Читать книгу Дзеці Аліндаркі - Альгерд Бахаревич, Ольгерд Бахаревич - Страница 6

5. Замяніўшы адно слова на іншае, ты нічым не рызыкуеш

Оглавление

Замяніўшы адно слова на іншае, ты нічым не рызыкуеш, падумаў доктар. Вядома, большасьць з гэтым не пагадзілася б. Асабліва так званыя паэты. Людзі звыклі лічыць, што слова мусіць быць дакладным. Людзі вераць у стыль і сэнсавыя адценьні. А самі ня могуць правільна вымавіць тое, што падаецца ім такім важным.

Яму падабалася думаць пра гэта пасьля абеду, бо менавіта пасьля абеду сумневы зьнікалі, заставаліся адны пацьверджаньні. Ежа надае людзям упэўненасьці ў сабе. У адрозьненьне ад словаў. Словы маюць значэньне толькі ў межах адной мовы, дый тое не заўжды. Насамрэч важна толькі тое, як ты вымаўляеш гукі. Ці правільна ты карыстаешся інструмэнтамі, дадзенымі табе для таго, каб гаварыць. А самі словы – гэта ўмоўнасьць. На месцы кожнага слова магло быць іншае. Падстаўляй, прыбірай, ці нават зусім скасоўвай. Часам ён так і робіць. І нічога не зьмяняецца – кабінэт ня робіцца большым, белыя сьцены не набываюць чырвонага адценьня, гэтая незаплянаваная муха не пачынае чытаць вершаў, стол не падымаецца і не вісіць над галавой, і ягоная асыстэнтка, якая ўпарта называла сябе мэдсястрой, не прасоўвае ў дзьверы сьвінячую галаву замест сваёй, кучаравай і вечна такой бліскучай. Лак для валасоў. Яна занадта часта ім карыстаецца.

“Вам чаёчку приготовить? – сказала асыстэнтка. – Как всегда?”

“Нет, спасибо, не нужно, – прамовіў ён. – Закройте дверь. Хотя постойте…”

Ён паглядзеў на яе зь цікаўнасьцю.

“Как вы сказали?”

“Что сказала?” – спалохалася яна, прыгладжваючы валасы. Цяпер у яе і рукі бліскучыя. Мокрыя, бліскучыя рукі, якімі яна будзе насыпаць гарбату і браць кубак.

“Повторите! Ну вот это, про чай… Да зайдите же сюда и закройте дверь”.

“Я просто спросила, вы чаю хотите?..” – разгублена сказала асыстэнтка, прычыняючы за сабой дзьверы.

“Нет. Вы не так сказали. Повторите вот это, про чаёчек”.

“Чаю не хотите?” – прамармытала асыстэнтка, хаваючы вочы. Доктар падняўся з-за стала, рашуча прайшоў туды, дзе яны хаваліся – гэтыя дзьве адтуліны, густа намазаныя нечым і таксама бліскучыя. Вочы адскочылі, але ён уважліва паглядзеў на яе вусны, і вочы паслухмяна вярнуліся. Зірнулі на яго. Зусім неглыбокія. З такімі можна працаваць.

“Повторите”, – мякка, але ўладна сказаў доктар і ўзяў яе за падбародзьдзе.

“Чаёчку не хотите?”

“Ещё раз”.

“Чаёчку не хотите?”

“Еще”.

“Чаёчку не хотите?”

“Повторите это тринадцать раз подряд”.

Яна паглядзела на яго так бездапаможна, што доктару зрабілася брыдка. Яна нічым не адрозьніваецца ад жывёлы. Толькі языком. Толькі тым, што ёй, празь нейкі капрыз прыроды, быў дадзены язык. Язык зь вялікай літары. Вялікі і магутны, надзея і апора. Чаму ёй? Чым яна заслужыла? Чым гэтая жывёліна заслужыла такі дарунак – які яна марнуе, кожны дзень марнуе, псуе, ня ўмеючы нават правільна ім карыстацца?

У сьвеце так шмат несправядлівасьці. Выправіць якую могуць толькі дактары. Не палітыкі, не мастакі, ня грошы. Толькі дактары.

“Я сказал, повторите это тринадцать раз подряд”.

І яна пачала паўтараць. Было відаць, што яна пры гэтым лічыць у галаве: адзін, два, тры, чатыры… Старанна лічыць. Баіцца зьбіцца. Жывёліна. Доктар не лічыў. Яму было абсалютна бяз розьніцы, колькі разоў яна гэта скажа. Ён чуў, а яна не. Вось што было важна.

