бацька ўхапіў нажніцы дзьвюма рукамі і пачаў рэзаць сетку.

Гэта было цяжэй, чым ён думаў – бацька адсопваўся, выціраў з ілба пот, верхняя губа сьмешна танчыла ў яго пад носам. Час ад часу ён умольна пазіраў то на Лёччыка, то на Лёсю, быццам просячы ў іх дапамогі, але яны моўчкі стаялі і глядзелі, як ён мучыцца. А Каця ўважліва разглядвала іх, раз-пораз нэрвова азіраючыся. Лёччыку таксама здавалася, што на шум зараз нехта прыбяжыць. Хтосьці з важатых. Чым гэта скончылася б, Лёччык стараўся ня думаць. Можа, крывёй.

“Ну што там, што? Што ты там корпаешся? – ня вытрымала Каця, адганяючы камароў. – Ты што, забыў…”

“Зараз, – прастагнаў бацька. Нажніцы саскоквалі і ня слухаліся. – Зараз мы яго. Зараз. Раз!”

Лёся паглядзела на Лёччыка. Лёччык паглядзеў на Лёсю.

Яны ўздыхнулі, узяліся за рукі і паволі пайшлі да бацькі. Сетка ўчапілася ў Лёччыкаву футболку, але Каця асьцярожна вызваліла яго – як стрэмку выцягнула.

“Усё будзе добра, – сказаў бацька. – Я люблю вас. Цяпер мы ўжо ніколі…”

І ён заплакаў, ляскаючы нажніцамі. Каці давялося вырваць іх у яго з рук. “Канчайце гістэрыку, – сказала яна і падхапіла заплечнік. – Часу няма! Потым, потым!”

І вось яны ўжо беглі па ўзгорку, Каця, за ёй бацька, які трымаў за руку Лёччыка, і за імі Лёся, і лес рабіўся ўсё радзейшы, і аднекуль ужо чулася, як працуе трактар. Яны зьбеглі ўніз, пераскокваючы раўчукі і наступаючы на пні, і выскачылі на дарогу. Тут, зарыўшыся тварам у кусты, стаяла машына – нагрэты сонцам легкавік, унутры якога біўся тоўсты авадзень. Адчыненыя дзьверы не зрабілі на яго ніякага ўражаньня. Так яны і рванулі зь месца з аваднём, што насіўся між імі, бы шалёны, і пагналі па лясной дарозе, забраўшы з сабой задуху і ігліцу на лабавым шкле, якая ніяк не хацела абсыпацца, як ні трэсла машыну на купінах і лясным ламаччы.

Лёччык і Лёся сядзелі на заднім сядзеньні і глядзелі, як за вокнамі скача лес, і Лёччыку здалося, што ён на нейкі момант разгледзеў сетку, якая прамільгнула сярод дрэваў. Гэта быў вялікі лягер. Лягер, у якім цяпер ёсьць дзірка. Роўна такой вышыні, каб прапусьціць скрозь сябе дзіця. І праз гэтую дзірку ў лягеры цяпер маглі адбыцца самыя розныя падзеі.

Бацька выруліў на шашу, трэсьці перастала – і ён упершыню за гэты час усьміхнуўся. Паглядзеў на іх у люстэрка задняга агляду, але ні Лёччык, ні Лёся не ўсьміхаліся, і бацька зноў зрабіўся сур’ёзны.

“Не спыніць, не стрымаць… Галодныя? А, Лёччык? – запытаўся ён. – Нічога, хутка мы прыедзем у бясьпечнае месца, а там…”

“Шкада, мы з табой не падумалі”, – сказала Каця, павярнулася і пагладзіла Лёччыка па галаве. Лёччыку гэта не спадабалася. Быццам гэта яна перад бацькам так выпіналася, жанчына з жоўтымі валасамі і вачыма, якім так і карцела ўцячы зь яе прыгожага твару. Каця дала Лёсі пакет чыпсаў – яны ня сталі іх есьці, так і ехалі: Лёся з пакетам у руцэ, і Лёччык, напружаны, утаропіўшыся ў акно. Там адна за адной праносіліся вёскі, мястэчкі, зноў вёскі – падобныя да выстаўленай на траву старой мэблі, якая чакае, што зараз, адпачыўшы крыху, яе схопяць дужыя рукі і пацягнуць угару па сходах. Там-сям на дарогах сядзелі людзі, расклаўшы проста на ўзбочынах яблыкі, ягады – “Я галодны”, сказаў раптам Лёччык, і бацька ледзь ня скінуў хуткасьць, каб спыніцца ля купкі такіх гандляроў, што тырчалі проста пад сонцам у сваіх брудных панамах.

