Читать книгу Вясковыя гісторыі. Дваццаць год апасля - Дзмітрый Кудрэц - Страница 8

Чарнiчная лiхаманка

Оглавление

У тое лета казалі – дзе чарнічнік, там і чарніцы. Па вясне мяркавалі, што селета ягад не будзе, ды памыліліся. Чарніц было столькі, што аж цямнела ў вачах.

Знойдзеш лапіну, сагнешся, пачнеш шоргаць буйныя, зпешчаныя лiпеньскiм сонейкам ягады, кiнеш позiрк у бок, а ў дзвюх шагах побач ягады яшчэ буйнейшыя, яшчэ прыгажэйшыя. Кiдаешся туды. Шорг, шорг… А вунь на пагорку зусім лісця з-за ягад не бачна. Ты туды. А там у яміне пад ялiнай іх яшчэ больш…

Так і скокаеш па лесе, шукаючы, дзе ягады паболей, ды папрыгажэй.

Гадзіны з дзве пабегаеш, потым плюнеш, сядзеш на адным месцы і нетаропка набярэш свой посуд, лаячы сябе за тое, што дарма страціў час, бегаючы па балоце.

Сонца яшчэ не перакулiцца за поўдзень, а ты ўжо цягнешся дадому з поўнымі ведрамі. Хаця, якое там дадому! У тое лета зрэдку хто даносіў лясны скарб да хаты. Па большай частцы накiроўвалiся адразу да Вуcцiнавiча. Той абсталяваў стары сарайчык пад прыемны пункт, дзе i прымаў ягады – чарнiцы, бруснiцы, журавiны. І сыпалісь ў пластыкавыя скрынкі ягады, перамешаныя з лiсцем i сасновымi хваiнкамi, абагрэтыя сонейкам i чалавечымi рукамi. І нiхто не шкадаваў сваiх намаганняў. Было чаго! Яшчэ назбiраем. Ды i навошта сабе столькi? Яшчэ з мінулага лета ў падвалах стаяць некранутыя слоікі з варэннем, кампотамі. Чарнiцы ж не вiшнi, не клубнiцы. Ахвотчыкаў на iх мала.

Вось і неслi ягады адразу на нарыхтоўчыя пункты. Грошы напачатку там давалі невялікія, але ж лiшняя капейка ў гаспадарцы не перашкода. Ды i чымсцi трэба было заняць рукi, пакуль на гародах раслi, зелянелi, налiвалiся, чакалi свайго часу бульба, морква, буракi.

Вось i цягнулася да лесу з ранку да вечара чарада нарыхтоўшчыкаў. Хто паасобку, хто напару, а хто i ўсей сям’ей.

Ішлі ў лес – глядзелі, колькі сення Вусцiнавiч нацарапаў на прылепленай да сцяны сарайчыка паперыне. Кумекалі – здаваць сення, ці пачакаць да заўтрага. Мо, заўтра больш даcць. Але ж, вяртаючы з лесу, вырашалi не чакаць магчымага павышэння кошту. За ноч ягады могуць і сапсавацца. Хто іх потым прыме? Вусцiнавiч i гэтак вечна прычэпiцца – то ягады пабiтыя, то смецця шмат. Сам бы лерей ў лес схадзiў, чым носам круцiць.

Цетка Мар’я, як i ўсе вяскоўцы, бавiла час у лесе. Брала пяцілітровае вядзерка, насыпку і калі толькі завіднеецца, тупала ў лес. Цяжкавата, зразумела, ў ейныя гады, ды хоць рукі і галава пры справе. А тут яшчэ і пляменнікі наведаліся – Кастусь з жонкай Вольгай і двумя дачкамі – Машкай і Ангелінай. Як тут не пабалаваць сваякоў свежымi чарнiцамi. Бадай у горадзе iх цяпер i няма. Толькi цетчыных прысмак пляменнiкi i ўнучкi есцi не сталi. Як пачулi пра тое, што людзi на ягадах грошы зарабляюць, кiнулiся ў лес. Ну i цетка з iмi.

Тупала следам, намагаючыся не адстаць ад моладзi, бухцела сабе пад нос:

– Ну і назвалі дзеўчыну! Ангеліна. Хiба iншых iмен не было? І не выгаварыш. І каму такое ў галаву стукнула?

Кастусь толькі сумна уздыхаў. Агелiнай дачку назвала цешча. Гэта ей цюкнула абраць такое неблагагучнае імя. Спрачаліся, крыўдзіліся. Але ж так і пакінулі. Праўда, Ангелінай дачку нi Кастусь, нi Вольга не звалi. Звярталісь усе больш да яе проста – малая.