“Прекрасно, – сказаў доктар ухвальна, калі яна спынілася. – Вы же тоже проходили курс у меня, не правда ли?”

“Да. Пять лет назад”.

“Вы молодец, – усьміхнуўся ён. – Знаете, принесите мне чаю… Это была хорошая мысль. Только вот сначала…”

Яна спынілася на парозе.

“Повторите это, про чаёчек, еще тридцаць раз. Станьте вот сюда. Смотрите мне в глаза. И повторяйте. Ну, начинаем”.

Яна маўчала. Ён адвярнуўся і потым рэзка пракрычаў ёй у твар:

“Ну, пошла! Кому сказал?!”

“Чаёчку не хотите… Чаёчку не хотите…” – залапатала мэдсястра, а ён глядзеў ёй у рот, дзе мільгалі жоўтым касьцяным бляскам зубы і з напругаю працаваў ледзь бачны язык.

“Вы неправильно произносите “чь”, – казаў ён ласкава, пакуль яна аднастайна паўтарала свой прысуд. – Вы ленитесь. Вы не хотите дать языку сделать свое дело. Отпустите его на волю. Или ему снова что-то мешает? А? Откройте рот!” – сказаў доктар у поўнай цішыні. Яе парушала толькі гэтая чортава муха.

“Так и есть, – сказаў доктар і пацокаў языком. – У вас снова опухоль. Еще совсем маленькая. Кость увеличилась. Пока что обойдемся без хирургии. Просто повторяйте это, про чаёк, и старайтесь следить за собой. Да не здесь!” – крыкнуў ён, калі яна пачала зноў паўтараць практыкаваньне. – “У себя в корпусе, или, не знаю, в туалете. Мне уже хватило на сегодня ваших чаёчкаў… Принесите мне чаю, наконец. Сколько можно меня дразнить? И перестаньне брызгать на себя этим вонючим лаком! Вы всех мух ко мне переселите, они вьются за вами, как дети!”

Асыстэнтка ўцягнула галаву ў плечы і пабегла да дзьвярэй.

“Пошла! Пошла!” – прыкрыкнуў на яе доктар. А як інакш – калі ёй падабаецца. Цяпер яна будзе некалькі начэй запар прапаноўваць яму чаёчку ў сьне. Доктар ведаў, што яна ў яго закаханая. Часам ён думаў, што цікава было б праверыць, з навуковага гледзішча: як уплывае гэтая чортава костка, а насамрэч – пухліна, на сэксуальнае жыцьцё. Ня можа не ўплываць. Занадта добрае яна абрала сабе месцазнаходжаньне. Як, зрэшты, і любая брыда, якая замінае жыць чалавеку.

Любое слова можна замяніць на любое слова. І нічога ня зьменіцца. Можна было б прымусіць яе паўтарыць дзьвесьце разоў “Доктар, я хачу ад вас дзяцей”, і нічога не зьмянілася б. Замест чаёчку было б гэтае “хачу” – якое клятая пухліна ператварыла б у першабытны, зьвярыны рык, у нейкае чвяканьне – замест тонкай мэлёдыі. Як шкада, што абсалютны слых нельга выдаваць гэтым стварэньням у выглядзе звычайных пігулак. У якім сьвеце яны жылі б… Тады можна было б зачыняць гэты брудны лягер, які часам, асабліва зімой, нагадвае яму могілкі, а ўлетку – склад. Зьняць эмблему, прыбраць агароджу, пагрузіць усё абсталяваньне на грузавікі, а самому ехаць побач на ровары, па лясной дарозе, робячы выгляд, што ён тут ні пры чым, што ён і ня доктар зусім, а так, селянін.

Доктар паглядзеў у працоўнае люстэрка, дзе перабывала ўжо столькі горлаў, гляндаў, паднябеньняў, языкоў. Ён падміргнуў сам сабе і скурчыў такую міну, як курчаць гэтыя калгасьнікі, калі хочуць паказаць, што і ў іх ёсьць мазгі. Звольніцца, зьехаць… Туды, дзе іх будзе двое. Толькі ён – і Пушкін. Чысты, як першая сьняжынка.

Любое слова можна замяніць на любое слова. Ён падцягнуўся да верхняй паліцы шафы і зьняў адтуль кнігу ў чырвоным пераплёце. Кніга разгарнулася на тым самым месцы. Ён часта адгортваў і перачытваў яе, і паважаў гэтую кнігу за тое, што яна пацьвярджала ягоныя думкі адносна словаў.

