Читать книгу Вясковыя гісторыі. Дваццаць год апасля - Дзмітрый Кудрэц - Страница 3
Эпапея з сабакам
ОглавлениеНарэшце Пятрова мара здзейснілася. Мара ўсяго ягонага недарэчнага жыцця. Пазбавіўшыся ад каровы і ад уселякіх з ею звязанных турбот, падкапіўшы год за дзесяць, а мо і за болей, прываблівую сумму грошай, Пятро ў згодзе з жонкай купіў машыну. І не якую там небудзь развалюху з рук, а новую, з магазіну, некалькі дзен назад прыгнаную з заводу. Пашанцавала, як кажуць. Ахвочых было шмат, але ж дасталася яна менавіта Пятру. Канечне, тут не абыйшлося без таго, каб камусьці не падмазаць, перад кімсьці не пакланіцца, кагосьці не аблапошыць. Але ж гэта таго стоіла.
Бліскучая, непаразумоўнага пунсовага колеру машына стаяла цяпер у Пятровым двары і мазоліла вочы ўсей весцы.
Пятро не спяшаўся абкатываць сваю пакупку. З ранку і да позняга вечара ен хадзіў кругамі вакол машыны з анучай, старанна і клапатліва сціраючы пыл з капоту. Нават сваей жонцы больш чым за пятнаццаць год сумеснага жыцця ен не аказваў столькі ўвагі, як гэтаму даўно жаданаму набытку. Нінка нават пачала раўнаваць яго да гэтай, як яна выражалася, груды жалеза.
– Ну колькі можна? – абуралась яна. – Ну колькі можна вакол яе хадзіць? Не намілаваўся яшчэ? Не нацалаваўся? Давай ў хату! Вячэра стыне!
Пятро кінуў улюблены позірк на машыну і, не жадаючы спрачацца, накіраваўся у хату. Павячэраўшы, ен яшчэ раз глянуў праз вакно на сваю каханку і лег спаць. Нінка, нагрымеўшыся на кухні каструлямі, некалькі разоў збегаўшы на двор, у хуткім часе падлезла пад мужыковы бок.
Не спалося. Варочалася з боку на бок, пытаючысь заснуць, але сон не йшоў. Ды яшчэ Пятро, як на зло, даваў храпака над самым вухам. Нінка дарма тыкала яго ў бок – Пятро працягваў храпець. Стаміўшыся змагацца с мужыковым храпам і бяссоніцай, Нінка перавярнулася на спіну, закінула рукі за галаву і стала разважаць:
– Трэба заўтра Пятроўне пра грошы напомніць, а то кофту два месяцы назад узяла, а грошы да сяго часу не аддала. Потым трэба Вользе пазваніць, сказаць, каб яна больш не вазіла чаравікі трыццаць шостага памеру. У нас такія нават дзеці не носяць. Павымахалі ўсе! Толькі розуму не набраліся. Ды што малыя? Тут у дарослых з розумам праблемы. Вунь, як храпіць. А што яму? У яго галава ні аб чым не баліць. Устаў, пад’еў і пайшоў сабе па весцы шоргацца. Нічога яму не трэба – толькі з машынай сваей гуляе.
Нінка перавяла погляд на вакно. Там на двары, ззяючы ў месяцовым святле свежай пунсовай фарбай, стаяла новенькае аўто.
– Але ж з машынай добра, – супакойвала яна сама сябе. – Не трэба нікога прасіць. Нікому кланяцца. Сеў, ды паехаў, куды захочаш. Хочаш у лес, хочаш – у горад. Праўда на бензін прыходзіцца траціцца, але што зробіш? Дарагія рэчы патрабуюць затрат. Ды і куды зараз без транспарту?
Нінка зноў зірнула ў вакно. Машына стаяла на месцы.
– Толькі клопату з ей. Ужо колькі Пятру кажу – зрабі гараж. Вунь колькі пра крадзяжы гавораць. Нават банкі ў гораде грабяць. Сейфы ўскрываюць. А тут што? Веска. І не ўпільнуеш. А потым шукай, дзе хочаш. Ды і хто шукаць будзе? Івончык на пенсіі. А новы ўчастковы – бясплатны дадатак да часопiса «Мурзiлка». Карысці з яго аніякай.
