Читать книгу Губернскі дэтэктыў. Справа аб крывавых дукатах - Ксенія Шталенкова - Страница 4

Раздзел II

Оглавление

Як толькі цягнік рушыў з Віленскага вакзала і пакаціў прэч з губернскага горада, панна Пракшына пачала ўмольваць татухну перамясціцца з іхняга другога класа у вагонрэстарацыю. Прысутнасць дзявіцы ў цягніку першапачаткова не ўлічвалася, аднак ініцыявана гэта было меркаваннямі вельмі эгаістычнымі самой Яўгеніі Канстанцінаўны.

Мусіў татухна толькі зазбірацца ў дарогу, як дзявіца, якая жадала як найхутчэй схавацца ад любой магчымасці сустрэцца сёння з Кацяй, ультыматыўна заявіла, што выпраўляецца разам з ім. На сустрэчны ультыматум, што Канстанціну Мікалаевічу зусім не будзе калі нянькацца з дачкой падчас выкліканай такімі складанымі акалічнасцямі вандроўкі, панна Пракшына адказала, што, будучы адзінай дзейснай нашчадніцай усёй сямейнай маёмасці, мае поўнае права наведаць мейсца злачынства, а таксама прыняць удзел ва ўладкаванні ўзніклых пытанняў. Акрамя таго, за ўсё жыццё сваё яна, здаецца, не давала падстаў ані разу засумнявацца ва ўласнай самастойнасці ды разважлівасці, а ад таго татухнавы insinuations[18] былі ўспрыняты як даволі крыўдныя. Панна Пракшына выдатна разумела, што ад гэтакага звароту татухнава сэрца памякчэе, і вось чаму.

Як кожны бацька, і акрамя таго ваенны ды яшчэ і чалавек дзелавітага складу, Канстанцін Мікалаевіч заўжды марыў пра нашчадка. Калі лёс і жонка прыпаднеслі яму дачку, пан Пракшын засмучацца і не падумаў, але ўзяўся выхоўваць Яўгенію Канстанцінаўну па сваім разуменні, усё ж хутчэй як сына. Спалучаў ён пры гэтым метады спартанскія, закліканыя гартаваць здаровы дух у здаровым целе, з непрыкрытымі пястотамі, бо, нягледзячы на дысцыпліну, панна Пракшына была па натуры сваёй істотай пяшчотнай і датклівай, хаця і старалася гэтую сваю рысу дбайна хаваць ад самых юных гадоў.

Пасля адстаўкі Канстанцін Мікалаевіч заняўся лесапілкай і меркаваў, што калі-небудзь гэтую справу ён мусіць перадаць дачцэ, а таму ўжо каторы год намагаўся яе ўсяляк прыстасоўваць то да вядзення рахункаў, то да праектаў па рэалізацыі матэрыялаў, а то і да саміх нюансаў механікі. Аднак Яўгенія Канстанцінаўна, хаця выгляду асабліва і не падавала, але ўсё ж схільнасці да такой справы не адчувала. І тым не менш, каб не крыўдзіць татухну, яна паслухмяна пагаджалася дапамагаць, збольшага намагаючыся знайсці ў чарговым practice[19] гэтакага роду натхненне для новых літаратурных exercises[20].

Канстанцін Мікалаевіч хаця і здагадваўся, што імпэт дачкі выявіць сябе ў справах сямейнага business з’яўляецца да пэўнай ступені паказным, але ж палічыў, што ёй будзе і сапраўды карысней паехаць у маёнтак разам з ім, аніж дарэмна траціць час з бязглуздай сяброўкай, якая жадала, відаць, яшчэ раз пражыць у размовах падзеі ўчарашняга інцыдэнту. І, як ні шкада было Канстанціну Мікалаевічу, Джынні зарэкамендавала сябе не самым высакародным чынам. Зрэшты, дачка палкоўніка ў адстаўцы мусіла ўмець даць адпор любому крыўдзіцелю. У гэтым пан Пракшын быў цалкам згодны са сваёй цешчай. А таму пасля нядоўгай сямейнай нарады аднагалосна было прынята рашэнне аб тым, што дачка выпраўляецца ў бабулін маёнтак разам з бацькам.

