Читать книгу Губернскі дэтэктыў. Справа аб крывавых дукатах - Ксенія Шталенкова - Страница 5

Раздзел III

Оглавление

Закіданая вільготным брудам каляска падкаціла да самага ганка бабулінага маёнтка, ледзь не перакуліўшы падмоклых пад дробным, але ж сцюдзёным вераснёвым дожджыкам Пракшыных. Яўгенія Канстанцінаўна паспела прыціснуць да сябе кошык з Тэдзі, які марыў скарыстацца магчымасцю нарэшце вольным птахам вылецець з абрыдлага затачэння. А татухна ўжо хацеў быў з усім імпэтам, што належыць палкоўніку ў адстаўцы, давясці да разумення мужыка хібы кіравання, якія яны цярпелі апошнюю гадзіну. Але ж тут яго ўвагу адцягнула аканомка. Яна выбегла іх сустракаць, ад самага парога голасна распачаўшы пералік усіх пошасцяў, што натрапілі на няшчасны маёнтак. Румяная ды па-святочнаму апранутая ў хрусткія спадніцы Ганна Юр’еўна – былая прыгонная сялянка, вызваленая пані Канстанцыяй ад залежнага становішча яшчэ да падпісання Маніфесту імператарам – па-ранейшаму аддана служыла сваёй гаспадыні і яе сям’і. Яна дбайна сачыла за парадкам у доме, хаця часам ейны клопат прымаў даволі дэспатычныя рысы. Умеў супраціўляцца гэтаму толькі пан Пракшын.

Вось і зараз Ганна Юр’еўна, не рызыкуючы спускацца з сухога ды бліскучага чысцінёй ганка сама, кіравала слугамі, што пераносілі рэчы ў дом, ды паралельна давала справаздачу, ужо трэці раз абмовіўшыся аб нейкіх значна горшых за з’яўленне трупа абставінах. Тым не менш наўпрост яна аб іх не гаварыла, а настойвала на тым, каб пан з панначкай абавязкова зараз жа пераапрануліся ды напіліся гарачай гарбаты з малінавым сочывам, якое яна асабіста паставіла менавіта дзеля такіх выпадкаў.

– Ягораўна! – толькі строга і сказаў Канстанцін Мікалаевіч, пераскочыўшы з каляскі на ганак.

Аканомка сцяла вусны, незадаволеная тым, што пан так і не прызвычаіўся за столькі год не перакручваць па-руску імя яе бацькі, але ўсё ж такі адказала з не ўласцівым ёй лаканізмам:

– З Ашмянаў прыслалі спадарства. Дакладней, не спадарства, а так… – яна пагардліва махнула рукой. – Уладкаваліся ў панскім кабінеце ды намагаюцца абрабаваць нашыя прыпасы.

Пан Пракшын толькі нешта неразборліва прапыхкаў ды накіраваўся ў дом, пагрозліва адбіваючы абцасам кожны другі крок. Яўгенія Канстанцінаўна выдрала з клумбы Тэдзі, які са смакам пэцкаў свае сталёва-залатыя кудзеры ў размоклым дзёрне, ды заспяшалася следам за татухнам. Калі панна Пракшына нагнала яго ў холе, той рэзка павярнуўся і загадаў дачцэ застацца з Ягораўнай ды прывясці сябе з дарогі да ладу такім тонам, што дзявіцы разам з заціснутым пад пахай psem заставалася толькі ў думках адсалютаваць.

Татухна ўзнімаўся па лесвіцы, што вяла наўпрост да кабінета, а Яўгенія Канстанцінаўна, атрымаўшы абяцаныя гарбату ды сочыва, схапіла на хаду адну лыжачку і шпарка перадала брудна-калматага сабаку аканомцы. Тая выявіла на сваім абліччы рэзкую непрыхільнасць ды так і засталася з гадаванцам на выцягнутых руках. Бо сама панна Пракшына, аберуч трымаючы цёплы кубак, з каторага яшчэ ўзнімалася духмяная пара, незаўважна плітанула пад лесвіцу, каб хаця б слыхам не прапусціць анічога, што адбывалася зараз наверсе. А гукі, што даносіліся да яе ды з кожным імгненнем нарасталі, запаўняючы сабой усю прастору, сведчылі аб падзеях зусім не шараговых.

