Читать книгу Дзеці Аліндаркі - Альгерд Бахаревич, Ольгерд Бахаревич - Страница 3
2. У трактарыста было шэсьць пальцаў
ОглавлениеУ трактарыста было шэсьць пальцаў. Ці то на правай руцэ, ці то на левай, бацька ўжо ня памятаў. Пяць нармальных, як ва ўсіх людзей, з бліскучымі, чорнымі пазногцямі, цьвёрдымі, як алмаз – а за валасатым мезенцам рос яшчэ адзін, маленькі, худы, сінявата-бледны, які тырчаў убок, і пазногаць на ім быў зусім малюсенькі, белы, дагледжаны. Бацька ня мог адвесьці позірку ад гэтага дадатковага, бонуснага пальца. Па ўсім было відаць, што трактарыст ня можа ім варушыць. Бескарысны, прыгожы, жаноцкі палец. Вырас на руцэ ў чалавека, як пустазельле. Можа, і ня палец зусім, а нейкі нарост. Бацька намагаўся не глядзець на той шосты палец – і ўсё роўна глядзеў, як загіпнатызаваны.
Трактар зьявіўся перад імі на дарозе, як здань. Намаляваўся ў паветры і спыніўся проста перад іхнай машынай. Трактарыст не выходзіў з кабіны, глядзеў на іх з Кацяй, чакаў. Да трактара быў прычэплены даўгі пусты кодаб, у якім, відаць, трактарыст вазіў бярвеньне. Бацька кінуўся да кабіны, замахаў рукамі – і толькі тады трактарыст нехаця зьлез, безь ніякай цікавасьці выслухаў таропкія бацькавы тлумачэньні, палез назад, пачаў размотваць трос. Трактарыст не глядзеў на бацьку, толькі на Кацю, нядобра так паглядаў, насьмешліва, а бацька глядзеў на палец і нічога ня мог з сабой зрабіць. Седзячы на пні, Каця ўтаропілася ў лес, і яму гэта не падабалася. Бацьку хацелася расказаць ёй пра палец. І так і карцела спытаць у трактарыста, як яму жывецца з такім атожылкам на руцэ.
Калі б трактарыст жыў у горадзе, ён мог бы запісацца на апэрацыю. Лішні палец адрэзалі б, на руцэ застаўся б шнар. Але ніхто не глядзеў бы табе на рукі, быццам ты цуд прыроды. Езьдзяць жа і такія трактарысты ў сталіцу. Ходзяць па праспэкце, тоўпяцца на рэчавых рынках, фатаграфуюцца каля помнікаў, заказваюць два па сто і піва ў самых пошлых шынках. Пахнуць недамытай акуратнасьцю. Чаму ён не абрэжа гэты абрубак? Задорага? Баіцца хірургаў? А ты не баішся? А ты лёг бы пад ножык? Адкладае на потым, на заўтра, на канец жыцьця? Ці – ганарыцца ўпотай? Бо трэба ж хаця б чымсьці быць непадобным да іншых? Карцінкай у шкле кабіны: ва ўсіх там бабы голыя, а ў яго – партрэт каратыста з чорным поясам?
А можа, ён ужо наважыўся. І заўтра, колючы дровы, прыме сто грам, закусіць цёплым, намазаным сонцам памідорам, пакладзе палец на бервяно, адвядзе вочы і – усё. Толькі мянушка застанецца.
“Што? – сказаў трактарыст, папляваўшы на далоні. – Панясьлісь?”