Тут варта заўважыць, што бабуліны ўладаранні і татухнава лесапілка знаходзіліся ў непасрэдным суседстве, і калісьці гэта нават абумовіла шчаслівы збег акалічнасцяў. Дзякуючы ім юныя татухна і матухна панны Пракшыной не толькі мелі радасць пазнаёміцца, але таксама горача пакахаць адно аднаго, а крыху пазней і павянчацца. Праўда, тады маёнтак бабулі, якая ў той час яшчэ не перажывала негадзівы разрыў з адным са сваіх мужоў, яшчэ не прыйшоў у той заняпад, у каторым ён знаходзіўся цяпер. А лесапілка таксама гэтакай пакуль не сталася, бо землі тыя, якімі быў узнагароджаны за некаторыя заслугі перад сваёй айчызнай бацька пана Пракшына, новыя ўладальнікі толькі пачалі прыводзіць у належны для вядзення гаспадаркі стан. Аднак вельмі хутка пасля жаніцьбы Канстанцін Мікалаевіч выправіўся на Крымскую вайну, а па вяртанні звёз маладую жонку ў Ноўгарад, куды быў адпраўлены па чарговым абавязку службы, займацца лесапілкай не было каму. Але па вяртанні ў Менскую губерню пан Пракшын вырашыў аднавіць некалі распачатую справу, якая цяпер прасоўвалася ў яго надта паспяхова.

Увесьчасна на лесапілцы Канстанцін Мікалаевіч не знаходзіўся. Да Ноўгарада пабудаваць годны дом, у якім можна было б пасяліць сям’ю, ён не паспеў, а займацца гэтым зараз палічыў немэтазгодным. Адасабляцца паводдаль ад цывілізацыі было зарана, ды і пакідаць Лізавету Яўгенаўну з дачкой побач з вытворчасцю было б несправядліва. Вядома, пані Іллініч-Вялькоўская настойвала на тым, каб жыць у ейным маёнтку, але ажыццявіць яго поўнамаштабную рэканструкцыю зяцю яна не давярала. Таму маёнтак пуставаў з прычыны, што пан Пракшын палічыў найболей удалым вырашэннем набыць дом у самім Менску. І не дзе-небудзь на ўскраіне, але ў самым цэнтры – дзе ёсць практычна ўсе выгоды сучаснага горада, хаця гэны некалькі і адставаў ад многіх іншых, у якіх даводзілася бываць Канстанціну Мікалаевічу падчас яго дзелавых вандровак.

І тым не менш на прадпрыемства сваё пан Пракшын наведваўся рэгулярна, а ў яго адсутнасць галоўным чалавекам на лесапілцы рабіўся галоўны інжынер, якому татухна суцэльна давяраў – Людвіг Штэйн. Менавіта ён і абвінавачваўся ў забойстве. Зрэшты, Канстанцін Мікалаевіч быў упэўнены, што гэта было нейкай недарэчнай памылкай. Ну што магло падштурхнуць маладога інжынера, які на справе не раз давёў, што ён чалавек прыстойны ды разумны, да такога страшнага злачынства? Хто быў той чалавек, каторага знайшлі забітым? І што Штэйн рабіў, як паведамлялася ў тэлеграме, на станцыі? Куды ён накіроўваўся, калі паводле іх business плану ён якраз мусіў сачыць за наладкай новага абсталявання, каб паспець выканаць чарговую замову? Аднак пан Пракшын мусіў ва ўсім разабрацца асабіста.

