Читать книгу Жонка на гадзiну - Андрэй Сідарэйка - Страница 3

Гісторыйкі
Падарунак ад сэрца
Сямейныя гісторыйкі
Цюльпаны, ружы i мiмозы

Оглавление

Іх супакоілі. Прадаўшчыцу і Мішку.

Мішка, якога выводзілі з крамы Воўка і Колька, усё ж сказаў на развітанне некалькі слоў. Маўляў, няякасны напітак рэалізуюць, дзяруць немалыя грошы, а пасля сцвярджаюць, што людзей губіць вада.

– А я тут прычым? – апраўдвалася прадаўшчыца. – Якое прывозяць, такое і рэалізуем.

Прадаўшчыца была мілавіднай, сярэдніх гадоў жанчына.

– На Вас зірнуць, то Вы нічога, а людзей дык дурыце, – сказаў у дзвярах Мішка.

– Усе вы так, мужчыны, кажаце, – паляцела наўздагон сумнае, жаночае. – А самі зіркаеце не на прыстойную і прывабную, а на прылавак.

На вуліцы да нас падскочыў Сашка. Утварылася кампанія. Была нядзеля, таму ніхто не спяшаўся. Мішка выцягнуў з кішэні штаноў «зялёны» грошык і пакруціў яго ў паветры перад нашымі насамі. Мы былі не супраць. Дастаўшы з кішэняў купюры рознай вартасці, прадэманстравалі перад Мішкам яго ж трук.

Адным словам, скінуліся.

Мішка з урачыстасцю зазначыў:

– Айчынную вытворчасць патрэбна падтрымлiваць: добрую і розную.

Што ж, купілі таматны сок.

Ужо за прылаўкам, распіваючы другую шклянку цягучай вадкасці, Мішка стаў гаварыць шчыра:

– Бач ты, як у жыцці атрымоўваецца, – пачаў ён здалёк, – да 23 лютага штодзень у каляндар часцей заглядвала Маша, а пасля я.

– Пэўна, «сямейны» каляндар вам прыйшоўся даспадобы, – разважыў Колька.

– Яшчэ б, – у тон адказаў Мішка, – асабліва, калі бачыш перад носам даты такіх грандыёзных маштабаў.

Сашка строга зазначыў:

– А дзе факты?!

Мішка факт выдаў:

– 8 сакавіка ўжо заўтра!

– Хіба?!

Мішка кіўнуў.

Мы дружна пачасалі патыліцы. У адрозненні ад Мішкі, з нас ніхто не меў звычкі заглядваць ў каляндар ні напярэдадні свята, ні пасля яго. Бо жылі адным днём.

– Падарунак ужо выбраў? – пацікавіўся Воўка.

– У тым і справа, што не, – разгублена вымавіў Мішка. – А горш за ўсё тое, што я і не ведаю, што выбраць…

Сашка здзівіўся.

– Як? Зусім няма ніякай думкі?

Чатыры пары вачэй утаропіліся ў Мішку.

– На Новы год скончыліся ўсе, – з сумам кантаставаў той. – Яшчэ напярэдадні нашага першага сямейнага свята я запытаўся ў Машы: «Что тебе подарить, человек мой дорогой?» Яна ж на здзіўленне адказала: «Кветкі». На той час я хадзіў у неадпрасаваных штанах, таму падарыў ёй прас «Алеся». Наступны раз я таксама пачуў знаёмы адказ: «Кветкі». Падарыў Машы патэльню «Tefal». Маўляў, сама, каханенькая бачыш, што я заўсёды клапачуся і думаю толькі пра цябе. І яшчэ шмат якіх добрых рэчаў па парадах рэкламы падарыў я Машы. А на гэты Новы год яна мне кажа: «Ведаеш, любы, для поўнага сямейнага шчасця нам не хапае толькі кухоннага камбайна. Але я не хвалююся, бо ведаю, што знайду яго пад ёлкай у навагоднюю ноч».

– Як у ваду глядзела, – расчаравана ўздыхнуў Мішка. Мабыць, на гэты раз усё ж падару ёй кветкі. Ніколі не здагадаецца!

І Мішка паставіў на прылавак пустую шклянку.

– Тут ёсць паблізу некалькі кропак, – пачаў прыпамінаць Сашка, – дзе гандлююць кветкамі.

…Праз пяць хвілін мы стаялі каля трох кветкавых крам, якія мелі адну і тую ж назву «Кактус».

Мішка абурыўся:

– Хіба тут знойдзеш ружы?

– Можа, за калючкамі кактусаў разгледзім і ружы, – знайшоўся Воўка.

У першай краме вочы ад кветак разбягаліся ва ўсе бакі, як зайцы ад ваўкоў, але паварухнуцца ў натоўпе не было як. У другой прапанова не задаволіла наш спажывецкі попыт. Толькі ў трэцяй нам пашанцавала.

– Вам што? – запыталася адна з двух маладзенькіх дзяўчат-прадаўцоў.

– Нам…

Мішка разгублена паглядзеў спачатку на нас, а потым на прадаўцоў.

– Якія кветкі вам падабаюцца? – не адступала ад нас другая дзяўчына.

– А нам бы зірнуць…

Нас правялі ў глыб залы, сталі паказваць і адначасова расказваць.

– У першых радах у нас цюльпаны. Вось цюльпан «Галандская прынцэса», вось «White dream», «Парад», «Абба». Далей – ружы. Гэта ружа «Гран-пры», гэта «Foreve young», а гэта «Опіум». Апошні рад – мімозы.

Маладзенькая дзяўчына настойліва запыталася зноў:

– Які ваш выбар?

– А хіт сезона? – знайшліся мы.

– А дарыць вы будзеце ад сэрца, або каб адкруціцца?

Мішка, было відаць, на імгненне задумаўся, але, убачыўшы нашы пільныя позіркі, адразу ж ажывіўся.

– А як жа, – пачаў Мішка, – вядома, ад сэрца.

Хаваючы ўсмешку, адна з прыгажунь сказала:

– Тады вам сюды.

Нам паказалі на дальні кут магазіна. Мы рушылі следам.

– Рамонкі, маргарыткі, нарцысы, ландышы, незабудкі – набор самых модных кветак гэтага сезона.

Мішка здзівіўся.

– Вось гэта?!

Мы паглядзелі на кветкі, а потым на кошт.

– Калі так, то такіх кветак я падару Машы хоць ахапак, – не хаваючы свайго задавальнення, сказаў Мішка. – І ад сэрца, і з задавальненнем, і адкручуся заадно, – раскрыў нарэшце ён свае карты.

…Праз некалькі хвілін кожны з нас выйшаў з магазіна са сваім «хітом сезона».

– А ведаеце, як Пушкін пісаў? – запытаўся Колька.

– Як Пушкін – не, а вось Рубцова чыталі.

І Мішка заспяваў не горш за Аляксандра Барыкіна:

Я буду долго

Гнать велосипед.

В глухих лесах его остановлю.

Нарву цветов

И подарю букет…


Мішка прыпыніўся.

– А ўсё ж, Сярожа, – сказаў ён мне, – букет рамонак – гэта не кухонны камбайн. Але ж сэрцу не загадаеш…

Тое, што сказаў мне Мішка, ніхто не пачуў, бо ўсе дружна падтрымалі песню, і таму па бязлюднай вуліцы ляцелі радкі на верш Мікалая Рубцова:

…Той девушке, которую люблю…


Жонка на гадзiну

Подняться наверх