Вось і цяпер. Ён ціха прачытаў уголас:

“Цяпер мне цяжка сказаць дакладна, калі я ўпершыню пачуў слова “беларускамоўны”. Не магу згадаць, каб у доме бацькоў, прынамсі пры жыцьці бацькі, я хаця б раз чуў гэтае слова. Мой стары, я мяркую, у самім падкрэсьліваньні слова “беларускамоўны” пачуў бы прыкмету культурнай адсталасьці”.

І далей (ён нават абвёў гэта некалі алоўкам, чаго ніколі не рабіў):

“У школе я таксама спачатку не знаходзіў нагоды, каб зьмяніць свае погляды, якія перайшлі мне ў спадчыну ад бацькі. Праўда, у рэальнай вучэльні мне давялося пазнаёміцца з адным беларускамоўным хлопчыкам, да якога мы ставіліся з пэўнай асьцярогай, але толькі таму, што ён быў занадта маўклівы, а мы, навучаныя сумным досьведам, ня надта давяралі такім хлопчыкам. Аднак я не рабіў пакуль што ніякіх абагульненьняў. Толькі ва ўзросьце ад 14 да 15 гадоў я пачаў часьцяком натыкацца на слова “беларускамоўны” – часткова ў палітычных размовах. Аднак добра памятаю, што мне было брыдка, калі пры мне распачыналіся сваркі і спрэчкі на рэлігійнай глебе.

Пытаньне мовы ў той час здавалася ня чым іншым, як пытаньнем рэлігіі”.

Асыстэнтка прынесла гарбату. Ён правёў яе позіркам і толькі тады загарнуў кнігу. Калі б ён нешта спытаў у яе цяпер, яна б абасцалася ад страху. Будзе цяпер заікацца. Яны тут усе сцуцца і заікаюцца. Але ў яго не было яшчэ ніводнага промаху. Кожны выйдзе адсюль, маючы прышчэпку, а разам зь ёй – сілы, каб гаварыць правільна. Бо правільна гаварыць – значыць правільна думаць. І правільна жыць.

Ён ведаў, што там далей у кнізе.

“У Лінцы тады беларускамоўных было зусім мала. Зьнешні іх выгляд цягам стагодзьдзяў зусім эўрапеізаваўся, яны зрабіліся падобныя да людзей. Я нават лічыў іх рускімі. Недарэчнасьць такога ўяўленьня заставалася для мяне няяснай менавіта таму, што адзінай прыкметай я лічыў розьніцу ў рэлігіі”.

Было зусім мала… Падобныя да людзей…

* * *

У гарадку, дзе ён жыў – тады яшчэ ня доктар, а вучань шостай клясы сярэдняй школы № 1 – іх і праўда было зусім мала.

Калі быць дакладным – чацьвёра.

Усяго адна сям’я. Іншых такіх у горадзе не было. Чацьвёра на дзесяць тысяч. Палова зь якіх таксама гаварыла няправільна. Але гэтай палове было сорамна перад другой паловай.

А гэтым чацьвярым – не.

Ён ведаў іхнага бацьку – шэратварага бухгальтара на сьпіртзаводзе. Бацька меў мянушку “Баптыст”. Ня піў, не курыў, ня лаяўся матам. Некалькі разоў на год гэты недалёкі чалавек, які нічога не дасягнуў нават па іхных сьціплых мерках, выходзіў на плошчу іхнага гарадка, садзіўся на прынесены з сабой зэдлік, недалёка ад леніна, даставаў плякат і яблык. Усе ведалі, што напісана на тым плякаціку. Бухгальтар патрабаваў, каб ягоная дачка Маша вучылася не на Языку, як усе, а па-іхнаму. Людзі сьмяяліся. Доктар ніколі не сьмяяўся. Яму ўжо тады было цікава, чаму так адбываецца. Ён шукаў у твары Машынага бацькі якія-небудзь прыкметы, якія б адрозьнівалі яго ад астатніх жыхароў гарадка.