Назіраючы, як татухна засяроджана хмурыцца, нічога не заўважаючы вакол сябе, Яўгенія Канстанцінаўна паўтарыла сваю прапанову прайсці ў вагон-рэстарацыю. Па-першае, пана Пракшына трэба было адарваць ад затурбаваных роздумаў. Да станцыі, непадалёк ад якой і знаходзіўся бабулін маёнтак, ехаць было не менш за тры гадзіны, ды і там яшчэ ледзь не гадзіну па раз’езджанай дарозе трэсціся. Тэлеграму пра сваё прыбыццё татухна ўжо даслаў, вось толькі ж ці варта зараз дарэмна нервавацца, калі ні пра якія дэталі яны пакуль усё роўна не ведаюць? Па-другое, нашай дзявіцы раптам неадкладна захацелася выпіць кофею, ад якога яна мела глупства адмовіцца дома. Разлічваць на першакласнасць напою не выпадала, аднак прабавіць час у вагоне-рэстарацыі было куды займальней. Ды і па-трэцяе, Яўгенія Канстанцінаўна крыху хвалявалася, каб выпадкова ў неадпаведным яе статусу вагоне дзявіцу не заўважыў нехта са знаёмых, памылкова залічыўшы Пракшыных да кампаніі ніжэйшай, чым да якой яны належалі. Усё ж прозвішча іх было не найвышэйшага дваранскага шэрагу, што падмацоўвала ў нашай дзявіцы некаторую схільнасць да snobbery[21]. Падумаўшы, што ў вагоне-рэстарацыі ёй дакладна не пагражаюць непрыемныя сустрэчы, панна Пракшына пераканала татухну ў тым, каб хутчэй справіць няхітры brunch[22].

У чаканні кофею Канстанцін Мікалаевіч паглыбіўся ў чытанне «Ведомостей», якія не паспеў скончыць за сняданкам, а панна Пракшына ўзялася крэмзаць у адным са сваіх адмысловых падарожных нататнічкаў, час ад часу запускаючы руку ў невялікі кошык, каторым яе забяспечыла матухна. Кошык Яўгенія Канстанцінаўна размясціла, сама сеўшы бліжэй да акна, побач – на сядзенні каля праходу. Там сумаваў Тэдзі. Нечаканае забойства, як бы па-блюзнерску гэта ні прагучала, сталася выратавальнай падставай збегчы з Менска не толькі для Яўгеніі Канстанцінаўны. Яно таксама дазволіла і Тэдзі пазбегнуць пакарання з боку пані Канстанцыі. Зрэшты, гадаванец панны Пракшыной не надта быў гэтаму ўзрадаваны: пра пагрозы расправы ён ужо паспеў забыць, а вось пераездаў надта не любіў. Асабліва з прычыны таго, што яму выпадала сядзець у нязручным кошыку, а Тэдзі, як ужо вядома, вышэй за ўсё цаніў свабоду самавыяўлення.

Панна ж Пракшына разважала ў гэтую хвіліну пра само злачынства. Трэба адзначыць, што ўразіла яе хутчэй не столькі жудасная вестка, але перспектывы яе творчага выкарыстання ў якасці літаратурнага сюжэту. Сораму ад гэтага яна ні кропелькі не адчувала, і здаецца, зараз Яўгенію Канстанцінаўну нарэшце наведала муза, што ўзялася таропка нашэптваць на вуха мноства захапляльных ідэй, а таму нашая дзявіца знаходзілася ва ўзнёслым стане.

Зараз яе хвалявала адно пытанне. Некалькі гадоў таму Яўгеніі Канстанцінаўне выпала прачытаць даволі нудны на ейны густ раман знакамітага рускага пісьменніка, каторы, дарэчы, насамрэч быў гэтакім жа рускім, як і сама панна Пракшына, – бабуля распавядала пра яго шляхоцкае паходжанне. Сам гэты пісьменнік, як ні бязглузда, ці то хаваў, ці то нават пагарджаў ім. Раман жа яго апавядаў пра крывавае забойства, аднак панну Пракшыну ён цалкам расчараваў, і больш за ўсё – з-за бясконцых разважанняў і moralité[23], трываць якія не было ніякіх сіл. Душа і сэрца Яўгеніі Канстанцінаўны патрабавалі прыгод, а таму яна выкручвала падобную гісторыю на розныя лады, каб яе можна было ператварыць у нешта сапраўды захапляльнае. Яна вельмі спадзявалася патрапіць на мейсца злачынства, каб натхніцца яго жахлівай атмасферай, аднак пісаць маркотныя гатычныя гісторыі ёй зусім не хацелася. Панну Пракшыну цікавілі толькі факты і іх супастаўленне.

