Читать книгу Жонка на гадзiну - Андрэй Сідарэйка - Страница 7
Гісторыйкі
Не з той нагi
Офісныя гісторыйкі
ОглавлениеГрафiн
Гэта гісторыя адбылася ў рэдакцыі адной гарадской газеты. Рэдактар там неяк сказаў свайму намесніку:
– А прынясі ты мне вады, Рыгор Данілавіч.
– Гэта мы зараз, Пятро Андрэевіч, – падхапіўся той.
І графін са стала ўзяў. Аднак, выйшаўшы з кабінета, падумаў: «А сакратарка ў нас на што?.. Я хоць і намеснік, але ж ваду гэтаму вепруку насіць не стану».
З гэтым ён паставіў графін на стол у прыёмнай. Сакратарка яго, вядома ж, убачыла. Падумала: «Ну добра, шэфу – то кавы, то гарбаты. А тут яшчэ і намесніку?.. Ды яму толькі моду пакажы… Не на тую напалі!»
Словам, абурылася кабета і занесла графін у аддзел палітыкі.
Супрацоўнікі яго таксама здзівіліся, бо сакратарка ж, як ты ні круці, ім не начальніца… Таму графін яны перадалі ў аддзел гарадскога жыцця.
Але хадзіць па ваду там таксама не пажадалі, і графін апынуўся ў аддзеле культуры.
– Мы, безумоўна, людзі інтэлігентныя, – адзначылі пра сябе тамтэйшыя дзяўчаты, – але ж не настолькі…
У кабінеце вёрсткі ўсе шчыравалі над новым нумарам, таму графін аддалі прыбіральшчыцы, якая прыходіла з заявай на адпачынак. «Гэтага мне яшчэ не хапала – ваду ім насіць», – пакрыўдзілася кабета і аднесла графін … назад у прыёмную.
Туды (і якраз жа ў гэтую хвіліну!) са свайго кабінета выйшаў рэдактар. Убачыўшы, што графін па-ранейшаму пусты, ён вырашыў, што намесніка некуды выклікалі, і пайшоў па ваду сам. А паколькі пачаўся абед, то сакратаркі на месцы не было, і куды знік графін, ніхто не ўбачыў…
Вярнуўшыся з абеда і згледзеўшы, што графіна з вадою няма, намеснік выклікаў да сябе сакратарку:
– Дзе графін? – спытаў у яе. – Шэф патрабуе.
Гэта крута мяняла справу, таму сакратарка ледзь не лёцьма кінулася ў аддзел палітыкі. Там, пачуўшы, што вада патрэбна рэдактару, а не ёй, сказалі: «Адну хвілінку», – і паімчаліся ў аддзел гарадскога жыцця, адтуль – у аддзел культуры…
Нарэшце высветлілі, што апошняй, хто бачыў прапажу, была прыбіральшчыца. Яе і папрасілі зайсці да намесніка, а ўжо разам з ім – у кабінет да шэфа.
Убачыўшы перад ім графін (ды яшчэ і паўнюткі!), намеснік зусім разгубіўся.
– Што вы хацелі, Рыгор Данілавіч? – спытаў у яго галоўны.
– Мы пад-думалі, – знячэўку стаў заікацца той, – можа, вам генеральную прыборку варта было б зрабіць?..
– Згодзен, – сказаў шэф.
А вось што потым сказала прыбіральшчыца намесніку, не чуў ніхто.
Не з той нагi
Раніцай да сябе выклікаў шэф.
– Вы ў Першамаі прыняць удзел жадаеце? – утаропіўшыся пагрозлівым позіркам, запытаўся ён.
Я задумаўся.
– Што вы стаіце, як укопаны? – запытаўся Іван Іванавіч зноў. – Дык так ці не?
Я сціснуў кулакі, сабраўся з духам.
«Усё ж, – думаю, – не кожны дзень тут пытаюцца тваёй думкі».
Але, як і заўжды, адкрыць рот не паспеў.
– І не думайце адмаўляцца! – пачуў я. – Усё проста: ад прадпрыемства – удзельнікі, удзельнікам – па заслугах.
– А за заслугі? – сарвалася неяк з языка.
– Усе людзі, як людзі! – абурыўся шэф. – Калі з’яўляюцца сюды, языкі ў іх адразу ж дзе патрэбна падвешваюцца. А ў вас, як бачу, ён свярбіць. Сваімі нетактоўнымі паводзінамі і некампетэнтнымі пытаннямі вы толькі ставіце палкі ў колы сабе і перашкаджаеце вырашаць праблемы простых рабочых мне.
– Выбачайце, – падціснуўшы хвост, вымавіў я, – перашкаджаць вырашэнню намеру не меў.
І задаў драпака з кабінета.
А ў абедзенны перапынак заглянуў у сталовую. Як высветлілася, не з той нагі сёння падняўся не толькі дырэктар, але і кухар.