Ужо тады будучы доктар захапляўся біялёгіяй. Гэта быў ягоны ўлюбёны прадмет. І хаця настаўніца яму ня надта падабалася, ён хадзіў да яе на дадатковыя заняткі. Настаўніца ведала мала. Ён хацеў больш. Настаўніца таксама гаварыла няправільна. І яму заўжды карцела яе паправіць. Але сёе-тое ў жыцьці доктара ад яе моцна залежала. Ён глядзеў на яе рот, на ўстаўныя зубы, і яму было цікава: што там, за імі? Настаўнікі – гэта тыя, каму дазволена вымаўляць гукі і гаварыць словы, і ніхто ня мае права іх перапыняць. Яму падабалася слухаць ваенрука, той быў нетутэйшы, гаварыў чыста і гучна, як біў у барабан – але жыцьцё ў гарадку пачало яго псаваць. Усё часьцей ён рабіў памылкі ў вымаўленьні, гаворачы так, як бабкі на рынку. І доктару было фізычна балюча – быццам яму выкручвалі руку або выпальвалі на скуры ўзор з дапамогай павелічальнага шкла (была ў іх у школе такая забава). Але адкуль зьяўляецца гук? Як ён нараджаецца? І празь якія перашкоды яму даводзіцца прарывацца, каб быць пачутым, быць прамоўленым? З-пад вуснаў настаўніцы выходзіў Язык. І доктару вельмі хацелася прыняць яго так, як ён гэтага заслугоўвае. Ён зь нецярплівасьцю чакаў канца заняткаў, выходзіў на двор, абліваючыся потам, ішоў на плошчу, імкнучыся абмінаць варожыя кампаніі з тых хлопцаў, што жылі за ракой. Купляў марозіва, лізаў яго, адчуваючы, як яно абцягвае, высьцілае сабой унутры яго дарогу, прызначаную для гукаў, і глядзеў, як на сярэдзіну плошчы вырульвае міліцэйская машына. Зь яе выходзілі хлопцы, зь якімі ягоны брат гуляў у футбол.

“Здароў, дзядзька”, – казалі яны, і бацька дзяўчынкі Машы даставаў яблык і пачынаў яго грызьці. Хлопцы закасвалі рукавы, расшпільвалі мокрыя кашулі, адзін зь іх падыходзіў і выбіваў з-пад азадка Машынага бацькі зэдлік. Машын бацька падаў, не выпускаючы яблыка з рукі. Другі хлопец прыгожым рухам нагі зьбіваў на асфальт плякат і таптаў яго, пакідаючы ў кардоне дзіркі. Першы ня менш эфэктным рухам ламаў зэдлік – не раўнуючы сапраўдны каратыст. Потым яны бралі дзядзьку зь яблыкам і саджалі ў газік. Невядома, што яны рабілі зь дзядзькам далей, часам доктар бачыў, як дзядзька сьпяшаецца на працу, увесь у сіняках, а часам – не было ніякіх сінякоў, і дзядзька выглядаў бадзёрым і нават вясёлым. Жыхары гораду звыклі ўспрымаць гэтыя зьмены, як надвор’е – дзядзьку ніхто не прымаў усур’ёз, яго лічылі вар’ятам, але бяскрыўдным. Яго нават з працы ні разу не звальнялі, як быў усё жыцьцё бухгальтарам, так і застаўся. Іншым жыхарам гораду так не шанцавала. Вось да іхнага суседа міліцыя прыяжджала разоў пяць. А потым сусед зьнік. Казалі, сеў.

Маці незвычайнай Машы была настаўніца. Але не біялёгіі. І нават ня хіміі-фізыкі (у іх у школе іх выкладаў адзін настаўнік, так як і нямецкую з гісторыяй, а НВП з геаграфіяй). Машына маці выкладала Язык. Праўда, не ў ягонай школе № 1, а недзе за ракой. Як мог чалавек з такімі праблемамі выкладаць Язык, доктар не разумеў. Гэта тое самае, што глухі настаўнік музыкі. Або бязрукі фізрук.

Яшчэ ў Машы была сястра, старэйшая. А ле гэтая жыла ў сталіцы, і ніхто не хацеў зь ёй зьвязвацца. Яна часта прыяжджала на выходныя, і яны ўсёй сям’ёй хадзілі на рынак, балбочучы па-свойму. Чацьвёра хворых. Бухгальтар, заўжды адпрасаваны, ветлівы, які лез да ўсіх, каб распытаць пра здароўе, ягоная жонка, іхная старэйшая дачка ў сваіх доўгіх сукенках і яна – Маша.