У вагоне-рэстарацыі было даволі ажыўлена: пастукванне фаянсу ды разрозненыя галасы, што зліваліся ў адзіны гудзёж, крыху адцягвалі ўвагу панны Пракшыной ад творчага трымцення, да таго ж за суседнім сталом бесцырымонна закурыла тройца прышчавых гімназістаў. Аднак у той момант, калі татухна ўжо хацеў быў зрабіць сцярвяцам, што назалялі ўсёй публіцы, строгую заўвагу, у вагоне-рэстарацыі аднекуль з’явіўся адзін пан.

Ён быў малады і вельмі неблагі сабой, хаця велічэзным ростам альбо празмернай глыбінёй голасу, як магла пачуць Яўгенія Канстанцінаўна, калі ён звярнуўся да гімназістаў, не адрозніваўся. Аднак жа было нешта асаблівае ў разлёце яго броваў ды развароце плячэй, ды такое, што ўсе цыгарэты былі ўраз патушаныя, а вагон адразу ж праветраны. Усё і ўся дзіўным чынам быццам бы паменшылася ды расступілася перад гэтым панам. Калі ён праходзіў міма стала, занятага Пракшынымі, Яўгенія Канстанцінаўна паспешліва адвяла позірк, каб выпадкова не праслыць тым, што яе бабуля звычайна называла «разява». А вось Тэдзі, як і адпавядае psu, што добрасумленна сцеражэ сваіх гаспадароў, вырваўся з кошыка і паспрабаваў кінуцца на незнаёмца. Той павёў сябе дзіўна. Замест таго, каб прынамсі падскочыць ад нечаканасці, як на яго мейсцы зрабіў бы любы колькі заўгодна вытрыманы і рахманы чалавек, гэты толькі рассмяяўся і нават працягнуў сабаку руку. Тэдзі з незадаволеным вуркатаннем рэтыраваўся назад да Яўгеніі Канстанцінаўны.

– Тадзік, Тадзік!

Яна пакруціла галавой.

– Выбачайце? – з усмешкай звярнуўся да панны Пракшыной незнаёмец.

– Што? – не зразумела яна.

– Вы гэта мне? – ён, здаецца, быў крыху навязлівы.

– Я размаўляла з сабакам, – адклікнулася Яўгенія Канстанцінаўна.

– Вы клічаце яго Тадзікам?

– Сабаку клічуць Тэдзі.

– Але ж Тэдзі – гэта не толькі Тэадор, аднак і Тадэвуш, ці не так? – хітра прыжмурыў рысіныя вочы незнаёмец, што рашуча не спадабалася панне Пракшыной.

– Вельмі магчыма.

– Даволі смела, – кпліва заўважыў той.

– Што менавіта? – непрыхільна прыўзняла брыво Яўгенія Канстанцінаўна.

– Называць сабаку ў гонар героя паўстання, – ён нават не думаў сунімацца.

– Даволі смела дзяліцца з незнаёмымі людзьмі сваімі сентэнцыямі, – парыравала яна.

– Мяркую, што для таго я маю некаторыя падставы, бо мы, відаць, усе трое цёзкі, – дзёрзка абвясціў малады чалавек і звярнуўся цяпер да татухны: – Андрэй Вікенцьевіч Падгорскі.

– Які ж вы ў такім выпадку цёзка?

– Маё поўнае імя – Андрэй Тадэвуш Банавентура, таксама названы ў гонар героя, праўда, я аддаю перавагу ўсё ж першаму імені. Мне думаецца, яно пазбаўлена непатрэбнага кансерватызму.

– Пракшын, Канстанцін Мікалаевіч, – заспяшаўся прадставіцца татухна, пакуль яго дачка не адхіліла маладога чалавека, які падаўся пану Пракшыну, нааадварот, вельмі прыемным. – А гэта мая дачка, Яўгенія. З нашым гадаванцам вы ўжо знаёмыя. Ці магу я вас запрасіць далучыцца да нас у знак выбачэння за дзёрзкасць маіх сямейнікаў?