“Ты што? – крыкнула Каця, – Нам нельга спыняцца! А ты чыпсаў паеж! Вунь жа чыпсы!”, і іхная машына аддыхалася, зараўла і паляцела далей па шашы.

Але ўсё роўна было адчуваньне, што яны едуць усё павальней і павальней… Лёччыку нават падавалася, што прыдарожныя гандляры пасьпяваюць зазірнуць яму проста ў вочы. Каця заўважыла гэта і сказала бацьку:

“Можа, ім на падлогу легчы? Іх жа запомніць могуць, вунь якія вочы ў гэтых, як радары!”

Бацька прамаўчаў. Лёччык глядзеў на ўсе гэтыя сьлівы, грушы, чарэшні, суніцы, грыбы, якія ніхто не купляў – яны выглядалі так, быццам чакалі разам зь людзьмі на папутку, якая давязе іх да райцэнтру. Калі б я быў за стырном, я ўзяў бы вунь тое вядро, падумаў ён. Зь вішнямі. І пасадзіў бы на Каціна месца. І высадзіў бы вядро там, дзе яно скажа. А можа, і ня высадзіў бы. Адвёз бы ў лес і зьеў. І выкінуў бы пустое вядро ў возера, наклаўшы туды камянёў. І ніхто б нічога не даведаўся. Ён зірнуў на Лёсю – і падумаў, што вось хто-хто, а яна яго разумее. Бяз словаў.

“Трэба было ім нейкую гульню ўзяць, цацкі, – сказала неспакойная Каціна патыліца. – Або мульцік які запісаць на твой лэптоп. Яны ж занудзяцца зусім. Яшчэ ж ехаць і ехаць!”

Яна трымала на каленях вялікую мапу і цяпер рабіла выгляд, што занятая яе вывучэньнем.

“Каця! – мякка прамовіў бацька. – Зразумей. Гэта ня тыя дзеці…”

Адной рукой ён дастаў з бардачка кнігу, і Лёччык зь Лёсяй прагна пацягнуліся да яе – так, што ледзь не парвалі. Гэта быў нямецкі “Атлас аўтамабільных дарог Эўропы” 1939 году. Яны прысунуліся адно да аднаго і з захапленьнем пачалі гартаць.

“Глядзі, глядзі! Тут польскія назвы закрэсьленыя!” – крыкнуў Лёччык. “Пункт адпраўленьня – Брэслаў!” – прапанавала Лёся. “І ў Данцыг!” – сувора папярэдзіў яе Лёччык. “Окэй”.

І яны пачалі вадзіць па мапе пальцамі, уголас чытаючы назвы. Гэтая справа заняла ў іх з паўгадзіны. Потым Лёччык заўважыў, што Лёся сьпіць у яго на плячы. Ён зірнуў у акно і пабачыў ваўка.

Сказаўшы шчыра, гэта быў не зусім воўк. Іхную машыну абганяў вялікі джып, і ў джыпе, за сьпінамі двух дарослых, сядзеў сабака і глядзеў на Лёччыка, быццам спрабаваў яго запомніць. Сабака, шэра-руды, каржакаваты, зь цягліцамі, што хадзілі ходырам па баках напятай шыі, з ашыйнікам, які колка блішчэў на імклівым шасэйным сонцы, і вушамі, якія стаялі тарчма. Вочы ў сабакі былі разумныя-разумныя. – а побач з сабакам сядзеў хлопчык у майцы без рукавоў і паказваў Лёччыку нехарошыя знакі. Усё гэта працягвалася мо якую хвіліну, джып няўхільна абганяў іх на гэтай шырокай дарозе, якая паступова ўздымалася да высокага празрыстага неба, цягнучы за сабой жоўтыя, як Каціны валасы, навакольныя палі. І тады Лёччык зрабіў вачыма кароткі рух, быццам падміргнуў сабаку, але не заплюшчваючы вока, а толькі скасавурыўшы яго – і сабака таргануўся маланкава ды схапіў хлопчыка зубамі за голае плячо. Зларадны рот раскрыўся так шырока, як мог, хлопчыка нібыта вывернулі да самых гляндаў, перад вачыма ў Лёччыка зрабілася чырвона, як калі загараеш пузам дагары – а далей ён нічога ня бачыў, джып абагнаў іх, рвануўся наперад, і тут жа нацягнутая струна хуткасьці лопнула, джып завіхляў і спыніўся ля ўзбочыны.