Нінка прыслухалася. На двары сонна гаўкаў Тузік. Пятро прывалок сабаку ад сваяка ў той жа дзень, калі купілі машыну. Сабака быў ладны, пародзісты. Пятру не раз прапанавалі прадаць сабаку. Грошы немалыя давалі. Той толькі аднеківаўся. Такі сабака і самаму патрэбны. Вялікі, амаль з цяля, чорны, мардасты Тузік нікога, акрамя Пятра да сабе не падпускаў. Нават на Нінку рычаў і пазіраў коса. У такога не тое што машыну з пад носу, травіну ля дарогі не адарвеш. Толькі вось назвалі яго смешна – Тузік. Для такой тварыны самае імя было б Д’ябал, альбо Чорт.
Нінка яшчэ раз прыслухалася. Тузік заціх.
– Заснуў пэўна, – падумала Нінка і пазіхнула.
Пятро перавярнуўся на другі бок і перастаў храпець.
– Слава богу! – Нінка падбіла падушку. – Заўтра нікуды яго не пушчу. Ні на якую рыбу, ні ў якія грыбы. Хай гараж будуе. Хутка дажды пачнуцца, што з машынай станецца? Такія ж грошы плочаны!
Нінка яшчэ раз салодка пазіхнула і не заўважыла, як заснула.
Прачнулася яна ад лязгату ў карыдоры і мацюкання Пятра.
– Тваю макаўку! – абураўся мужык. – Не, ты толькі паглядзі! Паразіты! Рукі, ногі ім паабрываць!
– Што здарылася? – Нінка перапалохана ўскачыла з ложку. – Ніяк машыну ўкралі?
– Ды не! – Пятро кінуўся камусьці названіваць. – З машынай усе ў парадку. Тузіка сперлі!
– Як гэта сперлі? – не зразумела Нінка.
– А вось так! – Пятро нярвова круціў тэлефонны дыск. – Далі яму напэўна нейкай трасцы, каб ен заснуў і сперлі. Паразіты!
– Мо сам адарваўся?
– Адарваўся! З такога ланцугу не адарвешся. Ды і ашэйнік ля будкi валяецца. Сам жа ен не мог яго зняць.
– Не мог, – пагадзілася Нінка.
– Каб ім павылазіла ўсім! – не сціхаў Пятро. – Такія грошы – кату пад хвост.
– Якія грошы? – здзівілася Нінка.
– А ты думаеш сваяк мне дарма такога сабаку аддаў? Зараз табе! Ведаеш, колькі такія шчанюкі ў горадзе каштуюць?
Нінка нічога на гэта не адказала. Галоўнае, што машына была ў сахраннасц,. а Тузік яе нісколечкі не турбаваў.
– А каму гэта ты названіваеш? – пацікавілася Нінка, прыймаючыся гатаваць снеданак.
– Новаму ўчастковаму. Як яго там? Камарову.
– Найшоў каму званіць! – усміхнулася Нінка. – Ды і што ты яму скажаш? Што ў цябе сабаку сперлі? На смех толькі сябе падымеш. Людзі прападаюць і нікому справы няма. А тут сабака!
Пятро паразважаў хвілінку і паклаў трубку на месца. Потым устаў, пашоргаў у шафе і накіраваўся на вуліцу.
– Куды ты? А есці?
– Потым! – адмахнуўся Пятро і выйшаў з хаты.
З«явіўся пад вечар. Хмуры і злы.
– Ну і дзе ты шастаў? – накінулася Нінка на мужыка. – Я ўжо і не ведала што думаць. Падаўся кудысьці, ні слова не сказаў.
– Па справах хадзіў, – незадаволена прабурчэў Пятро.
– Па якіх яшчэ справах? – не зразумела Нінка.
– Там, на двары… – Пятро махнуў рукой. – Сама ўбачыш.
Нінка выскачыла на двор. Хвілін праз пяць яна ўскачыла ў хату і залямантавала:
– Табе што рабіць больш няма чаго? Табе грошы дзяваць некуды? Навошта ты гэтага шчанюка прыпер? Табе аднаго мала было? Хочаш, каб і гэтага сперлі?