– Баюся, я не змагу прыняць вашых выбачэнняў з прычыны, што ні ў якім разе не лічу сябе абражаным. Аднак запрашэннем скарыстаюся з вялікай радасцю, – адказаў новызнаёмец.

Яўгенія Канстанцінаўна з незадавальненнем заўважыла ў татухнавых вачах жывы інтарэс да незвычайнага суразмоўцы і вырашыла зноўку паглыбіцца ў свае запісы. Зрэшты, некалькі разоў цішком яна ўсё ж на яго зірнула, выключна каб скласці канкрэтнае меркаванне.

Не-не, вядома ж, ён таксама быў не Тым, і нават не мог прэтэндаваць на гэтае званне. Ды і ўвогуле, як ёй магло прыйсці да галавы меркаваць аб ім у гэтакім сэнсе? Яўгенія Канстанцінаўна страсянула галавой і ўтаропілася ў акно, дзелавіта папіваючы кофей, які прыйшоўся як ніколі дарэчы. Бясспрэчна, ёй варта было б адшукаць якія-небудзь непрыемныя рысы. Вось узяць хаця б гэты нахабны позірк – ну трэба ж, зусім не саромеецца час ад часу паглядваць на панну Пракшыну, быццам бы апелюючы ў яе бок. Яўгенія Канстанцінаўна дазволіла сабе накіраваць у адказ не менш пільны і ацэньвальны пагляд, аднак пан Падгорскі зноўку не разгубіўся, толькі ветліва ўсміхнуўся, нягоднік.

Яшчэ ён насіў пышныя русявыя вусы, якімі, відаць, да ўсяго іншага парадкам ганарыўся. Трэ адзначыць, што яны і сапраўды былі яму да твару, аднак жа ён занадта часта іх падкручваў, што выдавала ў пане Падгорскім тыпа самазадаволенага і празмерна ўпэўненага ў сабе. Ужо надта дзёрзкі, чым толькі татухну счараваў? Ды і ўвогуле, панне Пракшыной заўжды падабаліся брунэты, скарыць яе выгаралым на сонцы чубам было цалкам немагчыма.

А Канстанцін Мікалаевіч, наадварот, быў надзвычай захоплены размовай. Яно і зразумела: новы знаёмец таксама аказаўся the man of business. Сфера яго інтарэсаў палягала ў цукровай вытворчасці, аднак татухну гэта падалося вельмі займальным. Настолькі, што, выпіўшы некалькі філіжанак кофею, ён запрасіў пана Падгорскага працягнуць гутарку ў іх вагоне. Яўгенія Канстанцінаўна вырашыла не даваць ажыццявіцца гэтым намерам і нагадала, што ў іх другім класе на рэдкасць нязручна ды зацесна, на што татухна палічыў неабходным патлумачыць спадарожніку, што другім класам яны едуць зусім не з-за абмежаваных акалічнасцяў, а праз reasons of economy[24], бо падарожнічаць ім не болей за тры гадзіны, навошта ж неапраўданы шык?

– Як разумна! – не прамінуў выказаць захапленне Андрэй Вікенцьевіч, канчаткова сапсаваўшы ўражанне ў вачах панны Пракшыной. – Прызнацца, я б і сам узяў другі клас, падарожнічай я адзін, але што зробіш, даводзіцца ісці на дадатковыя выдаткі…

«З кім гэта ён падарожнічае?» – раптам падумалася Яўгеніі Канстанцінаўне, але яна адагнала ад сябе залішнюю цікаўнасць і, падняўшы кошык з Тэдзі, рушыла следам за татухнам.

– Дазволіце? – не дачакаўшыся ўхвалення, пан Падгорскі адразу ж адняў у яе кошык і прапусціў наперад.

– Тэдзі не любіць быць у чужых руках, – з’едліва заўважыла яна.