Мар’я, iдучы ў лес заўседы брала з сабой кавалачак хлеба альбо пару цукерак.

– Лесавiчку, – жартавала яна. – Гасцiнцы. Хай дапаможа нам ягадак назбiраць.

Малыя толькi пасмейвалiся.

– Тут сам не паварушышся, – дзiвiўся цетчыным звычкам Кастусь, – нiхто не дапаможа. Нiякi лесавiк.

– Так то яно так, – пагаджалася старая. – Але ж хто яго ведае…

I, пакiнуўшы на пяньку прысмакi, Мар’я прыймалась за справу. Пляменнiкi таксама намагалiсь не адстаць ад цеткi. Разбрыдалiсь па ўсяму балоту. Шукалi мясцiны, дзе ягад паболей. Дзе яны буйнейшыя i спялейшыя. Гукалi адзiн аднаго, каб не згубiцца. I зноў кiдалiся ў пошукi больш ураджайных лапiн.

Вольга ўвесь час трывалася ля Мар’i. Баялася заблытацца ў невядомым месце, ды i цетчыны рассказы ей былi значна цiкавейшыя, чым мужыкова мармытанне, цi стогны дачок, калi пойдзем дадому.

– А куды гэта Кастусь з малымi падзеўся? – Мар’я прадбачлiва азiралася па баках. – Не заблудзілі б.

– Не заблудзяцца, – супакойвала цетку Вольга. – Не ў першы раз у лесе.

– Не ў першы, – пагаджалася старая. – Але можа так закруціць, што і не зразумееш, як згубішся. Вунь, на мінулым тыдні, Івончык з жонкай у лесе заблудзiлі. Ажно ў Сірацінках выйшлі. Кастусь! Ты дзе?

– Тута! – адгукалася рэхам па бару.

– Ідзі да нас! Тут ягад мора!

– Ды і тут поўна! – неслася ў адказ.

Мар’я выцірала твар канцом хусткі, схілялася долу і зноўку пачынала збiраць спелыя чарнiцы.

Сонца няспешна кацілася па небу. Станавілася горача. Посуд ўжо поўны, але Мар’я не спяшалася. Яна любіла, каб назбірана было з гарой. Пляменнiкi цярплiва чакалi пакуль цетка выпрамiцца, знiме хустку. Значыцца можна iсцi дадому. Потым чакалi пакуль дзеўкi дабяруць свой посуд. Мар’я, паставiўшы свае вядзерка на вiднае месца, бегала вакол i падсыпала ўнучкам па жменьцы. Кастусь бухцеў:

– Самi хай збiраюць! Не малыя ўжо!

Вось i ў дзевак пацiху гарушкi выраслi. Можна i дадому вяртацца.

– Дзякуй богу! Дзякуй лесу! – Мар’я падхапiла вядро з адборнымi, нiбы на малюнку, ягадамi i няспешна патупала па пыльнай дарозе ў напрамку весцы. Пляменнiкi i малыя накiравалiся за ей следам.

Iшлi моўчкi. Нагаварылiся, пакуль збiралi ягады. Машка з Ангелiнай пабеглi наперад. Вольга iшла побач з цеткай, адмахiваючы ад камароў галiнкай. Кастусь цягнуўся апошні, паабапал дарогі выглядваючы грыбы.

– Падзiвiцесь, – Мар’я спынiлася ля вялiзнай лужыны пасярод дарогi. – Цуд прыроды. Дажду бадай два тыдні не было, а лужына не высахла.

Абыйсцi лужыну можна было толькi з аднаго боку, дзе памiж ей i густым зараснiкам малiны сотняй ног была пратоптана вузенькая сцяжынка. Машка з Ангелiнай шпарка праскачылi мiма лужыны, быццам i не сцяжынка тут была, а шырокая дарога. Вольга таксама без уселякiх перашкод пераадолела перашкоду. А вось Мар’я замроілася, не ўтрымалася на нагах, падслізгнулася і з’ехаўшы са сцяжынкi ў лужыну, залямантавала:

– Ягады! Ягады ратуйце!

Кастусь кiнуўся да цеткi, лоўка падхапіў каштоўную ношу. Толькi некалькi ягад рассыпалася па зямлі чорнымi пацеркамi.

– Вось і памылася! – абуралася на сваю нязграбнасць цетка, вылезаючы з лужыны. – I лазню тапiць не трэба.

Машка з Ангелiнай цiха пасмейвалiся.

– Чаго рагочыце? – Мар’я абтрасла спаднiцу. – Дажывеце да маiх гадоў, мо не так летаць будзеце.

