Читать книгу Жонка на гадзiну - Андрэй Сідарэйка - Страница 6
Гісторыйкі
Падарунак ад сэрца
Сямейныя гісторыйкі
Як Вiнцук «хваробы» пазбавiўся
ОглавлениеВінцук быў заўзятым футбольным балельшчыкам. Часам увесь дом чуў, як ён святкаваў гол. Да таго ж не абыходзілася без абавязковага атрыбуту – піва – і каментавання ходу матча.
Гэта не падабалася жонцы Аўдоцці, якой даводзілася самастойна займацца хатнімі справамі. Аднойчы яна не вытрымала і звярнулася да мужа з папрокам:
– Ты б хоць кран адрамантаваў! У мяне адной на ўсё рук не хапае.
Вінцук на імгненне адарваўся ад тэлевізара, зірнуў на жонку.
– А ты лічыш, што мне лёгка? Пасля футбола мне ні на што іншае моцы не хапае. Эмацыянальнае выгаранне асобы. Чула пра такое? Вось што робіць са мной гэткая «хвароба».
– І яе не можа вылечыць ніводны ўрач? – не паверыла жонка.
– Не. Толькі цуд, – ціха адказаў мужчына.
Аўдоцця папрасіла мужа не хвалявацца, а лепей легчы ды адпачыць, а сама пайшла працаваць далей. Мужчына ж задаволена ўсміхнуўся і адправіўся выконваць пажаданне жонкі.
На наступны дзень пасля працы Вінцук па звычцы пачаў шукаць на кухні вячэру. Але яе не было. Ён зайшоў у залу. Там перад тэлевізарам на канапе сядзела Аўдоцця, глядзела серыял і лузгала семкі. Вінцук ад такога відовішча ажно прысвіснуў.
– Чаму не сустракаем любімага мужа?
Аўдоцця пусціла слязу і шэптам прамовіла:
– Захварэла я, Вінцук. Цяжкая хвароба мяне апанавала, ніякі ўрач не можа з ёю справіцца.
– Што яшчэ за хвароба? – занепакоіўся мужчына.
– Тэлесерыялізацыяй завецца. Пакуль не пагляджу вечарам усе серыі любімых кінастужак, за ніякую хатнюю работу рукі не бяруцца. Так што ты сам як-небудзь на кухні спраўляйся. Дый і мяне, хворую, частуй.
Незадаволены Вінцук пайшоў гатаваць вячэру. Тое ж яму давялося рабіць і на наступны дзень, і ў іншыя. Напрыканцы тыдня Вінцук звярнуўся да жонкі:
– Даражэнькая, мне б вопратку папрасаваць…
– Не ведаю, ці здолею, сёння самы пік хваробы настаў, – стомлена адказала жонка.
Тут Вінцук не вытрымаў.
– Я не ведаю, што гэта за хвароба такая – «тэлесерыялізацыя», – але вылечыць яе змагу. Трэба выключыць тэлевізар і забыцца на яго існаванне!
– А ці не выявяцца нейкія пабочныя эфекты, калі мы тэлевізар вынесем на балкон? – здівілася жонка.
– Не. Калі не глядзіш, то і не «хварэеш», – адказаў мужчына і пачаў адключаць тэлевізар.
– Колькі вольнага часу ў нас адразу з’явіцца… Тады, можа, кран адрамантуеш? – запыталася Аўдоцця.
– Канечне. Хіба я не гаспадар у хаце? – рашуча прамовіў Вінцук і пайшоў па інструменты.
Аўдоцця яшчэ з хвіліну пасядзела на канапе, а затым, напяваючы вясёлы матыў, адправілася на кухню. У душы яна была шчаслівая і ганарылася сабой: ніводны ўрач не мог вылечыць мужа, а яна за тыдзень ад жудаснай хваробы пазбавіла. Ці ж гэта не сапраўдны цуд?