А іхная кампанія усё так жа ляцела наперад. Бацька нічога не заўважыў – ён пазіраў на Кацю, а яна адказвала яму нейкімі дзіўнымі позіркамі, і Лёччык падумаў, што гэтым дваім наперадзе цяпер дужа хочацца, каб і ён таксама праваліўся ў сон. Іх жа ажно трасе абаіх, думаў сказаць Лёсі Лёччык, аднак яна спала, а будзіць яе не хацелася. Двое дарослых пагойдваліся на пярэдніх сядзеньнях, ап’янелыя ад хуткасьці і небясьпекі. А п’яным нельга садзіцца за стырно. Лёччыку карцела ўсё гэта сказаць – ды ён зразумеў, што і сам даўно ўжо дрэмле.

“Не забудзь павярнуць”, – сказала бацьку Каця і аблізала вусны.

І тады яны збочылі на лясную дарогу – і тут Лёся прачнулася. Паглядзела на мокрую пляму, якая расплылася на Лёччыкавай футболцы, неўразумела паўзіралася ў акно.

“А дзе авадзень? Той, тоўсты?”

І праўда, яго даўно не было чуваць. “Падох, – сказала Каця. – Задуха”.

А сама не дазваляе адчыняць вокны. І бацька яе слухаецца.

Асфальт неўзабаве скончыўся. А потым пачалася сапраўдная гайданка. Можна было падумаць, што яны вярнуліся ў тое месца, адкуль пачыналі сваё падарожжа. Але лягер быў цяпер далёка. Немагчыма было сказаць, у якім баку. Хаця Лёччык ведаў, што варта яму захацець, і ён яго адшукае. Проста падыме галаву так высока, як можа – і тады пабачыць. Акіне позіркам усю краіну, усе вёскі, мястэчкі і гарады, і рана ці позна натрапіць вачыма на браму з пратубэранцамі. Месца, дзе іх лячылі ад чагосьці – і ня іхнай справай было ведаць, ад чаго.

За гэтай брамаю, пэўне, ужо заўважылі іхную адсутнасьць. Конкурс адмянілі, і важатыя знайшлі дзірку ў сятчастай агароджы. Ходзяць па лесе, крычаць, перакідваюцца рэхам, як мячыкам, мацаюць вачыма кару на дрэвах, прымятую траву, дасьледуюць павуціньне. Абяцаюць, што ня будуць нікога прывязваць, калі яны зь Лёсяй адгукнуцца. Ня трэба было яму забіваць таго авадня. Трэба было пасадзіць у нейкую скрыначку – і ён дакладна паказаў бы ім дарогу назад. Аднак, што праўда, ніякай скрыначкі ў Лёччыка не было. Толькі футболка, парваная на плячы, шорты і басаножкі. І на Лёсі тое самае. Амаль аднолькавае адзеньне. Толькі ў Лёсі шорты белыя, а ў яго – сінія. Сінія, сінія, здымі… Не здыму. І больш нічога. Сьпякотнае стаяла лета.

І тут машына заглухла і спынілася.

Усе паглядзелі на бацьку – а ён, здаецца, быў толькі рады.

“Ня ведаю, – сказаў ён у адказ на запытальна ўзьнятыя Каціны бровы. – Я ж казаў, я нічога не разумею ў машынах”.

“Да месца яшчэ кілямэтраў сто”, – сказала Каця.

“Ніхто ня бачыў, як мы сюды павярнулі, – сказаў бацька, гледзячы проста перад сабой, і паклаў руку ёй на калена. – Абсалютна пустая шаша. Я знарок прасачыў. Ніводнай машыны”.

“Але што мы… – пачала Каця. – Ну, ладна”.

