Читать книгу Губернскі дэтэктыў. Справа аб крывавых дукатах - Ксенія Шталенкова - Страница 3
Раздзел I
ОглавлениеГэтакага роду меркаванні, што патрабавалі неадкладнага фіксавання ў журнале, займалі ранішні час Яўгеніі Канстанцінаўны панны Пракшыной, пакуль незамужняй, як яна сама любіла паведамляць, дзявіцы ад роду гадоў дваццаці аднаго, якая пражывала разам з бацькамі і бабуляй у бельэтажы аднаго з тых даходных дамоў на вуліцы Петрапаўлаўскай, які найзручнейшым чынам месціўся непадалёк ад скрыжавання з галоўнай вуліцай губернскага горада – Захар’еўскай.
Звычку ж запісваць думкі, што прыходзілі ў яе светлую галаву, Яўгенія Канстанцінаўна займела яшчэ ў дзяцінстве, пад уплывам ангельскай пісьменніцы Іаанны Остэн, якой з таварышак ейных ужо, наадварот, ніхто асабліва не зачытваўся, аддаючы ўсё большую перавагу новым імёнам кантынентальнай літаратуры. А вось бацька панны Пракшыной, Канстанцін Мікалаевіч Пракшын, у цяперашні час палкоўнік у адстаўцы, а таксама – паспяховы man of business[2] у галіне лесапільнай вытворчасці, быў заўзятым англаманам, прытым не ў першым пакаленні. А таму ў фамільнай бібліятэцы за многія гады сабралася нямала выданняў, што прыбылі з саміх Брытанскіх астравоў. І хаця імі хатні збор зусім не абмяжоўваўся, Яўгенія Канстанцінаўна больш за ўсё любіла менавіта ангельскія раманы і ўсё часцей – рамантычных уласцівасцяў, ну а ўжо ў міс Элайзе Бэнэт панна Пракшына бачыла самую сябе. Нягледзячы на тое, што з мінулага траўня яна ўжо не магла падобна той бравіраваць сваім юным узростам, выдуманая міс дагэтуль служыла для Яўгеніі Канстанцінаўны прыкладам, а стваральніца яе – натхненнем у творчасці.
Панна Пракшына меркавала, што валодае некаторым літаратурным талентам і нават марыла калі-небудзь заявіць пра сябе не менш дзёрзка, чым (што ўжо тут далёка хадзіць – не ў адной Англіі пекная палова чалавецтва адораная здольнасцямі да складання мастацкіх твораў!) гарадзенская пісьменніца Ажэшкава, якой сама Яўгенія Канстанцінаўна не вельмі захаплялася. Але ж спрэс спісаны быў ужо не адзін дзясятак журнальных сшыткаў, а ў нашай дзявіцы пакуль атрымлівалася не надта складна: гучны дэбют адцягваўся на неазначаны перыяд. Усё ж, каб не страціць умення надаваць сваім назіранням пісьмовую форму, панна Пракшына ў любую зручную хвіліну бралася за пяро.
Трэба заўважыць, што запісы свае Яўгенія Канстанцінаўна вяла пераважна беларускай лацінкай не выпадкова. Хаця прозвішча яе было выключна рускага паходжання, рускай панна Пракшына была толькі напалову. Матухна і бабуля яе сябе называлі ліцвінкамі і належалі адразу некалькім старажытным шляхоцкім родам, адкуль і ўзнікла пачуццё ўласнага абавязку перад мовай продкаў. Няхай узровень валодання ёю ў Яўгеніі Канстанцінаўны ніяк нельга было назваць бездакорным, яна ўсё ж усклала на сябе святую місію пакінуць літаратурную спадчыну, прынамсі для гіпатэтычных нашчадкаў. Праўда, час ад часу ёй выпадала замяняць невядомыя словы замежнымі зваротамі ў пазбяганне выкарыстання русізмаў, за якія ёй жудасна перападала ад бабулі – адной з нямногіх, хто мог ацаніць яе намаганні і з кім панна Пракшына магла практыкавацца як след.
