Читать книгу Жонка на гадзiну - Андрэй Сідарэйка - Страница 5

Гісторыйкі
Падарунак ад сэрца
Сямейныя гісторыйкі
Нататкi халасцяка

Оглавление

Мне абрыдла весяліцца,

Мне абрыдла піць-курыць,

І таму рашыў жаніцца,

Бо хачу сям’ю стварыць.

З песні

Жанчына пазнаёміцца з мужчынам для стварэння сям’і.

З аб’явы

Раней казалі, што ажаніцца і ў гультая спрыту хопіць. У наш час, калі знаёміцца з супрацьлеглым полам стала модна з дапамогай інтэрнэту і СМІ, знайсці сабе жонку зусім проста. Вось і я вырашыў адшукаць каханую сучасным метадам.

Спачатку ўзяўся праглядаць аб’явы ў газетах і часопісах. У адным выданні прачытаў: «Дзяўчына шукае кампаньёна для сумесных паходаў у кіно і прагулак». Чым не варыянт? Пра сур’ёзныя адносіны ні слова, а прагуляцца – справа няцяжкая. Набраў пазначаны нумар, дамовіўся пра сустрэчу.

Па дарозе ў кінатэатр новая знаёмая заўважыла:

– Мужчыны звычайна прыходзяць на спатканне з ружамі.

– Якія ружы? – пытаюся. – У аб’яве пра гэта нічога не было.

– А яшчэ перад кіно заходзяць са спадарожніцамі ў кафэ ці рэстаран, – працягвае, нібы не чуе мяне.

Я не вытрымаў:

– А жанчыны ў такіх выпадках грошай на аб’явы не шкадуюць. Свае пажаданні адразу на паперы выказваюць!..

У выніку паход у кіно не задаўся.

На старонках іншага выдання знайшоў аб’яву: «Зеленавокая прыгажуня з фігурай 90–60–90 жадае пазнаёміцца з багатым мужчынам». Чаму б і не? Мера матэрыяльных каштоўнасцей у кожнага свая. А мой унутраны свет – зусім не раскрытая скарбніца. Таму не раздумваючы тэлефаную і дамаўляюся пра спатканне.

Пры сустрэчы доўга гляджу ёй у вочы. Здаецца, сапраўды зялёныя. Потым дастаю з кішэні складны метр і пачынаю абмяраць яе стан.

– Як вам не сорамна! – крычыць дзяўчына.

– Выбачайце, вопыт вымушае. Жадаю ведаць дакладна, ці варта купляць ружы і ісці ў кафэ.

І сапраўды, падвох: замест пазначаных 90–60–90 атрымаліся ўсе 120–90–120.

– Мне вашы параметры таксама падабаюцца, – кажу ёй, – але ў аб’яве іншае было напісана…

Трэцяга спаткання зусім не адбылося, бо дзяўчына адразу сказала: «Згодная на ўсё. Хоць зараз пад вянец. Але спачатку – самы модны рэстаран, потым – Мальдзівы…»

– Выбачайце, памыліўся нумарам, – хутка пралапатаў я і адключыў тэлефон.

Пасля гэтага сам размясціў у газеце аб’яву: «Забяспечаны бізнесмен шукае сімпатычную дзяўчыну для сур’ёзных адносін». Вядома, наконт бізнесмена я зманіў, але чаго не зробіш дзеля таго, каб ажаніцца.

Пісьмы на электронную пошту пачалі прыходзіць адно за адным. Першае з іх гучала так: «Выйсці замуж за бізнесмена – мая мара». Думаю: «Ага, падстаўляй кішэнь!» Таму адказваю: «Прабачце, калі ласка, але памарце пра каго-небудзь іншага».

Другое было наступнага зместу: «Я звычайная сімпатычная дзяўчына, якая не мае грошай. Канечне, хочацца выйсці замуж па каханні. Але ад забяспечанага мужа не адмовілася б». Даю адказ: «Варта заўсёды верыць у цуды».

Трэцяе аказалася кароткім: «Не жадаеце быць маім забяспечаным зайчыкам?» Адказваю: «Згодны быць толькі львом. А капусту шукайце ў іншым месцы».

Пасля прагляду электроннай пошты заглянуў у сацыяльныя сеткі. На адной старонцы дзяўчына напісала так: «Жадаю мець побач моцнае мужчынскае плячо, у якога будзе дастаткова грошай на нашу будучую кватэру». На другой значылася: «Жадаю мець сапраўднага мужчыну, у якога ўсё ёсць». На трэцяй адразу папярэджвалі: «Хлопцам з перыферыі не адказваю».

Так у мае «сеткі» ніхто і не трапіў. Але вопыт з’явіўся.

На гэтым я вырашыў прыпыніць пошукі будучай жонкі. Мне ж толькі сорак гадоў, пачакаю яшчэ. Можа, якія іншыя – больш новыя – метады пошуку з’явяцца?..

Жонка на гадзiну

Подняться наверх