Пайшлi далей. Праз поўгадзiны ўжо грукалi да Вусцiнавiча.

– Гэй! Есць хто дома? Ягады прымайце!

Вусцінавіч павольна вылез са сваей схованкі.

– Ну чаго дзверы ламаеце? Пачакаць не можыце? Іш ты! Колькі вас тут! Усім кагалам у лес вырашылі? Няйначай увесь лес вынеслi.

– А што? – Мар’я прысела на лавачку ля сарайчыка. – Чаго ў хаце дарма сядзець, калі жывыя грошы ў рукі лезуць.

– Вам паасобку лічыць, – Вусцiнавiч адчынiў сваю гаспадарку, – альбо разам?

– Разам, – адказаў Кастусь.

Машка з Ангелiнай незадаволена засапелi. Яны ўвесь шлях прыкiдвалi куды патрацяць свае грошы. Але з бацькай спрачацца не сталi.

Ссыпалі ягады ў дзве скрыні. Вусцінавіч паставіў скрынi на вагі, пасунуў туды-сюды гiркi, дастаў з кішэні калькулятар, пачаў падлічваць. Памыліўся. Пералічыў. Зноў памыліўся. Зноў пачаў пералічваць.

– Сорак дзве пяцьсот, – не вытрывала малая.

– Правiльна, – Вусцінавіч здіўлена пагледзеў на калькулятар, потым на дзеўчыну, потым зноў на калькулятар.

– Ты глядзі! – войкнула Мар’я. – У цябе, Вусцінавіч, две вышэйшых адукацыі, а ў малой ні воднага, а як хутка падлiчыла. Не тое што твая тэхніка!

Вусцінавіч прамаўчаў. Працягнуў грошы і знiк са скрынямi недзе ў цемры сарайчыка.

Мар’я i кампанiя накiравалiся далей.

Машка з Ангелiнай зноўку пасмейвалiся. На гэты раз з Вусцiнавiча.

– Прыемшчык знайшоўся! – здзiўлялася малая. – Два інстытута скончыў, а з калькулятарам падлічыць не можа.

– І шкарпэткі дзіравыя, – дадавала Машка. – Хіба зашыць некалi?

– Мо i некалі, – уключалась у размову Мар’я. – Увесь дзень ягады прымае.

– Мог бы і новыя купіць, – раіла Ангеліна.

– У яго на новыя грошай няма, – жартаваў Кастусь. – Каб былі, дык ягады не прымаў.

– Вось нарэшце і датупалі, – Мар’я з палегкай уздыхнула. – І ці думала я, што дажыву да такога часу? Тры пакаленні ў лес адразу ходзяць. І калі такое бывала?

– А што гэта вы з пустым посудам вярнулiся? – па-за плотам з’явілася галава суседа Мiколы. – Дзе ж вашы ягады?

– У лесе засталіся, – ў тон суседу адказала цетка.

– У лесе! – недаверлiва хмыкнуў Мiкола. – Ведаем мы гэты лес! Няйначай да Вусцiнавiча адразу панеслi. А вось Людка больш за ягады дае.

– Да Людкі яшчэ поўвескі топаць, – адмахнулася Мар’я. – I грошы ў яе не заўседы бываюць. А тут ля самога лесу. Поўны сервіс.

– Ваша справа, – Мiколава галава знiкла за плотам.

Скiнулi боты, пераапранулiся. Мар’я з Вольгай занялiся абедам. Кастусь, каб забавiць час, сеў у цяньку разблытваць маток лескi, знойдзенай па дарозе. Машка з Ангелiнай, пакуль старыя былi пры справе, збеглi на сяло.

Назаўтра зноў усей кампанiяй падаліся ў лес.

Праходзячы міма Вусцінавічай хаты, Кастусь кiнуў позірк на сарайчык. Паперкі на ім не было.

– Няўжо прымаць перастаў? – спалохана прамармытала Мар’я.

– Пэўна нулі прыпісвае, – ўсміхнуўся Кастусь.

– Мо і так.

Кінулiся на ўчарашнее месца, але да iх хтось тут ужо папоўзаў. І хаця на кусціках там-сям вiднелiся буйныя ягады, збіраць іх па адной не было нiякай ахвоты. Кінуліся ў другое месца – і там таксама абзбірана.

– Людзі не спяць, – заклапочана пакачала галавой цетка. – Павыбралi ўсе.

– Нiчога, – не трацiў надзеi Кастусь. – Наша нам застанецца.

Прайшлі крыху далей. Але і там ягад было не шмат.