– Я думаю, мы з ім зладзім, – па-змоўніцку падміргнуўшы ў кошык, адказаў Андрэй Вікенцьевіч.

«Невыносны чалавек», – пастанавіла панна Пракшына, але ўпарціцца з-за такой дробязі не стала, разам з тым са здзіўленнем адзначыўшы, што, аказваецца, Андрэй Вікенцьевіч, хаця спачатку і не падаўся ёй занадта высокім, амаль на галаву вышэйшы за яе. Ростам нашая дзявіца пайшла ў татухну і, стоячы і на невялікіх абцасіках, звычайна высілася з Канстанцінам Мікалаевічам ледзь не ўпоравень. Цяпер Яўгенія Канстанцінаўна са шкадаваннем разважала, што не можа пры пэўным выпадку спапяліць пагардлівым позіркам зверху ўніз надакучлівага, па яе меркаванні, новага знаёмца, каторы вось і зараз не адчэпліваўся з нейкімі роспытамі пра Тэдзі і любоўю да сабак увогуле. Але тут яны апынуліся ў калідоры, дзе на іх знянацку наляцелі знаёмцы старыя, а дакладней – учарашні пыкала разам з кампаніяй сябрукоў. Рука яго і праўда была перавязаная, ну а ўжо аблічча пры з’яўленні панны Пракшыной выявіла шчырую буру эмоцый. Аднак пакуль яна нават і прыдумаць не паспела, які ж выраз надаць уласнаму твару з нагоды нечаканай сустрэчы, Андрэй Вікенцьевіч, нават не зважаючы на купку маладых людзей, адцёр іх ад сваёй спадарожніцы і праводзіў следам за татухнам, які ўжо чакаў іх наперадзе.

Рэшту дарогі панна Пракшына правяла, адгарадзіўшыся ад татухны і пана Падгорскага сваім нататнічкам, у якім ужо раз дзясяты перачытвала свае conclusions[25] ды solutions[26] у падыходзе да яе будучых літаратурных твораў крымінальнага жанру, каб толькі не слухаць пра тое, што Андрэй Вікенцьевіч да сваіх трыццаці – як жа, няўжо яму і праўда ўжо столькі? – бліскуча скончыў адзін з найпрагрэсіўнейшых замежных універсітэтаў, але і стаўся някепскім прадпрымальнікам у сваёй галіне і нават спрабуе сябе ў іншых напрамках вытворчасці ды шукае выйсці да міжнародных гандлёвых зносін, таксама большасць свайго часу праводзіць у дзелавых падарожжах, захапляецца боксам ды механікай – відаць, знарок намагаецца спадабацца татухну, як бы не стаўся якім прамысловым шпіёнам! – а яшчэ, належачы да тых самых «новых людзей» – заадно, відаць, і паспешліва вырашыўшы, што пан Пракшын з’яўляецца тыповым расейцам, не інакш, – ён не мае залішніх illusions[27] датычна як былой, так і сапраўднай мясцовай шляхты.

– Але ж прозвішча вашае мае відавочна мясцовае паходжанне, – знарочыста холадна заўважыла панна Пракшына, не вытрымаўшы апошняй заявы, якую яна разлічыла як асабістую абразу.

Аднак на гэта Андрэй Вікенцьевіч толькі паглядзеў крыху занадта доўгім позіркам ды хітра пасміхнуўся, падкруціўшы вус. Татухна паспяшаўся працягнуць размову з патэнцыйным партнёрам і нават запрасіў пана Падгорскага завітаць пры зручным выпадку да яго лесапілкі. Яўгенія Канстанцінаўна на гэтым дазволіла сабе непрыкметна фыркнуць і занялася Тэдзі, абдумваючы, хто ўсё ж такі выйшаў пераможцам з іх кароткай дыскусіі наконт паходжання ды звязаных з тым перспектываў. Бо, як стала падавацца панне Пракшыной, апошняе слова не заўсёды з’яўляецца вырашальным. Гэтакае прыкрае ўсведамленне вельмі яе непакоіла і прымушала працягваць унутраную спрэчку.