Трактарыст закурыў, стоячы на падножцы, трактар запыхкаў, загуў, аб’ехаў машыну, ломячы кусты. На тое, каб падчапіць іх, разьвярнуць і дацягнуць да бліжэйшае вёскі, пайшла цэлая гадзіна. Пра дзяцей, пра тое, як ён і Каця некалькі гадзін блукалі па лесе і, забыўшыся на асьцярожнасьць, сарвалі сабе галасы, пра тое, як заблудзілі і ім самім давялося шукаць машыну, бацька трактарысту нічога не сказаў. І вясковы майстар, які за некалькі хвілін вярнуў іхную зьдзічэлую, запыленую машыну ў прытомнасьць, таксама не выклікаў у бацькі даверу. Ён ужо нікому ня верыў, апрача Каці. А Каця маўчала і хмурыла бровы. Жоўтавалосая, з чорнымі насупленымі бровамі і тонкім носам, яна чагосьці баялася, і гэта было так непадобна на ўчорашні вечар, калі яны апошні раз абмяркоўвалі ўсе падрабязнасьці і магчымыя пасткі, і на раніцу, калі яны выехалі з гораду, халодныя і ўпэўненыя, як жалеза. І на ноч, калі Каця была такой пяшчотнай, як ніколі. Ён сьціснуў зубы, каб не даваць волю сьлязам. Каця моўчкі заплаціла майстру і трактарысту, і яны зноў выехалі на шашу, якая зьдзекліва павітала іх ужо знаёмымі знакамі і ўказальнікамі.
“Колькі ты ім дала?”
“Якая розьніца”.
Да хутару, схаванага ў балотах і не пазначанага ні на воднай мапе, куды ён зьбіраўся прывезьці дзяцей, адсюль і праўда заставалася кілямэтраў пад дзевяноста. Але хутар на сёньня адмяняўся – які быў сэнс туды ехаць: бязь Лёччыка, бязь Лёсі, без таго, дзеля чаго яму хацелася дзейнічаць, жыць, змагацца. Блуканьне ў лесе змарыла іх з Кацяй так, што яны пачалі засынаць, добра яшчэ, што ў яго неўпрыкмет абгарэла шыя, і ён ня мог дакрануцца ёй да сядзеньня.
За вокнамі цямнела. Дзень зрабіўся карацейшы. У гэты час плянавалася ня толькі даўно быць на хутары, але і распаліць вогнішча, пакарміць дзяцей, абняць іх і сьпяваць усім разам, седзячы на беразе возера, якуюнебудзь іхную любімую песьню. І каб галава ляжала на Каціных каленях, і каб зоркі над галавой, а галасы Лёччыка і Лёсі зусім блізка, над вухам. А далей… Далей ён пакуль не прыдумаў.
“Захварэў мой мілы коцік, Наракае на жывоцік…”
Або гэтую – пра Уліса: “будуць сакатаці, што сыночку даці”… Бацька пачаў напяваць сабе пад нос, чакаючы, што Каця падхопіць. Не падхапіла. Стамілася. Дзень быў цяжкі.
На ўдалечыні яшчэ сьветлае, фальшыва-бадзёрае неба выпаўз месяц. Паехаў за імі, не адстаючы, але трымаючы дыстанцыю. Адзінокая фара. Месяц – гэта матацыкл. Напэўна, такі мае на падворку той лясны чалавек з шостым пальцам. Месяц – начны, нябесны матацыкліст, які едзе ў туман і зьнікае за паваротам на Новы Дзень. Як добра ён прыдумаў. Месяц…
У ягоным суправаджэньні яны дабраліся да мястэчка, праехалі, асьцярожна намацаўшы фарамі, мост. Вуліца 17 верасьня. Плошча Леніна – якога нідзе не было відаць. Касьцёл, царква, Дом культуры. Аўтастанцыя, на якой стаяў самотны мікрааўтобус. Тоўсты мужык, які круціўся побач, правёў іх поглядам і працягваў цярпліва выглядаць у раньніх прыцемках магчымых пасажыраў.
“Спыніся”, – сказала Каця.
Ён усьміхнуўся ёй і плаўна павярнуў да касьцёлу, адкуль вуліца сыходзіла да ўскраіны. Дзесьці там мусіла быць запраўка. А потым паесьці, паспаць у машыне, набрацца сілаў – і вярнуцца ў той лес. Дзе на сухім гальлі і ігліцы даўно высах ягоны маленькі, вільготны, белы сьлед. Па ім цяпер нехта паўзе, перабіраючы ўсімі сваімі нагамі-рукамі. Шастапалае, васьміпалае, дванаццаціпалае.