– Не сапруць, – Пятро прапускаў міма вушэй жонкін лямант.
– Не сапруць! – не сцiхала Нiнка. – Калі Тузіка сперлі, гэтага і падаўна сапруць.
– Ну гэта мы яшчэ паглядзім, – Пятро хітра пасмейваўся.
Нінка плюнула і не жадаючы больш спрачацца, занялася хатнімі справамі.
– Ведаеш, што, – толькі і сказала яна, – калі заўтра за гараж не прыймешся, сам напару са сваім сабакам будзеш машыну пільнаваць! Зразумела табе?
Пятро прамаўчаў.
Ноч зноў не спалі. Прыслухоўваліся. Пятро на гэты раз запіхнуў сабаку ў аўтамабiль. Калі хто спакусіцца на жывеліну – не дастане, а калі хто пазарыцца на машыну – сабака падыме гвалт. Але на двары было ціха.
– Нінка праўду кажа, – разважаў Пятро, – трэба гараж будаваць. Колькі машыне на двары стаяць? Ды і інструмент будзе куды скласці. Нінка колькі разоў намагалася яго з кладоўцы выкінуць. Усе! Заўтра пайду да Міколы, калі той будзе цвярозы, і пачнем. Дня за тры, думаю, збудуем. Галоўнае дах навесці, а там…
Пятро павярнуўся да сцяны і ціха захрапеў.
Нінка таксама ціха пасапывала на вуха мужыку. Гэтая гульня з сабакамі, з незбудаваным гаражом і начнымі вартамі ей парадкам надакучыла. Заўтра, вырашыла яна, Пятру прадыхнуць не дам, пакуль не збудуе гараж і не пазбавіцца ад сабакі. Заўтра. А пакуль спаць.
Ранкам лямантаваў Пятро. Сонная Нінка нават не зразумела, што здарылася. Накінуўшы халат, яна выскачыла на двор. Пятро насіўся кругамі вакол машыны і равеў:
– Ды што гэта за трасца такая? Не, ты паглядзі на яго! Мала таго, што ен у машыне нагадзіў, дык ен і аббіўку ўсю падрапаў! Чорт бы пабраў сваяка з яго сабакамі!
Зразумеўшы ў чым справа, Нінка адразу кінулася ў атаку:
– Вось што, Пятро, мне гэта ўжо папярок горла стаіць. Цягні гэтага сабаку адкуль прыпер! Каб я яго больш не бачыла! І больш ніякіх сабак! Ты мяне чуеш? Ніякіх! А наконт машыны… Як хочаш, але каб сення ж к вечару гараж стаяў! А то ты сам замест сабакі будзеш…
І Нінка прыпомніла яшчэ з пару-тройку мужніных грахоў. Выгаварылася, выліла ўсе, што набалела і вярнулася ў хату.
Пятро тужліва пагледзеў на падраную аббіўку, на ласціўшагася ля ног сабаку і нехаця накіраваўся да Міколы.
Увечары ўсе было гатова. Сабака адправіўся назад да сваяка, а новая машына стаяла ў новым гаражы. Пра тое, каб абмыць справу Пятро нават і не заікаўся. З Міколай расплаціліся бутэлькай гарэлкі. Грошы браць ен не стаў, затое не адмовіўся ад вядра мінулагодняй бульбы і трохлітровага слоіка з саленымі гуркамі.
Пакуль ішло будаўніцтва, Нінка носу на двор не паказвала. Корчыла з сябе пакрыўджаную. Толькі позна вечарам, выносячы смецце, яна, нібы ненацкам, абыйшла гараж з усіх бакоў, прыймаючы работу.
– Можа, калі хоча! – задаволена бухцела яна. – Вунь які ладны гараж атрымаўся. Нават жыць можна. А ўсе рукі не даходзілі! Каб не гэтыя сабакі, то і невядома колькі б яшчэ чакаць давялося.
Нінка памацала замок, правяраючы ці закрыты, і вярнулася ў хату.
У гэтую ноч яны з Пятром спалі спакойна.