Ладна – гэта на Языку. Лёччык і Лёся ведалі гэтае слова. Яны пераглянуліся. Машына стаяла, выдзяляючы ў паветра амаль што бачную цеплыню, унутры яе нешта ціха пацоквала, яна неяк на дзіва лёгка ўпісалася ў навакольны краявід, загарадзіўшы сабой вузкую лясную дарогу: гальлё калыхалася над самым дахам, і шышкі глядзелі ім у вокны, а на капот села нейкая птушка, і ўспырхнула, як толькі ўздрыгнулі дворнікі, зь якіх пасыпалася ігліца. Бацька адчыніў вокны. У машыну, якая ўсё яшчэ пахла незнаёмай Лёччыку, чужой, трывожнай раніцай, адразу ж запоўз водар нагрэтага сонцам лесу. Запоўз, заняў сабой увесь салён. Гэта быў іншы лес. Зусім іншы лес, чым той, які яны месяцамі бачылі зь Лёсяй празь сетку.

Яны выйшлі, задаволена крэкчучы. Лёся пацерла сабе азадак.

“Ну што, давайце я вас абдыму, мае любыя!” – сказаў бацька, але Лёччык і Лёся бачылі, што ён думае зусім не пра іх. Таму яны не варухнуліся, а бацька, так і не абняўшы іх, паказаў на сьцежку, што вілася ў гушчары: вузкі праход пад нізка навіслым гальлём, як пад апушчанымі сьцягамі:

“Глядзіце, колькі чарніцаў. Налятай!”

Лёччык і Лёся недаверліва нахіліліся да зямлі. І чарнічнік павёў іх па сьцежцы, а адтуль на ўзгорак, у сапраўднае чарнічнае каралеўства. Чарніцы, чмурыцы, чарнадур. “Прапаную Тардэсільяскую дамову”, – пасьпешліва сказаў Лёччык, засунуўшы ў рот першыя ягады з гэтай зялёнай, сіняй, чорнай, залатой, загадкавай Індыі.

“Згодная, – кіўнула Лёся. – Усход ад гэтага мэрыдыяну мой!” І яны ўпалі на калені, раскрыўшы раты, і папаўзьлі кожнае ў свой бок.

…Маю сястру зьелі ваўкі, сказаў Лёччык апошні раз і адплюшчыў вочы. І тут жа страшная зялёная сіла зьбіла яго з ног, і ён паваліўся тварам у мох, а яна біла яго пяткамі і пальцамі ззаду сьціскала горла. Здымі, прахрыпеў ён.

“Гэта цябе зьелі, зьелі і выплюнулі, – сказала Лёся, цяжка дыхаючы, але паслабляючы нарэшце хватку. – Ты ўвесь у ваўчынай сьліне. І ў страўнікавым соку. Напаўператраўлены, абгрызены, мокры. Фу!”

“Сама ты мокрая! Ты вечна мокрая!” – прамармытаў Лёччык. Здаровая якая сястра, як наваліцца – дык адчуваньне, быццам жыўцом цябе закопваюць. Гэта ўсё лягер. Вітаміны. Сьвежае паветра.

“Паглядзі, што ты мне тут панапісвала!” – закрычаў ён, а лес узяў ягоныя словы і панёс кудысьці, быццам Лёччык нічога не казаў. Аддай мне голас, лес. Аддай мне лес, голас.

“Што? Дзе?”

“Вось, тут”, – і ён паказаў на сваю футболку. На ёй і праўда густа сінелі адбіткі Лёсіных пальцаў, носа і нават вуснаў. Нібыта і праўда яна нешта напісала на белай тканіне футболкі зь дзіркай на плячы. Нейкі даўгі сказ незразумелымі, таямнічымі знакамі.

“Так ужо і не зразумелымі, – прамовіла Лёся, прыглядаючыся. – Глядзі, вось тут у мяне атрымалася “б”. А гэта можна прыняць за лацінскае “s”. Гатычным шрыфтам. А тут ужо нейкая глаголіца…”

“Трэба будзе расшыфраваць, – сказаў Лёччык. – Здаецца, мяне зараз званітуе”.

“Ташніт, – засьмяялася Лёся. – На Языку гэта называецца: у цібя ташніт”.

“Не ў цібя, а цібе, – няўпэўнена сказаў Лёччык. – Але я таксама напішу штосьці ў цябе на майцы. Бо ты вось якая чыстая…”

“Ні халеры ня чыстая, – сказала Лёся. – Але пішы, браце мой ташніт, пішы”.

І ён расьціснуў у пальцах жменю чарнічын, з роспаччу думаючы, што іх зусім не паменела на гэтым узгорку пасьля іхнага ўварваньня, расьцёр іх, так што пальцы зрабіліся аж чорныя, сеў перад ёй і пачаў пісаць на Лёсінай футболцы, проста на грудзях і жываце.

“Пра ваўкоў пішаш? – спытала абыякава Лёся, адкінуўшыся на сьпіну і заплюшчыўшы вочы. – Як жа ў жываце цяпер бурчыць…”

“Ага, – сказаў заклапочаны працаю Лёччык, не падымаючы вачэй. – Усё”.

Ён працягнуў ёй руку, і яны падняліся. Пахла блізкім балотам, смачна, як абедам на лягернай кухні. Недзе там, дзе віліся камары, снуючы ў паветры сваё воблака, быў шлях да машыны. Яны прайшлі скрозь камароў, нібы скрозь дым, прыплюшчыўшы вочы, потым пастаялі крыху пад сонечным промнем, які біў проста з найбліжэйшага куста, затым стомлена пацягнуліся па сьцяжыне і выйшлі нарэшце зноў на дарогу, да машыны.

Каця і бацька ўсё яшчэ былі там. Каця прыціскалася шчакой да шкла бакавых дзьвярэй, і рука яе шукала за сьпінай бацьку, а той не даваў сябе знайсьці, прыціскаўся носам да Кацінай патыліцы, набіраў сабе ў ноздры яе жоўтыя валасы, і казаў ёй нешта. Яны былі цяпер як адзін чалавек. І месца для Лёсі і Лёччыка паміж імі не было.

“Я не разумею, што ён кажа”, – сказаў Лёччык.

“А я разумею, – адгукнулася Лёся. – Чакай, я зараз”.

Яна пракралася да машыны, дзьверы якой былі адчыненыя, падпаўзла на каленях з таго боку, дзе не было ні бацькі, ні Каці, і хутка вярнулася да Лёччыка з кніжкай у руках. “Атлас аўтамабільных дарог Эўропы” 1939 году. Маленькі скарб. Лёччык паглядзеў на сястру з ухвалай.

“Ведаеш што, Лёччык, – сказала Лёся. – Хадзем са мной у Брэмэн”.

“Хадзем, – сказаў ён. – Толькі трэба пашукаць нейкага мяса. Мы з табой будзем ісьці доўга. Вельмі доўга. Да Брэмэну ведаеш колькі адсюль?”

“Зараз скажу, – Лёся задумалася. – Кілямэтраў пад тышчу. А ты на чым будзеш граць, калі мы прыйдзем?”

“На костцы, – сказаў Лёччык. – Ведаеш, бываюць такія косткі, у жывёлаў і ў людзей, зь дзірачкамі, у якія можна дзьмуць, як у жалейку?”

“Так, – пацьвердзіла Лёся. – А я буду біць у ба”.

“Біць у ра”, – сказаў Лёччык.

“Біць у бан”, – сказала Лёся.

Яны ўзяліся за рукі і вярнуліся да іхнага чарнічніку. Было такое ўражаньне, што за гэтыя хвіліны ягадаў тут вырасла яшчэ больш. Высока падымаючы ногі, каб іх не засмактала ў сінюю багну, яны пайшлі ў адваротны ад камароў бок, туды, дзе канчаўся чарнічны сьвет. І неўзабаве іх ужо не было ні на ўзгорку, ні пад ім, ні на мапе, ні пад ёй. І вось ужо двум дарослым людзям, мужчыну з пунсовым тварам і жанчыне з кароткімі жоўтымі валасамі, толькі і засталося, што выпытваць у камарынага воблака, куды ўцякла законна здабытая кроў.

“Лёч-чык! Лё-ся-а-а!”

“У іх галасы, як у Важатых, – сказаў Лёччык, паскараючы крок. – Асабліва ў гэтай, з жоўтымі валасамі”.

І тады Лёся засьмяялася. Яна даўно не сьмяялася. І лес засьмяяўся разам зь ёй.

Дзеці Аліндаркі

Подняться наверх