“Спыніся, я сказала!”
Ён прытармазіў, Каця выйшла, закінула на сьпіну заплечнік. Потым вярнулася і хутка пацалавала яго ў лоб.
“Ты ж і сам разумееш, што нічога ня выйдзе. Я вяртаюся дамоў. Прабач”.
“Каця!”
“Спадзяюся, ты іх знойдзеш. А я не магу так больш”. І яна пабегла праз вуліцу да мікрааўтобуса. Ён машынальна крануўся зь месца і круціўся па плошчы, там, дзе мусіў тырчаць ленін, вакол елак і пустога пастамэнта. Так і круціўся, марнуючы паліва, забыўшы прыбраць з твару ўсьмешку.
Круціў мястэчка ў руках, як стырно. Як школьнікі круцяць асадку, як забойцы нож, як настаўнікі ўказку, як вандроўнік – свой тонкі посах. І мястэчка паслухмяна круцілася. Карусэль, карусэль, хто пасьпеў, той прысеў.
Круціліся ліхтары. Круціліся парэнчы на ганках. Круціліся нізкія парканы. Круціліся елкі і шыльды, якія сьвяціліся ў прыцемках, усё больш густых і шматзначных. Яму пачулася нейкая музыка, толькі ягоная музыка, мэлёдыя на чатыры чвэрці, у якой было ўсё: і калыханка, і нейкі джаз, і местачковы блюз, і славянскі базар.
Сэканд Хэнд. Тавары з Еўропы.
Престиж. Магазин сантехники.
Зоомир.
Кафэ Лагуна.
Сэканд Хэнд. Престиж. Магазин сантехники. Зоомир. Кафэ Лагуна. На іншую перадачу, ды на газ. І яшчэ газу. Вясёлага газу, ад якога хочацца сьмяяцца і адпусьціць стырно. Сэканд, Кафэ, Зоомир, престиж, лагуна, сэканд. Сэканд мір, факінг сьвет. Як яна магла? Як яна магла кінуць яго тут, у той момант, калі патрэбная яму як ніколі? Калі ён хацеў пабыць адзін, яна заўжды была побач, як цень – не прагнаць. А цяпер…
На імгненьне яму здалося, што ў сьвятле фараў проста перад ім узьнік Лёччык, і бацька рэзка затармазіў. Але гэта быў нейкі падлетак, зусім п’яны, ён нешта крычаў… бацька асьцярожна аб’ехаў яго і выруліў на суседнюю вуліцу, прапусьціўшы перад сабой міліцэйскі ўазік. Яму захацелася напіцца. Як некалі. Так, каб час спыніўся, каб нічога ня памятаць.
Крадучыся, ён ехаў па вуліцы імя нейкага невядомага яму дзеяча, вуліцы, якая відавочна не заслугоўвала такога яркага асьвятленьня. Людзей амаль не было відаць, толькі на ганку рэстарацыі “Император Павел” стаяў натоўп, сукенкі жанчын блішчэлі ў сьвятле ліхтароў, ненатуральна белыя, зь нездаровым лікравым сьвячэньнем кашулі мужчын існавалі асобна ад нябачных у цемры штаноў, і здавалася, што каля жанчын кружляюць адны торсы, расшпіленыя на грудзях прывіды. З шырока адкрытага рота рэстарацыі даносіўся голас нейкага масавіка-зацейніка, гістэрычны голас, які чвякаў у калёнках і вылятаў на вуліцу, далёка ў двары невысокіх, на два паверхі, застылых у сутоньні дамоў.