– Дурны дзень! – войкала Мар’я. – Посуду набралі, а ягад няма. Вольга, што ты там поўзаеш? Пайшлі адсюль! Няма тут ягад!

– А мне хапае, – Вольга па адной кiдала ягады ў вядро.

– І што гэта за інтарэс па адной ягадзiне збіраць? – дзiвiлася цетка. – Я так не ўмею.

– Гэй! – пачуўся неадкуль з боку кастусевы голас. – Ідзіце да мяне! Тут ягад процьма!

Накіраваліся ў бок Кастуся. Той сядзеў амаль ля самой дарогі і жменямі шоргаў ягады ў вядро.

– Анічога сабе! – Мар’я ўзрушана ўзмахнула рукамi, ўбачышы некранутыя кусцiкi чарнiц. – Вось дурні! Усе ў лес лезуць, куды падалей, а тут ля прыхаду іх відзьмо-нявідзьмо.

Паправiўшы хустку, закiнуўшы вядро за спiну, цетка шпарка пачала ссыпаць у назбiрку буйныя, як на малюнку ягады. Вольга намагалася не адставаць ад яе. Нават Машка з Ангелiнай, не гледзячы на недасып i на адсутнiчанне жадання хадзiць у лес, кiнулiся наперагонкi збiраць лясныя дары.

– Ніколі не збірала чарніцы жменямі, – пасмейвалася Вольга, перасыпаючы ягады з назбiркi ў вядро.

– Толькi ела, – дадаў Кастусь.

Вольга хацела агрызнуцца ў адказ, ды яе перабiла праходзячаяя мiма магазiншчыца Нiнка.

– А што гэта вы тут ля дарогі робiце? – здiўлена запытала Нінка. – Хіба вам у лесе месца мала?

– Месца многа, – не адрываючыся ад справы, адказала Мар’я, – ягад мала.

– Ну гэта каму як! – усмiхнулася Нiнка. – Мне мае застанецца.

– А посуду набрала! – Мар’я выпрамiлася, каб крыху размяць здранцвеўшую спiну. – Няйначай начаваць сабралася?

– А колькі набяру, столькі і набяру, – адмахнулася Нiнка.

– А Пятро дзе твой? – пацiкавiлася Мар'я. – Чаго з сабой не ўзяла?

– У Пятра другiя iнтарэсы, – сумна ўздыхнула Нiнка. – Ен больш да пляшкi ахвочы, чым да ягад.

– Ну-ну, – Мар’я перасыпала ягады з назбiркi ў вядро. – Ты там мiма Вусцінавіча iшла, паперкi не бачыла?

– Не бачыла. Я ў Людкі здаю, – Нінка звярнула ў лес і знікла паміж сосен.

– Вось будзе, калі Вусцінавіч не прымае, – заенькала Мар’я. – Куды я гэтыя ягады дзену? Калі толькі на наліўку паставіць. Ды і хто яе потым піць будзе?

– Не прападуць, – Кастусь ссыпаў апошнюю жменю ў вядро. – Ўсе! Можна і дадому ісці. Машка, Малая! Дзе вы! Дадому пайшлі!

На бацькін голас з’явіліся дзеўкі. З поўнымі ведрамі, з чорнымі ад ягад тварамі.

– А нiчога сабе! – цетка не чакала, што ўнучкi справяцца хутчэй за яе. – Гэта ж трэба —ўсе панабралi ўжо, толькi я адна засталася. Зусiм квалiфiкацыю страцiла.

Дапамаглi цетцы дабраць посуд. Нетаропка накіраваліся ў веску.

На гэты раз Мар’я пералезла праз лужыну без прыгод.

Як і меркавалi, ў Вусцінавіча сення быў не прыемны дзень. Давялося камандыраваць дзевак да Людкі. Самой ісці Мар’е не хацелася. Ногi гудзелi, ды i з Людкай былi нацягнутыя адносiны. Хай маладыя збегаюць. У іх і ногі шпарчэйшыя, і галовы святлейшыя.

– Ну што? – Кастусь выгадваў, колькі яны заробяць сення. – Заўтра пойдзем?

– Заўтра будзе заўтра, – адмахнулася Мар’я. – Ды i перадых трэба зрабiць. Ды i гарод зусiм зарос.

– Ну як? Колькi сення заробiлi? – Кастусь звярнуўся да вярнуўшыхся дачок i, пачуўшы адказ, заерзаў. – Вы як хочыце, а я заўтра зноў пайду. Такiя грошы я нават i за тыдзень на сваей працы не зароблю.