Першае, з чым давялося сутыкнуцца Канстанціну Мікалаевічу яшчэ на падыходзе да кабінета, стаўся своеасаблівы водар, асобныя ноткі каторага ніяк нельга было пераблытаць з l’extrait d’ambre[28]. Падняўшыся яшчэ на некалькі прыступак, пан Пракшын злосна сціснуў парэнчы, нават не ўсведамляючы, што намагаецца пераламіць іх: вачам яго з’явіўся заснулы салдат, які трапятліва расхінуўся на невялічкай канапцы, соладка храпучы.

– Устаць, сволач! – прагрукатаў Канстанцін Мікалаевіч, страшна набліжаючыся да сваёй першай ахвяры.

П’янюткі салдат ледзь паспеў выслізнуць з учэпістых пальцаў пана Пракшына ды, нырнуўшы ў таго пад рукой, кулём зляцеў з лесвіцы ўніз. Яўгенія Канстанцінаўна вачыма праводзіла яго хісткую фігуру ды выцягнула шыю, зазіраючы наверх.

– Прозвішча!.. Званне!..

Да дзявіцы даляталі чарговыя выбухі. Аднак таго, каму яны адрасаваліся, відаць, не ўразіў ні тон пана Пракшына, ні яго выгляд, катораму, трэ адзначыць, падмакрэлы сурдут, які татухна так і не паспеў пераапрануць, не надаваў аніякай саліднасці.

– Папрашу звяртацца да мяне «ваша благароддзе», – Яўгенія Канстанцінаўна пачула гугнявы голас. – Памагаты прыстава, губернскі сакратар Дзятлікаў, Антон Іванавіч. У сваёй прысутнасці нягодных мясцовых дзікунстваў не пацярплю. Вы хто?

– Мясцовых дзікунстваў? – не зважаючы на пытанне, задушэўна перапытаў гаспадар, быццам каштаваў кожнае сугучча кінутых яму словаў, а потым розгаласна паўтарыў: – Мясцовых дзікунстваў?! Зараз я табе прыпомню і Студзеньскае паўстанне, і руска-польскую вайну! Нябось, сядзеў у мамкі пад лаўкай ды пікнуць баяўся, а зараз выслужваешся, строіш з сябе захопніка, трасешся за чын!

Можна было падумаць, што на нядоўгі час у Канстанціна Мікалаевіча ўсяліўся дух пакінутай у Менску цешчы, так яго абразіў хамскі выпад губернскага сакратара, які ўжо з захапленнем голасна разважаў пра дваранскі звычай выклікання на дуэль.

– У гэтым пакоі адзін дваранін. То я зараз проста наб’ю табе морду, сволач!

Па рэзка зачасцелай колькасці ўжывання гэтага слова Яўгенія Канстанцінаўна зразумела, што татухнавы заявы даволі далёкія ад гіпатэтычнага складу.

– Вы мяне не свалачыце! Я ганаровы грамадзянін, а вось вашае дваранства трэ яшчэ праверыць! – фанабэрліва кінуў Дзятлікаў, цалкам забыўшыся, што размаўляе зусім не з уяўным апанентам, як ён, відаць, любіў практыкаваць у сваіх думках.

– Палкоўнік у адстаўцы Пракшын Канстанцін Мікалаевіч, патомны дваранін ад Пятра Вялікага. Кавалер ордэна Святой Ганны і Святога Станіслава другой ступені, узнагароджаны медалём у памяць Усходняй вайны…

Аднымі вуснамі паўтараючы за татухнам ягоныя рэгаліі, Яўгенія Канстанцінаўна пра сябе заўважыла, што ў запале сваёй тырады пан Пракшын цалкам забыўся на папярэднюю Ганну трэцяй ступені з мячамі – за баявыя заслугі. З прыкрасцю пакруціўшы галавой, яна дапіла сваю гарбату і пакінула кубак на століку, дазволіўшы сабе на дыбачках узняцца па лесвіцы ды стаіцца непадалёк ад кабінета. Усё ж Канстанцін Мікалаевіч не на жарт разнерваваўся. Зараз панна Пракшына меркавала, ці то добра альбо наадварот, што матухна не паехала з імі: насамрэч, слушна, што яна не сталася сведкай такой непрыгожай сітуацыі, аднак з іншага ж боку – каму потым супакойваць татухну? Як бы і доктар не спатрэбіўся.

