Читать книгу Вясковыя гісторыі. Дваццаць год апасля - Дзмітрый Кудрэц - Страница 7

Спека

Оглавление

Такога пекла, што ўсталявалася ў гэтае лета, даўно не бачылі. І раней былі дні, калі слупок тэрмометра пыдымаўся больш за трыццаць градусаў, але каб такая спека трымалася амаль месяц, з сіняборскіх старажылаў не помніў ніхто. З аднаго боку – яно на тое і лета, каб пагрэцца. А з другога – вытрываць такія выбрыкі прыроды не ўсім было пад сілу. Вялі расліны, жывеліны шукалі сховішча ў цяні. А што ўжо казаць пра людзей? Добра малым і маладым – яны да абеду спалі, а потым да самага змяркання прападалі на рэчцы. А што рабіць дарослым? Хочаш, не хочаш, а на працу хадзіць трэба, ды і хатнія справы на заўтра не адкладзеш. Вось і маяліся ў душных памяшканнях, пакутвалі пад пякучымі промнямі ў гародах, пракліная лета, спеку, сонца і яшчэ невядома каго. Плавіліся мазгі, цела агортавала млявасць, хацелася прахалоды, снегу і зімы. Але ж цяжэй за ўсе даводзілася хворым і старым. Такое надвор’е для іх было сапраўдным катаваннем, спасу ад якого не было нідзе.

Старая Дуся паціху тупала з магазіну. Праз дзесяць крокаў спынялася, выцірала твар канцом хусткі, сумна ўздыхала і крочыла далей.

Нейкая машына абагнала яе і спынілася побач.

– Падвезці? – з вакенца высунуўся чырвоны, ў колер машыны, твар Івончыка.

– Ды, не! – адмахнулася старая. – Сама датупаю. Тут недалека.

– Ну, як пажадаеш, – Івончык не стаў навязвацца. Машына ўзраўла і знікла за паваротам.

– У такое пекла толькі на машыне і ездзіць! – незадаволена заўважыла Дуся і прадоўжыла свой шлях.

Яшчэ поўгадзіны і яна нарэшце завярнула ў свой двор.

– Вось і датупала, – старая паставіла торбачку з харчамі на ганак, зняможана апусцілася на лавачку.

З кожным годам шлях ад дому да магазіну для яе станавіўся ўсе даўжэй і даўжэй. Суседзі кідаліся з дапамогай, але старая аднеківалася:

– Не магу я ў хаце днямі сядзець! Хоць у магазін схаджу. З людзямі пагутару, навіны пачую. Цяжка, але што зробіш? Хоць такая забава.

Нікуды, акрамя як у магазін Дуся больш не хадзіла. Большую частку яна сядзела ў хаце, паглядая на навакольны свет параз вакенца. Тэлевізар у Дусі быў, але там згарэла нейкая лямпа. Валерка, Дусін сын, некалькi разоў вазіў яго ў рамонт, ды там кожны раз казалі, что такіх лямп ужо даўно няма. Трэба купляць новы тэлевізар. Ды дзе ўзяць на яго грошы? Ды і бачыла Дуся дрэнна. Ды і глядзець асабліва нечага. Вось і бавіла старая час назіраннем за тым, што тварылася за вакном.

А сонца паліла няшчадна. На небе ні хмаркі, ні воблачка, ні намека на тое, што гарачыня спадзе.

– Згарыць усе, – разважала Дуся. – Мне што, а ў людзей гароды! Калі дажду не будзе, згарыць бульба. А як жа без яе? Без яе ніяк. У нас усе так – то залье, то засушыць. Аніякага парадку не стала. Балоты асушылі, перапахалі, лясы павыкарчавалі. Вось прырода і мсціць. Мне што? Я свае аджыла. А вось людзям як далей жыць? Вунь, што на свеце робіцца! У нас пекла, а ў Афрыцы снег. Калi такое было, каб у чэрвені чарніцы збіралі?

Дуся сумна ўздыхнула, дастала з торбачкі мяшэчак.

– Светка зараза – ламачча наклала! – абурылася старая, даставая з мяшэчка пячэнне. – А што ей? Ей абы прадаць. Не дагледзеш, накладзе абы-чаго. Вось калі Нінка працавала, дык тая і пакажа, і параіць, што браць, а што не. А гэтая… Думае, калі старая, то і абмануць можна. Старая… Паміраць трэба. Толькі штосьці божачка пра мяне забыўся. Не жадае мяне да сябе прыбраць. Маладыя вунь паміраюць, а я жыву. Пераблыталася ўсе. Дзеці нараджацца не хочуць, старыя паміраць.

Дуся задумліва паглядзела на неба.

– Хаця ў такую спеку паміраць дрэнна. І ўзімку дрэнна. Вось па восені, калі будзе суха, можна. Ды і кветак у восені шмат. Хаця, якія мне там кветкі? Вяночак просценькі і досыць. Трэба Валерцы пра дамавіну напомніць, а тое зрабіць забудзецца. А пакупны не хачу. Маркаўну хавалі ў пакупным. Дык і вузкі, і доўгі. А я хачу, каб па мне быў. Ды яшчэ пару бутэлек гарэлкі прыкупіць трэба, а то на памін не хопіць. Куды-куды, а на памін усе прыцягнуцца…

Дуся смакавала пячэнне.

– Не дагледзела, вось і паклала Светка ламанага. Вось і жыцце ў мяне такое ж ламанае і няўдалае, як гэта пячэнне. Дзяцей выгадавала… Унукі выраслі… Нікому не патрэбна стала… Саме сабой не патрэбна… Цяжка… Ды яшчэ ў такое пекла. Дыхаць нечым… Сэрца шчэміць…

Дуся падхапіла торбачку, паднялася з лаўкі, кінула тужлівы позірк на неба і накіравалася ў хату.

А на небе дзесьці ля гарызонту расплылася танюсенькая шызая палоска. Яна павольна, быццам збіраючыся з сіламі, разлівалася па небасхілу, даруя надзею на доўгачаканы дождж. Але дажду не было.

Яшчэ два тыдні людзі, жывелы, расліны пакутвалі ад спекі.

Яшчэ два тыдні млелі, задыхаліся, прэлі.

А потым зарадзілі дажджы.

Ажно да самой восені.

Вясковыя гісторыі. Дваццаць год апасля

Подняться наверх