Вось і зараз Яўгенія Канстанцінаўна мела вострую патрэбу ў парадзе, але жаданне развіць тэорыйку, якая раптоўна нарадзілася ў ейнай галаве, а хутчэй – выкрыць учарашніх крыўдзіцеляў хаця б ва ўласных вачах, перамагло. І панна Пракшына ўзялася пісаць далей, тым больш што спяшацца не было куды: гадзіна ўсё яшчэ была ранняй, а да сняданку пакуль не клікалі. Насамрэч спачатку яна хацела заняцца прабежкай ва ўнутраным двары, каб развеяць непрыемныя думкі, але надвор’е сапраўды ўжо каторы дзень засмучала золлю, якая так нечакана прыйшла наўздагон спякотнаму лету.
Таму Яўгеніі Канстанцінаўне давялося абмежавацца выкананнем стандартных гімнастычных практыкаванняў indoors[3], што было яшчэ адной звычкай, якую, акрамя любові да ангельскай літаратуры, з дзяцінства прывіў ёй татухна – аматар здаровага ладу жыцця, ды яшчэ і неблагі sportsman[4]. Прывёўшы сябе пасля таго да належнага выгляду, панна Пракшына паглыбілася ў роздум пра вечарыну, праведзеную сіламі чыгуначных службоўцаў і іх знаёмых, куды Яўгенія Канстанцінаўна ўчора атрымала запрашэнне на падставе збору сродкаў на дабрачыннасць. Хаця на справе ўсё скончылася пасрэднымі танцамі не самага вытанчанага гатунку.
На жаль, не ўсе аказаліся дастаткова далікатнымі, каб паважаць яе вальналюбства і схільнасць да самастойнасці, якія не самыя блізкія сябры нярэдка блыталі з натурыстым характарам. Гэта надта яе абурыла, і ў рэшце рэшт усё вылілася ў даволі непрыемны фінал. Праводзіць дбайны разбор прыкрага канфлікту панне Пракшыной зусім не хацелася, бо ў такім выпадку давялося б крытычна асэнсаваць і ўласныя хібы. З гэтай прычыны яна на хвіліну задумалася, як бы ёй і надалей у сваіх сентэнцыях абысціся абцякальнымі фразамі, аднак тут да яе пагрукалася пакаёўка.
– Come in![5] – сцісла і строга прамовіла Яўгенія Канстанцінаўна, не вельмі задаволеная ўмяшаннем.
– Панначка, да вас цыдулачка ад Кацярыны Міхайлаўны, – пакаёўка паклала на стол, за якім сядзела панна Пракшына, напарфумленую капэрту.
«Толькі паперу на глупства марнуе», – раззлавалася панна Пракшына на адрасантку, ужо мяркуючы, што яе чакае ўнутры. Пакаёўка паведаміла, што сняданак трохі затрымліваецца, але затое Яўгенію Канстанцінаўну пыталася бабуля, якая жадала сур’ёзна перамовіцца з унучкай. Хаця панна Пракшына выдатна зразумела намёкі пакаёўкі, яна ўсё ж вырашыла прапусціць іх міма вушэй і, выправіўшы дзяўчыну, разгарнула цыдулку ад Каці Мацвеевай, да кампаніі каторай учора і далучылася на няўдалай вечарыне. Каця жыла ў доме насупраць, а гэтакія цыдулачкі з’яўляліся сродкам абмену паміж сяброўкамі сенсацыйнымі навінамі альбо і проста запрашэннямі завітаць у госці, часцей за ўсё – неадкладна. Здаецца, сённяшняе пасланне сумяшчала абедзве функцыі:
«Жэня, Кідай усё і тэрмінова прыходзь да мяне! Ты проста памрэш ад жаху, калі даведаешся пра тое, што я хачу табе абвясціць!
К.»
– Вось і абвясціла б адразу! – нахмурылася Яўгенія Канстанцінаўна.