– …І калі мсье Дзятлік, – у татухнавых вуснах англамана французскія звароты гучалі асабліва крыўдна, – настойліва патрабуе, то я абяцаю зараз жа загадаць мужыкам вывезці яго ў лес ды там, згодна са звычаем шляхты ў мінулыя гады, разабрацца з назаленнем гэтакіх свінняў, якія зафанабэрыліся так, што…

Аднак жа пан Пракшын не скончыў сваіх гарачых абяцанняў, бо губернскі сакратар ужо выбягаў з кабінета, прыціскаючы да галавы капялюш. «І сапраўды – дзятлік», – адзначыла пра сябе Яўгенія Канстанцінаўна, паспеўшы разглядзець чырвоную, спатнелую ад спрэчкі ды сораму лысіну невялічкага чалавечка з задоўгім вастраватым носам, больш падобным да дзюбы. Толькі яго капялюш знік з вачэй – і панна Пракшына пачула, як недзе ўнізе заліўся хрыплым брэхам, што не пасаваў да яго мізэрнага цельца, Тэдзі ды нехта, віскнуўшы на зусім не высакароднай ноце, кінуўся ламіцца ў парадныя дзверы. Дзявіца ж заспяшалася ў кабінет, дзе на гаспадарскім стале панавалі рэшткі абуральнай carousal[29]. Што ж да татухны, то ён, насуперак усім турбаванням панны Пракшыной, не толькі не выяўляў прыкмет хваравітавага стану пасля непрыемнай сутычкі, але ж сустрэў яе значна павесялелым ды ружавашчокім, быццам бы толькі што някепска размяўся, выконваючы гімнастычныя практыкаванні.

– Ну, Джынні, уразілася крымінальнымі карцінамі ва ўсёй іхняй драматычнай яскравасці? – хмыкнуў Канстанцін Мікалаевіч. – Падаецца мне, яны нават доказаў не сабралі. Падумаць толькі, не паспеюць атрымаць гэтае сваё грамадзянства ды замест выканання абавязку службы ўжо спяшаюцца дадаваць да прозвішчаў рускія канчаткі ды пышацца перад асобамі на шэсць класаў вышэйшымі… Ды годзе аб гэтым, я зараз жа іду разбірацца.

– Я з табой, daddy!

– Гэта мы нават не будзем абмяркоўваць. Я ж казаў, ідзі да Ягораўны, яна табе дасць чаю з сочывам…

– Чаю з сочывам я ўжо напілася. Нават не намагайся мяне адгаворваць! Я ўсё роўна пайду, – безапеляцыйна заявіла Яўгенія Канстанцінаўна. – Пагадзіся, лішняя пара вачэй у пошуку доказаў не пашкодзіць.

Вырашыўшы, што спрачацца будзе даўжэй, пан Пракшын, які ўжо трохі сцішыўся, каб больш не ўвязвацца ні ў якія дэбаты, але ж пакуль і не страціў засяроджанасці, пагадзіўся. Калі яны спусціліся на першы паверх, Канстанцін Мікалаевіч зноўку паклікаў аканомку.

– Ягораўна, дзе было знойдзена цела?

– У Штэйнавым флігелі, – з гатоўнасцю адказала яна.

– Калі яго знайшлі?

– Зранку, фурманаў сын прыбег ды сказаў, што пабачыў у флігелі мерцвяка.

– Паклічце-ка яго сюды, – загадаў пан Пракшын. Аканомка гукнула ў бок памяшканняў, дзе месцілася прыслуга, і ў холе з’явіўся хлопчык з трохі задужа затурбаваным для свайго ўзросту позіркам.

– Ты знайшоў мерцвяка? – запытаўся Канстанцін Мікалаевіч, нахмурыўшыся.

– Я…

Хлопчык адказваў нясмела, губляючыся перад панам, з якім раней яму размаўляць не даводзілася.

– Ну дык распавядай, галубчык, – пан Пракшын патрабавальна ўтаропіўся ў малога.

– Дык што распавядаць, я зраніцы пабег па бацьку, а там той мярцвяк…

– Дзе там? – удакладніў Канстанцін Мікалаевіч.

– У хлігелі.

– То дзверы былі адчыненыя, ты зайшоў унутр і ўбачыў мерцвяка?

