Читать книгу Вясковыя гісторыі. Дваццаць год апасля - Дзмітрый Кудрэц - Страница 2

Уступ

Оглавление

Дваццаць год пранеслася, нібы бліскавіца ў небе. Грымнулі, палыхнулі і зніклі дзесьці сярод шэрых хмар.

Колькі ўсяго здарылася за гэтыя дваццаць год і не пералічыць. А калі сесці ды паразважаць, то і ўспомніць асабліва і нечага.

Шмат весак знікла за гэтыя дваццаць год, пакінуўшы за сабой толькі тапаграфічныя назвы ды закалочанныя хаты. Старыя гаспадары з’ехалі, альбо памерлі, а новых не знаходзілася. Пакупнікі не спяшаліся выкласці грошы за куток вясковасці ў чорта на рагах. Вось і стаяць пакінутыя бацькоўскія сядзібы ад лета да лета з агаленнымі вокнамі, някошанымі межамі і пакасіўшыміся платамі ў чаканні, калі на пару дзен з’явяцца нашчадкі, каб адпачыць ад гарадскога гвалту і абабраць тое невялікае, што саспела на здзічэўшых кустах парэчак, агрэсту ці маліны.

У адрозненне ад іншых, веску Сіні Бор мінаваў гэткі тужлівы лес. Яна выстаяла, выжыла, нават пашырылася. З’явіліся новыя хаты, новыя людзі, новыя законы. Прыйшла новая мода на аграгарадкі. Вясковае кіраўніцтва, згодна з цыркулярам аднекуль зверху, адгрохала цэлую вуліцу аднолькавых, нібы цацачных, домікаў. Стоячы пасярод голага поля, яны выклікалі і зайздасць і непаразуменне – хто ж будзе жыць у гэткіх дамах, хаця і збудаваных па навейшых тэхналогіях і з навейшых матэрыялаў, але ж тымі самымі незграбнымі рукамі, што і дваццаць год назад. Кіраўніцтва лічыла, што такім чынам у веску панаедзе шмат моладзі, прыб’юцца свежыя працоўныя сілы. Але, як і звычайна, кіраўніцтва памылілася. Цацачныя домікі мазолілі вочы мясцовым жыхарам, як і амаль палова закінутых, забытых богам і людзьмі старых хат.

Шмат падзей адбылося за гэтыя дваццаць год. Чаго толькі не перажылі выскоўцы за гэты час, чаго толькі не спазналі. Хварэлі камерцыяй. Кідаўся ў таргоўлю хто толькі мог. На першым паверху канторы прымайстравалася адразу некалькі камерцыйных крам. І хаця асартымент і цэны там былі амаль такія ж, што і ў магазіне, людзі ахвотней ішлі ў камкі, асабліва ў той, дзе быўшая магазіншчыца Нінка таргавала сэканд хэндам, а карацей кажучы абноскамі. А чаго? Мы не гордыя. Можам і ў абносках пахадзіць. Нам не прывыкаць. Ды і навошта плаціць ў трыдарага, калі можна на тыя грошы купіць у тры разы болей? І не важна, што на паліто не хапае гузіка, ці спадніца фарбай заляпана. Рукі есць – гузік прыш’ем, фарбу адмыем і будзем хварсіць у абноўках.

Прайшло колькі год і ад тых камерцыйных крам засталіся толькі ўспаміны. І толькі Нінкіна справа працвятала. Праўда Нінка са сваей гаспадаркай перебралася ў сваю хату. І ўжо не пакупнікі цягнуліся за навінкамі, а сама Нінка званіла суседзям і летала па весцы, прапануючы новыя кофтачкі і амаль ненадзеваныя штаны.

Пасля камерцыі пайшла мода на еўрарамонты. Вось тут выдзелываўся хто як мог. Цягнулі што маглі і адкуль маглі. На старую, сто разоў фарбаваную падлогу клалі лінолеум ці, хто пазаможней, ламінат. Няроўныя сцены аздаблялі бліскучымі пярэстымі шпалерамі. Столь таксама не заставалася без увагі. Аббівалі гіпсакартонам, фарбавалі ў нязвыклыя колеры, выводзілі розныя мудрагелістыя ўзоры. Не забываліся і пра мэблю. І на змену старым скрыпучым ложкам і канапам прыходзілі мяккія вугалкі і спальныя гарнітуры, якія ледзь-ледзь уцісківаліся ў непрыстасаваныя для іх памераў пакойчыкі. Але што зробіш? Жыцце патрабуе перамен. Усім хацелась жыць не горш, як у горадзе, ці хаця б не горш як у суседзей. Але вось толькі сродкі і магчымасці не кожнаму дазвалялі ўваасабіць жадаючае. Вось і паходзілі тыя еўрарамонты на еўранедадзелкі.