Зрэшты, для сяброў яна і праўда часцей была Жэняй, а Яўгеніяй Канстанцінаўнай у думках называла сябе сама. Яшчэ, здаралася, татухна, калі сердаваў, называў дачку гэтак афіцыйна. Але, тым не менш, зараз фамільярнае «Жэня» ёй неяк не надта спадабалася, тым больш што ва ўчарашняй гісторыі ў пэўным сэнсе панна Пракшына вінаваціла і сяброўку.
Вядома. Каця была мілай круглатварай рагатушкай з залатымі кудзерамі, а крыху занадта рослая ды сухарлявая згодна з цяперашнімі меркамі Жэня, ды яшчэ і з фанабэрыстым позіркам, зразумела ж, выдатна адцяняла бестурботнае хараство і падвойвала поспех сяброўкі сярод кавалераў. І разам з тым Каця заўжды быццам бы адчувала сваю віну і намагалася накіраваць кагосьці з дзецюкоў да Яўгеніі Канстанцінаўны, у чым тая, зрэшты, і не мела патрэбы, мяркуючы, што ўсе яны былі зусім не тым, а дакладней нават – не Тым. Гэтых няшчасных яна мела звычку сустракаць холадна і без усякай увагі, хаця часам трапляліся і цікавыя індывіды, якім панна Пракшына, будучы ўсё ж дзявіцай далёка не апошняй адукаванасці, тут жа ўчыняла іспыты свайго роду інтэлектуальнай дуэллю. І ўжо па выніках яе вырашала, ці варта траціць свой каштоўны час далей. Аднак большасцю маладых людзей, ушанаваных такім гонарам, запрашэнне да гэтых практыкаванняў не ўспрымалася сур’ёзна, а таму ўсё часцей Яўгенія Канстанцінаўна на вечарынах бавіла час самастойна.
Вось і ўчора Каця зноў звярнулася да сваёй практыкі і падвяла да знарочыста маркотнай панны Пракшыной нейкага пыкалу, з якім яны, здаецца, ужо былі некалі знаёмыя і тады ён нават зарэкамендаваў сябе як цалкам бяскрыўдны малады чалавек. У гэты ж раз суб’ект палічыў, што сваёй кампаніяй робіць Яўгеніі Канстанцінаўне неверагодную ласку і нават наважыўся на падставе гэтага адпусціць кплівую заўвагу, за што, уласна кажучы, і паплаціўся. Відаць, цяпер Каця разведала пра яго нешта, на яе погляд, надта захапляльнае і хацела хутчэй гэтым падзяліцца, аднак панна Пракшына канчаткова вырашыла, што сёння яна не ў гуморы, вунь нават вока стала крышачку паторгвацца, і нават не падумала крамзануць сяброўцы ў адказ хаця б пару словаў. Замест гэтага яна зноў узялася за журнал, хаця пісямцо, атрыманае ад суседкі, ужо не дазваляла як след засяродзіцца. Раз’юшыўшыся, Яўгенія Канстанцінаўна схапіла цыдулку і разарвала яе на дробныя шматочкі, каб пазбавіцца ад Кацінай прысутнасці ў пакоі. Цяпер панна Пракшына глыбакадумна сузірала тужлівы краявід за акном і нават не адразу пачула, што ў дзверы ейныя настойліва шкрэбліся. Ачуцца дзявіцу прымусіў гнеўны крык, што набліжаўся да пакоя.
– Гэтым разам не схаваешся, Ірад! Даганю!
Яўгенія Канстанцінаўна тут жа падскочыла з крэсла і заспяшалася прачыніць дзверы, за якімі чакаў цудоўнага выратавання яшчэ адзін сямейнік, хаця такім ён лічыўся выключна па меркаванні сваёй гаспадыні. Гэты не надта прыстойных паводзінаў pies[6] па мянушцы Тэдзі з’явіўся ў панны Пракшыной параўнальна нядаўна, а дакладней – неўзабаве пасля адной гісторыі далікатнага кшталту, што адбылася з Яўгеніяй Канстанцінаўнай год таму. Праз тую гісторыю татухна, занепакоены пачасцелай колькасцю гаротных уздыхаў адзінай дачкі, добранька параіўся з матухнай і разам з новым машынным абсталяваннем для сваёй вытворчасці выпісаў з Хатэрфільда шчанюка вельмі моднай у тых краях ёркшырскай пароды. Па праўдзе кажучы, у чым палягаў так званы boom[7], звязаны з новым цудам упартага inbreeding[8], было няясна, паколькі вынік яго болей быў падобны да невялікага кудлатага дварняка, да цельца каторага прыставілі галаву ад зусім іншай масці, але не менш кудлатага сабакі. І тым не менш ганарлівая пасадка гэтай самай галавы выдавала ў Тэдзі сапраўднага ангельскага дэндзі. Трэба адзначыць, што гэтакім ён з’яўляўся і па манерах. Будучы даволі кемлівым psem, агульнапрынятым сабачым камандам ён падпарадкоўвацца не жадаў, пры кожным зручным выпадку выяўляючы бунтарскія схільнасці. Відаць, свой адбітак накладвалі не толькі карані, але і дадзенае psu імя: панна Пракшына свайго новага сябра назвала ў гонар і цяпер яшчэ шырока вядомага героя польскага паўстання 1794 года, пра што, зразумела, памоўчвала пры бабулі – даме, якая з вялікім хваляваннем ставілася да гэтакіх фігур у гісторыі яе айчызны, няхай яна і знікла з мапы Эўропы яшчэ да яе нараджэння. Зрэшты, часам Яўгенія Канстанцінаўна крыху забывалася і, агаворваючыся, называла сабаку Тадзікам, чым выклікала ў бабулі нежартоўныя падазрэнні ў блюзнерскім стаўленні да патрыятычных каштоўнасцяў.
Непадпарадкаванне Тэдзі часцей за ўсё было звязана з азначанымі ім самім зонамі выгулу. Хаця Яўгенія Канстанцінаўна ўсю зіму і прывучала гадаванца да «асаблівага» мейсца ў кватэры, праведзенае на свежым паветры лета канчаткова сапсавала яго. Нягледзячы на тое, што парода гэтая лічылася пакаёвай, па вяртанні ў горад Тэдзі патрабаваў, каб яго неадменна выводзілі на вуліцу, як вялікага сабаку, а ў выпадку адмовы подла помсціў сценам, што яго знявольвалі, чым і даводзіў бабулю панны Пракшыной да шаленства.
Відаць, гэтая раніца не была выключэннем. Толькі дзявіца падхапіла сабаку на рукі, як перад ёю ўзнікла задыханая постаць пані Канстанцыі Ганны Сафіі Іллініч-Вялькоўскай.
– Нават не смей яго абараняць! Дай сюды! – сярдзіта запатрабавала бабуля.
– Bonjour, madame![9] – панна Пракшына па-свецку пакланілася.
На ўсялякі выпадак яна моцна прыціснула сабаку да сябе і спытала:
– Што вас так засмуціла?
– Генька! Ты мне зубы не загаворвай. Твой Ірад толькі што ўсе гардзіны ў mon boudoir[10] спаскудзіў! Дай яго зараз жа сюды альбо я іду да твайго бацькі!
Пані Канстанцыя пацягнулася была да Тэдзі, але той нечакана выявіў сябе цалкам беспардонна. Гадаванец не на смех узяўся гыркаць, наймярзотна задраўшы верхнюю губу і паказваючы тым самым падвоены шэраг іклаў: у маладога psa побач з малочнымі зубамі ўжо даўно паспелі вырасці карэнныя.
– Ах ты тыгер няўклюдны! – абурылася бабуля і шчоўкнула сабаку ў нос.
Пераможна падхапіўшы спадніцы, яна рашучым крокам аддалілася, але спынілася ў роздуме, няўхвальна скасавурыўшыся ў бок унучкі:
– Прошкіна, за мной ідзі! Будзеш mon parlementaire[11].
– Гэта нам з вамі патрэбны le parlementaire[12], – прабурчала панна Пракшына, унутрана гневаючыся на крыўдную перастаноўку складоў у яе прозвішчы (трэба адзначыць, што пані Канстанцыя нярэдка ў дрэнным настроі звярталася да гэтакай практыкі, як яна сама тлумачыла, у выхаваўчых мэтах).
Дзявіца рушыла следам: у сталоўню варта было накіравацца хаця б і з той прычыны, што ўжо даўно быў час снедаць.
– Morning, darling![13]– сустрэлі панну Пракшыну бацькі. – Здаецца, ты дагэтуль не ў гуморы?
– Не адна я. Бабуля вось намерылася натаўчы Тэдзі, – паскардзілася Яўгенія Канстанцінаўна, расцалаваўшы абаіх і прысаджваючыся да стала разам з вінавайцам ранішняга канфлікту.
– Ірада куды грамаздзіш? – у адчаі закрычала бабуля.
– Madame, ну вы ж самі кажаце, што ён псуе гардзіны! З улікам гэтага я не магу пускаць яго на падлогу, – парыравала ўнучка.
Пані Канстанцыя са стогнам апусцілася на крэсла і прыкрыла вочы рукой.
– За сталом яму дакладна няма чаго рабіць, – заўважыла матухна панны Пракшыной, Лізавета Яўгенаўна. – Пусці сабаку і скажы лепей, ты будзеш чай альбо кофей?
– Чай, – хмурна адклікнулася дзявіца і паставіла на падлогу Тэдзі, які ўжо паспеў скласці дзёрзкі, але нездзяйсняльны план наконт кароткачасова яўленых яму страваў.
Гадаванец сярдзіта фыркнуў на гаспадыню і тут жа звярнуўся да татухны, што якраз заняўся амлетам з беконам.
– Дык што ж наш сабака вытварыў з гардзінамі? – запытаўся Канстанцін Мікалаевіч.
– Альжбэта, перакладзі яму, на вашую нашчадніцу я больш не спадзяюся, – звярнулася пані Канстанцыя да дачкі.
– І не падумаю, – адказала тая. – За столькі гадоў ужо можно было нарэшце паступіцца гэтымі надуманымі прынцыпамі. Усё ж у цывілізаваны век жывём.
Пад гэтымі словамі Лізавета Яўгенаўна мела на ўвазе традыцыю, якая склалася паміж яе маці і сужэнцам у больш за дваццаць апошніх гадоў. Тыя ніяк не жадалі прыйсці да пагаджэння па пытанні міжасабовых зносінаў. І калі Канстанцін Мікалаевіч у знак павагі да ўзросту, а таксама праз удзячнасць за каханую жонку заўжды звяртаўся да цешчы вельмі добразычліва і наўпрост (няхай за ўвесь гэты час ён так і не стаў адчуваць сябе дастаткова ўпэўнена, каб размаўляць на яе мове), то яна ў сваю чаргу з прычыны некаторай прадузятасці ў дачыненні да ўсіх прадстаўнікоў свету рускага, а таксама з-за значнай уласнай упартасці ніколі не рабіла ласкі пагутарыць з зяцем на іншых мовах, чым беларускай альбо французскай. А таму патрабавала да сябе перакладчыка, да чаго заклікала часам дачку, але апошнія разы – усё хутчэй унучку, хаця, па праўдзе, гэта з’яўлялася ўсяго толькі ўмоўнасцю.
– Хапайце гада! – зноў загаманіла бабуля, паказваючы доўгім пальцам у бок акна.
Тэдзі пасля некалькіх удала перахопленых ад Канстанціна Мікалаевіча кавалачкаў амлету якраз адлучыўся да штор у сталоўні. Ён паднырнуў пад адну з іх галавой і ў здзіўленні павярнуўся да велічнай дамы, нахабна паглядваючы з-пад махроў, што абрамлялі яго лоб.
– Па-мойму, ён проста вырашыў уцерціся, – адзначыў татухна.
– У маіх пакоях ён таксама вырашыў «уцерціся», – перадражніла яго бабуля. – З гэтым трэ нешта рабіць. Неадкладна!