– Вам што?
– Я, – кажу, – заказваў боршч, а мне падалі суп.
– Што заказвалі, тое і падалі, – адмахнуўся кухар. А потым дадаў: – Супу ў меню сёння няма.
– У меню, можа, і няма, – не разгубіўся я, – але ён яўна ёсць у маёй талерцы.
Кухара нібы муха ўкусіла.
– Бачыш, – кажа ён мне, – суп яму не боршч! А мне што, з-за гэтага апошнюю порцыю ўчарашняга супу ў памыі выліваць? Выручку губляць?
Пад такім ціскам адчуў сябе не ў сваёй талерцы. А кухар, заўважыўшы, што я разгубіўся, яшчэ вышэй узняў галаву.
– Усе людзі, як людзі, ядуць так, што аж за вушамі трашчыць! Звычайныя катлеты ідуць па кошце адбіўных, і не скардзіцца ніхто. А вы заварылі тут кашу. Сваімі недарэчнымі пытаннямі толькі апетыт наведвальнікам псуяце і ходу абслугоўвання працоўных мас замінаеце.
Ад такога нечаканага супадзення і здзіўлення ў мяне аж язык прыліп да нёба.
– Прабачце, – кажу, – абслугоўванню мас замінаць не хацеў.
І даў лататы са сталовай.
Расчараваны такім няўдалым днём, зайшоў пасля працы ў краму, каб купіць малака. Ужо з якой нагі паднялася сёння прадаўшчыца, не ведаю, але яна ўбачыла, што я засяроджана разглядваю поліэтыленавы пакет, занепакоілася і насцярожана пацікавілася:
– Штосьці не так?
– Усё так, – адказваю, – тлустасць пазначана, завод-вытворца таксама. А вось тэрмін рэалізацыі знайсці ніяк не магу.
Прадаўшчыца занепакоілася яшчэ больш.
– А вы з санэпідстанцыі? – асцярожна і ласкава запыталася яна зноў.
– Не, звычайны спажывец.
– Ну і паводзьце сябе адпаведна, – параіла мне прадаўшчыца. – Няма чаго тут на пакет глядзець, усё адно, што бык на новае шула. І дадала: – Усе людзі, як людзі, бяруць і пытанняў не задаюць. Дый часу на гэта няма. Бывае, людзей у краме што селядцоў у бочцы. Якія тут пытанні? Тут сабе і абважыш, і рэшту недадасі. І ціха ўсё. А вы ўзнялі буру ў шклянцы вады. Цікавіць тэрмін рэалізацыі, дык і шліце лісты на пазначаны адрас. А некампетэнтнымі сваімі пытаннямі няма чаго тут прадстаўніка гандлю адрываць ад працы.
«Змовіліся яны сёння, ці што?»
– Выбачайце, – кажу, – адрываць прадстаўніка і ў думках не было.
Я разлічыўся і мяне як ветрам з крамы садзьмула.
У расчараванні так у той вечар і заснуў.
А ўжо на наступны дзень, баючыся задаваць некампетэнтныя пытанні, я хутка разлічыўся ў краме і ўзяў у сталоўцы звычайныя катлеты па кошце адбіўных. Канечне, у краме крыху аблічылі і прадалі прадукт, тэрмін рэалізацыі якога даўно ўжо мінуў, а ў сталоўцы прыйшлося пераплаціць. Затое мне ветліва ўсміхнулася прадаўшчыца, а кухар, прыязна пахлопаўшы па плячы, пажадаў прыемнага апетыту.
Цяпер я мог смела ісці да шэфа: з якой бы нагі ён ні ўстаў, мае надзвычай тактоўныя паводзіны яму спадабаліся б.
Шчаслiвы дзень
Новы шэф быў злым як авадзень. Не паспеў я спазніцца на працу, як выклікаў да сябе.
«Ну, усё, – вырашыў я, – пэўна, звольніць сабраўся».
Нерашуча пераступіў парог кабінета і раптам пачуў:
– Вы, пэўна, стаміліся, дык сядайце, калі ласка. Я вас разумею: гэтыя трамваі, метро. Пакуль да працы дабярэшся, з ног звалішся.
Я кінуў позірк на крэсла. У ім нікога не было.
«Хто ж гэта са мной размаўляе? – падумаў я. – Ці, можа, мне гэта ўсё толькі здалося?»
– Што ж вы стаіце? – пачуў я зноў. – Сядайце. А калі я што не так сказаў, то прабачце, калі ласка.
Я няўпэўнена прысеў на першае крэсла, якое было бліжэй да выхаду, і ўрэшце ўбачыў шэфа. Ён стаяў спінай каля акна, трымаючы рукі ў кішэнях.
– Як вашыя справы? – пачуў я зноў лагодны голас.
«Ды гэта проста намеснік, таму і гаворыць так ветліва!» – падумаў я і няўпэўнена вымавіў: