Читать книгу Вясковыя гісторыі. Дваццаць год апасля - Дзмітрый Кудрэц - Страница 5

Суперцэмент

Оглавление

Пад вечар Пятроўна вазiлася з дравамi i лаяла Дразда.

– А каб табе пуста было! Казала ж – хай на вулiцы ляжаць. Дык не! Змокнуць, кажа! У хляўчук iх запер. Змокнуць не змоклi, а сапрэць – сапрэлi! Цэльную машыну дроў спаганiў. Куды iх цяпер? Не дровы – адно гнiлле!

Пятроўна шпарка выкiдвала дровы з хляўчука на вулiцу i паглядала на неба. Па небе беглi хмаркi, збiваючыся ў кучу, прадвяшчая неўзабаве дождж.

– А што гэта ты на ноч гледзячы з дравамi гуляеш? – на двары з’явiлася старая Дуся. Ледзь перастаўляючы ногi, яна дакуляла да ганку i цяжка апусцiлася на лавачку.

– А цябе чаго на ноч гледзячы носiць? – у тон старой запытала Пятроўна.

– Прайшi тыя гадочкi, – сумна прасiпела Дуся, – калi я насiлася. Зараз больш поўзаю.

– Памiраць не збiраешся? – пажартавала Пятроўна.

– Ды дзе там! – адмахнулася старая. – Бог пра мяне забыўся, а чорт не бярэ. Вось i капчу неба.

– Ну-ну! – Пятроўна зноўку накiнулася на дровы.

– Я чаго прыйшла, – Дуся канцом хусткi абцерла твар. – Цi няма ў цябе хоць крышачку цэменту? Упрасiла Валерку каб на могiлкi з’ездзiў. Бацькiн помнiк зусiм на бок завалiўся. Падмазаць трэба. Я ў магазiн зайшла, а там толькi мяшкамi прадаюць. А навошта мне мяшок? Мне б трошачкi. Цi есць?

Пятроўна выпрамiлася.

– Дзесьцi быў. Дрозд ганак заўчора падмазваў. Мо i застаўся.

– Мне трошачку. Помнiк падмазаць, – Дуся дастала з кiшэнi цалафанавы пакет.

– Зараз пагляджу, – Пятроўна адчынiла сарайчык. Дуся зпаўзла з лаўкi i патупала следам.

– Мне поўмяшочка, – гундзела старая. – Валерка заўтра ў тым баку будзе, дык абяцаў падмазаць. Помнiк зусiм набок завалiўся. А ў магазiне толькi мяшкамi прадаюць. А навошта мне мяшок?

– Чорт яго бяры, гэтага Дразда! – мацюкалася Пятроўна, поўзаючы сярод розных мяхоў, скрынь, каробак i рознага хламу, якi ейны мужык натаскаў з уселякiх сметнiкаў. – Колькi раз казала – выкiнi ламачча вон! Ды дзе там! Усе патрэбна! Усе ў справу пойдзе! Кожную жалязяку дамой цягне.

– Гаспадарлiвы, – заўважыла Дуся. – А мой – усе з хаты прэ. Заўчора чугунок дзiравы знес. А я ў iм часнок захоўвала.

– Здаецца знайшла! – Пятроўна расчынiла нейкi мех. – Пэўна гэта. Давай свой пакет.

– Мне поўторбачкi. Многа не трэба.

– Ды мне што? Шкада? – Пятроўна нейкай банкай насыпала шэры парашок у пакет. – Нейкi ен дзiўны! Цэмент звычайна цемны, а гэты занадта светлы.

– Мо так i трэба, – Дуся сачыла, каб Пятроўна насыпала паболей.

– А хто яго ведае? – Пятроўна моршчылася ад шызага пылу. – Мо зараз такi цэмент выпускаюць.

– Мо i выпускаюць, – пагадзiлася старая. – Я сама чула, што есць нейкi суперцэмент – нават замест клею можна выкарыстаць.

– Дык гэта i есць клей! – усмiхнулася Пятроўна. – Суперцэмент называецца. Я такi купляла. Толькi ўсе хлусня. Акрамя паперы ен нiчога не клеiць. Я тапкi хацела падклеiць – ды дзе там! Развалiлiся на другi дзень.

– Хопiць, родненькая, – Дуся прытармазiла кабецiну. – Разыйшлася. Амаль поўны насыпала. I не данясу.

– Ну высыпаць назад не буду, – Пятроўна закруцiла мех, адкiнула банку i накiравалася на вулiцу.

Дуся патупала следам. Пятроўна паставiла мяшэчак на зямлю i прысела на лаўку. Дуся прымайстрылася побач.

– Дзякуй табе. А то у магазiне кажуць – бяры, бабка мяшок. А навошта мне мяшок? Мне трошачкi трэба – помнiк падмазаць. Валерка заўтра ў тым баку будзе – справiць. Я б i сама падмазала, ды не дайду. Дзюжа далека. Я ў той бок толькi з музыкай паеду ды з вянкамi.

– Кiнь! – махнула рукой Пятроўна. – Ты яшчэ ўсiх нас перажывеш.

Дуся толькi пакiвала галавой.

– Ладна, родненькая, – старая палезла ў кiшэнь. – Дзякуй. А гэта табе.

Дуся працягнула некалькi скамячаных паперак.

– Ты што? – абурылася Пятроўна. – Нутка схавай свае грошы! Гляньце на яе – багацейка знайшлася. Схавай грошы, табе кажу, а то больш нiчога не дам.

– Ну дык… – соўгала носам старая. – Вазьмi хоць Дразду на пiва.

– Шыш яму, а не пiва! – Пятроўна ўскачыла з лаўкi. – Ен машыну дроў згнаiў, а ты яго пiвам частаваць задумала! Схавай грошы! А то пакрыўджуся!

– Ну калi грошы не бярэш, – старая запiхнула паперкi назад у кiшэню, – тады я табе яек прынясу. Куры, слава богу, яшчэ нясуцца.

– Няўжо ў цябе яшчэ i куры есць?

– Есць, – старая цяжка ўздыхнула. – Тры курыцы i певень. Валерка кажа – давай на суп заб’ем. Ды мне шкада. Як-нiяк, а гаспадарка. Гарод ужо не саджу. сiл Каровы даўно ўжо няма. Вось толькi куры i засталiся.

– А я сваю жыўнасць даўно звяла, – Пятроўна махнула рукой на пусты хлеў. – Карысцi анiякай. У магазiне дзешавей купiць таго мяса цi малака, чым скацiну выгадаваць. Ды i даглядаць трэба. Сена касiць…

– Аблянелi, – Дуся падхапiла мяшочак i патупала да калiткi. – Толькi спаць ды гуляць. Хаця, мо яно так i спакайней. Спiну гнуць не трэба, ды рукi пэцкаць. Ну, пайду я. Дзякуй за цэмент. А яйкi я табе заўтра з унучкамi перадам.

– Не выдумывай! – аднекiвалася Пятроўна. – Абыйдуся я i без яек. У магазiне куплю. Мо памагчы данесцi?

– Не. Я сама датупаю. Спяшыць мне некуды. Ды i свая ноша рук не цягне.

– Ну як хочаш.

Пятроўна праводзiла старую да калiткi. Пастаяла трошкi. Дачакалася, калi старая знiкне за паваротам.

– Не, не хачу да такiх год дажываць, – Пятроўна здрыганулася. – Яшчэ гадкоў дваццаць пажыць i хопiць на мой век. Хаця тут не згадаеш.

Пятроўна паглядзела на неба i зноў кiнулася выкiдваць дровы з хляўчука на вулiцу.

Назаўтра з дровамi гуляў Дрозд. Ен зносiў iх назад у хляўчук i лаяў жонку:

– Казаў жа ей – не чапай! Сам спарадкую. Не – рукi дзяваць некуды! Трэба было дровы павыкiдываць! А калi б дождж пайшоу? Дзе iх сушыць? Ну заплеснелi трошкi. Ну i чаго лямант падымаць? У сараi i не такiя ляжаць. Рабiць мне больш нечага, як дровы з месца на месца перакiдваць.

– Здарова, Дрозд, – ззаду пачуўся нечы голас. – Што гэта ты з дровамi гуляеш?

Дрозд выпрамiўся. Ля калiткi стаяў Валерка.

– А вось размяцца трошкi вырашыў. Надвор’е добрае. Дай, думаю, дровы пакiдаю туды-сюды.

– Ну-ну! – ўсмiхнуўся Валерка. – Калi ахвота будзе – прыходзь да мяне. У мяне там два трактары не колатых. I разамнешся, i падсобiш.

– Яны у цябе ўжо другi год няколатыя ляжаць.

– А па мне хоць i тры. Я сабе як паравое паставiў, дык дроў зусiм мала трэба. А ты не збiраешся сабе ставiць?

– Што ставiць? – не зразумеў Дрозд.

– Паравое. Калi надумеш, пазавi. Я табе мiгам зраблю.

– Ды мне i печка пакуль не мешае.

– Ну як хочаш! – Валерка накiраваўся прэч.

– Пачакай! – аклiкнуў яго Дрозд. – А ты чаго прыходзiў?

– Да так! Спытаць. Матка ў цябе ўчора цэмент брала. Дык нейкi ен дзiўны.

– Цэмент? – Пятро не разумеў, пра што iдзе гаворка. – Якi цэмент?

– Ды помнiк трэба было падмазаць. Ды вось, кажу, нейкi незразумелы цэмент. Светлы. Не застывае. Намучыўся. Можа стары быў? Хаця i стары цэмент добра застывае. Дык вось я i рашыў запытаць, што гэта ў цябе за трасца такая?

Дрозд непаразумела хлопаў вачыма, потым пагледзеў на сарай, на Валерку, зноў на сарай i зарагатаў.

– Чаго ты? – спалохаўся Валерка. – Крышу знясло?

– Ну бабы! Ну дуры! Гэта ж не цэмент быў!

– Як не цэмент? А што?

– Цэмент я заўчора ўвесь на ганак зрасходваў. А гэта ў мяшку даламiтка была. Ну, мая па дабраце душы тваей матке i насыпала.

– Тваю макаўку! – Валерка плюнуў. – А я як дурны паўдня чакаў, пакуль застыне.

– Ну i як? – Дрозд перастаў рагатаць.

– Што як? Трымаецца. Як i нада быць, – Валерка накiраваўся прэч.

– Ты калi трэба, – крыкнуў Дрозд уваслед, – прыходзь. Я табе яшчэ такога цэменту насыплю. А калi не паленешся – схадзi за ферму. Там яго цэльная гара.

Дрозд хiхiкнуў i зноў прыняўся зносiць дровы ў хляўчук.

Вясковыя гісторыі. Дваццаць год апасля

Подняться наверх