– Не, я ўнутр не заходзіў, праз акенца зірнуў, а там гэты…

Хлопчык апусціў галаву, быццам у нечым баяўся прызнацца, а потым працягнуў:

– Я спужаўся, што гэта бацька ляжыць, і пабег назад у дом паклікаць каго-небудзь.

– А там хто аказаўся?

– Не ведаю, ніхто не ведае. Нейкі чужынец.

– А што ж ты вырашыў, што гэта твой бацька? – пан Пракшын прыжмурыўся, выпрабавальна гледзячы на хлопчыка.

Той спадылба зыркнуў у адказ і няхочучы прабубнеў:

– Увечары ён сказаў, што пабачыў у хлігелі разам са Штэйнам нейкага чалавека. Маўляў, яны там крычалі ды валтузіліся. То бацька і пайшоў паглядзець, што там робіцца, але не вярнуўся.

– Значыцца, увечары ён не вярнуўся, а заўважылі вы гэта толькі раніцай?

– Маці на яго сердавала, то і не чакала, калі ён вернецца.

– А чаму маці сердавала?

Малы няпэўна пацепнуў плячыма.

– Ну добра, мо тады пакажаш, як ты што знайшоў? – зноўку звярнуўся да яго пан Пракшын.

– Да хлігеля правяду, а ўнутр не пайду, – трохі павагаўшыся, пагадзіўся хлопчык, а потым перажагнаўся: – Мерцвякоў жах як баюся.

Яны рушылі з дома на двор. Тэдзі, пацягнуўшы носам праз прачыненыя парадныя дзверы прывабнае восеньскае паветра, кінуўся следам, аднак панна Пракшына спыніла яго і зноўку перадала непрыхільнай Ганне Юр’еўне, якая вырашыла вымесціць на ім сваё незадавальненне гаспадарамі, што ніяк не жадалі слухаць яе парадаў. Яна пайшла купаць няшчаснага psa, які падобныя executions[30] лічыў за абразу яго гонару, а Яўгенія Канстанцінаўна, прытрымліваючы крыссе, каб ушчэнт не запэцкацца па прыкладзе свайго гадаванца, зноў спяшалася за бацькам. Тым часам пан Пракшын падышоў да калёс, што з’явіліся на дварэ з ніадкуль. Вакол іх мітусіліся нядаўнія захопнікі маёнтка. Дзятлікаў усё яшчэ задзірліва касавурыўся на Канстанціна Мікалаевіча, які, нават не зірнуўшы ў яго бок, адкінуў радно ды ў нешта там углядаўся. Не паспела панна Пракшына наблізіцца, каб таксама паглядзець, як татухна загарадзіў сабой груз ды нязмушана сказаў, махнуўшы рукой убок:

– Пастой там, Джынні, darling, я зараз падыду.

Азірнуўшыся ў пошуках няпэўнага «там», Яўгенія Канстанцінаўна скіравала да флігеля, дзе ўжо таптаўся сын фурмана. Зірнуўшы на пакутніцкі выраз малога, панна Пракшына нарэшце зразумела, што менавіта ляжала на калёсах, аднак жа гэта чамусьці ніяк не ўзрушыла яе. Растрывожылася Яўгенія Канстанцінаўна з-за ўласнай бессардэчнасці, але тут жа вырашыла, што ў дадзеным выпадку гэта, наадварот, з’яўляецца бясспрэчным плюсам: ну як можна апісваць крымінальныя падзеі, увесьчасна страчваючы прытомнасць? Дый ніколі не заўважала яна за сабой такой дурной звычкі – беспадстаўна млець.

Дзявіца запыталася ў хлопчыка, у якое акно ён што пабачыў. Той паказаў, ды Яўгенія Канстанцінаўна паспрабавала разгледзець праз занавескі мейсца забойства, аднак акрамя раскіданых па пакоі рэчаў нічога знамянальнага пакуль заўважыць не атрымалася.

– Асоба забітага пакуль не высветлена, – паведаміў татухна, нарэшце далучыўшыся да дачкі. – Забойства зроблена нейкім тупым цяжкім прадметам, які знойдзены не быў. Выдатна!

– А як яго забілі? – пацікавілася панна Пракшына.