Нечакана рухавік сказаў нешта і заціх. Машына паволі кацілася па вуліцы, і цяпер можна было нават разабраць галасы тых, хто баляваў у рэстарацыі. Бацька высунуў у акно твар. Адразу за рэстарацыяй быў будынак з надпісам “Гасцініца”, цёмны, з кропкай настольнай лямпы ў фае, і каля яго стаялі голыя фанерныя шчыты, аточаныя клюмбамі. У гэтыя клюмбы ён мякка ўткнуўся коламі – і машына спынілася.
Ён заплаціў зусім сьмешную суму – тым больш сьмешную, што грошай у яго заставалася хіба на тыдзень, ня больш. Трэба было ехаць за тым мікрааўтобусам, дагнаць яго, перахапіць – можа, яна абдумалася, можа, ужо шкадуе, што кінула яго тут. Але даверу да Каці ён больш не адчуваў – і да таго ж ня ведаў, у якім напрамку яна паехала. У сталіцу? Да бацькоў? А можа, у Вільню, да якой адсюль было рукой падаць?
Адміністратарка Гасьцініцы, жанчына Кацінага ўзросту, і сама нейкая пародыя на Кацю, пазяхнула і перасунула яму ключы – быццам зрабіла ход у нейкай настольнай гульні.
“Бумагу туалетную будете брать?”
Ён паглядзеў на адміністратарку з жахам.
“Я говорю, бумагу брать будете? В стоимость номера бумага не входит!”
“Не! – ён замахаў рукамі. – Не!”
Выйшла занадта эмацыйна, але ён ня мог стрымацца. Яна паціснула плячыма.
“Тут ёсьць яшчэ… людзі?”
“Нет. Только москвичи, ваши соседи”.
Словы пра туалетную паперу ён адразу ж прыгадаў, калі адамкнуў расхістаны замок і ўключыў сьвятло. Цьмяная лямпачка асьвяціла панылы, цесны пакой, жоўты, як кветкі ў руках Маргарыты. За ружовымі фіранкамі чуліся вясёлыя галасы наведнікаў “Императора Павла”. Ля сьцяны стаяў ложак, па-салдацку засьцелены запранай, зацыраванай, сірочай бялізнай. На прасьціне цямнела вялікае кляймо турэмнага колеру зь нечытэльнай абрэвіятурай. Зашмальцаванае лякаванае дрэва ложка ўбога паблісквала і нагадвала пра тое, што добра спаць – значыць марнаваць працадні. На канцылярскім стале, па-майстэрску зробленым зь іншых канцылярскіх сталоў самага рознага ўзросту і колеру, стаяла ідэальна чыстая попельніца, у якой хацелася ўтапіцца. А з кута на бацьку глядзеў спадылба чорны тэлевізар. Хочаш, паваражу? – казаў ён. Уключы мяне, загадваў ён. Ты памрэш, абяцаў ён. Ты ўжо памёр, канстатаваў ён.
У пакоі пахла надзейна схаванымі шкарпэткамі, патрыятызмам і хлёркай. І ва ўсім гэтым быў дух такой галечы, такой непавагі і такой роспачы, што бацька нават ня стаў садзіцца – так і замёр, стоячы проста пад лямпачкай, у якой танчыў на сваіх вуглях яе стомлены раб, маленькі, танюсенькі залаты чалавечак. Нават лінолеўм пад нагамі адчуваць было непрыемна – ён ляжаў крыва і напаўзаў на прагнілы плінтус, як садраная насьпех шкура вялікай і хворай жывёліны.
Гасьцініца, каб паміраць. Усё тут гаварыла зь ім, пасьпешліва, навыперадкі, гаварыла пра ўбоства і асуджанасьць, пра тое, што нічога не атрымаецца, выйсьця няма і ня будзе. Гатэль для тых, хто вырашыў сысьці з жыцьця. Таму туалетная папера і “не ўваходзіць”. Нашто самагубцам папера? Можа, ім яшчэ сьметніцы паставіць, і вільготныя сурвэткі на стале пакінуць? Мёртвыя ня какаюць.
Бацька падумаў, што гэтая гасьцініца ў мястэчку – ідэальнае месца для расчараваных паэтаў і мастакоў, якія бавяць сваю апошнюю ноч. Калі ў вялікім горадзе, ва ўтульнасьці і неспакоі іхных кватэраў цяжка прыняць рашэньне – дык тут і праўда адразу ж разумееш, што ў цябе нічога ня выйшла і ісьці далей ня мае сэнсу. Прытулак для зьнявераных. Можна ўявіць сабе, як гэта – прачынацца з пахмельля ў гэтым пакоі восеньскай раніцай, калі яшчэ не ўключылі ацяпленьня і нудны дождж залівае шыбіны. Менавіта тут жыве і працуе яна – безнадзейнасьць. І ў яе руках ключы ад усіх пакояў.
Ён выскачыў з пакоя, спусьціўся ўніз, адміністратарка ўсё так жа нерухома сядзела пад сьвятлом настольнай лямпы, нібы надзеўшы яе сабе на галаву. У “Императора Павла” ён узяў сабе гарэлкі – тут гулялі штосьці, можа, нават вясельле: і кожны з гасьцей мог быць жаніхом або нявестай. Але яго пасадзілі і прынесьлі столькі хлеба, што ім можна было накарміць усіх тутэйшых галубоў, і салата была досыць смачнай, і крумканьне галасоў пасьля першых ста грамаў сышло некуды на той бок сэрца, і ўжо ня так раздражняла. Ён схадзіў пакурыць, пастаяў воддаль нейкай кампаніі, якая пазірала на яго з інтарэсам, але без варожасьці. Вярнуўся, сеў, замовіў яшчэ гарэлкі – дзіўна, ён прайшоў скрозь натоўп, не дакрануўшыся ні да воднага локця, ні да воднай сьпіны або рукі, быццам усіх гэтых людзей ён выдумаў сам.
“Дзевачьку не хаціце?” – спытаў нехта, нахіліўшыся да ягонага вуха, і бацька зноў, як нядаўна, у гасьцініцы, замахаў рукамі, так і не разглядзеўшы, хто зьвярнуўся да яго з прапановай. Давялося аддыхацца, супакоіцца, перш чым зноў узяцца за кілішак. Дзевачька – а ён і праўда ўявіў сабе дзяўчынку. Малое такое дзяўчо, зьмерзлае, галоднае, з агромністымі вачыма, у кожным зь якіх стаяў ён сам, п’яны, з бліскучай ад тлушчу ніжняй губой. Яму нельга шмат піць, заўтра трэба нешта зрабіць, знайсьці грошы, разабрацца з машынай, вярнуцца на лясную дарогу, ісьці ў гушчар, які ня мае ні адрэсы, ні сьценаў, ні вокнаў. Шукаць Лёсю і Лёччыка, знайсьці і давесьці задуманае да канца – уратаваць сваіх дзяцей. Дзевачька… Дзяўчынка. Дзяўчынка – слова чыстае, як вада, дзяўчынка можа быць толькі дачкой, сваёй або чужой. Гэта на Языку дзевачька – істота з ухмылкай, з коштам на грудзях, працавітая жанчына, прадукт. Мова расстаўляе свае пасткі, мова наогул. Ва ўсім, калі задумацца, была вінаватая толькі яна – мова.
Ён вярнуўся ў гасьцініцу і, скаланаючыся ад непазьбежнасьці вяртаньня ў непрытульны пакой, адамкнуў дзьверы. Недзе за сьцяной хадзілі масквічы, хадзіла іхнае маскоўскае мэтро, хадзілі куранты, хадзілі ходзікі і хадакі. Што робяць тут масквічы? Езьдзяць па лясах, прыглядваюць сабе лецішчы, гойсаюць па навакольлі, няўлоўныя, бо як можна злавіць расею. І цалкам магчыма, што заўтра, едучы па шашы, яны падбяруць дваіх малых, што будуць брысьці па ўзбочыне – пасадзяць у сваю машыну, палятуць на ўсход, пасьмейваючыся з маўчаньня гэтых загарэлых, непрыветных дзяцей; кожная расейская машына – прасторная, як Сібір, небясьпечная, як невядомасьць.