– Канстанцыя Тэафільеўна, – прымірэнча пачаў пан Пракшын, на што яго цешча толькі чарговы раз закаціла вочы – зваротаў на рускі манер яна не цярпела, ды яшчэ і нагадванне пра тое, што з зяцем яны былі цёзкамі, не надта яе натхняла, – у такой сітуацыі я бачу толькі адно: каб Тэдзі не псаваў вашыя гардзіны, ды і не гадзіў у кватэры ўвогуле, трэ вырашыць пытанне аб яго рэгулярным выгуле. Мне падаецца, прыслузе можна гэта даверыць. Аднак же мацыён і вам бы стаўся на карысць.
Яўгенія Канстанцінаўна, назіраючы бабуліна відавочнае незадавальненне, усё ж дазволіла сабе ўхваліць бацькавыя словы, аднак ён тут жа дадаў:
– Абедзвюм. Гэта ж ты, Джынні, выпускаеш яго раніцай у калідор са свайго пакоя?
– But daddy![14]– гэтым разам чарга абурацца надышла панне Пракшыной. – Тэдзі можа застудзіцца ў такое надвор’е.
– Вось і змайстравала б яму каптанчык, – развёў рукамі татухна і разгарнуў свежы нумар «Губернских ведомостей».
– Ты выдатна ведаеш, што я абдзеленая гэтымі ўменнямі і шыю надзвычай нязграбна, – ніяк не хацела пагадзіцца з пастанаўленнем Яўгенія Канстанцінаўна.
– Выдатная падстава нарэшце навучыцца, – вызірнуў з-за газеты Канстанцін Мікалаевіч і дабрадушна засмяяўся. – Што скажаш, Бэтсі?
– Сшыць каптанчык табе дапаможа хтосьці з дзевак, – злітавалася матухна. – А вось датычна выгулу трэ скласці, па маім разуменні, графік.
– Не была б ты палкоўнічыхай! – падціснула вусны пані Канстанцыя. – Я ўжо даўно кажу, трэба з’язджаць адсюль кудысь у больш спрыяльныя мейсцы. Тут тлумна, цэлымі днямі сноўдаюць натоўпы нейкіх прайдзісветаў, ды і гэтага паскудніка няма куды выпусціць.
– Адчаго ж, maman[15], мы жывём побач з цудоўным скверам, – нагадала ёй дачка. – Ды і водаправод тут маецца ў адрозненне ад вашых «спрыяльных мейсцаў».
Пані Канстанцыя вырашыла зрабіць выгляд, быццам не пачула гэтай заўвагі, і, будзённа намазваючы сабе маслам тост, прадоўжыла ўжо не першы раз агучаныя скаргі:
– Мне цяжка ўздымацца туды-сюды па лесвіцы, узімку з вакон дзьме…
– Канстанцыя Тэафільеўна, – зноўку адклікнуўся з-за газеты яе зяць, – вы ж выдатна ведаеце, чаму мы не можам жыць у вашым маёнтку.
Бабуля ўжо напоўніла была грудзі паветрам, з тым каб з усёй годнасцю, уласцівай яе персоне, даць Канстанціну Мікалаевічу найпадрабязнейшы адказ на яго неасцярожную заяву, аднак у сталоўню ўбегла пакаёўка Агапка і паклала побач з паннай Пракшыной чарговую капэрту.
– Гэта што яшчэ за цыдулачкі? – пацікавіўся татухна.
– Гэта Каця, – неахвотна патлумачыла Яўгенія Канстанцінаўна і раскрыла новае пісямцо.
– Нават не жадаю чуць ейнае імя ў нас за сталом! – не абмінула скарыстацца магчымасцю выбухнуць бабуля. – Мала таго, што яна пацягнула цябе на гэтую не вартую тваёй увагі вечарыну, дзе, я ўпэўнена, нават ніводнага маладога чалавека твайго кола не знайшлося, дык яшчэ праз яе ты трапляеш у такую situation absurdee[16]!
– Ну, недзе ж Жэнюшцы патрэбна таньчыць, – пацепнула плячыма Лізавета Яўгенаўна.