– Моцна выцялі па галаве, як часцей за ўсё і здараецца ў падобных сітуацыях. Ну што ж, зойдзем паглядзець? – Канстанцін Мікалаевіч будзённа кіўнуў на дзверы.

Фурманаў сын пры гэтых словах хацеў быў кінуцца прэч, аднак палкоўнік у адстаўцы не страціў рэакцыі ды схапіў малога за плячо.

– Мо ты ўсё ж ведаеш, куды падзеўся твой бацька? – спытаў пан Пракшын.

– Не! – хлопчык вырваўся ды пабег назад у дом.

Канстанцін Мікалаевіч задумліва паглядзеў яму ўслед, а потым адчыніў дзверы ды папярэдзіў:

– Ступай асцярожна, нічога не хапай, каб усё заставалася, як было, Джынні.

– Ты думаеш, мы адшукаем прыладу забойства? – запыталася Яўгенія Канстанцінаўна.

– Ані. Падазраю, што пасля гэтых малойчыкаў мы наўрад ці што здолеем знайсці, аднак скласці пэўнае меркаванне, спадзяюся, атрымаецца. Хадзем, – татухна прапусціў яе наперад.

Панна Пракшына агледзелася. Знутры таксама нічога не кідалася ў вочы насуперак тым карцінам, што з’яўляліся ёй па дарозе да маёнтка. Ну, хіба што ў пакоі належала як след прыбрацца ды расставіць усё па мейсцах, што татухна рабіць строга забараніў.

– Я думала, тут усё будзе ў крыві, – расчаравана заўважыла дзявіца.

– Ты чакала, што сярод лужын не будзе куды стаць? Не, darling, для такога трэ прыкласці пэўныя высілкі ды мець на мэце атрымаць тыя лужыны. Каб прынамсі рана была нанесена нажом альбо справы тычылася агнястрэльная зброя, а так… – Канстанцін Мікалаевіч хуткім позіркам абвёў пакой ды, асцярожна пераступаючы, каб прайсці ўглыб, працягнуў: – Забіты сканаў зусім не праз страту крыві, а з-за моцнага ўдару, што пашкодзіў яго мазгі, асноўнае кровазліццё адбылося знутры… Толькі не наступай, калі ласка, на гэтую пляму!

Яўгенія Канстанцінаўна ўжо збіралася перасунуцца за татухнам, але спахапілася: яна ледзь не ўпячаталася туфлікам у галоўны доказ, які брудна барвовеў у міліметры ад яе – менавіта тут нядаўна ляжаў нябожчык. Чамусьці невялічкая лапіна гэтая мела куды большае значэнне, чым усе ўяўныя крывавыя рэкі і акіяны. Панна Пракшына зрабіла некалькі глыбокіх удыхаў ды загадала сабе трымацца годна, не хапала яшчэ з-за празмернай уражлівасці сапсаваць мейсца злачынства. Каб не засяроджвацца на думках аб уласна трупе ды не перашкаджаць татухну, яна зірнула ў акно, але, як на злосць, позірк натрапіў на калёсы, з якіх сцягнулі радно ды зараз мясцілі агромністы лёдавы куб. Губернскі сакратар роспачна трос рукамі ды намагаўся ў нечым запэўніць сваіх бязглуздых памагатых. Быццам у насмешку гэтаму пазбаўленаму ўсякай радасці відовішчу з-за хмар вызірнула бледнае сонца.

Усё ж лепей было разглядаць раскіданыя рэчы, ацэньваючы, наколькі яны пасавалі да характарыстык зброі, чым зараз і займаўся Канстанцін Мікалаевіч. Скупыя промні, прабіваючыся праз трохі пыльныя шыбы, выхапілі некалькі дошак на падлозе, і ў шчыліне паміж імі прабегла іскрачка.

– Мяркую, шукаць прыладу забойства трэба недзе ў іншым месцы, – падвёў вынік татухна. – Хадзем, тут мы больш нічога не…

– Пачакай, daddy, – бесцырымонна перапыніла яго Яўгенія Канстанцінаўна і прысела на кукішкі ў сонечным прастакутніку, каб разгледзець лепей. – Там нешта захрасла.

– Ну-ка, ну-ка, – татухна, насуперак сваім перасцярогам, падабраў нож для паперы ды падкалупнуў штучку.

