Читать книгу Жонка на гадзiну - Андрэй Сідарэйка - Страница 4

Гісторыйкі
Падарунак ад сэрца
Сямейныя гісторыйкі
Жонка на гадзiну

Оглавление

Аднойчы Антось праглядаў газету і заўважыў на апошняй старонцы аб’яву. Нейкае бюро прапаноўвала патэлефанаваць ім і запрасіць да сябе мужа на гадзіну, які выканае хатнія справы і пазбавіць гаспадыню ад клопатаў.

– Бач ты! – усміхнуўся Антось, закаранелы саракагадовы халасцяк. – Цяпер нават муж на гадзіну ёсць. А жонка?

Ён падышоў да тэлефона, набраў патрэбны нумар: «Зараз пабачым, што такое быць жанатым».

Пачуўся жаночы голас:

– Дзень добры. Вы штосьці хацелі?

– Так, так, – загаварыў Антось. – Я па аб’яве тэлефаную. Тут сказана, што можна заказаць мужа на гадзіну.

– Але.

– Толькі мне муж не патрэбны. Жонку хацеў бы…

На другім канцы дрота ўсё сціхла. А потым усё той жа прыемны галасок адказаў:

– Такіх паслуг мы не прапаноўваем. Але для вас зробім выключэнне.

Дамовіўшыся пра кошт і прызначыўшы час, Антось пачаў чакаць другую палавінку. Думаў, якія хатнія справы задасць «каханай-родненькай», хоць яна мусіла быць такой усяго адну гадзіну.

Нарэшце ў кватэру пазванілі – і Антось пабег да дзвярэй. На парозе стаяла нафарбаваная, модна апранутая маладая жанчына.

– Вы выклікалі жонку на гадзіну?

– Так.

– Ну вось і я, каханенькі! – амаль праспявала жанчына і адразу ж па-гаспадарску пайшла разглядваць кватэру. – Падкажы, калі ласка, колькі мы ўжо жывём у шлюбе?

Антось уключыўся ў гульню.

– А хіба ты не памятаеш, даражэнькая? – пачаў ён гаварыць у такт незнаёмцы. – Гадкоў, мабыць, каля дваццаці.

– Ага. Чаму ж ты тады, дарагі муж, не прыбраў у кватэры? Відаць, увесь гэты час чакаў мяне, седзячы на канапе?

– А як жа! – радасна адгукнуўся Антось. – Вось, думаў, прыйдзе родненькі чалавек, згатуе абед, памые бялізну, прыбярэ…

– Ты што, зусім з глузду з’ехаў? Гэта толькі маладая жонка на такое здольная! А пасля дваццаці гадоў сумеснага жыцця жанчыне, якая выхавала тваіх дзяцей, патрабуецца цішыня. Зразумела?

– Якіх яшчэ дзяцей? – здзівіўся Антось.

– Тых, што ўжо выраслі і недзе гуляюць самі па сабе. Ну, хопіць слоў. Сёння ў мяне добры настрой. Так і быць, памыю табе бялізну і згатую абед. У нас пральная машына ёсць?

– Ёсць, – адказаў Антось.

– Пакладзі ў яе сваю брудную вопратку, насып парашку і націсні на кнопку, – загадала «жонка».

Новаспечаны «муж» усё выканаў.

– Калі машынка спыніцца, не забудзься развесіць адзенне на балконе.

– А што ў нас сёння на абед?

– Паколькі мы з табой на дыеце, то мюслі і зялёная гарбата. Калі гэтага няма, сходзіш у краму і купіш. Так, цяпер твая чарга выконваць сямейныя абавязкі. Памый падлогу, выбі і прапыласось дываны. І не шумі, калі ласка. Не перашкаджай мне размаўляць з сяброўкамі па тэлефоне.

– Што, усе мужчыны так робяць? – удакладніў Антось.

– Пасля дваццаці гадоў сумеснага жыцця – усе. Нават не сумнявайся ў гэтым, каханенькі, – прашчабятала «жонка».

За гадзіну Антось выбіў усе дываны, прапыласосіў іх, памыў падлогу ў кватэры. А яшчэ збегаў у краму і набыў для «палавінкі» мюслі, зялёную гарбату, якую сам ніколі не піў, а сабе купіў пельмені: адзін дзень ён можа абысціся і без дыеты. «Жонка» ж увесь гэты час гутарыла з сяброўкамі па тэлефоне.

Пасля абеду, збіраючыся сыходзіць, яна ўздыхнула:

– Ой, змарылася я ў цябе, каханенькі. Зусім не цэніш ты мяне. Гэта ж трэба, адно і тое ж – прыгатуй, памый, прыбяры… І так двацацць гадоў! Але нічога не зробіш. Калі будзе жаданне, тэлефануй яшчэ: на трыццацігоддзе сумеснага жыцця, напрыклад. Бывай!

Нягледзячы на тое, што Антось замарыўся, як ніколі, у душы ён быў шчаслівы.

– Усе знаёмыя даўно жывуць з жонкамі. Мне ж пашанцавала: пабыў мужам толькі адну гадзіну!

Больш такой паслугай Антось не карыстаўся.

Жонка на гадзiну

Подняться наверх