Бацька заскрыгатаў зубамі. Гарэлка дагарала ў ягоным нутры, а падкінуць дроваў не было як. Заўтра. Ужо заўтра. Хутчэй бы прачнулася гэтае нікому не патрэбнае мястэчка. Хутчэй бы зноў пайшоў час.
Ён лёг тварам на падушку.
А дзе ж твая дочка?
Думкі пра Лёсю былі лёгкія і крывавілі, і ён аддаўся ім з салодкім болем – і вось ужо дазволіў Лёсі самой стварыць сабе навакольле. Ён ляжаў і прыдумляў Лёсі будучыню.
І пакрысе перад ім узьнік вобраз вялікага гораду, дзесьці за мяжой. Ён уявіў, як Лёся, ужо зусім дарослая, можа быць, студэнтка, апранутая зусім па-замежнаму, прыгожа і трохі неахайна, уся ў цёмна-сінім, стаіць на ўзгорку і ўзіраецца ў каляровую дахоўку сьпічастых стрэхаў. А побач зь ёй хлопец, на выгляд – сапраўдны іншаземец.
Бацька ўявіў іх так ясна, што нават пачуў галасы. Галасы з будучыні. Яны гаварылі па-замежнаму, але бацька ўсё разумеў.
“Беларусь, – картава кажа гэты малады замежнік, выцягнуўшы вусны трубачкай. – Што ты рабіла там, на радзіме? У цябе там бацькі?”
“Так, – ківае Лёся. – Бацька. І брат”.
“А маці? Чаму ты маўчыш? Добра, маўчы, калі хочаш… – кажа хлопец, уважліва разглядваючы Лёсю. – А што ты рабіла на радзіме? Чым займалася?”
“Спачатку я маўчала і хадзіла ў школу. А потым лячылася”.
“Чаму ты маўчала? Ты маеш на ўвазе – ты была маўклівая? Як жа ты яшчэ кепска гаворыш па-нашаму, Лё! Ну, не крыўдуй. Што, праўда маўчала? Чаму?”
“Я маўчала не з усімі, – кажа Лёся, зь цяжкасьцю расьціскаючы вусны. – Я гаварыла з бацькам”.
“Ён біў цябе? Гвалціў?” – пытаецца ён пасьля доўгай паўзы.
“Не. Ён сьпяваў са мной”.
“Прабач. Я не хацеў сказаць благога пра твайго бацьку. А чаму ты не гаварыла зь іншымі?”
“Мне было нельга. Быў Язык. Усе гаварылі на Языку. Бацька сказаў, што нам нельга гаварыць на Языку. Таму лепш было маўчаць. Яны думалі, што я зусім ня ўмею гаварыць”.
Ягоны твар апынаецца зусім блізка ад ейнага. Ягоныя вочы такія наіўныя, думае бацька. Ён гатовы паверыць ва ўсё.
“І што было потым? Ад чаго ты лячылася?”
“Ад маўчаньня”.
“Ах, ну што за лухта, – ускліквае ён з палёгкай. – Вечна ты са сваімі загадкамі. А цяпер ты гаворыш на Языку? Можаш на ім гаварыць?”
“Навошта? – не разумее Лёся. – Цяпер я гавару з табой. Нашто нам Язык?”
“Добра, а потым? Што было потым? Цябе вылечылі?”
“Потым бацька забраў нас. Мы доўга ехалі, потым ішлі празь лес і сьпявалі. І вось я тут”.
“Паслухай, не прыкідвайся, – злуецца хлопец. – Ты добра гаворыш па-нашаму. Ты лепш за ўсіх скончыла курс”.