На далоні ў пана Пракшына з’явіўся невялічкі бліскучы кругляк.

– Гэта што – золата? – працягнула Яўгенія Канстанцінаўна, немаведама навошта панізіўшы голас.

– Віншую, Джынні: здаецца, ты знайшла прычыну забойства. Аднак цяпер я ўвогуле нічога не разумею.

Панна Пракшына пытальна ўскінула бровы.

– Паглядзі ўважліва, – з дакорам прамовіў татухна, працягваючы дачцы манету.

Акрамя спорту і англаманства ў Канстанціна Мікалаевіча была яшчэ адна высакародная жарсць – калекцыянаванне. Татухна вельмі захапляўся рознымі гістарычнымі артэфактамі і не толькі паспеў абсталяваць у менскім доме ўласны wonder-room[31], але таксама рэгулярна папаўняў дамашнюю бібліятэку як найноўшымі выданнямі этнаграфічных адкрыццяў, так і старадаўнімі фаліянтамі, што дапамагалі ўдакладняць тэарэтычны бок справы. Панну Пракшыну таксама вабілі розныя цікавосткі, але насамрэч яе ўвагу больш прыцягвалі датычныя іх легенды і паданні, то пакуль татухна збіраў старажытныя рэчы, дачка калекцыянавала гісторыі, большая частка якіх была выдумана ёй самою. Што ж тычыцца ўмення прачытваць знакі і па іх рэканструяваць асобныя гістарычныя перыяды – у гэтым Яўгенія Канстанцінаўна была не надта спрактыкаваная, хаця яе і не турбавала, што выкрыццё злачынстваў ды ўлюбёнае аналізаванне рухаў чалавечай душы, па сутнасці, тое ж самае. Зараз дзявіца ўтаропілася ў каштоўнасць ды вагалася, як не абняславіцца перад Канстанцінам Мікалаевічам за адсутнасцю якіх-небудзь ідэй. Той толькі ўздыхнуў ды патлумачыў:

– Гэта дукат. Бачыш вось тут лічбы – «1592»? Гэта год, калі ён быў адчаканены. А вось на гэтым баку – «SIGIII», імя ўладара, відаць – Зыгмунта III.

– А, дык гэта польскі кароль? – страпянулася панна Пракшына, зірнуўшы на фігурку ў панцыры іншымі вачыма. – Але адкуль у Штэйна такая старажытная манета?

– Вось гэта мяне і цікавіць. Малападобна, каб наш Людвіг Восіпавіч быў аматарам нумізматычнай навукі. Дый падобныя hobbies[32] патрабуюць немалых грашовых выдаткаў. Хіба што атрымаў у спадчыну? Але ад каго?

– Выбачай мне, daddy, але ж, па маім сціплым меркаванні, гэта далёка не адзіная магчымасць зажыцца золатам.

– Слушны аргумент, Джынні, – пагадзіўся татухна. – Аднак я папрашу цябе пакуль не спяшацца з высновамі. Відаць, тут усё зусім не проста. Падазраю, гэта не адзіная манета, што мае дачыненне да справы. Спадзяюся, размова са Штэйнам дазволіць нешта высветліць.

Канстанцін Мікалаевіч ужо разважаў, ці высушыла кароткачасовае з’яўленне сонейка размоклую дарогу, каб патрапіць у Ашмяны сёння, аднак, калі яны выйшлі з флігеля, на вуліцы зноўку сыпаў дробны дождж. Вырашыўшы, што яго дачка дастаткова загартаваная, каб не марнаваць час на непатрэбныя перачаканні на мейсцы злачынства, пан Пракшын скамандаваў зрабіць невялічкую прабежку да маёнтка, дзе іх мусіла чакаць утульная гасцёўня з працепленым камінам. Калёсы разам з натапыраным Дзятлікавым і яго памагатымі якраз ад’язджалі з двара.