Потым была мода на кветкі. Торкалі іх дзе толькі можна. У старыя шыны, ў іржавыя каструлі, ў дзіравыя тазікі, якія былі раскіданы па ўсяму двару, прымайстраваны на плоце, на сценах. Той, хто быў з рукамі і з фантазіяй, будаваў цэлыя піраміды з рэек і дроту, ўпрыгожваючы іх дзівоснымі кветкамі, купленымі на базары, прывезеннымі з поўдня, выпісаных па каталогах. Карацей кажучы – вылупляліся, як маглi. Але ўсе гэта на самой справе хараством было толькі на малюнках. Ну не жадаюць галандскія цюльпаны ды паўдневыя дрэўцы расці на нашай зямельцы. Ды і дагляд за кветкамі патрэбен – паліваць, палоць, падкармліваць. Валтузні шмат. Не кожны адолее. Вось і цвілі тыя кветкі ў тых дварах, дзе гаспадары былі больш уважлівымі і цярплівымі. А ў астатніх клумбы i кветнікі больш паходзілі на густыя зараснікі пустазелля.

Адцвілі кветкі, пачалася мода на святы. Не на тыя, што спрадвечна святкаваліся нашымі продкамі, а на новыя, перанятыя невядома дзе і невядома ў каго. І кожны год нават самая маленькая весачка праводзіла Дзень першага снапа, Дзень першай баразны, Дзень першага снега, Дзень вескі… Забываліся пра сапрэўшае сена, паедзеную жукамі бульбу, няполатыя градкі і ішлі святкаваць. Шчодра, шчыра. З песнямі, танцамі, выпіўкай, закускай. Рвалі глоткі, збівалі далоні, шануючы ўзнагароджаных жыхароў у самых розных намінацыях – самы лепшы трактарыст, самы лепшы жывелавод, самы лепшы двор і так далей… І штогод намінантаў станавілася ўсе болей і болей. І штогод бібліятэкарка Верка атрымлівала прыз за самыя прыгожыя кветкі. І штогод яна несла дадому чарговы будзільнік і букет, нарванный на ейным жа двары.

Потым… Ды чаго толькі не было потым. Перажылі ўсе. І змены, і крызісы, і грошы ў мяшках насілі, і чаргу за малаком з шасці раніцы займалі, і ўселякія там інфляцыі, дэвальвацыі – словы, пра якія ніколі і не чулі, а тут выпрабавалі на сваей шкуры.

Двацаць год прайшло… Памяняліся звычкі, устоі. Змяніліся людзі. Сталі нейкія абасобленыя, засмучоныя, азлобленыя. Усе кудысьці спяшаюцца, бягуць, ляцяць. Штось прыдбаць, купіць, памяняць…

І некалі спыніцца, заплюшчыць вочы і надыхацца ліпава-палынным водарам.

Некалі заблукаць у някошанае поле і акунуцца з галавой у рамонкава-званочкавы квецень.

Некалі зайсці да суседа і пабалакаць ні аб чым, пасмяяца над сваей недарэчнасцю, перамыць костачкі вясковаму кіраўніцтву ці сваім сваякам…

І некалі за гэтай мітусней і бясконцымі праблемамі, ствараемымі самімі ж, проста жыць.

Жыць, не гледзячы ні на якія перамены і перабудовы.

Жыць, не спяшаючыся і не турбуючыся пра тое, што чакае заўтра.

Жыць, расці, ажаніцца, нараджаць дзяцей i памiраць, калі надыдзе час.

Жыць па сваіх, правераных часам і продкамі, а не па прыдуманных кімсьці законах.

Жыць самім і даваць жыцце іншым.

Вясковыя гісторыі. Дваццаць год апасля

Подняться наверх