“Тое, што я кажу, праўда”.
“Паслухай, Лё, я усё-ткі твой жаніх. І я цябе каха-а-ю”…
“Ну, добра, – кажа Лёся, недаверліва вывучаючы ягоны твар. – Калі хочаш, я нешта табе раскажу. Але я ня надта люблю пра гэта згадваць”.
“Ты хочаш расказаць мне пра сваіх мужчын?”
“Які ж ты дурны, – моршчыцца Лёся. – Адзін сэкс у галаве. Не. Не пра мужчын. Пра тое, што я прачытала аднойчы, калі да мяне трапілі рэчы майго бацькі.
Тады я мела іншае імя. І вакол былі зусім іншыя людзі.
Наш бацька забараняў нам гаварыць на Языку. На гэтай мове, казаў ён, і моршчыўся, вось так, і з агідай цягнуў гук “э”, як некалі ў лягеры цягалі за вушы майго брата, і мне даводзілася бегчы і лупіць іх, нагамі, крэслам, вядром, рэменем – усім, што трапіцца пад руку. На гэ-э-этай мове… І мы замаўкалі. Нам таксама было агідна, як і яму. Пра тое, хто такі Нязнайка, я даведалася, калі мне было шаснаццаць. Можа, мне і расказвалі, але бацька забараняў мне іх слухаць. І пра Чабурашку я нічога ня ведала. І пра тое, як гайдаецца блакітны вагон. А хто такі Айбаліт, я дагэтуль цьмяна сабе ўяўляю. Я ведаю, што ён быў лекар. Але я не магу ставіцца да лекараў так… Так…”
“Як так?”
“Лекар для мяне – нехта іншы… Калі ён сапраўдны, ён не ратуе, ён… Ты ведаеш, хто такі Айбаліт? Ну і маўчы. У вас такога няма. У маім жыцьці быў толькі сапраўдны лекар, але вельмі добры. Ён мог усё. Але ён не пасьпеў скончыць лячэньне. Я так і прыехала сюды – нявылечаная. І спачатку мне было ня надта лёгка. Але ведаеш, там, у лягеры, нам давалі такія вітаміны…”
“Харчовыя дадаткі? Наркотыкі?”
“Не. Не перапыняй, калі ласка. Цяпер я думаю, што гэта дзякуючы ім я змагла тут застацца. Паступіць у каледж, знайсьці працу, сустрэць цябе.
Аднойчы мне прыйшоў пакет з радзімы. Гэта былі рэчы майго бацькі. Ён вёў дзёньнік – ведаеш, як усе гэтыя людзі таго часу, якім не прыходзіла ў галаву завесьці акаўнт у сацсетках. Ён вёў такі дзёньнік, проста пісаў у сваім лэптопе, звычайны тэкставы файл… ну, уяві сабе, што гэта быў проста дзёньнік пад замком, дзе ўсё відаць толькі табе. І ўсё. Я прачытала. Гэта было вельмі цікава. Толькі ведаеш…”
“Што?”
“Мне падалося, ён пісаў не пра мяне. Па нейкую іншую дзяўчынку. І пра іншую краіну. Не пра тую, адкуль я прыехала. Напэўна, хаваўся”.
“Зразумела”, – сказаў яе жаніх досыць няўпэўнена.
“І там чамусьці няма ні слова пра майго брата. Калі хочаш, я табе пачытаю. Гэты тэкст у мяне заўжды з сабой. Хочаш? Праўда, гэта будзе пераклад. А пераклад – гэта помста мове за тое, што яна нарабіла… За яе бясконцасьць і за яе магутнасьць”.
“Нешта я зноў цябе не разумею. Па-нашаму нельга так сказаць. Сьмешна гучыць. Помста мове. Ха-ха. Прабач”.
“Калі б ты меней сьмяяўся, дык, можа, больш зразумеў бы. Слухай. Будзе цяжка, але я паспрабую табе перакласьці”.