Цяпер панна Пракшына і яе татухна, пераапрануўшыся ў сухое, сядзелі ў фатэлях і грэлі настылыя ногі ў мядніцах, час ад часу падліваючы гарачую ваду, а таксама цешачыся чарговай порцыяй гарбаты. Круціўся тут і Тэдзі, якога нядаўна выкупалі ды нават намагаліся расчасаць, з прычыны чаго pies стаўся ў два разы пульхнейшы праз мноства пасмачак, што закруціліся ў яго поўсці. Замест гарбаты ён намагаўся папіць наўпрост з мядніцы, аднак Яўгенія Канстанцінаўна, адставіўшы філіжанку, пасадзіла сабаку сабе на калені і ўзяла ў рукі невялічкі грабянёк, каб усё ж такі надаць гадаванцу прыстойны выгляд. Тым часам татухна засяроджана хмурыўся і наяўна вёў у думках няпростую дыскусію з самім сабою. Іх знаходка ляжала на невялічкім століку паміж фатэлямі ды паблісквала, весела адбіваючы святло агню ў каміне.

Канстанцін Мікалаевіч у чарговы раз узяў дукат ды пачаў круціць у пальцах.

– Што ж мы будзем цяпер рабіць? – асцярожна спытала яго дачка.

Пан Пракшын пакруціў галавой ды абурана вымавіў:

– Ну што я магу зараз зрабіць? Лесапілка стаіць, наладка механізмаў спынена, без Штэйна справа не прасунецца і мы змарнуем цяперашнюю замову. Як вынік – страцім грошы і надзейных customers[33]. Калі, вядома, я не паспрабую ўмяшацца ў следства ды не займуся ўласнаручна ўсталёўкай, пакуль адвакат будзе хадайнічаць. Дарэчы, трэ будзе даць яму тэлеграму…

Яўгенія Канстанцінаўна акругліла вочы, дзівячыся татухнавым рэзалюцыям. Як можна зараз думаць пра business, калі справа тычыцца забойства ды выяўлення матываў гэнага страшнага злачынства!

– Я, між іншым, зусім не пра гэта, – тактоўна сказала панна Пракшына Яна знарочыста спыніла позірк на дукаце, які дагэтуль заставаўся ў татухнавых руках.

– Ах, вось ты пра што! Пабачу Штэйна ды распытаю, – адмахнуўся Канстанцін Мікалаевіч, аднак, адзначыўшы непрыхільныя змены ў абліччы дачкі, дадаў: – Калі цябе так цікавіць з’яўленне дуката ў інжынерскім флігелі, то няхай, напішу графу Чапскаму. Усё ж ты маеш рацыю, Джынні: гэтая манета пакуль наш адзіны доказ і, магчыма, яна шмат пра што можа распавесці. А каму, як не графу, ведаць пра гэта, усё ж некалькі гадоў таму ён выдаў кнігу якраз па польскіх манетах. Сам я не разбіраюся ва ўсіх тонкасцях гэтага, – ён узважыў на далоні дукат, – перыяду, то, сапраўды, дашлю ліст. Спадзяюся, граф не пагрэбуе даўнім знаёмствам.

Задаволеная тым, што здолела скіраваць татухнавы разважанні ў рацыянальнае, як ёй падавалася, рэчышча, Яўгенія Канстанцінаўна хацела была працягнуць абмеркаванне дэталяў, якія маглі б выявіць яшчэ якія-небудзь схаваныя пакуль бакі справы. Аднак пан Пракшын рашуча спыніў следчыцкія парывы дачкі. Самалюбства дзявіцы было крыху ўшчэмлена, яшчэ і Тэдзі прыхапіў за палец на знак помсты за не самае пяшчотнае расчэсванне.

Ну і добра, яна сама ва ўсім разбярэцца – пасля dinner[34] панна Пракшына мела на мэце ўзняцца ў пакой, які ёй звычайна адводзілі падчас гасцяванняў у бабуліным маёнтку, ды дбайна апісаць у сваім нататніку ўсё, што яна сёння пабачыла, а пасля трошкі паразважаць ды супаставіць асобныя факты. Магчыма, ёй выпадзе нават нарысаваць табліцу, каб не выпусціць з памяці ніводнай дробязі. Даядаючы салодкі гарбузовы пірог, які Ганна Юр’еўна згатавала па модным амерыканскім рэцэпце, Яўгенія Канстанцінаўна меркавала, колькі слупкоў змесціцца ў яе падарожнай кніжачцы. Але ж татухна, які заўважна палагоднеў пасля смачнага пачастунку, насуперак усім планам панны Пракшыной, прапанаваў закласці банчышка.

Спачатку нашая дзявіца хацела адмовіцца. Разменьваць літаратурнае натхненне ды цвёрды намер разблытаць злачынства на сумніўны азартны запал? Вядома ж, яна вышэйшая за падобныя ваганні і ўжо вырашыла, што абірае. Аднак спакуслівы татухнаў прыжмур ды незнарок узгаданы адмоўны вынік мінулай гульні зрабілі сваю справу: душа Яўгеніі Канстанцінаўны была захоплена заганным жаданнем адыграцца, якому яна не магла супраціўляцца. Таму праз некалькі імгненняў ламберны столік быў ужо раскладзены, пярэстыя калоды распакаваныя, whiskey[35] разліты, а сігары, якіх у звычайным жыцці татухна ніяк не прызнаваў, клапоцячыся пра здароўе сваё і ўсёй сям’і, – запаленыя. Добра, што матухна ўсё ж засталася ў Менску!

Нарэшце прасадзіўшы дзесяць рублёў асігнацыямі, панна Пракшына заўважыла, як ад распаленых пачуццяў (а мабыць, ад звычайнай нягоднай сквапнасці?) у яе зноў пачало паторгвацца вока. Прытрымліваючы яго пальцам ды спадзеючыся, што гэтая ейная рыса, што перашкаджае навучыцца як след блефаваць, не надта кідаецца ў вочы, дзявіца паскардзілася татухну, што прымудрылася выдаткаваць увесь свой бюджэт, хаця месяц ледзь паспеў пачацца.

– Я магу запісваць табе на вексель у лік пасагу, darling, – з бязвінным выглядам прапанаваў Канстанцін Мікалаевіч.

Аднак яго дачка запратэставала, бо з такім поспехам ёй пагражала застацца ўвогуле без якога-небудзь пасагу, нават татухнава лесапілка не выратуе, тым больш што галоўны інжынер зараз знаходзіўся ў турме і яго далейшы лёс пакуль нікому не быў вядомы. Але ж гэта панна Пракшына ўсётакі вырашыла абдумаць заўтра: з-за расчаравання ад гульні ды трохі задужага для яе напою творчыя намаганні цалкам рассеяліся. Палічыўшы, што за ноч назіранні ў яе галаве толькі самі сабою сістэматызуюцца, Яўгенія Канстанцінаўна пусціла Тэдзі занырыцца ў коўдру, чаго ў Менску ніколі яму не дазваляла, і забылася моцным сном.

Wielki. 6 wieraśnia 1875 goda, niadziela


Chciałabym wiedać, jak farmujucca czaławeczyja sny. Szto mianawita upływaje na tyja wobrazy, jakija zjauliajucca, pakul my adpaczywajem? Jak adbywajecca adbor najgałouniejszago dy ci ż heta sapraudy naigałouniejszaje albo tolki toje, szto uraziła bolsz za astatniaje? Adnak tady mnie całkam niezrazumiela, jakoje daczynieńnie da usiago majuć those abominable mustaches, bo adzinaje, szto zaraz (a taksama i uczora – u hetym nie moża być nijakich sumniewau!) zajmaje maje dumki – dyk zabojstwa niewiadomaga chaławieka i tyja akalicznaści, jakija da tago prywiali. Napewno, tut musić być niejkaja ułasnaja logika, kali tolki jakaja logika magczymaja u snach. Spadziajusia, kiedykolwiek budzie wydadziena hruntounaja kniga na takuju temu, z tłumaczeńniami nawukowymi bez tych głupstwau, szto zazwyczaj nadajuć żanoczym snam. Ale, mabyć, prosta winny whiskey?..[36]

28

гатунак парфумы з інтэнсіўным пахам (фр.)

29

гасцьбы, пагулянкі (анг.)

30

пакаранні (анг.)

31

кабінет цікавостак, кунсткабінет (анг.)

32

захапленні (анг.)

33

пакупнікоў, заказчыкаў (анг.)

34

Звычайна: «абед», але таксама можа ўжывацца і ў значэнні «вячэра» (анг.)

35

моцны шатландскі альбо ірландскі алкагольны напой (анг.)

36

Падрабязней чытач можа азнаёміцца з гэтым запісам ад 6 верасня 1875 года ў адмысловым раздзеле «З журналаў панны Пракшыной» (гл. напрыканцы  кнігі).

Губернскі дэтэктыў. Справа аб крывавых дукатах

Подняться наверх