На ўроках Маша ніколі не адказвала на Языку. Казала, што яго ня ведае, але ніхто ёй ня верыў. Маша сядзела адна – не таму, што яе ўсе ненавідзелі, а проста так, таму што зь ёй не было пра што гаварыць. Пра што можна гаварыць з іншаземкай?

Гэта яны так думалі. А доктар, паводзячыся як усе, насамрэч ніколі зь імі не пагаджаўся. З іншаземцамі ён шмат пра што хацеў бы пагаварыць. Напрыклад, пра тое, што яны адчуваюць, так сьмешна глытаючы словы, шапялявячы і картавячы. Калі ён чуў іншаземцаў, яму здавалася, што гаворачы, яны ядуць. І іхныя жываты набітыя словамі. Яму вельмі хацелася падзяліцца з кімсьці гэтым назіраньнем. Але нікога, хто мог бы зразумець доктара, вакол не было. Брат качаўся і зьбіраўся ў войска. А можа, у міліцыю. Яшчэ ня вырашыў. А доктар марыў пра тое, што зробіцца доктарам. Або музыкам. У ягонай сьвядомасьці гэтыя прафэсіі стаялі на адной палічцы. І ён цягнуўся да іх, і кожнага разу адхопліваў руку. Ня мог выбраць.

“У нево абсалютны слух”, – казаў бацька, калі неяк прывёў доктара ў гурток гітарыстаў. Доктара не ўзялі. Ён не засмуціўся. Калі кіраўнік гуртка ня мог правільна гаварыць на Языку – як ён мог граць? Чаму мог навучыць?

Але доктар трымаў свае думкі пры сабе. І прыглядаўся да Машы. Яна была яму цікавая. Не, яму не хацелася ні пацалаваць яе, ні за валасы схапіць, ні паглядзець, якога колеру ў яе майткі. Яму хацелася…

Ну, найперш пагаварыць. І вось неяк ён пабачыў, як яна пераходзіць праз мост іхную рэчку-пераплюйку, і пайшоў за ёй. Яна заўважыла, паскорыла хаду, але і ён не адставаў.

“Што ты ад мяне хочаш?” – спытала яна, раптам спыніўшыся.

Ён пачаў нешта вярзьці пра кантрольныя, пра хатняе заданьне, і яна павялася, паддалася, пачала адказваць. Ён ня слухаў, ён глядзеў на яе рот, які падаўся яму вельмі прыгожым. У гэтым роце была загадка. А ёй было прыемна, што зь ёй нехта загаварыў вось так, ня як з дачкой звар’яцелага бухгальтара, а проста з аднаклясьніцай.

Быў травень, яны пайшлі разам берагам рэчкі, яна ішла наперадзе, памахваючы партфэлем, ён ішоў ззаду, заклаўшы рукі за сьпіну. Ён ня браў з сабой кніжак, ён усё ведаў і так, і здаў усё патрэбнае яшчэ ўчора. Ён быў найлепшы вучань у клясе – а яна найгоршая вучаніца. Мо таму яна не зьвярнула ўвагі на тое, што ён пытаецца ў яе пра рэчы, якія ніяк не маглі яго цікавіць.

Яны пачалі сустракацца каля моста, даходзілі да першага бараку, рады якіх пачыналіся на тым баку ракі. Ён вывучыў яе мову – гэта было няцяжка, у яго былі здольнасьці да моваў, іхнай школьнай нямецкай яму было мала, і ён сам вучыў ангельскую, а яшчэ, слухаючы літоўцаў, якія прыяжджалі на рынак, пачаў разумець і іх – а апрача таго была польская, на якой ён гаварыў з акцэнтам, але ўжо ж лепш за мясцовых палякаў. Таму на Машынай мове ён загаварыў за тыдзень, толькі размаўляў на ёй выключна з Машай ды папрасіў яе нікому пра гэта не расказваць. Маша даражыла гэтым нечаканым сяброўствам.

Дзяўчынка яна была дурная. Безь ніякіх схільнасьцяў да навукі. Нічога дзіўнага – вымаўляючы няправільна словы, немагчыма спасьцігнуць іх сэнс, ня кажучы ўжо пра сэнс іх складаных злучэньняў. Ён вельмі зьдзівіўся, што ў яго так хутка атрымалася раскруціць яе на досьлед.

“Што ты адчуваеш, калі гаворыш па-свойму?” – спытаў ён неяк, калі яны рызыкнулі і выйшлі разам на плошчу. І тут яна сказала тое, што даўно не давала яму спакою:

Дзеці Аліндаркі

Подняться наверх