– Сумняваюся, – пакруціў галавой Канстанцін Мікалаевіч, скептычна аглядаючы дачку. – Ды і прыгадай сябе ў яе гады, Бэтсі, не надта часта я мог упрасіць цябе патаньчыць. Ну, што там пішуць?
– Запрашае да сняданку, – сцісла агучыла змесціва ліста панна Пракшына.
– Напэўна, балбатушка разведала, як пацярпелы ўжо недзе франціць з перабінтаванай рукой, – выказала меркаванне Лізавета Яўгенаўна.
– А што, і слушна зрабіла, што адлупцавала яго, – кіўнула пані Канстанцыя. – Яшчэ мая бабка не тое што веерам, на шабельны двубой магла выклікаць. Праўда не мужчын, толькі гэткіх жа дам, аднак факт застаецца фактам!
– Вядома, вы падвучыце яе! – усклікнуў татухна. – Каб наступным разам мы Джынні з паліцэйскай часці забіралі.
– Годная панна мусіць ведаць, як за сябе пастаяць, каб вось такія тхары, як той нягеглік, нават не адважваліся падысці. Зірнуць у ейны бок каб баяліся!
– Калі шчыра, то да мяне і так ніхто асабліва не падыходзіць.
Яўгенія Канстанцінаўна гаротна ўздыхнула, сама не чакаючы гэтакага прызнання, што зляцела з яе вуснаў. Сям’я ў адно імгненне змоўкла, і нават Тэдзі пацягнуўся лапкай да гаспадыні, хаця рух гэты хутчэй быў выкліканы не спачуваннем, а жаданнем зноўку падсілкавацца.
– Вось у Каці ўсё зусім інкаш, – наважылася працягнуць дзявіца. – З ёй лёгка займець размову, ды і яна не можа не падабацца…
– Аб чым з ёй можна завесці размову? Пра стужкі і грабеньчыкі? Пра модныя ўборы? Пра што з ёй можа пагутарыць прыстойны мужчына, патлумач мне? – цяпер абурэнню бабулі не было ніякіх межаў. – І чым яна ўжо так усім падабаецца? Круглым тварыкам і кірпатым носікам? У Кацькі тваёй няма ніякага esprit[17]! А паглядзі на сябе – парода! Вы што маўчыце?
– Бабуля мае рацыю, – ажыўлена заківалі татухна і матухна, баючыся, каб іх дачка зноўку не паглыбілася ў маўклівыя роздумы, выкліканыя надзвычай патрабавальным стаўленнем да самой сябе.
– Яшчэ б я не мела! – безапеляцыйна заявіла пані Канстанцыя.
– Хіба што, – прамармытала панна Пракшына і нахілілася да Тэдзі, каб неяк заняць сябе ў гэтую няёмкую хвіліну.
Але тут у сталоўню, задыхаўшыся, зноў убегла пакаёўка, па выглядзе якой можна было зразумець: у гэтую нетаропкую суботнюю раніцу здарылася такое, што цалкам выбівалася з парадку.
– Тэлеграма! – вылупіўшы вочы, абвясціла пакаёўка хапаючым за душу голасам і ўручыла Канстанціну Мікалаевічу невялікі падносік з прадаўгаватым аркушыкам.
Пан Пракшын у здзіўленні разгарнуў пасланне, а затым, рэзка ўзняўшыся з-за стала, заявіў:
– Я мушу неадкладна ехаць на вакзал.
– Але, дарагі, што здарылася? Навошта такі паспех? – хацела была спыніць яго жонка.
– У маёнтку ўчынена забойства.
2
прадпрымальнік (анг.)
3
у пакоі (анг.)
4
спартовец (анг.)
5
Уваходзьце! (анг.)
6
сабака (польск.)
7
розгалас (анг.)
8
скрыжавання (анг.)
9
Добрай раніцы, пані! (фр.)
10
маім будуары (фр.)
11
маім парламенцёрам (фр.)
12
парламенцёр (фр.)
13
Добрай раніцы, даражэнькая! (анг.)
14
Але татухна! (анг.)
15
матухна (фр.)
16
недарэчную сітуацыю (фр.)
17
дасціпнасці, асаблівага складу характара (фр.)