Калі нарэшце цягнік пад’язджаў да станцыі, дзе Яўгенія Канстанцінаўна разам з татухнам мусілі сысці, пан Падгорскі абавязаўся іх правесці. Пакуль Канстанцін Мікалаевіч распараджаўся наконт багажу, новы знаёмец зноўку выхапіў з ейных рук кошык з Тэдзі і, саскочыўшы з прыступкі, паставіў яго на зямлю. У наступнае імгненне панна Пракшына нават і не заўважыла, як і сама была перанесеная на выцягнутых руках і акуратна апушчаная на перон. Толькі яна збіралася заявіць, што апошнія пятнаццаць гадоў ніхто не дазваляў сабе хапаць яе так бесцырымонна, быццам якую-небудзь ляльку, як з акна цягніка паказалася пульхная жаночая далонька, што ўладна махнула ў бок пана Падгорскага, а затым пачуўся не самага чароўнага ладу голас:

– Анджэй, мілы, я не збіраюся чакаць цябе цэлы век у гэтым пыле і духмені!

– Ад абавязку нікуды не дзенешся, – пакорліва ўздыхнуў Андрэй Вікенцьевіч і, схіліўшыся над рукой панны Пракшыной, каторую яна, здаецца, не працягвала, ледзь крануўся яе вуснамі ды прамовіў: – Спадзяюся, мы яшчэ сустрэнемся?

– А вы бываеце ў Менску? – прамямліла Яўгенія Канстанцінаўна, кепска разумеючы, што кажа.

– Ані, – хітравата ўсміхнуўся пан Падгорскі.

«І навошта ж тады пытацца пра сустрэчу?» – моўчкі абурылася панна Пракшына, назіраючы за тым, як новы знаёмец раскланьваецца з яе татухнам. Як толькі зухаватая постаць Андрэя Вікенцьевіча схавалася, а цягнік пачаў пыхкаць, каб зноўку рушыць наперад, Канстанцін Мікалаевіч сказаў:

– Н-да, прыемны малады чалавек. І як справу весці, у адрозненне ад многіх, разумее, аднак шкада, што паходжанне не дваранскае. Новыя людзі! Што скажаш, Джынні?

Аднак дачка яго не здолела адказаць яму штосьці пэўнае, бо яе зараз значна больш займала пытанне, каму ж належала тая ручка, ды ці мае яна сама, у гэтакіх абставінах, права ўвогуле разважаць пра пана Падгорскага? Трэ адзначыць, што гэтыя роздумы не былі занадта доўгімі. Варта было Пракшыным павярнуцца спінай да чыгуначных шляхоў і азірнуць станцыю, што насамрэч уяўляла сабой невялічкую платформу ды крываваты домік наглядчыка, як Канстанцін Мікалаевіч сярдзіта выгукнуў:

– Гэта яшчэ што такое?

Каля перона, замест належнага экіпажа, які заўжды сустракаў іх з цягніка, па невядомых прычынах чакала адкрытая каляска, запрэжаная ўсяго толькі адным маркотнага выгляду конікам. Яшчэ адной нечаканасцю сталася і тое, што на козлах сядзеў звычайны мужык, хаця сялянам звычайна не давяралася кіраваць гаспадарскімі сродкамі перасоўвання.

– Дзе фурман? – спытаў пан Пракшын, падыходзячы да каляскі.

Мужык страпянуўся ды, прыўзняўшыся над козламі, з вусцішнай радасцю паведаміў:

– Як? Ці то пан не ведае, што яго фурман знік? Нідзе знайсці не могуць. Яшчэ з мінулай ночы.

18

непрыемныя намёкі (анг.)

19

занятку (анг.)

20

спробаў (анг.)

21

снабізму (анг.)

22

лёгкі другі сняданак (анг.)

23

павучанняў (фр.)

24

меркаванні эканоміі (анг.)

25

высновы (анг.)

26

вынаходніцтвы (анг.)

27

падманлівых пачуццяў (анг.)

Губернскі дэтэктыў. Справа аб крывавых дукатах

Подняться наверх