Мар’я, пачуўшы колькi атрымалi сення таксама не ўтрымалася:

– Бог з iм, з гародам, калi шаленыя грошы самi ў рукi цякуць.

Машка з Анегелiнай хацелi было паспрачацца, але прыкiнуўшы, што i iм перападзе значная частка, прымiрылiся.

I ранкам зноў пацягнулiся ў лес.

Па дарозе iх абагнала нейкая кабецiна на веласiпедзе. Прывiталася.

– А ты што, – Мар’я звярнулася да жанчыны, – Васiльеўна, ў адпачынку?

– Ды якi там адпачынак! – кабецiна саскачыла з веласiпеду i пакрочыла побач з цеткай. – Папрасiла Светку падмянiць на поўдня. У ягады збегаць. Iвончык, кажуць, учора на паўмiльена здаў.

– У Iвончыка транспарт i зяць ляснiчы – месцы ведае, – заўважыла Мар’я. – Чаму ж не здаць на столькi. Ты б у яго распытала, куды ен ездiць?

– Скажа ен! Чакай! – жанчына скокнула на веласiпед i падалася наперад.

– А нам i ў сваiм балоце ягад хопiць, – Кастусь вырашыў падбадрыць цетку. – Ну? Куды сення накiруемся? На старое месца, цi на новае?

– А дзе ягады, туды i мы, – адказала цетка, крыху пазайздросцiў таму, хто ў лес не на сваiх дваiх ходзiць.

Ну i бог з iмi! Нам i так добра. Прагуляемся. Паветрам свежым падыхаем. На прыроду палюбуемся. Спiну пагнем. Рукi выпецкаем. I дадому вернемся. Стомленыя i задаволеныя, што не трэба нiкуды ехаць, палiць бензiн, трэсцiся ў машыне. Тут i ў сваiм балоце ягад хапае. Ходзiш па старых месцах, а такое ўражанне, што ў першы раз. Быццам тыя чарнiцы за ноч адрастаюць. Яшчэ бунейшыя, яшчэ прыгажэйшыя.

У гэты раз здавалi Вусцiнавiчу. Той, пачуўшы, што людзi да Людкi пабеглi, падняў кошт ледзь не ў два разы.

Кастусь спахмурнеў:

– А каб я ведаў, то ўчора б не здавалi! Сення б удвая больш атрымалi!

– Усiх грошай не заробiш, – супакойвала яго цетка. – Iтак, дзякуй богу, за тры днi амаль на маю пенсiю здалi. Ну што? Заўтра iдзем, цi перадых зробiм?

– Якi тут перадых! – запярэчыў Кастусь. – Узiмку адпачнем!

– Ну як пажадаеце, – цетка кiнулася ў гарод, ратаваць бульбу ад жукоў. – Можна i збегаць, калi дажду не будзе.

– Не будзе, – паспяшыў запэўнiць старую Кастусь. – Я прагноз па радые чуў – яшчэ тыдзень без дажду абыйдзецца.

Але прагноз не спраўдзiўся. Назаўтра зранку паліў дождж. Нядоўгі, рэдкі. Пабрызгаў з поўгадзіны і сціх. Паліць не паліў, а напаганіў. Перабіў усю ахвоту ісці ў лес. Ну яно і добра. Трэба ж і перадыхнуць крышачку. А то акрамя лесу анiякiмi iншымi справамi займацца не было часу. Кастусь нарэшце падрамантаваў заваліўшыйся плот. Вольга ператрэсла ўсе дываны, перамыла ў хаце, павыкiдвала на сметнiк старыя газеты, дзiравыя каструлi i яшчэ безлiч розных, як здавалася Мар’i, карысных рэчаў. Машка з Ангелiнай пад пільным даглядам бабулі выпалолі ўвесь гарод i зноўку падалiся на сяло.

Дзень скончыўся. Заход абяцаў назаўтра добрае надвор’е. Пагадзіліся збегаць ранкам у лес. Не так у заробкі, як у ахвотку. Але ранкам зноў сыпануў дождж. Лес адклаўся.

І так амаль два тыдні. З ранку дожджык, а потым сонца. Яно, канечне, можна было б і схадзіць, але збіраць мокрыя ягады асаблівага жадання не было. Ды i мiнулы азарт прапаў. Ды i гароднiна ўжо прасiлася з градак у слоiкi. А тут ўжо не да чарнiц.

Так і абсыпаліся апошнія ягады, не дачакаўшыся пакуль на іх хто-небудзь зверне ўвагу.

Вясковыя гісторыі. Дваццаць год апасля

Подняться наверх